Вы тут

Першыя радасці. Першыя клопаты...


…Горад не хацеў адпускаць. Да самага апошняга — фактычна да мяжы Мінскага і Чэрвеньскага раёнаў. Рознае бывала, але каб аўтобус (на маршрутку не паспелі, пашкадавалі часу і, хоць не любім рэйсавыя аўтобусы, чамусьці — ну былі ж ужо неаднойчы праблемы! — падаліся да таго "нядобрага" "Неаплана") зламаўся на паўдарозе, па шчырасці, не прыгадаю такога. Нават жонка здзівілася, што такое магло здарыцца — упершыню за апошнія дваццаць гадоў. Таму да месца адпачынку "дабраліся" з прыгодамі.

…Зноў жа, можа некаму здасца дзіўным, але першыя некалькі дзён я літаральна не вылажу з агарода. Не падумайце, ён у нас дагледжаны заўсёды. Але ў першыя дні водпуску я бяру нешта падобнае на малую сапёрную рыдлёўку і выходжу… не, не на градкі. Хутчэй, на міжраддзі, на тое, што расце каля агароджаў. Маці заўсёды кажа, што я "займаюся дурной справай". А я ціхенька сабе падкопваю траву ды зношу сушыць да брамы. Дарэчы, там пляцоўку найперш вычышчаю: не было яшчэ ніводнага разу, каб мы там з братам дрэваапрацоўчы станок не паставілі. Пілаванне потым з "босай" зямлі лягчэй зграбаць. Трава як мінімум месяц не расце пасля такой прыборкі. Але галоўнае — гэта падключэнне да "космасу"! Калі ты машынальна праполваеш пры дапамозе рыдлёўкі: штык у зямлю, карані наверх, штык у зямлю, карані наверх… Галава ачышчаецца, цябе пакрысе адпускаюць гарадскія праблемы. Яшчэ лепш — дровы секчы! Гэта, на мой погляд, увогуле ўніверсальны сродак рэабілітацыі пасля сталічнага тлуму. Праўда, мы ўвосень з братам "завалілі" цэлы лесавоз дроў, таму пакуль давялося дапамагаць сабе "псіхалагічна рэабілітавацца" пры дапамозе рыдлёўкі…

1374144437913_13lip-8888

Першым, хто нейкім неверагодным чынам зразумеў (за лічаныя хвіліны, не тое што гадзіны), што ў ЯГО пачаўся водпуск, быў наш кот Кузя. Дастаткова нам было "ўваліцца" з сумкамі ў брамку, прылашчыць яго, як мы ўсе зразумелі: кот ужо ў курсе — у яго пачаліся месячныя канікулы. Жонка з горада навезла яму розных прысмакаў, таму што Кузя нават дазваляў сабе ў першыя дні… выбіраць сабе рацыён. Быў, праўда, момант, калі ён крыху запанікаваў, маўляў, няўжо падстава, няўжо памыліўся?!. Трэба было ехаць у горад, на паўдня. Пакуль чакалі машыну, Кузя неяк нервова цёрся аб ногі, не адыходзіў ні на крок. Ён у нас увогуле такі — кампанейскі, але праяўляе гэта адмыслова. Будзе хадзіць за табой, як сабачка: куды ты, туды і ён. Кот або лезе на плечы, а гэта ён чамусьці любіць рабіць, калі мы мокрыя, памахаўшы сякерамі, з братам уладкуемся перакурыць, або сядзе да цябе… спінай. Карацей кажучы, знервавалася трохі наша жывёлінка. Затое калі вярнуўся, удзячнасці ад яе не было межаў.

А чаго ж, не паспеўшы прыехаць, спатрэбілася зноў вяртацца у горад? Рамонт! Праўда, у нас зараз, можна сказаць, прыемныя клопаты: выходзім на фінішную. Гэта быў фактычна капітальны рамонт дома, які доўжыўся не адзін год, калі пачыналі ці не з "нуля". Зараз ездзілі па шпалеры, клей, розныя іншыя дробязі. Балазе, выбіраць не давялося — забіралі замоўленае раней. Таксама праца чакае наперадзе, але ўсё гэта здаецца дробяззю ў параўнанні са зробленым. Дык вось: як мой арганізм, які ўсяго літаральна за некалькі дзён паспеў "зліцца" са шлёпанцамі, майкай і шортамі, пратэставаў супраць шчыльных "гарадскіх" туфляў, кашулі і джынсаў!.. У горадзе да гэтага прызвычайваешся, неяк адаптуешся і, можна сказаць, на заўважаеш. А за горадам такое адзенне ўспрымаецца як здзек са здаровага сэнсу. Пэўна ж, сваім спадарожнікам я адным толькі выглядам красамоўна паказваў: вывязіце мяне назад з гэтага пекла, падалей ад расплаўленага асфальту!.. У "пампасы", і хутчэй!

