Вы тут

На прыём як на работу


Ходзяць "прафесійныя" скаржнікі

Мясцовыя ўлады эфектыўна працуюць са зваротамі жыхароў, паколькі тут не ўзнікае нейкіх вялікіх сістэмных пытанняў. Такую выснову зрабіў падчас асабістага прыёму грамадзян у Старадарожскім раёне Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

Яўген Шчыткавец — грамадзянін Расіі, 16 гадоў пражывае ў вёсцы Залужжа. Спачатку мужчына атрымліваў дзве пенсіі, але вымушаны быў напісаць заяву на карысць расійскай. Яго цікавіць пытанне аб тым, ці мае ён права мець пенсіі дзвюх краін.

"Напішыце заяву на маё імя, а я папрашу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны канкрэтна разабрацца ў сітуацыі і даць вам адказ", — прапанаваў Уладзімір Андрэйчанка.

Акрамя таго, Яўгена Іванавіча хвалявала праблема газіфікацыі населенага пункта. Старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха

супакоіў заяўніка: "блакітнае" паліва прыйдзе і ў Залужжа, — ад суседняй вёскі Шапчыцы пракладваецца газаправод.

Разам з тым, складваецца ўражанне, што для некаторых грамадзян наведванне выязных прыёмаў розных узроўняў стала чымсьці накшталт работы. Адзін з жыхароў райцэнтра патрабаваў разабрацца з суседкай, якая звяла са свету яго карову: маўляў, жанчына наўмысна апрацоўвае траву каля дома ядахімікатамі. Разборкі доўжацца трэці год. За гэты час на месца здарэння выязджала не адна аўтарытэтная камісія ў складзе эколагаў, прадстаўнікоў санстанцыі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ветэрынарнай службы, міліцыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але ніякіх слядоў "варожай дзейнасці" выяўлена не было. І тым не менш, заяўнік упэўнены, што факт зламыснасці мае месца. "Правядзіце з суседкай прафілактычную гутарку, каб яна больш не палівала траву атрутай", — настойліва патрабуе ён. І смешна, і прыкра: звычайныя стасункі паміж суседзямі, дзе яны не чуюць адно аднаго, перараслі ў цэлую эпапею. І тым не менш спікер парламента, у якога шмат дзяржаўных спраў, знайшоў час уважліва выслухаць чалавека і даў даручэнне старшыні райвыканкама і начальніку міліцыі прымірыць варагуючыя бакі.

— Скаргі былі, ёсць і будуць. Мяркую, такі час, калі людзі не будуць звяртацца да нас, не наступіць, таму што само жыццё ставіць разнастайныя праблемы. Ёсць пытанні аб'ектыўнага характару, якія немагчыма вырашыць мясцовым уладам з-за недахопу фінансавых сродкаў. Але ёсць і суб'ектыўныя, якія мясцовыя кіраўнікі павінны вырашаць самастойна, — заўважыў пасля прыёму Уладзімір Андрэйчанка. — Часта яны недапрацоўваюць у гэтым плане: маюць месца адпіскі і абыякавасць.

Але, на думку Уладзіміра Андрэйчанкі, пасля ўступлення ў сілу ў 2012 годзе Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб сітуацыя значна палепшылася. Выязныя прыёмныя, маніторынгі, што праводзяцца ў рэгіёнах, даюць станоўчыя вынікі. Людзі адзначаюць, што ўлада стала бліжэй да іх. Пра гэта сведчыць і той факт, што колькасць скаргаў значна зменшылася. Пры гэтым спікер канстатаваў, што ў закон будуць уносіцца змены. "Мы праводзім такі маніторынг, нашы камісіі выязджаюць у раёны, раяцца з мясцовымі органамі ўлады. Няма нязменных законаў: у кожным з іх нельга прадугледзець усе моманты. Напрыклад, неабходна выпрацаваць больш дэталёвую тактыку ў дачыненні да так званых "прафесійных" скаржнікаў. У гэтым плане, мяркую, трэба уводзіць нейкую заканадаўчую норму", — канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

Акрамя таго, у электронным звароце чалавек можа ўказаць любое прозвішча — не абавязкова сваё. "Магчыма, у перспектыве варта ўвесці сістэму ідэнтыфікацыі асобы?" — пацікавіліся журналісты. "Так, на ўсе электронныя звароты мы сёння рэагуем і даём адказы. На будучае трэба нешта думаць", — мяркуе Уладзімір Андрэйчанка.

Што датычыцца цяперашняга прыёму, то, на думку спікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, ён сведчыць пра недастатковую прававую адукаванасць насельніцтва. Людзі не валодаюць юрыдычнымі пытаннямі, пытаннямі прымянення заканадаўства. А гэта значыць, што дэпутаты ўсіх узроўняў пакуль недастаткова працуюць з людзьмі. Трэба больш тлумачыць ім аспекты і нормы дзеючага заканадаўства, выкарыстоўваючы ў гэтых мэтах сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт, сайты мясцовых органаў улады.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

Старадарожскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.