Вы тут

Першая сусветная вайна: памяць павінна жыць


Набліжаецца юбілей трагічнай падзеі... 28 ліпеня 2014 года спаўняецца 100 гадоў з пачатку аднаго з самых кровапралітных і маштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва — Першай сусветнай вайны.

Вялікая вайна стала шматнацыянальным горам: у ёй удзельнічалі 38 краін з 59 існуючых на той час незалежных дзяржаў. У выніку перасталі існаваць 4 імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская, Асманская і Германская. Загінула каля 10 мільёнаў вайскоўцаў, яшчэ больш мірных жыхароў.

1373986393579_1

Так склалася, што мы быццам бы выкраслілі са сваёй памяці гэтыя падзеі, гэтыя лічбы, гэтых людзей... Бо ўсё часцей узгадвалі наступствы самай апошняй вайны — Вялікай Айчыннай. А так быць не павінна. Бо Беларусь была ў эпіцэнтры тых баёў, лінія фронту доўгі час праходзіла на нашай зямлі. Так думаюць гісторыкі, даследчыкі і проста неабыякавыя да гэтай тэмы людзі, якія сабраліся падчас пасяджэння "круглага стала" газеты "Звязда" і аналітычнага цэнтра ЕсооM. Узгадалі трагічныя падзеі той вайны, абмеркавалі пытанні захавання гістарычнай памяці, адкрылі малавядомыя старонкі гісторыі...

Актуальнасць

Уладзімір МАТУСЕВІЧ, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

1373986394429_2

— Першая сусветная вайна — падзея, якая фактычна стала пачаткам найгоршага часу, яна змяніла вельмі многія ўяўленні пра нашу цывілізацыю: пра месца чалавека ў грамадстве, пра месца многіх тэхнагенных і іншых рэчаў, палітычныя і эканамічныя аспекты. Невыпадкова вывучэнне вопыту Першай сусветнай вайны патрабуе комплекснасці і ўдумлівага падыходу. Мы павінны асэнсаваць тыя падзеі не толькі з пункту гледжання нашай гісторыі, а і з пазіцыі фарміравання гістарычнай памяці, уяўленняў пра тыя глыбінныя крыніцы і нават магістральныя тэндэнцыі сённяшняга геапалітычнага развіцця.

Гэтая тэма мае вельмі вялікія рэзервы і пласт для вывучэння яе гісторыкамі і для глыбокага грамадскага асэнсавання. У поўнай меры гэта тычыцца і Беларусі, таму што шэраг ключавых падзей адбыліся менавіта на беларускай зямлі: буйнейшыя вайсковыя аперацыі, падзеі, якія пасля сталі каталізатарам вялікіх сацыяльна-палітычных рухаў, асабліва ва Усходняй Еўропе. Найперш гэта Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая пасля стала штуршком да беларускай дзяржаўнасці, з’яўленне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэталёвае вывучэнне гэтых падзей, напэўна, можа даць многія адказы, дадатковы цікавы вопыт і разуменне наступстваў Вялікай Еўрапейскай вайны. Гэтая тэма плённая для распрацоўкі не толькі гістарычнай і навуковай супольнасцямі, даследчыкамі, а і журналістамі. Мы не павінны пакідаць гэтыя падзеі ў баку ад вывучэння, ад грамадскай увагі. Трэба, каб гэтая тэма загучала: яна мае вялікае значэнне для постсавецкай прасторы, для Беларусі, для агульнаеўрапейскага, агульнасусветнага кантэксту.

Праблемы

Вадзім ГІГІН, галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка", першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў:

1373986394852_3

— У апошнія гады сітуацыя змянілася: зараз ужо нельга сказаць, як раней, што праблемы Першай сусветнай вайны знаходзяцца на перыферыі айчыннай і расійскай гістарыяграфіі. Усё больш з’яўляецца навуковых прац на гэтую тэму. І мы павінны іх уводзіць і ў наша беларускае кола. Я бачу тут некалькі праблем, якія паўстануць перад намі і якія трэба будзе вырашаць грамадскасці, навукоўцам і журналістам.

