Вы тут

"Аддаць швартовы!"


Карэспандэнты "Звязды" выйшлі ў рэйд разам з воднымі ратаўнікамі

Таварыства ратавання на водах мае доўгую і вельмі няпростую гісторыю. Адлік яе вядзецца з 1872 года, калі па ініцыятыве маракоў з Кранштата быў створаны першы правобраз арганізацыі. Яна перажыла дзве рэвалюцыі, некалькі войнаў, расфарміраванне і эканамічны катаклізм пачатку 1990-х. Зараз жа беларускае таварыства складаецца з 66 выратавальных станцый і 89 пастоў. Працуюць у ім паўтары тысячы прафесіяналаў ратавальнай справы. У межах сталіцы бела-блакітны сцяг таварыства ратавання на водах лунае ў трох месцах. Яны размешчаны на Камсамольскім возеры і двух вадасховішчах — Драздах і Цнянскім. У Цнянку з іх і завіталі карэспандэнты "Звязды".

Выратавальная станцыя Цнянская знешне зусім непрыкметная. Сіні вагончык схаваўся за старымі раскідзістымі дрэвамі. Тое, што тут нясуць вахту ратаўнікі, хутчэй падкажуць прычал і два катары.

1373984133654_1

— Перыметр Цнянскага вадасховішча дасягае ажно адзінаццаці кіламетраў! А пляжаў на ім толькі два кіламетры. І наша задача — каб усе людзі, якія прыйшлі адпачываць, вярнуліся дахаты, — гаворыць начальнік станцыі Георгій Жаброўскі. — Гэта толькі ў кінастужках чалавек, тонучы, крычыць, кліча на дапамогу. У рэальнасці ж усё наадварот. Чалавек, які тоне, паводзіць сябе вельмі ціха. Каб удыхнуць паветра, у яго з-за неспадзяванасці ёсць толькі долі секунды. З гэтай прычыны крыкнуць ён проста не паспее: вада трапіць у лёгкія. З гэтага моманту лічыльнік запушчаны: каб выжыць, у небаракі ёсць толькі лічаныя хвіліны.

Вучыцца ратаваць трэба пастаянна

Штодня ў ратаўнікоў па графіку стаяць камандныя трэніроўкі. Адна з іх — "пошук манекена ў вадзе". Як толькі гэты прадмет аказаўся за бортам, даецца спецыяльны сігнал. Катар павінен адысці ад пірса па трывозе за трыццаць секунд і праплыць семсот метраў да месца падзення. А вадалазам трэба максімум за паўтары хвіліны знайсці манекен пад вадой. І пасля ўжо пачынае працаваць медсястра. Асобна ж ратаўнікі адпрацоўваюць навыкі хуткаснага ваджэння, кідання круга і, вядома ж, плавання.

Вучаць ратаўнікоў і навыкам правільнай буксіроўкі манекена. Гэта робіцца для таго, каб тапелец у паніцы незнарок не пацягнуў разам за сабой на дно і ратаўніка. Навука складаная — трэба навучыцца правільна рабіць захоп.

Стаць пад сцяг таварыства ратавання на водах няпроста. Кандыдат павінен быць даволі дужым як фізічна, так і псіхалагічна. Уявіце сабе: вадалаз, які працуе ў адзіночку, сутыкнуўся недзе на глыбіні ў чатыры метры, дзе бачнасць блізкая да нулявой, з чалавекам. І яго трэба праз тоўшчу вады цягнуць за сабой, паднімаць наверх.

"Хлопцы, вы ж проста наплявалі на тэхніку бяспекі!"

Працоўная змена ў ратаўнікоў стартуе ў 10 гадзін раніцы і доўжыцца да захаду сонца. Гадзіна "Х" пачынаецца, калі ртутны слупок тэрмометра падпаўзе да адзнакі ў дваццаць пяць — трыццаць градусаў. Тады на вадасховішчы няма дзе яблыку ўпасці. Каманда "Аддаць швартовы!" гучыць пры такім раскладзе для ратавальнай станцыі ледзь не кожныя паўгадзіны. Экіпаж, які складаецца з матарыста, дзяжурнай медсястры і двух вадалазаў, адпраўляецца калі не ў "баявы", то ў прафілактычны рэйс папярэдзіць занадта саманадзейных купальшчыкаў. Працуюць змены па графіку "два дні праз два".

