23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Палюбіў як родных


І па сёння добра памятаю карту адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Беларусі на сцяне кабінета дэкана фізіка-матэматычнага факультэта. Яшчэ б! Мы, выпускнікі Віцебскага педінстытута 1977 года, адзін за адным падыходзілі да яе і паказвалі раён, у якім не супраць папрацаваць пасля атрымання дыплома. Я тады не быў абцяжараны жыццёвым прагматызмам, больш прыслухоўваўся да шапатлівых падказак сэрца, чым да разважлівасці розуму. З раёнаў, якія да маёй чаргі заставаліся вольнымі, торкнуў пальцам у той, што выгледзела сваім патаемным зрокам душа, — у Капыльскі. Я ўжо быў у палоне сваіх літаратурных памкненняў, і ў цэнтральную Беларусь мне заманулася паехаць таму, што мінская гаворка пакладзена ў аснову нашай літаратурнай мовы. Хацелася наяве пачуць, як людзі прамаўляюць нібы "па-пісанаму".

Але калі прыехаў на Капыльшчыну, дык, лічы, адразу зразумеў, што не змагу тут асесці надоўга, у крайнім выпадку — толькі на тры прадугледжаныя для маладога спецыяліста гады. Ну як тут жыць, на няхай сабе і ўрадлівай, але роўнай, як блін, зямлі! Палі неабсяжныя, каб табе купка хмызоўя сярод ворыва, як у нас на Віцебшчыне, — толькі грабеньчыкі прысад на небасхіле... Для сельгасвытворцаў, нічога не скажаш, лацвей, а для закалыханай хвалямі лепельскіх азёр ды пошумам бароў душы — пакутлівае выпрабаванне.

Тады я ўпершыню адчуў, што і душа мае сваю, няхай сабе і не пазначаную ані ў якім дакуменце, але ў многім лёсавызначальную прапіску. Парушыць яе — усё адно як абакрасці сябе.

Больш за ўсё на Капыльшчыне мяне, заядлага рыбака, даймала адсутнасць азёр. На Лепельшчыне яны — нібы пачэпленыя на ніткі ручаін каралі, а тут — добра калі ў якой лажбіне запрудзілі ваду ды нагадавалі лінёў і карпаў... Было такое возера ў Старыцы, дзе я выкладаў фізіку, дык слабая ўцеха...

Адным словам, не адпрацаваўшы нават тры гады, я даў з Капыльшчыны лататы, а з сабой звёз добрыя ўспаміны ды жонку Яніну, настаўніцу матэматыкі, ураджэнку Пухавіцкага раёна.

Сёння зусім не каюся, што ў свой час зрабіў такі адвольны выбар каля карты Беларусі: ні ў частцы ўзбагачэння свайго філалагічнага досведу, ні ў частцы спраўджвання вядомай песні, у якой згадваюцца Станіслава і працавітая Яніна.

Але скажу пра мову. На Міншчыне

я ўпершыню пачуў з жывых вуснаў слова "вёска" замест нашай "дзярэўні". (На Віцебшчыне нават ёсць населены пункт з афіцыйнай назвай "Дзярэўня".)

Аднойчы ў выхадны дзень са Старыцы я паехаў у вёску Садавічы суседняга Слуцкага раёна, дзе пачынаў сваю настаўніцкую працу мой аднакурснік, таксама лепельскі малец Грыша Стэльмах. Што яго змусіла выбраць гэты раён, я не ведаю, але, думаю, зусім не цікавасць да мясцовай гаворкі. Мы ўсё ж вучыліся на фізіка-матэматычным, а не на філілагічным факультэце.

У Садавічах я зайшоў у хату да адной бабулі, каб спытаць, дзе ў іх жыве малады настаўнік, і мы разгаварыліся. Бабуся і сапраўды прамаўляла на чыстай літаратурнай мове — хоць бяры ды запісвай. Яна гаварыла так мілагучна, з такім нязмушаным спрытам састаўляючы слоўцы, што я нават пазайздросціў. Менавіта пасля згаданай сустрэчы з асаблівай выразнасцю адчуў, што ўсё ж нездарма прыехаў працаваць у гэтыя мясціны. Літаратурны пачатковец, я падсвядома імкнуўся прыпасці да моўнай першакрыніцы, каб, нібы зморную смагу, прагнаць сваю літаратурную нерашучасць.

Мове вучацца і з чужых вуснаў, а не толькі з матчыных. Дзед і баба Яцко, у якіх я, малады настаўнік, жыў на кватэры ў Старыцы, запамінальна, з асаблівым націскам на літару "я" казалі: "м'ясо", "п'ятніца" ну і гэтак далей. Такую яны, ураджэнцы Случчыны, рабілі спеўную аранжыроўку свайго прамаўлення. Мне было цікава і пацешна іх слухаць: разнастайнасць мовы радуе, як каторага ашчадніка гадамі нажытае багацце.