Па-першае, як нам ставіцца, які погляд павінен быць, які акцэнт, калі мы разглядаем падзеі Першай сусветнай вайны? Звычайна пытаюцца: якое месца Беларусь займала ў часы гэтай вайны, кім яна была — суб’ектам ці аб’ектам гэтага гістарычнага працэсу? Па-другое, 11 лістапада мы святкуем Дзень прымірэння. Аднак відавочна, што для нас Першая сусветная вайна скончылася крыху раней — у пачатку 1918 года. Зноў-такі геапалітычны кантэкст: што дала Першая сусветная вайна Беларусі? З іншага боку, з’яўляецца ўсё больш прац, якія разглядаюць грамадзянскую вайну і нават савецка-польскую вайну як працяг Першай сусветнай вайны. І сапраўды, разглядаць гэтыя падзеі ў адрыве ад кантэксту Першай сусветнай вайны немагчыма. Для Беларусі ўвогуле была ўнікальная з’ява падчас імперыялістычнай вайны — Брэсцкі мір, які таксама нельга абмінаць. У савецкія часы існаваў адзін погляд на Брэсцкі мір, у міграцыйным друку — іншы. Які зараз мы павінны выпрацаваць? Яшчэ адзін цікавы момант — ваенная справа падчас Першай сусветнай вайны. Зараз у публіцыстыцы ідзе актыўная дыскусія, хто быў больш таленавітым, а хто менш. Гэта тыя ж Нарачанская і Баранавіцкая аперацыі, якія можна па-рознаму трактаваць.

Нарэшце, культурны аспект. Я хачу нагадаць, што і Янка Купала, і Якуб Колас, і іншыя культурныя дзеячы насілі вайсковую форму. Гэта вялікі патэнцыял для развіцця турызму, патрыятычнага выхавання. У нас усё гэта ёсць у тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі добра. Аднак нельга толькі на адной падзеі, хоць такой важнай і значнай, выхоўваць наступныя пакаленні ці расказваць свету аб Беларусі. Так, у нас шмат замкаў, але ёсць і вялікая спадчына Першай сусветнай вайны. Яна скончылася, але, як значная падзея гісторыі, яна працягваецца ў нашым жыцці. І вось як асэнсоўваць гэтыя падзеі, ад гэтага будзе залежаць і тое, як Беларусь будуць успрымаць у свеце і якое ўяўленне будзе мець наступнае пакаленне аб гісторыі нашай краіны.

Вайсковы погляд

Віктар ШУМСКІ, начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь:
1373986394937_4

— Памятаеце словы гісторыка Ключэўскага, які казаў: «Гісторыя не настаўніца, а наглядчыца. Яна не вучыць, а карае за нявывучаныя ўрокі»? У 1941 годзе мы якраз і былі пакараны за нявывучаныя ўрокі. Таму сёння вельмі важна пэўным чынам выправіць сітуацыю.

Гэта тычыцца і практычных крокаў, якія ажыццяўляе Міністэрства абароны. Калі мы сустракаліся напярэдадні 90-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, на той момант у нас на дзяржаўным уліку былі зарэгістраваны 34 воінскія пахаванні Першай сусветнай вайны. Сёння іх 137. На самой справе іх значна больш. Тая колькасць, якая значыцца на месцах пахаванняў, не заўсёды адпавядае дакументальным крыніцам. Тым не менш са 137 воінскіх пахаванняў 23 пахаванні — могілкі замежных ваеннаслужачых, 114 — могілкі суайчыннікаў. Зараз у нарматыўную базу мы ўводзім такое паняцце, як «змешанае пахаванне», чаго раней не было. Праўда, пакуль яны яшчэ не пашпартызаваны. Асноўны масіў такіх пахаванняў знаходзіцца ў заходняй частцы Беларусі, асабліва ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. У народзе іх і сёння называюць «нямецкімі». Толькі гэта не зусім так. Напрыклад, у адной такой «нямецкай магіле», якую я нядаўна пабачыў, было пахавана 530 рускіх салдат і афіцэраў.

З 1997-га па 1999-ы Міністэрствам абароны двойчы былі праведзены разавыя пошукавыя акцыі, якія не былі абгрунтаваны дакументальна. З 2003 года гэта стала штогадовай традыцыяй: палявыя пошукавыя падраздзяленні кожны год адпрацоўваюць ад 5 да 12 аб’ектаў, звязаных з Першай сусветнай вайной. Што тычыцца рэгіёнаў, то за гэты час у Брэсцкай вобласці мы адпрацавалі 23 аб’екты, у Гродзенскай — 48, у Мінскай — 38, у Магілёўскай — 2.

