Вы тут

Кіберспорт: развіваць ці забараняць?


Кіберспорт, або камп'ютарны спорт — моладзевы від спорту, заснаваны на спаборніцтвах па камп'ютарных гульнях. Як і ў традыцыйных відах спорту, гульцы і каманды выступаюць на прафесійным, паўпрафесійным і аматарскім узроўнях. Сёння кіберспорт мае статус афіцыйнага ў некалькіх краінах свету і працягвае заваёўваць пазіцыі. Але разам з тым узрастае і шэраг супярэчнасцяў, што яго датычацца.

"за" і "супраць"

Камп'ютарныя спаборніцтвы праводзяцца па ўсім свеце, у тым ліку і міжнародныя. А пачалося ўсё з выхаду культавай гульніDооm, якая дала магчымасць удзельнічаць у ёй адначасова мноству геймераў, падключаных да лакальнай сеткі ці да інтэрнэту, у рэжыме рэальнага часу. Вылілася ўсё гэта ў стварэнне першай "афіцыйнай" кіберспартыўнай арганізацыі — у 1997 годзе ў ЗША з'явілася федэрацыя кіберспартсменаў Суbеrаthlеtе Рrоfеssіоnаl Lеаguе (СРL).

1373988529964_11-24

1373988529964_11-24

 

З тых часоў пытанне аб прызнанні спаборніцтваў па камп'ютарных гульнях сапраўдным відам спорту паўстае рэгулярна. На карысць прыводзіцца мноства аргументаў: гэта і правядзенне, як у любым іншым відзе спорту, адборачных тураў напярэдадні, і жорсткі рэгламент, і наяўнасць шэрагу кіберспартыўных дысцыплін, і ўзнагароды, і нават міжнародны фармат правядзення некаторых спаборніцтваў. Але пакуль што ў свядомасці значнай часткі грамадства пры ўзгадванні спорту ўзнікаюць зусім іншыя асацыяцыі, далёкія ад камп'ютарных гульняў. З іншага боку, не ўсе могуць зразумець, чаму шахматы — таксама спорт?

Паспяшаліся з прызнаннем

Тым не менш ёсць краіны, дзе камп'ютарныя спаборніцтвы вітаюцца на самым высокім узроўні. Напрыклад, у Карэі адна з дысцыплін (а менавіта StаrСrаft: Brооd Wаr) была прызнана нацыянальным відам спорту.

Паспрабавала паказаць сябе перадавой краінай і Расія. 22 сакавіка 2001 года ў нашых суседзяў была зарэгістраванаФедэрацыя камп'ютарнага спорту Расіі

. А ў 2004 годзе Расійская Федэрацыя стала першай краінай, якая прызнала камп'ютарныя спаборніцтвы афіцыйным відам спорту. Але музыка грала нядоўга: праз колькі гадоў кіберспорт быў выключаны з Усерасійскага рэестра відаў спорту з той прычыны, што ён не адпавядаў неабходным для знаходжання ў рэестры крытэрыям. Але гэта не перашкаджае кіберспорту прысутнічаць у пераліку відаў спорту для ўвядзення ў дзяржаўныя праграмы фізічнага выхавання насельніцтва.

Прывід беларускай федэрацыі

На прасторах інтэрнэту можна знайсці нямала спрэчак паміж геймерамі наконт таго, ці існуе ў Беларусі такая з'ява, як кіберспорт. Аднак пры ўсім жаданні прагрэс не можа абыходзіць бокам нашу краіну — у Беларусі ўжо налічваецца больш за 10 тысяч прыхільнікаў камп'ютарных бітваў.

Сёлета ў красавіку першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі заявіў пра магчымасць стварэння ў Беларусі федэрацыі кіберспорту. Цікава, што такая арганізацыя ўжо была створана раней. Беларуская федэрацыя камп'ютарнага спорту зарэгістравана яшчэ 23 ліпеня 2002 года пры падтрымцы міністэрстваў спорту і турызму, інфармацыі, адукацыі, шэрагу камп'ютарных клубаў і іншых арганізацый. Федэрацыя мела за мэту садзейнічанне развіццю вышэйназванага віду спаборніцтваў. Але на сённяшні дзень БФКС не выяўляе ніякіх прыкмет свайго існавання. І кіберспорт у нашай краіне развіваецца дзякуючы прыватным намаганням. У Беларусі адзіным яго папулярызатарам называе сябе ініцыятыва TесhLаbs Сuр СІS, якая займаецца арганізацыяй буйнейшай ІТ-падзеі на прасторы СНД — Міжнароднага кіберфестывалю TЕСHLАBS СUР. Фестываль праходзіць у Беларусі, Казахстане, Расіі і Украіне, а таксама прываблівае гасцей з краін Усходняй і Заходняй Еўропы і ЗША. Сёлета фінал TЕСHLАBS СUР BY 2013прайшоў у Мінску 18 мая, сабраўшы каля васьмі тысяч гледачоў.

"Развіваецца, але адстае"

Дырэктар TесhLаbs Сuр СІS Аляксей Бурдыка кажа, што ўзровень беларускага кіберспорту ў параўнанні з украінскім і расійскім пакуль што адстае.

— У нас нашмат менш прафесійных камандаў, менш спонсараў. Ёсць, вядома, камп'ютарныя клубы, але магчымасць дакрануцца да камп'ютарнага спорту не толькі прафесіяналам, але і аматарам дае толькі TЕСHLАBS СUР.

Па словах Аляксея Бурдыкі, падчас арганізацыі фестываляў нярэдка ўзнікаюць праблемы з адміністратыўным рэсурсам, таму што не ўсе разумеюць, што такое кіберспорт. Але сёлета мерапрыемства ўпершыню атрымала дзяржаўную падтрымку з боку БРСМ, і арганізатары спадзяюцца на далейшае з ім супрацоўніцтва.

Малады беларускі кіберспартсмен Кірыл Качынскі кажа, што камп'ютарны спорт у Беларусі прагрэсуе. Па словах Кірыла, калі раней увогуле не было ніякіх "штуршкоў", то зараз паступова з'яўляюцца новыя гульцы і каманды. На "прафесійнай" геймерскай "сцэне" ён ужо каля года, а ўвогуле гуляе сем гадоў. Кірыл неаднаразова ўдзельнічаў у TЕСHLАBS СUР на чале беларускай каманды Роwеr Rаngеrs, якая летась перамагла на фестывалі і атрымала магчымасць паехаць на спаборніцтвы ў Кітай.

Малады кібератлет упэўнены, што з часам гульня перастае быць проста захапленнем, а дае магчымасць нечага дасягнуць, паглядзець свет і паказаць свету сябе. Такая вось магчымасць самасцвярджэння. А таксама новая форма стасункаў паміж людзьмі.

— Для мяне гэта хобі, — тлумачыць Кірыл. — Мне прыемна бавіць час з сябрамі такім чынам. Хоць у кожнага тут свае мэты: нехта хоча дасягнуць высокіх вынікаў, а нехта — зарабіць грошай.

Хлопец спадзяецца вывесці сваё захапленне ў ранг прафесійнага занятку.

— Хацелася б звязаць жыццё з DОTА ІІ (камп'ютарная камандная гульня. — Аўт.). Мне цяпер 17 гадоў, гэта такі ўзрост, калі можна "ўзяць" яшчэ шмат вяршыняў у кіберспорце.

Ад гульні да хваробы...

Вядома, у кожнага чалавека свае захапленні і сферы, дзе ён мае магчымасць сябе праявіць. Безумоўна, наяўнасць любімай справы надае сэнс жыццю. Але калі гэткай справай становяцца камп'ютарныя гульні, мала хто можа стрымацца, каб не назваць захапленне хваробай. Вось і Кірыл Качынскі з сумам распавядае:

— Самая вялікая праблема ў тым, што бацькі большасці гульцоў не падтрымліваюць іх захапленне, маўляў, тыя па дзесяць гадзін за суткі сядзяць за камп'ютарамі.

Сапраўды, праблема камп'ютарнай залежнасці сярод моладзі паўстае ўсё больш востра. Сёння нават двух- і трохгадовыя дзеці ўпраўляюцца з тэхнікай на "раз — два" і, вядома ж, не абмінаюць увагай відэагульні.

У дырэктара TесhLаbs Сuр СІS Аляксея Бурдыкі на гэты конт ёсць сваё меркаванне:

— Безумоўна, гэта праблема, калі дзіця дзесяць гадзін запар гуляе ў камп'ютарныя гульні. І яго нічога не цікавіць, акрамя гульняў. Выснова, якая напрошваецца — перад вамі чалавек залежны. Але можна задацца пытаннем: што робяць бацькі, калі дзіця трапляе ў залежнасць ад камп'ютара? Чаму яны не развіваюць дзіця ў іншых напрамках, не абмяжоўваюць яго, надаюць яму мала ўвагі? Камп'ютарныя гульні — гэта такая ж частка нашага паўсядзённага жыцця, як прагляд тэлевізара ці гульні ў двары. Але толькі частка...

Амаль што наркотык

Псіхолаг Андрэй Чарняўскі каментуе з'яву кіберспорту з прафесіянальнага пункту гледжання.

— Залежнасць — гэта назойлівая патрэба ў пэўных дзеяннях, нягледзячы на неспрыяльныя наступствы медыцынскага, псіхалагічнага ці сацыяльнага характару. У аснове кіберспорту — залежнасць ад камп'ютарных гульняў, якая фарміруецца дастаткова хутка і блізкая да наркатычнай залежнасці. Чалавек выдаткоўвае ўсё больш часу на гульню, спыненне якой выклікае ў яго "сіндром адмены", што суправаджаецца раздражнёнасцю, непакоем, дэпрэсіяй, жаданнем зноў паглыбіцца ў віртуальны свет, каб пазбавіцца негатыўных адчуванняў.

Чаму мы не гаворым пра залежнасць ад "традыцыйнага" спорту, калі чалавек гадзінамі займаецца ў спартзале? Справа ў тым, што ў гэтым выпадку чалавек не мае ідэі "фікс" ісці ў спартзалу. Гэта, хутчэй, свядомае рашэнне, у цэнтры якога — пэўная мэта. Часта неабходна перамагчы самога сябе, прымусіць наведваць спартыўную секцыю, тым самым абмяжоўваючы сябе ў іншых занятках і ў асабістым часе. Спорт не з'яўляецца залежнасцю, таму што кінуць трэніроўкі не ўяўляе цяжкасці. А сапраўдная залежнасць мае на ўвазе немагчымасць адмаўлення ад чагосьці. Таму кіберспорт, на маю думку, нічога агульнага з сапраўдным спортам не мае.

У адрозненне ад "звычайнага", камп'ютарны спорт не развівае арганізм ні фізічна, ні інтэлектуальна. Наадварот, даказана, што захапленне камп'ютарнымі гульнямі стрымлівае інтэлектуальнае развіццё.

Сёння палеміка аб тым, ці з'яўляецца кіберспорт залежнасцю, працягваецца. Але ёсць крытэрыі, па якіх можна вызначыць, ці залежыць чалавек ад камп'ютара. Гэта нежаданне адарвацца ад работы ці гульні за камп'ютарам, раздражненне пры прымусовым яго адключэнні, немагчымасць спланаваць заканчэнне сеанса работы ці гульні за камп'ютарам, ігнараванне хатніх спраў, службовых абавязкаў, вучобы падчас гульні, пагарджанне ўласным здароўем, гігіенай і сном на карысць камп'ютара і гэтак далей.

Пры наяўнасці вышэйзгаданых сімптомаў можна гаварыць аб залежнасці. Ёсць шэраг прыкладаў таго, як людзі паміралі за камп'ютарам ці забівалі блізкіх з-за таго, што тыя забаранялі ім гуляць, не кажучы ўжо аб іх няздольнасці да нармальнага існавання ў грамадстве. Таму, напрыклад, бацькам неабходна ведаць, што камп'ютарная залежнасць фарміруецца тым хутчэй, чым раней дзіця пачынае бавіць час перад маніторам. У працэсе развіцця дзіця праходзіць паслядоўныя стадыі, для кожнай з якіх характэрны свой від дзейнасці: для дашкольніка — традыцыйная гульня з аднагодкамі, для малодшага школьніка — вучэбная дзейнасць, для падлетка — актыўныя стасункі з равеснікамі. Калі падмяніць гэтыя стадыі гульнёй на камп'ютары, то дзіця будзе мець псіхалагічныя праблемы, што прывядзе да сацыяльнай дэзадаптацыі. Таму часта віна за гульнявую залежнасць дзяцей кладзецца на саміх бацькоў, якія камп'ютарам падмяняюць працэс выхавання. Для дзяцей 6-7-гадовага ўзросту час знаходжання за камп'ютарам не павінен перавышаць 10 хвілін, для дзяцей 8-11 гадоў — 15-20 хвілін, а для падлеткаў дастаткова 30 хвілін.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.