Вы тут

Мараць — усе, атрымліваюць — адзінкі!


Летняе сонца ўжо грэла напоўніцу і клікала на праменад, але гэтыя дзяўчаты стараліся не паддавацца спакусе. Яны сядзелі за падручнікамі і добрасумленна вывучалі іх змест. Такое магчыма перажыць толькі ў тым выпадку, калі табе выпала паступаць ва ўніверсітэт. Што ж, падрыхтоўка ўжо за плячыма, а недзе сярод самых важных дакументаў чакае свайго часу сертыфікат тэсціравання па беларускай мове з найвышэйшым балам... Пра ўсе сакрэты, цяжкасці і нечаканасці, звязаныя з атрыманнем максімальнага выніку на ЦТ, шчаслівыя ўладальніцы вышэйзгаданых сертыфікатаў расказалі нашаму карэспандэнту.

1374144434645_1

 

Маргарыта Юруць, выпускніца гімназіі №5, г. Баранавічы:
"Нават і не ведаю, ці пашанцавала мне..."

— Будзе няпраўдай, калі скажу, што цэнтралізаванае тэсціраванне здаваць было не страшна. Хоць і добра рыхтавалася, але хваляванне не пакідала да апошняга. Толькі ва аўдыторыі, дзе павінна было праходзіць тэсціраванне, я змагла супакоіцца. Страх сам некуды знік. Добра яшчэ, што напярэдадні было не так шмат часу, каб хвалявацца: выпускны мы адгулялі 11 чэрвеня, а ўжо 14 трэба было ісці здаваць беларускую мову.

Пра 100 балаў марыць, відаць, кожны, хто прыходзіць на тэсціраванне. Я таксама. Але, прызнацца, такі вынік не стаў сюрпрызам, бо з сёмага класа даводзілася ўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове: я ездзіла і на вобласць, і на рэспубліку, а рыхтавацца заўжды дапамагала настаўніца з маёй гімназіі, Тамара Іванаўна Раманюк. У прынцыпе, дзякуючы ён і на тэсціраванні я змагла паказаць найлепшы магчымы рэзультат.

Думаю, зразумела, што рашэнне здаваць менавіта беларускую мову не было выпадковым. Я нават і не сумнявалася: алімпіядны вопыт яшчэ больш падмацаваў упэўненасць, што зроблены выбар — толькі на карысць. Як аказалася, шкадаваць і сапраўды не давялося.

Акрамя беларускай мовы, здавала яшчэ грамадствазнаўства і англійскую мову. У суме, разам з атэстатам, я маю 372 балы. Здавалася б, нядрэнна, але наконт паступлення пакуль загадваць не спяшаюся. Я збіраюся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт міжнародных адносін, хачу стаць спецыялістам па міжнародным праве. Пра гэтая мару з восьмага класа. Быць матэматыкам ці медыкам не схільная, заўжды больш падабаліся гуманітарныя навукі.

На мой погляд, каб атрымаць добры вынік на ЦТ, патрэбны як веды, так і нейкая доля шанцавання: напрыклад, калі будзе вырашацца, які варыянт табе трапіцца. Удача паспрыяе выцягнуць той, што акажацца самым простым менавіта для цябе. Магчыма, мне таксама пашанцавала...

1374144434906_2

 

Марыя Кісялёва, выпускніца СШ №2, г. Паставы:

 

"Разлічвала набраць больш за 90 балаў..."

— Як толькі выйшла з аўдыторыі, дзе здавала тэсціраванне, адразу патэлефанавала сваёй настаўніцы і ўдакладніла тыя пытанні, у якіх была не ўпэўнена. Калі стала зразумела, што я адказала правільна, прамільгнула думка пра магчымыя 100 балаў. Але вынік усё роўна здзівілася, бо найвышэйшы бал набіраюць нямногія. Самае яркае пачуццё ў той момант — задавальненне ад таго, што ўся праца і падрыхтоўка не аказаліся марнымі.