Сёлета намі была праведзена эксгумацыя астанкаў 5 ваеннаслужачых Рускай імператарскай арміі. Гэта толькі на адным аб’екце. На гэты год запланавана адпрацоўка яшчэ 4 такіх аб’ектаў. Трэба сказаць, што навідавоку будзе мэтазгоднай работа ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве. Таму трэба акцэнтаваць увагу грамадскасці і людзей, што жадаюць займацца гэтай тэмай, менавіта на архіўна-даследчай працы, якая павінна быць сінхранізаванай. Гэта значыць, калі будзе прымацца рашэнне па аднаўленні тых ці іншых воінскіх пахаванняў Першай сусветнай вайны, то гэтыя моманты жыццёва неабходны з пункту гледжання выдаткаў і закончанасці той работы, якая будзе праводзіцца.

Адна з асноўных праблем на фоне вялікага масіву пахаванняў — пошук сродкаў на іх аднаўленне. Невыпадкова ў наступным годзе частка сродкаў ад традыцыйных суботнікаў будзе накіравана на добраўпарадкаванне могілак Першай сусветнай вайны.

Перспектывы

Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ, гісторык, філакартыст, калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне":

1373986394502_5

— Беларусь — маладая краіна. Таму як незалежная дзяржава яна не прымала ўдзел ні ў адной вайне. Мы заўсёды ваявалі ў складзе якой-небудзь краіны: у Першую сусветную вайну — у складзе Расійскай імперыі, у Вялікую Айчынную — у складзе Савецкага Саюза… Таму для нас, для Беларусі, самае галоўнае — увекавечванне памяці ўвогуле ўсіх палеглых у Першай сусветнай вайне, не прымаючы нічый бок.

Я займаюся калекцыянаваннем, вывучэннем старых фотаздымкаў і магу сказаць, што на іх адлюстраваны сотні могілак. Вельмі шмат нямецкіх, аднак дзіўна, што на іх — вялікая колькасць праваслаўных крыжоў. Гэта дае падставу думаць, што нават прадстаўнікі кайзераўскай арміі не баяліся хаваць салдат царскай арміі на сваіх могілках.

Самае галоўнае — па магчымасці аднавіць воінскія пахаванні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адкрыць пэўныя, няхай і невялікія, памятныя знакі на месцах баёў і пахаванняў. І яшчэ адна з задач — адкрыццё музея Першай сусветнай вайны, якога няма ў нашай рэспубліцы. Ёсць невялікі музей у Заброддзі, створаны намаганнямі Барыса Цітовіча. Толькі для краіны ў дзяржаўным маштабе павінен існаваць даволі сур’ёзны музей, дзе людзі, асабліва моладзь, магла б даведацца пра Першую сусветную вайну.

У Вілейцы мы сваімі сіламі аднавілі помнік 1812 года і побач плануем зрабіць помнік ахвярам Першай сусветнай вайны. Таксама ў перспектыве — адкрыццё на базе Заброддзя больш сур’ёзнага музея, дзе я прадстаўлю свае арыгінальныя фотаматэрыялы, якіх у мяне больш за 10 тысяч. Па гэтых фотаздымках можна вывучаць усю Першую сусветную вайну. Да 90-годдзя заканчэння вайны я выпусціў вялікі альбом «Беларусь вачыма нямецкага салдата ў час Першай сусветнай вайны». На дзіва, вялікім поспехам ён карыстаўся больш за мяжой, чым у Беларусі. Да 100-годдзя пачатку вайны планую выпусціць вялікі двухтомнік, у якім будзе паказана менавіта Беларусь падчас вайны з двух бакоў — з расійскага і нямецкага: побыт, жыццё ў акопах, баявыя дзеянні, могілкі, Брэст-Літоўскі мір… Усё гэта будзе адлюстравана на фотаздымках — найбольш бесстаронніх сведках.

Музеефікацыя

Барыс ЦІТОВІЧ, мастак, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне":

1373986394758_6

— Я не гісторык, аднак аказаўся ў гэтай тэме вельмі даўно. І шчыра кажучы, мару, калі ўсё з ёй будзе добра, каб выйсці з яе і заняцца, нарэшце, творчай працай, не выключаючы работу мастака менавіта па гэтай тэме. Пакуль гэтага не ўдаецца.

