Вы тут

Цяпер можна будзе паляваць і з лукам?


Летне-асенні сезон палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну ў Беларусі традыцыйна адкрываецца ў другую суботу ліпеня і доўжыцца да другой нядзелі снежня. Сёлета ён пачнецца 13 ліпеня. Пра асаблівасці нацыянальнага палявання расказаў старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" Юрый Шумскі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА. "Звязда" друкуе найбольш цікавую і карысную інфармацыю, агучаную на гэтай канферэнцыі.

Трапіў у бакаса — снайпер

"Праўда, з 13 ліпеня будзе дазволена паляваць толькі на бакаса і толькі ўладальнікам так званых падружэйных сабак, — кажаЮрый Шумскі. — Да іх залічваюцца выжлы, спаніэлі і рэтрыверы. Нягледзячы на зусім сціплыя памеры самога аб'екта палявання (бакас важыць 100-150 г), здабыча яго лічыцца вельмі прэстыжнай сярод паляўнічых. Дарэчы, па-англійску бакас завецца "snіре", адсюль і слова "снайпер", гэта значыць той, хто здабыў бакаса". Асноўны ж сезон палявання на астатнюю вадаплаўную, балотную дзічыну, прадстаўнікоў палявой і баравой дзічыны адкрыецца з 10 жніўня. "Адкрыццё гэтага сезона традыцыйна прыцягвае большасць нашых паляўнічых, бо менавіта з палявання на качку многія і пачыналі свой паляўнічы шлях. Пазней, з верасня, адкрыецца сезон палявання на рабчыка, шэрую курапатку і гусей".

Ненаўмысная здабыча — таксама незаконна

 

"Адказнасць за ненаўмысную здабычу птушкі, якая не адносіцца да пераліку паляўнічых жывёл, будзе зроблена больш мяккай толькі ў выпадку фактычна пацверджаных змякчальных абставін, якія будзе аналізаваць суд. За незаконную здабычу лебедзя-шыпуна, напрыклад, сёння ў адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання прадугледжаны штраф у памеры 10 базавых велічынь", — расказаў спецыяліст.

Час скароціцца, але адстрэльваць будуць больш

Юрый Шумскі заявіў, што "цяпер у паляўнічых угоддзях БТПР увесну дазволена паляванне на пралётных гусей і качараў крыжанкі. Сезон палявання на гусей доўжыцца каля двух месяцаў, на крыжанку — каля паўтара. У новай рэдакцыі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання прадугледжана пашырэнне спіса дазволеных вясной да адстрэлу відаў качак, а таксама скарачэнне агульнай працягласці сезона палявання на качак і гусей да чатырох тыдняў".

Як стаць сапраўдным паляўнічым?

"Перш чым стаць членам таварыства паляўнічы, як правіла, здае спецыяльныя іспыты на атрыманне дзяржпасведчання на права палявання, у выніку падрыхтоўкі да якога ён вывучае не толькі Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, але і асновы біялогіі звяроў і птушак, пытанні паляўнічай этыкі, — расказвае Юрый Шумскі.
— Таму тыя, хто прыходзяць па паляўнічую пуцёўку, маюць неабходны багаж ведаў. Адным з асноўных патрабаванняў пры выдачы паляўнічай пуцёўкі з'яўляецца адсутнасць у паляўнічага парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Зараз падрыхтоўка да здачы спецыяльнага паляўнічага экзамену можа ажыццяўляцца грамадзянамі на добраахвотнай аснове, самастойна. У праекце новай рэдакцыі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання прадугледжана распрацоўка парадку здачы спецыяльнага паляўнічага экзамену, адным з патрабаванняў якога будзе абавязковае навучанне грамадзян. Да таго ж сёння ў нашых раённых і абласных арганізацыйных структурах кандыдатам аказваецца тэарэтычная дапамога ў здачы іспытаў".