Мне не спатрэбілася наведваць рэпетытара. Усе веды змагла атрымаць на ўроках і факультатывах па беларускай мове ў Тамары Мікалаеўны Захарэвіч, за што ёй вялікі дзякуй! Многія абітурыенты выбіраюць для тэсціравання рускую мову. Думаю, гэтае рашэнне абумоўлена тым, што рускую яны найбольш выкарыстоўваюць у паўсядзённасці. Я ж вырашыла здаваць беларускую, таму што гэта мая родная мова.

Хвалявалася, вельмі баялася, што не апраўдаю як сваіх чаканняў, так і надзеі тых, хто мяне падтрымліваў. На самім тэсціраванні пастаралася засяродзіцца толькі на заданнях і больш ні пра што не думаць, каб нічога не прапусціць і не нарабіць недарэчных памылак. Мне дапамагло рэпетыцыйнае тэсціраванне, але найперш у тым, што датычыць афармлення.

Прызнаюся, што разлічвала набраць дакладна больш за 90 балаў. Па-мойму, тым, хто хоча проста атрымаць мінімальны бал, дастаткова будзе і шанцавання, а вось каб дасягнуць высокай планкі, патрэбна падрыхтоўка. Але ў маім выпадку, відаць, кропля ўдачы ўсё ж была.

Зараз я ўжо ведаю вынікі па ўсіх астатніх тэстах. Не 100 балаў, але таксама няблага. Паступаць буду, хутчэй за ўсё, у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Праўда, з факультэтам пакуль не вызначылася.

1374144435313_3

 

Дар'я Косік, выпускніца СШ №2, г. Валожын:
"Твой узровень залежыць ад настаўніка..."

— Звестку пра сто балаў мне даслалі SMS-паведамленнем (такую паслугу можна замовіць у Інстытуце кантролю ведаў). Калі пабачыла на экране мабільнага трохзначную лічбу, не паверыла адразу, а таму хуценька пайшла да камп'ютара і стала правяраць, ці сапраўды ў мяне вышэйшы бал. Рэакцыя была вельмі эмацыянальнай: адначасова і слёзы, і вялікая радасць!

У тым, што атрымаю 100 балаў, крыху сумнявалася. Самы вышэйшы вынік, пра які асмельвалася думаць — 96 балаў. Калі ўзгадваць рэпетыцыйнае тэсціраванне, то туды я хадзіла тройчы. Балы былі высокімі: 91, 90 і 94, але гэта нельга было лічыць гарантыяй поспеху.

Перад самым тэсціраваннем я прыхварэла, з-за самаадчування хваляванне адышло на другі план, таму ў дзень тэста прыйшла ў аўдыторыю і без лішняга напружання напісала ўсё, што ведала.

З рэпетытарам я не займалася. У школе быў факультатыў, на які хадзіла пяць чалавек, я ў тым ліку. Плюс самастойная падрыхтоўка дома. Можна яшчэ ўлічыць папярэднія тры гады, падчас якіх я ўдзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове. Гэта стала адным з вырашальных фактараў выбару тэсціравання менавіта па гэтым прадмеце. Тут яшчэ паўплывала, безумоўна, і тое, што ў маёй сям'і размаўляюць па-беларуску.

Зараз я мару паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, таму здавала яшчэ і хімію з біялогіяй. Стаць урачом хацела з дзяцінства. Тэст па беларускай мове здаўся самым лёгкім з усіх трох. Хачу дадаць, што не абавязкова для таго, каб удала здаць тэсціраванне, займацца з рэпетытарам. Думаю, калі пачаць рыхтавацца напрыканцы 10-га класа, можна разлічваць на нядрэнны бал. Яшчэ твой узровень ведаў на тэсціраванні залежыць ад настаўніка, які выкладаў у тваёй школе. Мне і маім аднакласнікам не спатрэбілася звяртацца да рэпетытараў.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.