Я прыхільнік музеефікацыі слядоў Першай сусветнай вайны. З гэтай ідэяй мы носімся вельмі даўно. Я зафіксаваў, што апошняе маё інтэрв’ю аб тым, што рэспубліцы патрэбен новы музей уздоўж лініі фронту, было 23 лютага 2002 года на тэлебачанні. Прайшло 11 гадоў — музея няма. Тым не менш я абсалютна ўпэўнены, што мадэль музея ў Рэспубліцы Беларусь павінна быць вельмі своеасаблівай: менавіта тут лінія фронту была непераадольнай перашкодай для кайзераўскіх і аўстра-венгерскіх войскаў. І навідавоку, што тыя артэфакты, фарсіфікацыйныя збудаванні, пахаванні, акопы, якія захаваліся, патрэбна музеефікаваць, пераўтвараючы ўсё гэта ў мемарыяльны маршрут Першай сусветнай вайны. У нас, куды не ідзеш — трапляеш на сляды вайны 1812 года, Першай сусветнай, Другой сусветнай. Гэта не значыць, што ўсе павінны лазіць па акопах. Аднак не ўлічваць гэты момант, калі ў нас ёсць канкрэтная фактаграфія і бачныя сляды, нельга. Больш за тое, трэба казаць пра ваенны ландшафт, які ў нас захаваўся. Кожная вайна мяняе яго на свой лад. Менавіта Першая сусветная вайна змяніла ландшафт беларускай прыроды настолькі, што ён і да гэтага часу, амаль праз 100 гадоў, захаваў гэты вобраз. Калі мы трактарамі будзем раўняць лясы, могілкі, акопы, то мы і гэта страцім.

Калі казаць пра музеефікацыю пад адкрытым небам, то маглі б быць экспазіцыйныя цэнтры, падобныя да Заброддзя, дзесьці ў краязнаўчых цэнтрах, у школах уздоўж лініі фронту. Такім чынам мы атрымалі б недарагую, але вельмі аб’ёмную мадэль, і мемарыяльны турызм мог бы ў рэспубліцы развівацца. Напрыклад, вілейскія школьнікі вось ужо шосты год з задавальненнем ідуць паходамі ўздоўж лініі фронту. Вывучаюць мясціны, ужо зрабілі некалькі цікавых фільмаў. Можна сказаць, што дзіцячы турыстычны маршрут уздоўж лініі фронту існуе. З дарослымі ўсё складаней.

Што тычыцца Вілейскага раёна, то літаральна на днях уладыка Філарэт блаславіў праект на будаўніцтва капліцы-помніка пры ўваходзе на вілейскія могілкі, дзе знаходзілася 300 магіл воінаў Першай сусветнай вайны, на якіх пасля зверху былі пахаваны савецкія грамадзяне. На сённяшні дзень вядома 250 імёнаў. Яшчэ адзін помнік мы рыхтуем у вёсцы Жарсцвянка, што на пад’ездзе да Вілейкі. Там знаходзілася брацкая магіла, якую знішчыла суцэльная высечка лесу.

Чыя вайна?

Валерый СУРАЕЎ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, вядучы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь:

1373986395592_7

— Як ставіцца Рэспубліцы Беларусь да праблемы Першай сусветнай вайны: гэта наша вайна ці не наша? Усё часцей гучыць гэтае пытанне. Напярэдадні 100-годдзя вайны яно набывае ключавое значэнне. Таму задача людзей, якія настроены канструктыўна і думаюць сапраўды гістарычна, — давесці да ведама не толькі нашых грамадзян, а і замежных, думку пра тое, што гістарычны працэс непарыўны. Першай сусветная вайна — апакаліпсіс сусветнага маштабу. Вынікі гэтай вайны адбіліся і на лёсах беларусаў. Усе карані Другой сусветнай вайны карэняцца там, у самым пачатку стагоддзя. І большая частка нявырашаных прычын Першай сусветнай вайны сталі прычынамі Другой сусветнай. Дык як жа гэта не наша вайна?

Геапалітычныя наступствы сусветнага маштабу Першай сусветнай вайны тычыліся ўсяго свету. І справа не толькі ў тым, што палі 4 вялікія імперыі. Гэта быў перадзел свету! Ёсць яшчэ маральныя аспекты: трэба растлумачыць людзям увесь жах гэтых падзей. У складзе Рускай імператарскай арміі ваявалі сотні тысяч беларусаў. Нашымі суайчыннікамі здзейснена вялікая колькасць подзвігаў, і ёсць шмат прыкладаў ваеннага таленту. Дарэчы, апошні ордэн Святога Георгія ІІ ступені атрымаў ураджэнец Беларусі — генерал Мікалай Юдзеніч. Усяго за Першую сусветную вайну такіх узнагарод было дзве. Гэта наша вайна! Забыць яе — значыць здрадзіць.