Тым часам душа мая пачала ўсё больш і больш нудзіцца на дакучлівым раўнінным ландшафце. Неставала звыклага прыроднага рытму. На Віцебшчыне яго задае чаргаванне пагоркаў і пералескаў, нізінак, пазначаных рэчкамі і талеркавымі круглавінамі балацін ды расквечанымі блакітам квітнеючага лёну ці хлебнай жаўтаспеласцю ўзгоркаў...

Не адбыўшы належнага мне ахвотна-мусовага тэрміну, ад'язджаў я з Капыльшчыны з Яняй і новым моўна-спеўным досведам, а набыты пажытак лёгка ўмяшчаўся ў невялікім чамадане.

Распісаліся мы з Яняй пагодлівым сакавіцкім днём у вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна, цэнтры аднайменнага сельсавета. О, не падумайце, што "распісаліся" — гэта значыць зрабілі толькі фармальнае абладжванне афіцыйных дакументаў аб шлюбе. Усё ладзілася чынна, як мае быць: тут вам і марш Мендэльсона, і, няхай сабе завучаная, але ж трапная прамова старшыні сельсавета, і бомканне фужэраў з шампанскім, якія збліжалі ў радасці Яніны і мае родзічы, і кветкі ўдзячнасці да помніка воінам Вялікай Айчыннай.

Рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў казаў, што нос у жонкі павінен быць зграбненькі і — "піпачкай". А на Віцебшчыне ж свой тып жанчын, крывіцкі! Як мне здаецца, іх абагульненае аблічча нагадвае эстэтычныя ідэалы старажытных Грэцыі і Рыму. У нашых жанчын, зазвычай, прамыя даўжанькія насы, ясныя вялікія вочы, а вусны, як кажуць, "банцікам". Люба! Але ж мужчыны, як заведзена, цешацца не звыклым, а новым, нечаканым, як цуд.

З маленства памятаю, як у нашай вёсцы бабы казалі:

— Ай, якая дзевачка красівая: насок курносенькі, валосікі мяккія, кужэльныя, вочкі светлыя... Ягадзінка!..

Вось такіх "ягадзінак", як мне здаецца, у цэнтральнай Беларусі больш, чым у нас, усходнікаў. Мы на іх звяртаем увагу.

У маёй жонкі нос таксама зграбненькі, хоць і не зусім "піпачкай", якому аддаваў перавагу Ляскоў.

Дзякуючы Яніне маё замілаванне жывой, з каранёвымі рэгіянальнымі асаблівасцямі мовай атрымала новы працяг. І прытым проста на вяселлі.

На ўсё жыццё запомнілася мне віншаванне Янінай сястры Алены, якая на той час жыла ў Церабутах. Вострая на язык, усмешлівая і хварсістая, яна, стоячы перад намі, нібы з меха сыпала вострымі складненькімі прыслоўямі, дзеля пераканаўчасці дастаючы з меха і жартоўныя падаруначкі.

"Дару вам каробку медзі, каб былі дзеці, як мядзведзі", — спеўна выводзіла Алена і падавала на далоньцы цяжкія капейкі ў карабку з-пад запалак.

Ці ўручала сястры качанок капусты: "... каб не давала мужыку распусты".

І мне быў падарунак:

"Дару табе катушку нітак, каб не блытаўся каля чужых лытак".

Ну і далей:

"Дару табе мяшэчак проса, каб не глядзела на свякруху скоса".

"Дару табе мяшэчак воўны, каб скора быў жываток поўны".

Я даўно заўважыў, што нашы людзі любяць, калі "складна" сказана. Ім здаецца, што такім чынам куды больш трапна і як адрэзана: і слоўца болей не дадаць.

Ну, напрыклад: "Навучы ўнучку сюкаць у анучку..." — кажуць самаўпэўненыя ганарліўцы, калі ім даюць якую параду.

І гэтую слоўную "шпільку", дарэчы, я таксама пачуў ад сваіх новых пухавіцкіх сваякоў.

Дзякуючы ім я пашыраў свае веды і аб тапаніміцы нашай Бацькаўшчыны. Праўда, нечакана, нават трохі прыкра гучалі для мяне назвы некаторых паселішчаў жончынага радзіннага кута: Вітораж, Берлеж, Вендзеж... Даволі прыкра. Куды больш звыкла —Загібелька... І чаму яе ў свой час перайменавалі ў Новы Уборак? Таксама няблага, але своеасаблівы спеўны сум выпетраны...

А вось назву вёскі Талька адразу прыняла мая душа: падалося, што чуў яе змалку, потым забыўся — і раптам з нагоды ўспомніў.

Колькі разоў даязджаў я з Мінска да Талькі, сыходзіў з электрычкі і няспешна, аглядаючы краявіды, крочыў да Церабутаў.

Непадалёк ад станцыі — масток цераз рачулку, відаць, рукаў Свіслачы, а затым — сасоннік з жоўтым, нібы прасеяным старанным печніком для замесу раствору пясочкам на сцяжынах...

