Вы тут

Па законах племені


...паспрабавалі пажыць адзін дзень карэспандэнты "Чырвонкі". Для гэтага ім не спатрэбілася арганізоўваць складанае падарожжа куды-небудзь у джунглі ці на астравы, дастаткова было прыехаць на Мінскае мора ў дзіцячы аздараўленчы лагер "Спадарожнік" і перакваліфікавацца ў важатых.

- Ну што? Гэта вы, значыць, сёння ў нас працуеце? — сустрэў нас старшы важаты Уладзімір Самуленкаў і хітра ўсміхнуўся.

Мы не ведалі, колькі і якіх дзяцей нам "выдадуць" праз хвіліну, а таму вельмі хваляваліся.

— Ведаеце, каб атрад увогуле не прыняў важатага, я такога не памятаю, — супакойваў Уладзімір. — На самы крайні выпадак у нас ёсць маленькая хітрасць, якая называецца "звальненне". Можна сказаць дзецям, што, паколькі яны выхавальніка не слухаюцца, яго трэба адправіць дадому. На зборы такому даецца дзень, на працягу якога дзеці, як правіла, усімі сіламі намагаюцца за свайго важатага заступіцца.

Мы яшчэ пацікавіліся, з якога боку лепей "падступіцца" да нашых будучых выхаванцаў, а пасля Уладзімір урачыста аб'явіў:

— Пойдзеце ў першае племя!

У гэты момант міма прайшла дзяўчына з вялізнай гронкай бананаў, якую несла, абняўшы дзвюма рукамі. Што ж, племя дык племя...

...Бананы аказаліся другім сняданкам, а нашы дзеці — самымі старэйшымі ў лагеры. Пятнаццаці-сямнаццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты адразу зацікавіліся, хто ж мы такія. Адной дзяўчынцы спадабаўся чахол на мабільным тэлефоне нашага фатографа Надзеі, размаляваны пад брытанскі сцяг. Але да знікнення паміж намі нейкага бар'еру было яшчэ далёка.

1373988530945_11-19

...Племя "Рапа-нуі" сабралася ў калідоры, каб абмеркаваць, што ж яны будуць рабіць у гэты дзень. Увогуле, называць атрады плямёнамі — гэта такая тэндэнцыя, якую падтрымлівае ўвесь лагер.

— Трэцяе племя, вы зусім страх страцілі! — нешта такое можна пачуць, калі прайсціся па калідорах корпуса.

Наша племя назвалася ў гонар сваіх "пабрацімаў" — абарыгенаў з вострава Пасхі. На сценах побач з "тэрыторыяй" беларускіх "Рапа-нуі" мы заўважылі расклееныя выявы каменных ідалаў з вышэйзгаданага вострава, якія называюцца мааі. А самы галоўны чалавек у атрадзе (прабачце, у племені), завецца сур'ёзна і грозна — эльгігантэ. "Рапа-нуі" са "Спадарожніка" аказаліся вынаходлівымі не толькі ў справе прыдумвання назваў, але і ў абсталяванні свайго жытла. Паколькі вулкана ў ваколіцах Мінскага мора не назіраецца, племя вырашыла змайстраваць яго сваімі рукамі.

Вулкан "плюецца" лавай, якая складаецца з соды, воцату і аранжавай гуашы. А побач яшчэ і вадаспад "булькоча".

Я з цікавасцю разглядала ўсе гэтыя штукі, а тым часам на нарадзе племені агучвалі планы на дзень: спачатку — прыборка пакояў і праверка іх санітарнага стану. Пасля — гульні на вуліцы, вакальны гурток для тых, хто пажадае, абед, ціхая гадзіна, а пасля яе — падрыхтоўка да "Хвіліны славы", што мае адбыцца а восьмай гадзіне вечара. Падрыхтоўка, дарэчы, без дапамогі важатых. Да гэтага моманту чытачы маглі падумаць, што нас адправілі да "племені" без усялякай дапамогі прафесіяналаў. На самой справе гэта не так. Па-першае, мы трапілі ў "Спадарожнік" у дзень самакіравання, а гэта значыць, што некаторыя хлопцы і дзяўчаты са старэйшых плямёнаў узялі на сябе пэўныя абавязкі важатых, а па-другое, "дарослыя" важатыя Маргарыта Шавела і Ірына Старавойтава

таксама ўвесь дзень былі з намі, дакладней — мы з імі. Дзяўчаты — удзельніцы студэнцкага педагагічнага атрада "Ветразь", які не першы год працуе ў "Спадарожніку", амаль што нашы равесніцы, адной дзевятнаццаць гадоў, а другая скончыла летась універсітэт, але яны звяртаюцца адна да адной па бацьку, каб і дзеці сур'ёзна іх успрымалі. Ірына і Маргарыта завяршылі планёрку, пасля чаго нас чакала першае заданне ў якасці выхавацеляў — разам з Маргарытай праверыць чысціню пакояў і выставіць адзнакі.

