Вы тут

Дзе ёсць патрыятызм, там і непераможнасць


Ваенны аркестр, які не толькі іграў маршы, але і выканаў песню аб Радзіме, калона сучаснай ваеннай тэхнікі, прыгажуні барабаншчыцы — гэта і не толькі можна было ўбачыць падчас святочнага парада на цэнтральнай плошчы Перамогі ў Віцебску.

Сярод ганаровых гасцей свята быў і Аляксандр Фёдаравіч Котаў, ветэран узброеных сіл, старшыня савета ветэранаў жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка № 24.

— Мне прыемна быць тут у гэты дзень — дзень вызвалення беларускага народа, Дзень Незалежнасці. Для мяне Беларусь стала другой Радзімай. Я сам з Варонежскай вобласці. У Беларусь прыехаў 12 гадоў таму. Што такое вайна, ведаю, — расказаў ён. — Мяне сустрэлі ў Беларусі вельмі добра, аказалі дапамогу пасля таго, як я трапіў у няпростую сітуацыю, калі была вайна ў Абхазіі, дзе служыў. Прыехаў у Беларусь фактычна ў адным касцюме. Тут, у Віцебску, дачка працавала, я пераехаў да яе. Улада дапамагла купіць кватэру. Дзякуй! У мяне дзве ўнучкі, праўнучка. Унучкі скончылі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Адна цяпер у Англіі вучыцца, другая — у Швецыі. Будуць выкладчыкамі англійскай мовы.

Галіна Антонаўна Лушчык

шчыра любіць родны Віцебск, Беларусь. Аказалася, што яна каля 30 гадоў рамантавала гадзіннікі. І час святкавання Дня Незалежнасці для яе свята з вялікай літары.

1373982252686_1

— Святкую сёння і шчаслівая, што дажыла да такога моманту. Я нарадзілася ў Віцебску, ганаруся ім, берагу яго. Ніколі не кіну на зямлю запалку, паперку і іншых прашу не смеціць. Віцебск — чысты, прыгожы і прыбраны горад. Я люблю яго, усю нашу краіну, — прызналася ў любові да радзімы пенсіянерка. — Я доўгі час працавала майстрам па рамонце гадзіннікаў — 27 гадоў. У гэтай прафесіі дайшла да 4 разраду, любіла сваю працу, потым 10 гадоў працавала ў паліклініцы загадчыцай гаспадаркі, потым 10 гадоў — білетным касірам на чыгунцы. На пенсіі вяду актыўны лад жыцця: спяваю ў складзе народнага хору "Надзея" — пры абласным цэнтры інвалідаў вайны і працы. Выступаем на беларускай, рускай, украінскай мовах. Спяваем народныя, лірычныя песні. Складаю жарты-прымаўкі і чытаю на беларускай мове...

Усіх, хто сабраўся на плошчы, павіншаваў са святам Аляксандр КОСІНЕЦ, старшыня Віцебскага аблвыканкама. Сімвалічна, што народ Беларусі аб'яднаў гэтыя дзве даты ў адну. Яны, як цэментуючая сіла, адлюстроўваюць наш суверэнітэт і незалежнасць. Доўгім быў шлях да дасягнення суверэнітэту. Прыемна адзначыць, што беларуская дзяржаўнасць пачыналася менавіта на віцебскай зямлі, — сказаў Аляксандр КОСІНЕЦ. — Вядома, што Полацк — калыска нашай дзяржаўнасці, культуры, адукацыі, пісьменнасці і духоўнасці.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны кожны трэці наш зямляк аддаў сваё жыццё ў імя вялікай Перамогі, каб мы сёння жылі пад сонечным і мірным небам. Калі да пачатку той вайны на Віцебшчыне пражывала каля 1,8 мільёна чалавек, а зараз — толькі больш за 1,2 мільёна насельніцтва.

Жыхары Прыдзвінскага краю ганарацца тым, што тут нарадзілася больш за 310 герояў Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, Расійскай Федэрацыі, поўных кавалераў ордэнаў Славы.

1373982254953_2

"Многія хацелі заваяваць нашу краіну, заняволіць яе. Але ніколі і нікому гэта не ўдавалася і не атрымаецца. Там, дзе ёсць патрыятызм і магутная духоўная сіла, ёсць незалежнасць, суверэнітэт і непераможнасць", — падкрэсліў Аляксандр КОСІНЕЦ,

На жаль, усё менш сярод нас ветэранаў вайны. Іх у Прыдзвінскім краі засталося больш за 3,2 тысячы чалавек. І робіцца ўсё неабходнае, каб ветэраны жылі годна У 2014 годзе будзе святкавацца юбілей вызвалення краіны, у 2015-м — юбілей Перамогі. Але ўжо сёння рыхтуюцца да гэтых свят, падтрымліваецца парадак на месцах воінскіх пахаванняў, рэстаўрыруюць воінскія помнікі.

Праграма мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 69-й гадавіне вызвалення Віцебшчыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне, была ў Віцебску вельмі насычанай.

На плошчы Перамогі адбыўся канцэрт творчых калектываў, у парку імя Фрунзэ —канцэртная праграма з удзелам духавога аркестра "У старых рытмах ля фантана", у пойме ракі Віцьба правялі культурна-спартыўнае свята. Адбыліся і іншыя мерапрыемствы. А ўвечары на плошчы Перамогі адбыліся святочны канцэрт і акцыя "Праспяваем гімн разам"

Кульмінацыяй святкавання стаў шыкоўны феерверк.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.