Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Не ўтрымалася ад спакусы

Следчы камітэт па Брэсцкай вобласці распачаў крымінальную справу ў дачыненні да адной з супрацоўніц банка. Працуючы з наяўнымі грашыма, яна патроху іх крала.

У пачку з купюрамі вялікіх наміналаў сярэдзіну работніца выкладвала з купюр меншай вартасці. І гэтыя своеасаблівыя "лялькі" здавала ў сховішча. Розніцу забірала сабе. Такім чынам, паводле папярэдняй інфармацыі следства, з пачатку 2009 года да мая 2013-га жанчына прысвоіла 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. За крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам работніку банка пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Яна СВЕТАВА.

Малако "не пайшло" на карысць...

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Партызанскага РУУС сталіцы за крадзеж прадукцыі аднаго з мінскіх малочных заводаў затрымалі 25-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка.

— Малады чалавек займаўся дастаўкай да гандлёвых аб'ектаў прадукцыі гэтага прадпрыемства. Аднойчы ён, прыбыўшы па тавар, вырашыў "узяць" трохі больш, чым звычайна. Пад'ехаўшы да склада, малады чалавек загрузіў частку прадукцыі, пасля чаго накіраваўся да знаёмай кладаўшчыцы. Тая, акрамя ўказанага ў накладной тавару, выдала яму яшчэ 30 скрыняў малака, кефіру, тварагу, смятаны і іншых малочных вырабаў, якія, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, яны збіраліся рэалізаваць, — расказала прэс-сакратар Партызанскага РУУС г. Мінска Ганна Чыж-Літаш. — Аднак на шляху да бліжэйшага гандлёвага аб'екта, дзе планавалася прадаць "шэры" тавар, машыну з украдзенай прадукцыяй спынілі аператыўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Сума нанесенай прадпрыемству шкоды склала 41 мільён рублёў. Сваю віну затрыманы прызнаў, у зробленым пакаяўся.

З агарода — у рэанімацыю

Няшчасны выпадак адбыўся ў вёсцы Схоліна Маладзечанскага раёна. Тут мужчына атрымаў апёкі 30 працэнтаў цела.

Гісторыя пачалася банальна: 38-гадовы вясковец вырашыў спаліць смецце на прысядзібным участку. Абліў яго бензінам і паднёс запальнічку... У выніку ўспышкі пароў паліва мужчына атрымаў апёкі другой-трэцяй ступені. У Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу вяскоўца даставіў яго сябар. Пацярпелага шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне.

Наскочылі на аўтапоезд

Каля дзвюх гадзін ночы паблізу вёскі Заручча на 431-м кіламетры трасы М1 Брэст — граніца Расійскай Федэрацыі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога загінулі чацвёра чалавек — усе расіяне. Пра аварыю стала вядома ад відавочцы.

На месцы высветлілася, што вадзіцель легкавіка "Рэно Дастэр" на справіўся з кіраваннем, і ў выніку яго аўтамабіль сутыкнуўся з аўтапоездам "ДАФ". Апошні стаяў на ўзбочыне. Пры сутыкненні кіроўца аўтапоезда не пацярпеў. А работнікам МНС давялося даставаць з легкавіка целы загінулага кіроўцы і трох пасажыраў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Мабільнік — вартаўнік маёмасці

Кампанія МТС першай сярод мабільных аператараў прапанавала кліентам унікальную воблачную паслугу "Відэаназіранне", якая дазваляе без выкарыстання складанай інфраструктуры арганізаваць відэакантроль на адлегласці.

Прагляд відэа можна ажыццяўляць як у рэжыме рэальнага часу, так і ў рэжыме запісу. Відэа з гукам можна праглядаць з планшэта, смартфона або экрана камп'ютара. Усё, што патрабуецца для карыстання паслугай, — гэта доступ у інтэрнэт. Каб скарыстацца воблачнай паслугай "Відэаназіранне", неабходна зарэгістравацца на сайце саmеrа.mts.bу, устанавіць адну ці некалькі ІТ-камер з падключэннем да інтэрнэту і актывізаваць на сайце адпаведную паслугу. Кошт анлайн-прагляду без архівіравання запісу складае для фізічных асоб 1600 рублёў у суткі, а з запісам у "воблачны архіў" — 3 200 рублёў у суткі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».