— Мы шукаем пясок у ложку, а таксама "забароненую ежу" — чыпсы, сухарыкі, макарону хуткага прыгатавання, фарбаваныя газіраваныя напоі, карацей — усё шкоднае. Знаходзім — канфіскуем, — інструктуе Маргарыта.

Я нясмела заходжу ў пакой да хлопчыкаў, адчыняю адну з шуфляд. Там розныя шакаладныя батончыкі, печыва. Нічога забароненага! І пяску не знайшлося. Дзявяткі заслугоўваюць!

У пакоі дзяўчынак адразу чую водар парфумы, крэмаў і, здаецца, лаку для валасоў. Тут таксама ніякіх чыпсаў у шафе. Маргарыта, у адрозненне ад мяне, адразу адчыняе менавіта тыя скрынкі, у якіх дзеці хаваюць прадукты. Але і яна нічога не знаходзіць. Мне падумалася, што з самымі старэйшымі ўвогуле такіх праблем быць не можа: няўжо дарослыя, у прынцыпе, людзі не разумеюць, што нязручна спаць у пяску, а прывезеныя "кантрабандай" шкодныя ласункі ўсё роўна знойдуць. І ўвогуле, старэйшых не трэба вадзіць за руку ў сталовую, яны не плачуць "Хачу да мамы". Мабыць, важатаму з такімі нашмат прасцей, чым з малечай.

Па расповедах маіх новых "калег", кожны ўзрост складаны па-свойму. Каб арганізаваць малых, трэба прыдумаць цікавую гульню, казку, яны яе паслухаюць, павераць, і гэтага будзе дастаткова, а вось перад старэйшымі выхавацелю важней за ўсё паказаць свой аўтарытэт, зрабіць так, каб племя адчула камандны дух, аб'яднаць усіх вакол сябе...

...Мы з Маргарытай накіроўваемся праводзіць вакальны гурток, па дарозе сустракаем суседняе племя.

— Добрай раніцы! — вітаецца з важатай малы хлапчук.

— Прывітанне, Данечка! А хто ж табе кожную раніцу робіць такія іракезы? У цябе ёсць гель для валасоў? — цікавіцца важатая.

— Не-е. Гэта я проста так бяру і раблю, — Данік вырашае зрабіць са сваёй прычоскі таямніцу, а ў самога па скроні бяжыць кропелька вады.

Маргарыта расказвае, што калі многія падлеткі з задавальненнем пражываюць у лагеры ўсё лета (пасля ў размовах з дзецьмі мы высветлілі, што некаторыя ў "Спадарожніку" правялі дваццаць змен і больш), то такая вось малеча часта просіцца дадому і плача. На мінулай змене ў самым малодшым племені былі шасцігадовыя дзеткі, дык выхавацелям даводзілася некаторых з іх цэлымі днямі трымаць на руках...

...На вакальны гурток прыйшло чалавек сем дзяўчат рознага ўзросту і два хлапчукі з ужо знаёмага нам племені. Маргарыта просіць кожнага праспяваць што-небудзь. Старэйшыя дзяўчаты выходзяць першымі, не саромеюцца, маленькія ідуць па двое і спяваюць куплет пра "розы тёмно-алые". Мужчынская палова гуртка, "галантна" прапусціўшы дзяўчат, да апошняга не адважваецца заспяваць.

— Скорагаворку ці верш! — просіць Маргарыта.

— Ішла Саша па шашы і смактала сушку! — нарэшце выдае хлопец па імені Уладзіслаў.

— А дзе эмоцыі? — не міргнуўшы вокам "падтрымлівае" гульню Маргарыта.

Улад яшчэ колькі разоў паўтараў словы пра Сашу, пакуль не "раззлаваўся" на яе і не праспяваў з усеагульнай падтрымкай "В траве сидел кузнечик".

Сышліся на тым, што хлопцы выдатна прачытаюць рэп на канцэрце напрыканцы змены. А пасля ўсе разам адправіліся на вуліцу, дзе ўжо чакала Ірына з "нашым" племенем. Надышоў час гульняў на свежым паветры! Мы з фатографам шчыра спадзяваліся паназіраць за гэтым, так бы мовіць, з бяспечнай адлегласці, але дзе тут! Гуляюць усе!

Першая гульня — стаць у кола і ўзяцца за рукі. Нехта адзін бегае вакол і ўсімі сіламі спрабуе прарвацца ў яго. Задача астатніх — спачатку ні за што яго не пускаць, толькі пасля ў якасці жэсту "добрай волі" нехта можа расчапіць рукі. Пакуль бегаюць іншыя, мне цікава, азартна і весела. Але тут Ірына просіць мяне стаць па-за кругам. Я бягу, бягу, бягу, намагаюся прыдумваць розныя хітрыкі, каб усё ж у кола патрапіць. Праўда, у мяне гэтага не атрымліваецца, але калі далі каманду, што рукі можна расчапіць, усе згадзіліся пусціць мяне туды.