Па дарозе да Алены, дзе звычайна гасціла жонка з нашым першынцам, дачкой Ірынай, мне было лёгка думаць аб будучыні, да якой з ахвотай прымерваешся ў маладым узросце, асабліва на вольных прасцягах.

Аднойчы непадалёк ад Церабутаў такое маё прымерванне раптам перапыніла нечаканае здзіўленне: у бары сярод соснаў я раптам упёрся позіркам у вялізны двухпавярховы драўляны дом з шырокімі чыстымі вокнамі. Ён стаяў не агароджаны, бо навошта: лес ахінаў ціхі затулак ад гаманлівага свету. Дом быў нефарбаваны, драўніна пацямнела, выпетрылася на дажджах і ветры да асаблівай выразнасці фактуры і, здавалася, адбівала ўжо не сонечнае святло, а яго цеплыню. І прытым не цяперашнюю, а мінулых дзесяцігоддзяў.

Мне захацелася запыніцца ды як след, да драбніц разгледзець будынак, але чамусьці засаромеўся, хоць вокны аніяк не выяўлялі прысутнасці гаспадароў, а ў лесе, як агледзець вокам, анікога не было. Напэўна, так чалавека стрымлівае само сумленне.

Праўда, заставацца пад гнятлівым ціскам цікаўнасці мне заставалася нядоўга: да хаты Алены было ўжо колькі сот метраў. Яна і расказала, што ў незвычайным для тутэйшых мясцін будынку жыве наездамі знакаміты мастак Віталь Цвірка, што гэты дом ён нібыта выкупіў у Мінску, калі яго выраклі на знос дзеля пабудовы чарговай мураванкі.

Мабыць, у вялізным драўляным доме ў свой час тулілася не адна гарадская сям'я. Сцены набрынялі шапатлівымі словамі каханкаў, спрэчкамі суседзяў, начным плачам хворых дзетак і проста нікчэмнымі, неабавязковымі размовамі. І вось цяпер абчасаныя, падгабляваныя ў свой час бярвенні займелі магчымасць зноў парадніцца з лесам...

Якія эцюды, карціны напісаў у гэтым доме Майстра, я не ведаю. Застаецца толькі здагадвацца.

А мог бы, дарэчы, і зазірнуць калі да жывапісца. Справа ў тым, што Віталь Цвірка ў Алены Лінчык, як у добрай гаспадыні, прызвычаіўся купляць яйкі, малако, смятану, тварог... Балазе, кароўка ў яе была спраўная, малачко — добрай тлустасці ды смаку. Такім чынам, хату маёй швагеркі з домам мастака злучала выхаджаная сцяжына. Але, на жаль, так атрымалася, што мяне яна з ім не злучыла... Шкадую.

Да таго часу я ўжо быў зачараваны творчасцю мастака. Па адной карціне ў Дзяржаўным мастацкім музеі, звычайным пейзажы з веснавымі гонямі, дрэвамі раптам востра адчуў трывалую нацыянальную ідэнтычнасць жывапісца. І прытым менавіта ў пейзажнай звыкласці. Віталю Канстанцінавічу ўдавалася падбіраць адзіна магчымыя фарбы, трапна вызначаць іх меру і спалучаць у лёгка пазнавальную беларускай душою дапасаванасць. Калі б уваскрос пасля смерці ды зірнуў на яго карціну, — адразу пазнаў бы радзіму. Такое ўзнікла ў мяне ўражанне.

А калі я ўпершыню ўбачыў Свіслач у Церабутах, дык яшчэ больш зразумеў, чаму Цвірка для свайго дома выбраў менавіта гэтую мясціну. Шырокае рэчышча з заліўнымі лугамі збірае тут у адзіны суплёт не толькі маленькія ручаіны, але і куп'і "даўгалыгіх" кветак, хмызоўе духмяных вербалозаў, зараснікі лотаці, чысцюткія філіжанкі лілей на некранутай ветрам вадзе... Адна фарба змяняе другую, дапасоўваецца да іншых, ці яны перамешваюцца і ўтвараюць таксама своеасаблівую плынь, якая ўпадае ў кожную чуйную душу.

А ў дадатак — чаргаванне птушыных каленцаў, якія, здаецца, ніколі не скончацца, даючы спадзяванне і на твой доўгі працяг.

Спеўнае і рачное рэчышчы, лічы, супадаюць.

Аднойчы раніцай плыў я са спінінгам па сваёй улюбёнай Касплі, аднаму з прытокаў Заходняй Дзвіны, і амаль цэлую гадзіну — пад амаль неперапыннае куванне зязюль. Уздоўж рэчышча адна птушка змяняла другую, выводзячы сваё зычлівае "ку-ку". Добра вывучаны за доўгія гады водны шлях падаўся мне самым кароткім кірункам у вечнасць — так шчодра абяцалі на ім птушкі новыя і новыя абсягі жыцця.

Напэўна, і на Свіслачы так...

Сяргей Рублеўскі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.