Рэтраспектыва падзей

Вячаслаў БАНДАРЭНКА, кіраўнік і вядучы грамадска-палітычнага ток-шоу "Адкрыты фармат" (АНТ), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне":

1373986395666_8

— Гэтую дату, больш за тое, чараду дат, мы абавязаны выкарыстаць у поўнай меры, па ўсіх кірунках. У тым ліку ў ідэалагічным. Нічога дзіўнага няма ў тым, што Беларусь шануе і ганарыцца сваімі героямі, у якой бы вайне яны не загінулі. Мы ж па-ранейшаму саромеемся гэтай вайны, лічым яе ганебнай, бессэнсоўнай, імперыялістычнай, прайгранай. Па-першае, гэта не так. А калі і так, то што з таго? Героі ёсць. Памяць пра іх існуе. Мы гатовы пра гэта казаць усяму свету. Мы абавязаны наша ўспрыманне гэтай Вялікай вайны распаўсюджваць на ўсю Еўропу, разумець яе ў еўрапейскім кантэксце.

Натуральна, што ў сваіх разважаннях аб тым, што нам трэба зрабіць да гэтых дат, мы павінны быць рэалістамі. Мы не можам зараз замахвацца на тое, каб з нуля ў Магілёве на Савецкай плошчы аднавіць увесь комплекс Стаўкі і ўсе дамы зрабіць музеямі. У нас нават наўрад ці атрымаецца стварыць музей Стаўкі ў Баранавічах. Аднак ёсць мерапрыемствы, якія мы цалкам пацягнем. І нават без асаблівых выдаткаў. Ёсць музей Барыса Цітовіча. Згодзен, ён маленькі, да яго трэба дабрацца. Затое гэты музей — святое месца, адкуль выходзіш з прасветленай душой. З цягам часу ён пашырыцца, наша задача — надаць яму статус нацыянальнага.

Існуе такая рэч, як перайменаванне вуліц. Ніхто не патрабуе іх пераймяноўваць: гэта каштуе вялікіх грошай. Аднак у рэспубліцы пракладваюцца новыя вуліцы, і іх трэба неяк называць. Напрыклад, вуліца генерала Лячыцкага. Мы збіраем народ, тлумачым, хто такі генерал Лячыцкі, і чаму называем вуліцу ў яго гонар. І яна так будзе называцца многія гады.

Існуюць даты вялікія: пачатак вайны і яе заканчэнне. Існуюць даты малыя, і іх — велізарная колькасць. У 1915 годзе мы адсвяткуем 100-годдзе вызвалення Вілейкі, Смаргоні, 100-годдзе подзвігу Рымы Івановай — адзінай жанчыны, якая пасмяротна была ўзнагароджана ордэнам Святога Георгія ІV ступені. Дарэчы, нядаўна пачаліся здымкі сумеснага расійска-беларускага дакументальнага фільма «Святая Рыма».

1916 год: Нарачанская аперацыя, аперацыя пад Баранавічамі — 2 велізарныя бітвы, якія былі ў Беларусі. Мы можам абмеркаваць, як менавіта можна адзначыць 100-годдзе гэтых аперацый: ці гэта будуць маштабныя рэканструкцыі, ці нешта іншае. 1917 год — 100-годдзе аперацыі пад Крэва, адной з самых удалых аперацый рускай арміі: ніколі за часы Першай сусветнай вайны не атрымлівалася, каб за 3 дні падрыхтоўкі былі знішчаны ўсе варожыя ўмацаванні.
20 лістапада 1917 года адбыўся першы бой ужо іншай — грамадзянскай — вайны на нашай зямлі, пад Жлобінам. І 1918 год — Брэсцкі мір, самы апошні бой Першай сусветнай вайны на нашай зямлі, вызваленне станцыі Добруш і заканчэнне вайны.

Я пералічыў элементарныя рэчы, якія ляжаць на паверхні. Гэтая схема ўжо ўхвалена Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам інфармацыі. Каб распрацаваць яе больш глыбока, падумаць як яе можна ажыццявіць, нам трэба думаць разам.