1373984133230_2

Мы выходзім у рэйд па зоне вадасховішча, якая не ахоўваецца. Першы парушальнік трапіўся літаральна праз хвіліну. Малады чалавек рассякаў ваду, пакінуўшы буйкі далёка ззаду.

— Гэй! Паварочвай да берага, гэта сярэдзіна вадасховішча! Ці даплывеш? — крычыць купальшчыку вадалаз Аляксандр Касцюк.

— Народу каля берага шмат. І брудна там. І мелка занадта, — ліхаманкава спрабуе знайсці адгаворку незадачлівы купальшчык.

— І што з таго? А калі, крый Божа, здарыцца што? Тут глыбіня метраў шэсць, — не адстае ратаўнік.

Гэтыя аргументы ўраз пераканалі купальшчыка і ён павярнуў да берага. А мы плывём далей. На надзьмутым матрацы — хлопец з дзяўчынай. Хаця на ім плаваць катэгарычна забаронена — можна толькі загараць.

— Да берага давайце! Нельга плаваць на матрацы. Можаце перакуліцца, а тут глыбока, — ушчувае пару праз мегафон вадалаз. Нічога не адказаўшы, хлапец развярнуў матрац і паплыў назад.

На зваротным шляху матарыст скіроўвае катар да перагружанага катамарана. Хоць гэты плыт і разлічаны на чатырох чалавек, але гэта не перашкодзіла ўскараскацца туды і пятаму. Няўзброеным вокам відаць, што катамаран прасеў пад залішнім цяжарам.

— Хлопцы, вы ж проста наплявалі на тэхніку бяспекі! Калі заказвалі катамаран, вам жа растлумачылі, што на ім могуць катацца не больш за чатыры чалавекі. А вы што робіце?

Сярод парушальнікаў сустракаюцца і сапраўдныя кулібіны. Чаго яны не вынаходзяць, каб заплыць як мага далей ад берага! Людзей здымалі і са старых дзвярэй, і з драўляных катушак ад кабелю. І хоць на пляжы ўсталяваны стэнд, дзе напісана, што забараняецца плаваць на самаробных плытах, спыняе гэта не ўсіх. Гадоў восем таму ратаўнікі ўбачылі, як падлетак трымаецца на вадзе, нібы качка. Падышлі на катары бліжэй і ўбачылі, што хлопец плыў на... звязаных паміж сабой пластыкавых бутэльках. І прасунуўся ж далёка — школьніка знялі ўжо недзе праз метраў сто ад берага. У яго спыталі: "Ты хоць думаў, што магло б быць, калі б бутэлькі развязаліся?" А ў адказ была цішыня...

На жаль, дзеці тонуць і з-за неахайнасці дарослых. Мінулым летам у канале, які падыходзіць да гарадской забудовы, захлынуўся малы. Ціхенька адышоў, паслізнуўся, упаў — і ўсё. І ніхто нават не заўважыў, што хлопчык знік...

"Кампанія пачала піць за ўпакой душы тапельца..."

На малалетніх парушальнікаў яшчэ могуць падзейнічаць і простыя ўшчуванні. Куды цяжэй з тымі, хто не ўяўляе сабе адпачынку без пары бутэлек спіртнога. Кульнуў келіх, другі — і хочацца астудзіцца ў вадзе. Няўмольная статыстыка сведчыць, што ў мінулыя гады тры з кожных чатырох патануўшых былі ў нецвярозым стане.

— На доўгім прафесійным вяку, правёўшы пад вадой 7 тысяч гадзін і выцягнуўшы не адзін дзясятак людзей, я пабачыў шмат чаго. Але не магу ўспамінаць без дрыжыкаў некалькі эпізодаў. Адзін урэзаўся ў памяць больш за ўсіх. Кампанія маладых людзей адзначала нейкае свята. Адзін з іх вырашыў пакупацца. Нырнуў — і не выплыў. Пакуль да нас паступіў сігнал, прайшло недзе з паўгадзіны. Вядома ж, выцягнулі мы ўжо труп. А кампанія пачала піць... за ўпакой душы тапельца, — узгадвае начальнік станцыі. — Гэта было так агідна бачыць!

Зрэшты, у апошні час п'янства на Цнянцы пачало паціху згасаць. Асабліва сёлета, калі з вытворчасці знялі так званае "чарніла". Сваю лепту ўнеслі і штрафы за прылюднае распіццё спіртных напояў — дваццаць супрацоўнікаў міліцыі ўвесь час сочаць за парадкам на тэрыторыі вакол вадасховішча. Ды і мы самі стараемся перадаваць выцягнутых з вады п'янчуг у рукі праваахоўнікаў. Хоць і чуем пры гэтым ад выратаваных увесь набор існуючай нецэнзурнай лексікі.

