Вы тут

Гарадскія "аазісы": ратуемся ад смагі


Часам у гарачае надвор'е перамяшчэнне па горадзе нагадвае павольнае перасоўванне па распаленай сонцам пустыні: пясок (у нашым выпадку — асфальт) нагрэты ледзьве не да чырвані, хада запаволена, а ў галаве думкі толькі пра магчымасць хутчэй наталіць смагу і схавацца ў прахалодзе. Карэспандэнт "Звязды" ў самую спёку прагулялася па сталіцы і высветліла, дзе і як можна выратавацца ад гарачыні нечым халодненькім. Для "эксперыменту" мы абралі тры месцы: цэнтр сталіцы, некалькі вуліц звычайнага "спальнага" раёна, а таксама адзін з гарадскіх пляжаў.

"Цэнтральныя" далікатэсы

1373541019438_27-32

..."Прагуляцца па горадзе і не памерці ад смагі" — коратка акрэсліла для сябе задачу і рушыла ў дарогу. Якое "памерці ад смагі", спытаюцца чытачы, улічваючы, што размова ідзе пра вялікі горад, дзе напіткі і марозіва прадаюцца на кожным кроку. Але трэба адразу ўзгадаць, што шукаць мы пайшлі не звычайныя прадуктовыя крамы, дзе вышэйзгаданага дабра поўна хоць зімой, хоць летам, а менавіта "прыкметы" цёплага сезона — латкі з марозівам і напіткамі на вуліцах.

Перш наперш вырашана было прагуляцца дзе-небудзь у цэнтры Мінска. Чаму б, напрыклад, не прайсціся ад вуліцы Карла Маркса да Нямігі? Сказана — зроблена!
У самым пачатку маршруту я намагалася ўдалечыні разгледзець хоць бы якую бочку з квасам. Позірк нічога не радавала, ды і жоўтая пузатая канструкцыя, відаць, не ўпісалася б у "інтэр'ер" гэтай вуліцы, якую паступова "прывучаюць" да статусу пешаходнай. Так што квасу няма. Затое поўна розных кавярняў і летнія тэрасы на тратуары — пры іх. Бліжэйшае знаёмства з меню некалькіх кавярняў на Карла Маркса

дало зразумець: калі раптам смага застане падчас прагулкі, то проста "папіць вады" будзе каштаваць ад 7 да 10 тысяч (менавіта столькі давядзецца аддаць за паўлітровую бутэльку ахалоджанай вады без газу). Адначасова смачным і прахалодным варыянтам можа стаць малочны кактэйль: гэта "пацягне" з кішэні змучанага спёкай ад 24 да 32 тысяч рублёў. У адной з кавярняў удалося знайсці малочны кактэйль з клубніцамі за 18 тысяч, але там падаюць 150 грамаў напою, у той час як менш бюджэтныя варыянты маюць 200 грамаў "халоднага шчасця". На свежавыціснуты сок прыйдзецца выдаткаваць 24 — 26 тысяч, а марозіва ў кавярнях каштуе ад 18 тысяч рублёў за порцыю.

У прынцыпе, выбар неблагі, нават не простыя вада і марозіва, а ў нейкім сэнсе, "далікатэснае халоднае меню". Але раптам чалавек жадае прахалоды, але не хоча сядзець у кавярні? Ужо не чакаючы сустрэць на Карла Маркса ніякага спосабу астудзіцца, акрамя спажывання халодных напояў на летніх тэрасах, я натрапіла на латок, з якога прадавалі марозіва на развес. Порцыя памерам у адзін шарык плюс вафельны ражок абышлася ў 9 тысяч рублёў.

Далей чакаў выхад на праспект і шпацыр па цяністай ліпавай алеі. Наступнай "крыніцай прахалоды" пасля латка з марозівам стаў вядомы рэстаран хуткага харчавання. Але там трэба было адстаяць немалую чаргу, таму такі варыянт быў адкінуты. Наўрад ці таму, хто вельмі хоча выратавацца ад спёкі, захочацца столькі чакаць. Наступныя пункты на шляху — французскі і японскі рэстараны. Толькі ж тут ужо без летніх тэрас, таму ў разрад "хуткая прахалодная дапамога на вуліцы" яны таксама не трапляюць. Халодны эфект ад з'едзенага марозіва пачаў слабець, а на маім шляху неяк не траплялася пакуль месца, дзе б яго "папоўніць". На плошчы Свабоды заўважаю кіёскі, але яны аказваюцца месцам продажу сувеніраў. Зразумела, у такім бойкім турыстычным месцы не абысціся без кавярняў. У прынцыпе, "халодны набор" той жа: марозіва, кактэйлі, вада. І цэны падобныя. Думаю, самы час пераходзіць да наступнага аб'екта...