Прымірэнне

Аляксандр БАЗАРНАЎ, эксперт па ваеннай гісторыі і фартыфікацыі:

1373986395654_9

— Сотні тысяч беларусаў былі прызваны ў Рускую імператарскую армію. Многія з іх загінулі. Іх трэба памятаць, шанаваць, даглядаць іх магілы, здымаць пра герояў фільмы.

Часта ўзнікае пытанне: а як ставіцца да змешаных могілак і чужых пахаванняў наогул? І тут галоўнае разумець, што нам не трэба прымаць нічый бок, трэба проста шанаваць памяць загінулых — незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці. Гэта была бітва народаў. Тым больш некаторыя ваявалі з двух бакоў: напрыклад, чэхі і палякі.

Раскол у Еўропе пачаўся якраз у гады Першай сусветнай вайны. Аднак яна скончылася. Вялікую Айчынную вайну як складнік Другой сусветнай дараваць немагчыма: на нас напалі, нас хацелі знішчыць як нацыю. Ды і ў гэтай сітуацыі сучаснае нямецкае пакаленне ні ў чым перад намі не вінавата. Трэба перастаць варожа ставіцца да людзей, продкі якіх раней ваявалі з намі. Вядома, у першую чаргу, шанаваць трэба сваіх. Аднак трэба разумець, што канец вайны — прымірэнне ўсіх ваюючых народаў. І каб гэтага больш не паўтарылася, неабходна шанаваць памяць усіх.

Мемарыялізацыя

Уладзімір БАГДАНАЎ, фатограф, спецыяліст па воінскіх пахаваннях Першай сусветнай вайны ў Беларусі:

IMG_2709

— Вяртаючыся да тэмы стаўлення да нямецкіх помнікаў і пахаванняў, трэба ўзгадаць хаця б тое, што многія прозвішчы на помніках нашым суайчыннікам мы чытаем на нямецкай мове. Помнікі рускім героям вельмі часта можна сустрэць і на нямецкіх могілках. Гэта гаворыць пра паважлівае стаўленне да праціўніка. Нават у Снове, што пад Нясвіжам, існуюць рускія могілкі, цалкам зробленыя за грошы немцаў, выдзеленыя ў 1930-х гадах мінулага стагоддзя. Таму дзяліць гэтыя пахаванні на «нашы» і «не нашы» папросту амаральна.

Што тычыцца прагматычнага боку сітуацыі, на ўліку ў Міністэрстве абароны значыцца 137 пахаванняў Першай сусветнай вайны. Я іх налічыў амаль 300. І тут размова ідзе нават не пра тое, каб іх аднавіць, а хаця б неяк абазначыць. Магчыма, праблему мемарыялізацыі трэба вырашаць нават не на вялікім узроўні, а на ўзроўні абазначэння гэтага месца, надання яму пэўнага сакральнага значэння. Няхай гэта будзе нейкі маленькі тыпавы знак воінскага пахавання.

Каб дабрацца да рэалізацыі абазначэння гэтых месцаў, сёння не хапае ўзаемадзеяння паміж мясцовымі органамі ўлады і пошукавым батальёнам. Калі мы гаворым пра тое, што гэтыя месцы трэба прывесці ў парадак, каб яны мелі годны выгляд, то, магчыма, патрэбна нават мяняць пэўны падыход з боку ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Сёння мала знайсці месца пахавання, падняць гэтыя астанкі. Трэба надаць гэтаму месцу адпаведны выгляд.

Ініцыятывы

Аляксандр САМОВІЧ, член Геральдычнай рады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

1373986393777_10

— Трэба мець на ўвазе адзін аспект: 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны будзе праходзіць паралельна з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адкрыццём музея Вялікай Айчыннай вайны. Абсалютна навідавоку, што асноўныя сілы і сродкі дзяржавы будуць накіраваны на апошнія два знакавыя мерапрыемствы, сведкі якіх яшчэ жывыя. Гэтыя падзеі прымусяць нас падпарадкавацца хвалі мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

Аднак выключаць нашу працу таксама нельга. Спадзявацца на тое, што шмат хто нам будзе дапамагаць рэаніміраваць падзеі 100-гадовай даўніны, таксама не варта. Я думаю, што кожны з нас у наш імправізаваны арганізацыйны камітэт падасць свае прапановы.

Ужо існуе шмат слушных прапаноў па памятным знаку. І трэба пачынаць працу ў гэтым кірунку як мага хутчэй: ізаграфію гэтага знака, безумоўна, мы здольны распрацаваць. Трэба імкнуцца да таго, каб пошук мемарыяльнага месца выглядаў менш працаёмкай задачай, чым яго ўвекавечванне.

Я заклікаю нас быць разважлівымі людзьмі: праблем вельмі шмат. Ставіць іх ужо зараз трэба перад усімі ведамствамі. І людзі даведаюцца, што грамадства жыве не толькі інтарэсамі Другой сусветнай вайны, а і справядліва задаецца гістарычнай памяццю 100-гадовай даўніны. Мы ведаем, што грамадская свядомасць будзе ісці наперадзе. На фоне гэтых юбілеяў давядзецца сустрэць і псіхалагічную непадрыхтаванасць насельніцтва. Таму мы не павінны дзейнічаць імпульсіўна і фрагментарна, а мэтанакіравана, улічваючы ўсе гэтыя нюансы.

Акрамя прапаноў, ужо ёсць пэўныя напрацоўкі ў гэтай тэме. У выдавецкім доме «Звязда» будзе зроблена першая спроба абагульніць біяграфіі георгіеўскіх кавалераў — ураджэнцаў беларускіх зямель: ніжэйшых чыноў, малодшых афіцэраў, генералаў. Гэта ўсяго толькі сціплая спроба: тыя, хто займаліся гэтай справай, ведаюць, што на паверхні гэтыя імёны не ляжаць, да іх даводзіцца даходзіць доўгім і працаёмкім шляхам. У выніку атрымаецца своеасаблівы алфавіт георгіеўскіх кавалераў — ураджэнцаў Беларусі. Гэтая спроба адкрые новыя імёны тых, хто яшчэ захаваў памяць пра сваіх продкаў. Усё ў нас атрымаецца ў той абстаноўцы, у якой мы знаходзімся: іншых умоў нам ніхто не прапануе.

Міжнародны характар

Андрэй ШУПЛЯК, намеснік начальніка ўпраўлення знешнепалітычнага аналізу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь:

1373986393701_11

— Мерапрыемствам, прысвечаным падзеям Першай сусветнай вайны, якія будуць праводзіцца ў нашай краіне, трэба надаць міжнароднае гучанне і міжнародны фармат. З аднаго боку, мы павінны і можам паказаць тое, што мы памятаем і шануем нашу гісторыю. А з іншага боку, гэта цудоўная магчымасць для нас папрацаваць з замежнымі калегамі. А магчыма, нават знайсці такіх людзей, якія гэтай тэмай цікавяцца і з задавальненнем прынялі б удзел у будучых мерапрыемствах. Гэта ўнікальная магчымасць і паказаць нас за мяжой, што вельмі важна.

Вядома, не трэба арганізоўваць усё гэта для іншых. Давайце ўсё зробім для сябе. Міністэрства замежных спраў праз свае замежныя ўстановы гатова аказаць і, безумоўна, акажа неабходную падтрымку па ўсталяванні кантактаў, пошуку зацікаўленых асоб, ажыццяўленні перадачы запрашэнняў.

Культурны аспект

Аляксандр СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці:

1373986393730_12

— Першая сусветная вайна — не канец перыяду і нават не пачатак новага. Гэта апагей той эпохі, пік у беларускай культуры. Больш за тое, вайна — найярчэйшы этап тагачаснага культурнага перыяду. Пра гэта можна меркаваць на падставе багатай культурнай спадчыны, якая нам засталася. Многія дзеячы культуры лёсам звязаны з Першай сусветнай вайной.

Мы не павінны займацца гераізацыяй мінулай вайны. У гэтым кантэксце трэба казаць пра лёс культурнай спадчыны. Вайна стала аб’ектам мастацтва, літаратурнай творчасці… І менавіта праз культуру можна давесці ўвесь жах той вайны да людзей. У тым ліку, праз культурныя мерапрыемствы, якія трэба будзе ажыццяўляць своечасова.

Рэканструкцыя падзей

Дзяніс ТАРАС, кіраўнік Клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Эпоха":

1373986394152_13

— У асноўным мы выконваем відовішчную функцыю пры арганізацыі ваенна-гістарычных мерапрыемстваў. Аднак я не згодны з тым, што некаторыя называюць нас уніфармістамі. У мяне на гэты конт крыху спрошчаны падыход. Вядома, я не пайду супраць ісціны, калі скажу, што ваенная форма — не пусты гук. А ў Першай сусветнай вайне форма фактычна з’яўлялася засяроджваннем усіх традыцый папярэдніх пакаленняў. І Першая сусветная вайна стала такой мяжой, калі ваенная форма пачала страчваць дэкаратыўныя функцыі і пачала набываць прыкладное значэнне.

