Вы тут

Камуністычны шарм пасёлка трактарнага завода


Забудова 1950-х пад пагрозай паступовага знішчэння

Вялікі горад — ён заўсёды розны. Ты выглядваеш з-пад парасона ў дождж і бачыш яго пахмурную велічнасць. Жмурышся і азіраешся навокал, калі сонечна, і ўсё падаецца такім вясёлым і радасным. Гэтаксама і з архітэктурай — яна не можа быць аднолькавай, не бывае пабудаванай у адзін час у горадзе, які мае шматвяковую гісторыю. Іначай з'явіцца адчуванне, што нечага тут не хапае, што цябе хочуць падмануць...

Усе сталіцы свету здзіўляюць наведнікаў разнастайнасцю. Спачатку ты гуляеш па старым квартале, і нішто не выбіваецца, не перашкаджае стройнаму гучанню зладжанага ансамблю. Пасля трапляеш у месца суцэльных высотак, празрыстых, стройных, пабудаваных адна да адной, і разумееш, што апынуўся сярод бізнесменаў, прадпрымальнікаў — у іх свая атмасфера. І гэта змяняецца, напрыклад, кварталам творчага бамонду, з майстэрнямі і галерэямі.

1375448281114_1

Аднак ёсць адно вялікае "але" — такія раёны ні ў якім разе не перамешваюцца. У старым квартале не павінны будавацца высоткі, а на вуліцы мастакоў — офісы. Кожная з такіх пабудоў мае права на жыццё, але ніколі не будуецца разам — каб не сапернічаць, не перашкаджаць і нават не раздражняць. Але ці прытрымліваюцца гэтага няпісанага правіла ў беларускай сталіцы? Чаму шматпавярховікі часта з'яўляюцца там, дзе быць іх ніяк не павінна?.. Паспрабуем разабрацца на прыкладзе аднаго ўтульнага куточка, які пакуль што застаецца асобным цэласным светам, — жылога пасёлка трактарнага завода. Пасля будзе расказана, што сёння можа пагражаць гэтаму месцу, а напачатку — прагуляемся. Наш праваднік — гісторык, культуролаг Раман Абрамчук.

1375448281736_2

Заводская прахадная...

Пасёлак быў пабудаваны знарок для рабочых трактарнага завода. Гэта даўняя традыцыя ўзнікла яшчэ ў Заходняй Еўропе ў ХVІІІ стагоддзі і актыўна выкарыстоўвалася савецкімі горадабудаўнікамі, расказвае Абрамчук. Пасёлкі будавалі побач з заводам, каб усё разам стварала пэўны замкнёны свет. Гэта добра праглядаецца і ў жылой забудове мінскага трактарнага завода. Галоўная вуліца пасёлка — імя Алега Кашавога — уяўляе сабой прамую вось, якая ідзе адразу да прахадной. Вуліца пабудавана з размахам, прасторная, па ёй вельмі добра шпацыраваць.

Гэтая архітэктура, натуральна, не такая шыкоўная, як сталінскі ампір на праспекце Незалежнасці, але ў тым яе цікавасць — менавіта жылыя раёны ствараюць асаблівую атмасферу і могуць расказаць пра пэўны час болей, чым асобны фрагмент культуры, мяркуе Абрамчук.

Раман Абрамчук адзначае ўтульнасць дворыка.

Працавалі над забудовай пасёлка вядомыя ў Савецкім Саюзе архітэктары. Адзін з іх — Зіновій Розэнфельд, які з'яўляецца таксама аўтарам Кутузаўскага праспекта ў Маскве.

Пасёлак трактарнага завода вабіць вузкімі вулачкамі, утульнымі дворыкамі, абжытасцю, а таксама самой планіроўкай — усё злучаецца ў цікавы малюнак эпохі.

Натхнёныя ўтапістамі

Калі будаваўся пасёлак, яго стваральнікі марылі пра ідэальны горад і сапраўды імкнуліся яго пабудаваць. Натхнёныя ідэямі ўтапістаў, савецкія горадабудаўнікі пастараліся ўвасобіць іх у гэтым пасёлку. Яны ўяўлялі прастору, у якой павінен жыць чалавек, каб яму было зручна: роўныя, перпендыкулярныя адна адной вуліцы; усе неабходныя для жыцця ўстановы знаходзяцца побач.

Вуліца Стаханаўская, на думку Абрамчука, нечым нагадвае гэтыя ідэальныя гарады. Тут ёсць школа (цяпер інтэрнат), лазня і фізкультурны цэнтр, міліцыя, бальніца, дзіцячы садок. Чалавек фактычна жыве ў маленькім замкнёным свеце, дзе ўсё ёсць, усё блізка і зручна. У гэтым жа раёне знаходзяцца і многія транспартныя развязкі: метро, тралейбуснае кольца, Партызанскі праспект — і да любой з іх ісці не болей за 10 хвілін. А па саміх вузкіх вулачках нават ходзіць аўтобус — усё для зручнасці жыхароў. Сацыялістычны пафас (дзяржава павінна клапаціцца пра простага чалавека) насамрэч рэалізаваны ў гэтым пасёлку.

Лаўровыя вянкі для рабочых

Архітэктурную прыгажосць квартала відаць адразу. Ён пабудаваны вельмі эстэтычна, з густам. На многіх дамах захавалася велізарная колькасць ніш, лоджый, балкончыкаў, барэльефаў у выглядзе лаўровых вянкоў — усё гэта незвычайна глядзіцца на дамах для рабочых. Аднак тады для простага чалавека сапраўды будавалі вельмі прыгожыя, даволі якасныя дамы.

На вуліцы Стаханаўскай у самым шыкоўным доме (на ім дагэтуль захавалася дата пабудовы — 1948) кватэры сапраўды давалі стаханаўцам — выдатнікам працы.

Упершыню тут з'явіліся ванны — нечуваная раскоша на той час.

Дамы ў пасёлку — так званыя "сталінкі" — сведчанні, што ў камфортнае жыллё тады ўкладвалі сродкі. Ужо пасля іх з'явяцца "хрушчоўкі" як спосаб зрабіць жыццё таннейшым, прасцейшым, больш хутка і эканомна будаваць.

Хлопчык і лётчык

Асаблівай прадуманасцю, утульнасцю і размахам адначасова ўражваюць дворыкі пасёлка. Планіроўка прадумана так, каб адгарадзіцца ад вуліцы. Яны замкнутыя, схаваныя ад шуму. Пры гэтым унутр трапляеш праз парадны ўваход. У адным з такіх дворыкаў, добра прыгледзеўшыся, можна ўбачыць рэшткі фантана, які некалі быў тут. Унутры яго — медзведзяня з бочачкай мёду — яно стаіць і сёння, праўда расфарбаванае камунальшчыкамі.

У той час было натуральным упрыгожваць звычайныя двары рознымі скульптурамі, іх было даволі шмат. Зусім нядаўна можна было бачыць, напрыклад, хлопчыка на самакаце. Яшчэ адзін распаўсюджаны элемент такога двара, ён жа забаўка для дзяцей, — шматузроўневая металічная ракета. Верагодна, гэта не проста цацка, а таксама сімвал эпохі, усталяваны ў 1960-х, калі Юрый Гагарын паляцеў у космас і Савецкі Саюз апынуўся наперадзе ўсяго свету.

Замест парку — паркоўка

Пасёлак патанае ў зеляніне. Аднак гэта не элемент дэкору, а жыццёвая неабходнасць. Трактарны завод — адзін з самых вялікіх у краіне. Зразумела, у той час ён не быў у цэнтры сталіцы, аднак колькасць зялёных насаджэнняў, неабходная для кожнага чалавека, усё роўна разлічвалася па нормах.

Сёння, калі раптам будзе заселена больш людзей, дыхаць ім стане досыць складана. Паветра і так надзвычай цяжкае. Але пры гэтым частку парку культуры і адпачынку нядаўна забралі пад паркоўку...

Эстэтыка і будаўнікі

Некаторыя дамы ў жылым пасёлку трактарнага завода адрамантаваныя. Дзесьці гэта зроблена без уліку аўтэнтычнага выгляду: балкончыкі, кветнікі моцна зменены, усё патынкавана і пафарбавана ў адзін колер. Атрымалася, што архітэктурна каштоўныя дамы ўзялі і "аблізалі" — іначай не скажаш. Аднак дзесьці, напрыклад, на вуліцы Клумава, рамонт зроблены з захаваннем старога выгляду дамоў, фрагментарна. Архітэктурныя элементы не збіты і, наадварот, пафарбаваны ў іншы колер, каб вылучыць іх. Раман Абрамчук мяркуе, што ў гэтым праглядаецца ўменне нашых жыхароў бачыць прыгажосць, заўважаць эстэтыку дамоў, гэта паказвае культурнае сталенне нашага грамадства. "Але ці пасталелі мы настолькі, — дадае Раман, — каб не знішчыць гэты пасёлак дзеля высотак, нецікавых нікому, акрамя інвестараў?"

Быць ці не быць?..

Што ж далей чакае пасёлак 1950-х гадоў пабудовы? Магчымыя два варыянты развіцця падзей, вясёлы і сумны.

Першы. Архітэктар Марк Шумячар ужо распрацаваў новы план забудовы жылога пасёлка трактарнага завода, паводле якога ўся двухпавярховая забудова будзе знесена як нявыгадная. На месцы яе плануюць узвесці шматпавярховыя дамы. Галоўная адказная ўстанова за гэты праект — Мінгарвыканкам.

Самым першым плануюць знішчыць былы будынак дзіцячага садка. На яго месцы хочуць будаваць шматпавярховы дом, у які пераселяць жыхароў усіх суседніх дамоў. Затым і яны зруйнуюцца, і колам пабудуюць яшчэ высоткі. Пасля плануюць асвойваць і астатнюю тэрыторыю. Атрымліваецца, калі хоць адзін шматпавярховы дом з'явіцца ў пасёлку трактарнага завода, ён адразу створыць моцную дысгармонію. Але, акрамя таго, як гангрэна будзе "пажыраць" усе навакольныя дамы.

Другі. Беларускі камітэт ІСАMОS ужо падаў заяўку ў Міністэрства культуры з просьбай надання вуліцы Алега Кашавога статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Абрамчук тлумачыць, што не сам па сабе кожны дом, а яны ў комплексе з'яўляюцца помнікам эпохі. Пасля таго, як статус будзе нададзены гэтай вуліцы, адпаведныя заяўкі будуць падавацца і па іншых вуліцах — Стаханаўскай, Чабатарова, Клумава — каб паступова ўвесь пасёлак набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Міністэрства культуры перанакіравала заяву аб наданні статусу ў Мінгарвыканкам для разгляду на прадмет мэтазгоднасці (нагадаем, Мінгарвыканкам — установа, адказная за новую забудову пасёлка).

У выніку станоўчага адказу і прызнання каштоўнасці пасёлка трактарнага завода будзе прыдумана яго рацыянальнае выкарыстанне. Раман Абрамчук адзначае, што пасёлак вельмі вабіць творчых людзей, якія здымаюць кватэры тут па ідэйных меркаваннях: яны вельмі ўтульныя, іх па-дызайнерску можна аформіць. "Чаму б гэтаму кварталу, — дадае ён, — не стаць цэнтрам беларускага мастацтва, нефармальнага, вулічнага?.. Такім цэнтрам, які ёсць, напрыклад, у Вільні (Ужупіс), у Берліне (Тахелес). Прыкладаў шмат, калі розныя аб'екты аддаюць мастакам, творчым людзям, і яны з іх робяць штосьці неверагодна цікавае, яркае".

Які з гэтых варыянтаў развіцця падзей лепшы, вырашайце самі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Праца на будоўлі палонных немцаў

Дзякуючы рассакрэчаным архівам КДБ стала вядома, што з 1945-га па 1950 год 100 тысяч немцаў знаходзілася ў Беларусі і працавала на будоўлях. Канкрэтна на будоўлі трактарнага завода і пасёлка — 5 тысяч палонных нямецкіх салдат.

Жылі яны там жа, дзе былі недабудаваныя ангары, у надзвычай цяжкіх умовах. Савецкі Саюз толькі адыходзіў ад голаду і пасляваеннай галечы, таму дзе ж тут было пракарміць яшчэ і немцаў, якія нядаўна забівалі тваіх блізкіх, руйнавалі ўсё навокал? І стаўленне людзей да гэтых салдат напачатку было адпаведным. Тыя, што засталіся ў жывых, у 1950 годзе вярнуліся ў Германію.

Працавалі тут не толькі салдаты, але і так званыя інтэрнаваныя немцы: пасля вайны з Германіі вывозілі працаздольных мужчын у Савецкі Саюз на прымусовыя будоўлі. Гэта рабілася па законах вайны, згодна з якімі пераможаная дзяржава-агрэсар павінна ўзнавіць тое, што яна разбурыла. Таму шмат нямецкіх мужчын, не салдат, таксама працавалі тут.

Пад канец 1940-х гадоў стаўленне да немцаў у мясцовых людзей вельмі змянілася — мясцовыя жыхары сталі іх падкормліваць, забываючы сваю крыўду. Тутэйшыя сталі ратаваць немцаў, ім было дазволена наймаць іх на работы. Пасля заканчэння тэрміну працы некаторыя добраахвотна не вярнуліся ў Германію, засталіся тут і прынялі савецкае грамадзянства. Гэтаму паспрыялі чыста жыццёвыя фактары: яны ажаніліся з мясцовымі дзяўчатамі.

У будоўлях прымалі ўдзел не толькі немцы-рабочыя, але і іх архітэктары, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы планіроўкі. Сапраўды, забудова пасёлка нагадвае прыгарады нямецкіх гарадоў сваёй атмасферай ціхіх вулачак, нешырокіх утульных двароў. Кветнікі пад вокнамі дамоў — таксама нетутэйшы элемент.

Гісторыя заснавання завода і пасёлка

Пасёлак будаваўся адначасова з самім заводам пасля вайны. А калі заглянуць яшчэ раней, то тут было Антоніеўскае ўрочышча — зямля, якая належала праваслаўнай царкве. Пасля 1917 года яе канфіскавалі, у 1939-м было запланавана пабудаваць тут завод авіябамбардзіроўшчыкаў.

Яго пачалі будаваць пры Першым сакратары ЦК КПБ Панцеляймоне Панамарэнку. Тэрміны будаўніцтва былі прызначаны вельмі сціслыя — Іосіф Сталін даў загад, каб завод быў завершаны за год-паўтара — таму сюды былі кінуты вялікія сілы. Працавала шмат жанчын, хаця па нормах гэта забаронена.

Зіма 1941 года была вельмі галоднай, халоднай, таму на будоўлі шмат людзей страціла здароўе. Аднак завод так і не быў дабудаваны, бо пачалася вайна. Праз пэўны час недабудаваныя ангары немцы выкарыстоўвалі для сваіх самалётаў. Цікавы факт, што, калі гэты аэрадром захапілі савецкія салдаты, яны занялі самалёты, адкрылі агонь з іх кулямётаў, не падымаючыся ў паветра. Такім чынам гэты кавалак Мінска ўрэшце быў вызвалены.

У 1945 годзе Сталін прыязджаў у Мінск да Панамарэнкі, і на гэтай асабістай сустрэчы было вырашана на базе недабудаваных ангараў рабіць Мінскі трактарны завод усесаюзнага значэння. Распачалася вельмі маштабная будоўля, а побач з ёй узнік і пасёлак для будучых трактарабудаўнікоў.

фота аўтара.

Шаркаўшчына

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.