"Раённая" прахалода

...Стары спальны раён сталіцы, вуліца Каліноўскага. У будны дзень сустракаю на ёй пераважна пенсіянераў і мам з каляскамі, ну і яшчэ школьнікаў, якія не раз'ехаліся па летніках і вёсках. Спачатку ад спёкі ратуе цяністая вуліца, паўз якую растуць вялікія каштаны, але ж шукаць патрэбна зусім не гэта. Першыя метраў пяцьсот поўнасцю расчароўваюць: спачатку шлях ідзе толькі міма жылых дамоў (з акна табе наўрад ці хто шкляначку вады падасць), пасля — аптэка, мэблева крама, безліч заездаў у двары і выездаў з іх. Па другі бок вуліцы — увогуле "дзікаваты" сквер без усялякага намёку нават на маленькі кіёск, дзе прадаецца хоць нешта пітное і халоднае. Нават прадуктовая крама, да якой я дайшла хвілін праз дзесяць, аказалася закрытай на рамонт. Тут паціху стала прыходзіць разуменне, што, відаць, па такіх месцах гуляць у спёку патрэбна толькі з загадзя нарыхтаванай бутэлечкай халоднай вады ў сумцы. Але ж (о шчасце!) мае страхі аказаліся беспадстаўнымі. Нарэшце за аўтобусным прыпынкам я ўбачыла "прыкметы цывілізацыі" ў выглядзе працуючай прадуктовай крамы і бочкі з квасам. Пакуль стаяла ў чарзе, паспела вывучыць цэны. Невялічкая шклянка, у якую змяшчаецца крыху больш за 300 грамаў квасу, каштуе 2,5 тысячы рублёў. Паўтаралітровая бутэлька абыдзецца ў 15 тысяч рублёў, а тры літры квасу можна набыць за 25 тысяч рублёў. Што ж, варта "вывучаць тэрыторыю" далей. Пасля раскошных летніх тэрас на Карла Маркса сапраўднай экзотыкай падаўся мясцовы кафетэрый. За адным са столікаў сядзеў мужчына і "шукаў прахалоду" ў піве, якое заядаў смажанкай. Мяне ж цікавіла "летняе меню", у якім я знайшла малочны кактэйль, 150 грамаў якога каштавала крыху больш за 4 тысячы рублёў, а таксама марозіва ў асартыменце (як пішуць у меню, з "драблёнымі клубніцамі, малінай ці арэхамі") коштам ад 7 да 10 тысяч рублёў.

Ужо збіраючыся пайсці, я заўважыла за рагом яшчэ адну бочку з квасам. Паколькі канкурэнцыя — справа сур'ёзная, уласнікі гэтай бочкі прадаюць свой квас крыху танней. Так, "трохсотграмовую" шклянку квасу можна выпіць, заплаціўшы 2,3 тысячы рублёў, а паўтара і тры літры напою можна набыць за 11,5 і 23 тысячы адпаведна. Пасля такой "канцэнтрацыі прахалоды" самы час — на пляж...

Вас іст дас? "Пляжны" квас!

...На беразе Цнянскага вадасховішча шматлюдна, нягледзячы на будны дзень. Сярод аматараў сонечных ваннаў няма "бледнатварых", усе ўжо з загарам. Значыць, пастаянная публіка. Я прыгадала, што, калі ісці на пляж ад аўтобуснага прыпынку, можна пабачыць вялікую краму і запасціся пітвом і марозівам там. Мяркуючы па бутэльках мінералкі побач з месцамі, дзе людзі размяшчаюцца для адпачынку, усё так і ёсць. Абачлівыя наведвальнікі пляжу ў курсе: да самага вадасховішча не сустрэнеш больш ніякага спосабу выратавацца ад спёкі. Ісці, вядома, не дзесяць кіламетраў, але ўсё ж...

На самім пляжы заўважаю "квасную" бочку, падыходжу бліжэй і са здзіўленнем разумею, што "працоўны дзень" у бочкі скончаны. Побач — ні прадаўца, ні, зразумела, хоць якой пазнакі пра кошты. А народу на пляжы процьма, нягледзячы на тое, што на гадзінніку — каля васьмі вечара. Шчасце, што побач знайшлася калонка з пітной вадой, якую можна хлёбаць абсалютна бясплатна. Эх, не запаслася я пітвом ці марозівам, калі праходзіла міма крамы! Але ж тут позірк падае на пагорачак, на якім віднеюцца вялікія жоўтыя парасоны і столікі. Загадкавае скапленне вышэйзгаданага інвентару аказалася пляжнай "кафэшкай" (кавярняй гэта назваць цяжка). Досыць "атмасфернае" месца, дзе наведвальнікі п'юць піва ў шортах і з голым торсам. Але, мяркуючы па прылаўку, тут прадаецца і разліўны квас. Вось і кошт напісаны — 8 тысяч за паўлітра. Замаўляю сабе шкляначку.

— Хвіліначку! Толькі калі гэта атрымаецца...

Што значыць — атрымаецца?

А прадавец тым часам з усяе сілы цісне на кранік, і ў шклянку сіратліва падаюць пару кропель квасу і шмат пены. На гэтым усё! Не атрымалася. Вось які ён "каварны", пляжны квас.
Павывучаўшы яшчэ крыху цэннікі ў "кафэшцы", знайшла там пітную ваду коштам 10 тысяч за літр, а таксама — безліч гатункаў піва і шашлык. Але гэта ўжо да тэмы ніякага дачынення не мае.

Вяртаючыся з пляжу, я ўсё ж такі збочыла да крамы, дзе набыла літровую бутэльку разліўнога квасу за 15 тысяч рублёў, каб крыху кампенсаваць няўдачу ў сваіх "пляжных" пошуках прахалоды. Што ні кажы, запас — вялікая справа.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.