Акрамя таго, форма ваеннага — не толькі рыштунак, а і псіхалагічнае аблічча салдата. Не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што вайна — барацьба і чалавечых фактараў. Натуральна, што на баяздольнасць войскаў, яго маральны стан аказвала ўплыў лагістыка, побытавыя ўмовы, падтрымка насельніцтва. Увогуле, армія — злепак, зрэз стану грамадства. Невыпадкова ваенна-гістарычныя клубы імкнуцца цэласна і комплексна данесці да гледачоў гэтых масавых мерапрыемстваў не толькі знешняе аблічча вайскоўцаў, а і паказаць, што вайна — перш за ўсё пот, кроў, бруд. І ўсё гэта на сабе вынеслі афіцэры і звычайныя людзі, уцягнутыя ў сусветную бойню.

У нас наладжаны кантакты з калегамі з блізкага і далёкага замежжа. Таму ёсць магчымасці арганізаваць дастаткова масавыя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, якія, у тым ліку, прызначаны падтрымаць увекавечванне памяці герояў Першай сусветнай вайны.

Недахопы

Андрэй ДАНІЛАЎ, карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва "Ваяр" Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь:

1373986394637_14

— Мне даводзіцца працаваць з гістарычнымі матэрыяламі, якія дасылаюць аўтары. І я ўпэўніўся ў дзвюх сумных тэндэнцыях. Па-першае, маладое пакаленне, якое зараз нясе тэрміновую ваенную службу, пра Першую сусветную вайну нічога не ведае. Магчыма, усё таму, што школьны курс гісторыі па гэтай тэме вельмі скарочаны. Па-другое, тыя тэксты, якія да нас дасылаюць аўтары, напісаны вельмі навуковай мовай, не суправаджаюцца ніякім ілюстрацыйным матэрыялам. У выніку мы проста не можам публікаваць гэтыя матэрыялы, бо іх не будуць чытаць. Таму я лічу, што калі мы будзем працягваць гэтую тэму ў СМІ, то лагічна заняцца гістарычным лікбезам. Каб гэта было зразумела маладому чалавеку, чалавеку, які дрэнна вывучыў курс школьнай гісторыі, тым, хто ўвогуле не цікавіцца гісторыяй. Таму я вельмі прашу тых, хто будзе супрацоўнічаць са СМІ, выкладаць свае навуковыя артыкулы папулярнай і зразумелай мовай.

Планы

Сяргей МУСІЕНКА, кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooM, член рады аналітычнай Асацыяцыі АДКБ:

1373986394360_15

— На жаль, наша цывілізацыя цяжка хворая — гэта ўжо даўно не сакрэт. Адзін вялікі пісьменнік назваў Першую сусветную вайну першым няўдалым суіцыдам чалавецтва! Многія паказваюць на падабенства эпохі перад Першай сусветнай вайной і нашага часу. Сёння Блізкі Усход — парахавая бочка, нават, магчыма, больш выбухованебяспечная, чым Балканы 1914-га.

Хоць любая гістарычная аналогія недакладная па азначэнні, для нас, безумоўна, важна захаваць гістарычную памяць. Беларусь робіць у гэтым напрамку больш за многія краіны былога СССР. Мы праводзілі канферэнцыі і мерапрыемствы па Першай сусветнай вайне ў 2008, 2011 гадах і сёння атрымалі падтрымку.

28 ліпеня 2014 года мы будзем удзельнічаць у мерапрыемствах і канферэнцыі з нагоды 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны ў Сараева (Боснія і Герцагавіна).

У Мінску ў гэты дзень таксама пройдуць мерапрыемствы ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай.

Намечана многае: выдавецкія праекты, публікацыі ў прэсе, выставы, здымкі фільмаў, канферэнцыі… Просім усіх, хто не абыякавы да тэмы Першай сусветнай вайны, для якіх гэта гісторыя сям’і, у каго ёсць што сказаць, звяртацца ў газету «Звязда». Будзем разам пісаць гісторыю Першай сусветнай вайны ў Беларусі праз гісторыі людзей!

Падрыхтавала Вераніка КАНЮТА.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.