Экзамен па стральбе

Для паляўнічых хочуць увесці абавязковы экзамен па стральбе. Таварыства паляўнічых і рыбаловаў ставіцца да гэтага новаўвядзення станоўча, "бо павышэнне ўзроўню стралковай падрыхтоўкі паляўнічых дапаможа знізіць колькасць падранкаў на паляванні. Неабходна толькі для гэтага прывесці ў адпаведнасць заканадаўчую базу".

Паляўнічыя дапамогуць у барацьбе з афрыканскай чумой

Юрый Шумскі адзначыў, што "ў сувязі з успышкамі афрыканскай чумы свінняў для прадухілення яе распаўсюджвання прынята рашэнне на ўзроўні ўрада аб памяншэнні кошту палявання на дзіка для максімальнага скарачэння яго колькасці".

Як атрымаць паляўнічую зброю?

"Рэгістрацыяй паляўнічай зброі займаюцца органы МУС. Для набыцця спачатку неабходна атрымаць у органах МУС па месцы рэгістрацыі часовы дазвол на набыццё паляўнічай зброі. Для яго атрымання вам неабходна быць паляўнічым і мець дзяржаўнае пасведчанне на права палявання. Пасля набыцця зброю трэба зарэгістраваць у органах МУС і атрымаць дазвол на нашэнне і захоўванне паляўнічай зброі. Захоўванне зарэгістраванай зброі павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона Рэспублікі Беларусь аб зброі. Для атрымання больш дэталёвай інфармацыі вам неабходна звярнуцца ў органы МУС", — патлумачыў спецыяліст.

Адраджэнне Дня рыбака і лаяльныя правілы

На бліжэйшым пленуме, які адбудзецца 11 ліпеня 2013 года, таварыства паляўнічых і рыбаловаў, па словах Юрыя Шумскага, плануе ўнесці прапанову аб адраджэнні Дня рыбака.

Яшчэ адна прыемная навіна — новыя правілы палявання, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі абмеркавання, больш лаяльныя ў дачыненні да паляўнічых: павялічана колькасць птушынай дзічыны, на якую можна будзе паляваць. "У той жа час абмяркоўваецца ўзмацненне жорсткасці захадаў у дачыненні да парушальнікаў правілаў палявання, каб, згодна з заканадаўствам, прыцягнуць да адказнасці тых, хто незаконна палюе. Прыватных паляўнічых гэтыя ўзмацненні жорсткасці не закрануць".

Паляванне з лукам

Адказваючы на адно з пытанняў, Юрый Шумскі паведаміў, што, паводле дзейных правілаў, паляванне з лукам не дазволена. "Але ў правілах, праект якіх цяпер падрыхтаваны, уведзена норма, што дазваляе паляваць з лукам на тэрыторыі Беларусі. Калі новыя правілы будуць прыняты ў той рэдакцыі, якая падрыхтавана, то гэтая норма будзе дзейнічаць".

Беларусы пачнуць есці баброў?

"Так, дзейнасць баброў стала ствараць у апошні час шмат праблем для работнікаў дарожнага будаўніцтва, лясной і сельскай гаспадаркі, — згадзіўся з існаваннем праблемы старшыня таварыства паляўнічых і рыбаловаў. — З мэтай мінімізацыі шкоды распрацаваны і выконваецца ўсімі паляўнічымі гаспадаркамі план мерапрыемстваў па зніжэнні шкоды, якая прычыняецца бабрамі. У плане, зацверджаным намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, прадугледжваюцца мерапрыемствы па вывучэнні папуляцыі бабра ў краіне, мерах па яе канфіскацыі і да т.п. Цяпер усім паляўнічым дазволена паляванне на бабра, і ў гэтым годзе мы будзем агітаваць іх рабіць гэта ўсімі законнымі спосабамі. Акрамя таго, у новай рэдакцыі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання падоўжаны тэрмін палявання на бабра. Што да прамысловага выкарыстання бабра, сёння сумесна з Белдзяржхарчпрамам прапрацоўваецца пытанне аб выкарыстанні мяса бабра ў харчовых мэтах".

Падрыхтаваў
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.