Аднойчы выратавалі дзяўчыну, якая за сорак метраў ад берага заблыталася ў траве. Там і неглыбока было — прыкладна метр восемдзесят. А мы заўважылі, што нейкі чалавек падскоквае ў вадзе, нібы спружына. Дзяўчына была настолькі п'яная, што нават не ведала, дзе знаходзілася.

Раней дадавалі значнага клопату аматары падлёднай рыбалкі. Аднаго такога небараку мы выцягвалі некалькі разоў. Спачатку думалі, што гэта простае супадзенне. Апошні раз ён праваліўся літаральна на нашых вачах. Тут жа хутка зрэагавалі, дасталі яго, выклікалі "хуткую". Урачы дыягнаставалі невялікае пераахаладжэнне арганізма. Калі небарака ачомаўся, я спытаў у яго: "Не надакучыла рэгулярна тануць?" А ў адказ пачуў наступны перл: "Разумееш, я вось кожны год тану, і ўсё роўна мне хочацца выходзіць увесну на лёд". Хаця ў параўнанні з тым, што было гадоў дзесяць таму, рыбакі сталі даволі свядомымі. Раней жа як было? Ратаўнікі разам з міліцыянерамі едуць ганяць рыбакоў. Тыя бачаць, што да берага пад'язджае машына, і гуськом ідуць у лес. Толькі машына ад'ехала — яны гуськом назад. Звонку гэта выглядала даволі трагікамічна. Але цяпер рыбакі сталі куды больш дысцыплінаванымі. Мабыць, іх пыл астуджаюць магчымыя высокія штрафы ад рыбнагляду.

На браваду лепш забыцца

— З любога супрацоўніка таварыства ратавання на водах атрымаўся б першакласны агітатар, — жартуе вадалаз трэцяга класа Віктар Жвірбля. — На прафілактычных выездах наш мегафон сціхае хіба толькі ў пахмурныя ці халодныя дні. Часцей за ўсё робім вымовы людзям, якія плывуць на матрацах ці ўвогуле скачуць у ваду з моста. Апошнія зусім не задумваюцца аб тым, што на дне іх можа чакаць вельмі непрыемны "сюрпрыз" — хаця б тое ж затануўшае бервяно ці металічная канструкцыя. Вада не паспявае затармазіць хуткасць вольнага падзення, і чалавек ламае сабе пазванкі. У лепшым выпадку ён становіцца інвалідам... Ужо нават і адмысловы выратавальны пост там паставілі, каб толькі людзі не рызыкавалі жыццём з-за бравады.

Віктар — майстар спорту. Ён працуе на "Цнянскай" ужо больш за пяць гадоў. За гэты час выратаваў жыцці дзясяткам людзей. Але дагэтуль з яго памяці не сыходзіць недарэчная смерць на вадзе, нявольным сведкам якой ён стаў, ледзь уладкаваўшыся вадалазам.

На мінскім вадасховішчы Дразды Віктар рыхтаваўся да спаборніцтваў па ратавальным шматбор'і. Заадно, каб не губляць часу, папрасіўся з тамтэйшымі вадалазамі ў рэйс. Было спякотна, і камусьці прыйшла ў галаву ідэя скакаць з дамбы побач з моцным вадзяным вірам. Хлопчыка гадоў дванаццаці так і зацягнула пад шлюз. Шукалі яго ратаўнікі доўга: працу ўскладняў вельмі моцны вадаспад. Не кожны дарослы там зможа выплыць. У гэты дзень усіх ныральшчыкаў са шлюза нібы ветрам здзьмула. Ды ненадоўга: ужо назаўтра дарослыя экстрэмалы зноў рызыкавалі там жыццём.

***

На Цнянскім вадасховішчы рэгулярна працуюць шаснаццаць супрацоўнікаў таварыства. Улетку туды дадаткова ўладкоўваюцца дзесяць матросаў. Зусім хутка яны пераедуць у новы вялікі сучасны будынак выратавальнай станцыі. Плануецца, што ён будзе ўзведзены ўжо да канца наступнага года. Вось каб яшчэ купальшчыкі зразумелі, што ратаўнікі таксама не ўсёмагутныя, нягледзячы нават на сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне...

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.