…Вось падазраваў жа, ды так яно і надарылася! Літаральна некалькі дзён у водпуску, а трэба ўсё кідаць і займацца адным: ратаваць вішні! Шпакоў, гэтых цудоўных веснавых птушак, якіх мы так чакаем, я гатовы быў бачыць зараз толькі праз прыцэл… Прыехалі, а ўжо гвалт, мітусня, ды такая… Вокны расчыненыя, у ката, як ужо казаў, свой адпачынак, ён літаральна на шыю паспеў залезці (дачакаецца "абструкцыі", далі Бог)… Карацей, днямі прачнуўся зусім рана (гэта ў водпуску!) і не мог больш заснуць. Выйсце было толькі адно: лезці на дрэва. Не тое каб ураджаю таго шкада (зрэшты, чаму б і не?), колькі дастае нахабства птушак!.. Ты адну галінку абіраеш, ён побач — другую. Не палохаюцца нічога, хутчэй робяць выгляд. У крайнім выпадку, калі вішню патрэсці (а шпакі навучыліся сядзець амаль ціхенька) адляцяць на дзесяць метраў на высокую суседскую ліпу і цікуюць: колькі ты пад тым дрэвам стаяць будзеш?.. А "калібры" дамарослых бачылі? Давялося назіраць, як шпакі і не толькі з макаўкі дрэва самую салодкую ягаду ядуць, але і з бакавых, не вельмі зручных галінак, што звісаюць над самай зямлёй (гэта калі дэфіцыт надыходзіць), і нават з зямлі. Карацей кажучы, што летась, што сёлета — адна сітуацыя. Давялося ратаваць ягаду, замарожваць дома ў маці, весці сабе ў горад у маразілку. Больш жа не будзе… Затое зараз пішу гэтыя нататкі, а за акном — цішыня. Мо заўтра хаця б высплюся ранкам, бо розных планаў яшчэ шмат…

Пра што гавораць удалечыні ад "вялікага горада"? Пра падаражанне гарэлкі і цукру, якое ўсе чамусьці чакалі з пачатку месяца, а яно, разам з павелічэннем цаны на хлеб, адбылося толькі пасля першай дэкады. Пра тое, што даўно не было добрага дажджу, а ён патрэбен. Пра спёку, выратавацца ад якой можна ў доме, які "дыхае" і радуе прахалодай. Галоўнае, як я жартую, вельмі рэзка не заходзіць пасля працяглага знаходжання пад сонцам у хату. Каб не патрэскацца ад перападаў тэмператур. Увогуле рытм жыцця трохі запаволены. Зрэшты, а якім ён павінен быць, калі ты нарэшце атрымаў законны адпачынак?..

…Якое яно — шчасце адпускніка? Пакуль вельмі простае. Паспытаць халоднага свежага квасу па 15 тысяч за тры літры. Смак, праўда, не той, што ў савецкім дзяцінстве, але ўсё адно, са сталічным ні па кошце, ні па адчуваннях не параўнаць (маю права, я ж у адпачынку!). Яшчэ — схадзіць пастрыгчыся за 25 тысяч. Бог з імі, з грашыма, справа не ў іх. Проста ў пасялковай цырульні адныя і тыя людзі стрыгуць мяне не адзін дзясятак гадоў, свой звыклы "фасон" ім можна патлумачыць літаральна двума словамі. І цябе пастрыгуць так, як табе хочацца. Памятаю, у дарагім салоне на галоўным сталічным праспекце я неяк па завядзёнцы сказаў тыя ж словы. Больш туды не хадзіў ніводнага разу… Шчасце адпускніка — гэта калі можна ў спёку спаласнуць твар халоднай вадой з‑пад калонкі. І вада сапраўды будзе халоднай, а не такой, як у гарадской кватэры: колькі не спускай, халаднейшай не стане. А калі хочаш, каб зубы "выламала", дастаць вядро вады з калодзежа... Яшчэ шчасце — гэта хадзіць па распаленай ад гарачыні бетоннай плітцы, зямлі ў агародзе, пяску на вуліцы басанож. Глядзець на ўласныя брудныя ногі і чамусьці радавацца. Як дзіця… А ўвечары ўсунуць іх у бочку з нагрэтай за доўгі летні дзень цёплай вадой…

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?