Вы тут

Час цудоўных адкрыццяў


Сёння афіцыйна стартуе ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Урачыстае адкрыццё фэсту №1 распачнецца ў Летнім амфітэатры ў 20.30. Гэтая галоўная сцэнічная пляцоўка "базару" сёлета, нагадаю, з'яўляецца юбілярам: амфітэатру — роўна 25 гадоў!

Учора ў рамках ХІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013" выступілі, сярод іншых, і нашы зямлячкі, юныя беларускі Апалінарыя і Аляксандра Лакціёнава. Дзяўчынкам з Мінска па 11 гадоў, але ў іх ужо вельмі вялікі вопыт выступленняў на розных конкурсах і фэстах.

1373988523370_1

Апалінарыя, напрыклад, у 2011 годзе атрымала званне лаўрэата ІІІ ступені Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка". Летась стала лаўрэатам І ступені першага адкрытага конкурсу мастацтваў "Ззянне талентаў". У студзені бягучага года заваявала Гран-пры Міжнароднага моладзевага конкурсу-фестывалю вакальнага, харэаграфічнага і цыркавога мастацтваў "Брыльянт Карпат" (Украіна)...

Аляксандра — выхаванка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна

пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнка. Дзяўчынка — пераможца рэспубліканскага тэлевізійнага дзіцячага конкурсу "Я спяваю", лаўрэат І ступені ХІV адкрытага конкурсу выканаўцаў новай дзіцячай песні "Дзень нараджэння", VІІ Міжнароднага фестывалю юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі", Міжнароднага фестывалю эстраднай творчасці "Музычная карусель Санкт-Пецярбурга — 2012" і гэтак далей. Карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з дзяўчынкамі.

— Мне на "базары" ўсё вельмі спадабалася, тут усё так цікава, — кажа Апалінарыя. — Была на розных конкурсах, але такога яшчэ не бачыла нідзе — ні ва Украіне, ні ў Азербайджане. Мне здаецца, наша Беларусь — самая лепшая краіна. Што да конкурсу, то ў мяне ёсць прыкмета: калі забалела горла, значыць, усё будзе вельмі добра. І горла забалела!

Аляксандра расказала, што яе талісманы — залаты анёлак і ключык, якіх яна носіць на шыі на ланцужку. Прыехала ў Віцебск з мамай і кіраўніком цэнтра музычнага мастацтва. Раней глядзела фестываль па тэлевізары.

— Пакуль няма ў мяне ўлюбёнага месца ў Віцебску. Унутранае хваляванне перад выступленнямі, безумоўна, ёсць, а так наогул не хвалююся. Проста забываю пра гэта, — прызналася Саша.

Сёлета Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Беларусі, узначальвае журы конкурсу.

— Дзеці — заўсёды спецыфіка, вельмі складана і адказна судзіць творчасць дзяцей. Таму нам, членам журы, трэба будзе самім на нейкі час стаць дзецьмі. Без гэтага, думаю, немагчыма правільна ацэньваць выступленні юных канкурсантаў. Бадай кожны з членаў журы за плячыма мае вялікі вопыт выступаў, удзелу ў журы розных конкурсаў. Думаю, мы зможам аддаць сваю любоў і цеплыню кожнаму ўдзельніку, — сказаў ён.

Артыст з вялікай цеплынёй выказаўся пра юбілей Летняга амфітэатра: "Сёлета роўна 25 гадоў амфітэатру. Вы ведаеце, мне пашчасціла, што я бачу ўсе пераўтварэнні ў ім. Яшчэ з конкурсу польскай песні і да сённяшняга дня. І хочацца падзякаваць ад душы чалавеку, які шмат зрабіў для "базару" і амфітэатра — я пра былога дырэктара фэсту Радзівона Баса. Хацелася б, каб мы памяталі пра гэта і дзякавалі гэтаму чалавеку за прафесіяналізм, самаадданасць і любоў да мастацтва. Ён вельмі сумленны і сапраўдны служыцель мастацтва.

1373988523584_2

Папулярны спявак Яўген Гор сказаў, што ён упершыню з'яўляецца членам журы.

— Не сплю ўжо двое сутак. І не магу ўсвядоміць тое, што адбываецца: дзятвы куча, усё хадуном ходзіць, усё каляровае... Тут вельмі крута ўсё. Спадзяюся, адкрыю для сябе новыя імёны, — расказаў ён карэспандэнту "Звязды".

Я пацікавіўся ў спевака: ці паўплываў яго ўдзел у конкурсе "базару" ў 2004 годзе на ўласны творчы лёс?

— Вядома. І гэта быў адпраўны пункт майго творчага развіцця. Усё пачалося адсюль. Але, напэўна, нават не з "базару", а з конкурсу ў Магілёве — "Залаты шлягер". Ён яшчэ праходзіць да гэтага часу? Добра. Памятаю, я тады я прыехаў на першы такога ўзроўню міжнародны конкурс. І тады я атрымаў прыз глядацкіх сімпатый: уся Беларусь прагаласавала за мяне. А "базар" ужо паставіў канчатковую кропку, і для мяне сталі адкрытыя многія дарогі...

Гран-пры конкурсу — 5 тысяч долараў, 1-я прэмія — 3 тысячы долараў, 2-я прэмія — 2 тысячы долараў, 3-я прэмія  — 1 тысяча ўмоўных адзінак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».