Далей — гульня на давер. Вядомая многім: трэба ўпасці з заплюшчанымі вачыма на рукі чалавека, да якога стаіш спінай. І яшчэ адна гульня — "Вантуз", калі ты стаіш у цэнтры кола, заплюшчыўшы вочы, і моцна ўпіраешся нагамі ў зямлю, а тыя, хто стаіць навокал, круцяць цябе ва ўсе бакі. Расплюшчваць вочы забаронена! Адчуванні — як на каруселі!

Але і гэта было яшчэ не ўсё. Далей Ірына прапанавала ўсім стаць у дзве шарэнгі тварам адзін да аднаго, а мяне папрасіла прайсціся паміж імі, заплюшчыўшы вочы. Я пайшла і зусім не чакала, што на вуха кожны з дзяцей павінен быў сказаць мне які-небудзь камплімент. Нават не думала, што ад такога "вадаспаду слоў" можна атрымаць столькі пазітыву. Прайсціся пад "вадаспадам" мусіў кожны.

Мяне зацікавіла, што ж адчуваеш, калі спрабуеш трымаць увагу такой колькасці падлеткаў? Я прапанавала племені пагуляць у "рэдакцыю": падзяліла іх на дзве каманды і кожнай дала заданні як мага хутчэй даведацца тую ці іншую інфармацыю. Напрыклад, колькі пялёсткаў вунь на той жоўтай кветцы, як завуць аднаго з дзяцей, што гуляюць ля арэляў. Сапраўды, зрабіць так, каб усе як адзін слухалі тое, што ты гаворыш і цікавіліся гэтым, вельмі цяжка. Хвалюешся, ці спадабаецца гульня, як зрабіць так, каб падлеткі ёй захапіліся. Зразумела, у спрактыкаванай Ірыны захапіць увагу племені атрымлівалася нашмат лепш, чым у мяне. Але менавіта пасля таго, як разам з племенем я пагуляла ва ўсё вышэйзгаданае, мой унутраны бар'ер і страх перад роляй важатага пачалі знікаць.

Пасля ўсе яшчэ крыху пагулялі ў мафію і пайшлі на стадыён з валейбольным мячом. Паколькі я была не ў спартыўным абутку, давялося далучыцца да балельшчыкаў, а нястомная Ірына разам з хлопцамі і дзяўчатамі адбівала мяч. Калі не ведаеш, дзе выхавальнік, а дзе дзяўчаты з атрада, не адразу здагадаешся, хто ёсць хто. Валейбол працягваўся нядоўга, бо настаў час карміць наша племя...

...У сталовай давалі малочны суп альбо суп са свежай капусты, катлету, рыс, кавалачкі памідора і кісель. Мы з Маргарытай, надзеўшы фартушкі і касынкі, пайшлі дзяжурыць. На сталах ужо стаялі каструлькі з супам і кубкі кісялю, нам засталося толькі паставіць талеркі з другой стравай. Але ж гэта не на адно наша племя! І тут пачалося: хапаем талеркі, ставім, бяжым назад. Работніцы сталовай, накладваючы ежу, упраўляюцца шпарчэй за нас, таму даводзіцца хуткасць павялічваць. Нарэшце ўсё зроблена і мы сядаем за стол. Пасля гульняў на свежым паветры есці хочацца жудасна. Далей нас чакае "ціхі час"...

...Прымусіць спаць удзень пятнаццацігадовых падлеткаў...Што можа гучаць больш камічна. Але правілы ёсць правілы, таму ў "ціхі час" калі не спіш, то проста ціхенька сядзіш на ложку ў сваім пакоі, на калідор — ні нагой. Адказную місію падтрымання парадку на працягу дзвюх з паловай гадзін даверылі нам і дзецям-важатым, якія ўдзельнічалі ў дні самакіравання. Прайшло паўгадзіны... Здаецца, усе сцішыліся. Мы з фатографам вырашаем прайсціся па калідоры. Дзверы ва ўсе пакоі павінны быць адчынены. У адным з пакояў хлапчук з малодшага племені паказвае, як умее стаяць на галаве. Убачыўшы нас, міла ўсміхаецца і без размоў кладзецца ў ложак. Нехта ж сапраўды ўжо спіць. Пасля гульняў, шпацыру па калідоры і абеду я прысела на мяккае крэсла і сама ледзь не задрамала. Як гэтыя важатыя вытрымліваюць цэлы дзень на нагах, не разумею...

...Так склалася, што мы не змаглі пажыць "па законах племені" да адбою, хоць нас вельмі прасілі застацца. Колькі ўсяго яшчэ магло чакаць нас на дыскатэцы, на "Хвіліне славы"!.. Але ж і за той час, які мы правялі з важатымі ў "Спадарожніку", можна было адчуць, колькі сіл патрабуе гэтая праца. Наша племя аказалася дарослым, досыць самастойным і выхаваным, а не шкодным і непаседлівым, чаго я вельмі баялася, але стома ўсё роўна была адчувальнай нават пасля няпоўнага выканання абавязкаў важатага. Бо ён для сваіх выхаванцаў — і сябар, і мама-тата, і спявак, і рэжысёр, і дэкаратар, і мастак, і псіхолаг, і трэнер... Відавочна, так можа не кожны.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Мінск — Мінскі раён — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы?