Вы тут

РЭХА НЕЗАБЫЎНАЙ СУСТРЭЧЫ


Ён часта наведваў наш ціхі Глуск — сваю радзіму. Хадзіў па вуліцах і завулках. Ступаў няспешна, раздумліва. Спыняўся і доўга разглядаў наваколле, нібы нешта шукаў. Ён хадзіў і нічога не пазнаваў. Усё жыло ва ўспамінах. У тым мястэчку, дзе засталося дзяцінства і юнацтва.

Размова ідзе пра паэта і празаіка, ганаровага грамадзяніна Глуска Сяргея Іванавіча Грахоўскага, які апаэтызаваў гэты прыгожы гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напісаў успаміны пра родныя мясціны, пра сваіх землякоў, цёплымі словамі ўзгадаў сваіх сяброў, з якімі вучыўся, пачынаў спасцігаць таямніцы і прыгажосць паэтычнага слова.

1374144440678_13-19

Я, магчыма, як і іншыя глушчане, прыйшоў да творчасці некалі малавядомага для мяне Грахоўскага праз дакументальную аповесць "Мястэчка...Мястэчка...", якая друкавалася на старонках раённай газеты. Аповесць уразіла. Дагэтуль я нічога падобнага пра Глуск не чытаў. Гэтак мог напісаць толькі па-сапраўднаму неабыякавы чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну. Таму вырашыў як-небудзь пазнаёміцца з Грахоўскім.

Думкі аб сустрэчы з пісьменнікам не выходзілі з галавы. Ездзячы ў інваліднай калясцы па вуліцах, я прыглядаўся да людзей, наводзіў даведкі ў супрацоўнікаў рэдакцыі раёнкі, куды Сяргей Іванавіч, бываючы ў Глуску, заходзіў абавязкова. Я думаў, як і з якога боку мне да яго падысці, з чаго пачаць размову. Але ці захоча ён, выдатная асоба ў літаратурным асяроддзі краіны, уступаць са мной у дыялог?

Сустрэча адбылася знянацку. Едучы па вуліцы Жыжкевіча, убачыў Грахоўскага, які ішоў павольнай хадой. Сутыкнуліся ля райваенкамата. Я прывітаўся, што Сяргея Іванавіча на нейкі момант спыніла. Размову я пачаў з таго, што прачытаў яго аповесць пра мястэчка, і таму ёсць некалькі пытанняў. На што той працягнуў мне сваю руку, у якой я адчуў не толькі моц поціску, але і цяпло. "Добры дзень, зямляк! Добры дзень! І чый жа ты будзеш?" — схіліўшыся да мяне, прагаварыў Сяргей Іванавіч чыстым, зычным голасам, узіраючыся ў твар жывымі вачыма. "З Васілеўскіх я, з вёскі Карніца

, што ў дзесяці кіламетрах ад Глуска, па шашы на Любань", — адрапартаваў я.

Наша гаворка доўжылася каля гадзіны, у ходзе яе мой суразмоўца зрэдку кідаў позірк на мемарыяльную дошку на сцяне ваенкамата. Як высветлілася, ён быў сведкам у той жудасны дзень, калі ля гэтай сцяны белапалякі расстрэльвалі мясцовага хлопца Міцю Жыжкевіча, што быў пісарам у раённым валасным Савеце. Расстралялі на вачах яго бацькоў, на вачах вернікаў, якія выйшлі з Богаяўленскай царквы (сёння на яе месцы рэстаран "Пціч"), сярод якіх быў і Сярожа з маці.

На расставанне зноў поціск рук, пажаданні, і мы падаліся кожны ў свой бок. Не верылася, што чалавеку ўжо за 80 гадоў: яго ясная памяць уражвала. Здзівіла і тое, як Сяргей Іванавіч трымаўся: не адчуў з яго боку ніякай маніі велічы. Не верылася, што за яго плячыма амаль 20 гадоў сталінскіх лагераў, што ён прайшоў праз такія кругі пекла, якіх хапіла б не на адно жыццё.

Сяргея Грахоўскага "не выбілі з сядла" ні турма, ні лагеры, ні хваробы. Вельмі цяжка адабраць у чалавека тое, што завецца ўнутранай свабодай. Яна літаральна разліта ў яго творчасці, асабліва паэтычнай.

Лёс зрабіў так, каб ён стаў сведкам народнай трагедыі і змог стварыць кнігі пра яе ахвяр. Аповесці "Зона маўчання", "З воўчым білетам", "Такія сінія снягі", "Два лёсы — дзве трагедыі", паэма "Балючая памяць" і шмат вершаў сталі падзеяй у беларускай літаратуры, кнігамі-помнікамі, як і лагерныя творы А. Салжаніцына, В. Шаламава, А. Жыгуліна...

Пасля поўнай рэабілітацыі ў 1955 годзе адбылося вяртанне Грахоўскага ў літаратуру, яго другое нараджэнне на свет. З рубцамі перажытага на сэрцы давялося ўсё пачынаць спачатку, а Грахоўскаму ўжо было 42 гады. Тым не менш з 1956 года і да адыходу ў вечнасць ён выдаў больш за 50 кніг паэзіі, прозы, перакладаў. Трэба быць моцным чалавекам, каб зрабіць гэта.

Як сведчыць С. Грахоўскі: "У маім пашпарце запісана: год нараджэння — мястэчка Нобель Ровенскай вобласці. Але тых мясцін не ведаю і не помню. Імперыялістычная вайна забрала бацьку ў салдаты, а мяне з маці пагнала ў бежанцы. Было ўсё так, як напісана ў маёй "Паэме дарог", калі на адным і тым жа возе, дзе едуць бежанцы, уцякаючы ад вайны, побач з бабкай, якая "плыве ў смяротны холад забыцця", "курчыцца і енчыць парадзіха".

Пасля нядоўгага прытулку на станцыі Чырвоны Бераг, расказвае Сяргей Іванавіч у "Пражытым і перажытым", маці з дзесяцімесячным немаўляткам адбыла на сваю радзіму, у мястэчка Глуск.

Грахоўскаму было чатыры гады, калі "скінулі цара", і маці не магла яму растлумачыць, адкуль таго "скінулі". Пазней Сярожа ўбачыў партрэт Леніна, і маці растлумачыла, што гэта цяпер "самы галоўны чалавек". У пачатку 20-х гадоў вярнуўся бацька, які прайшоў імперыялістычную і грамадзянскую войны, і жыць стала лягчэй. Але ж на долю іх сям'і выпала ўсё, што і на долю краіны. Давялося перажыць нямецкую і белапольскую акупацыі. Менавіта першыя гады дзяцінства, якія выпалі на першае дзесяцігоддзе Савецкай улады — час, калі яшчэ не было недапушчальных адхіленняў ад ленінскіх нормаў, — і былі пачаткам той ідэйнай загартоўкі і перакананасці ў тым, што ўсё, што робіцца — правільна.

Грахоўскі пісаў: "З маленства ў сваім палескім Глуску мы не ведалі, што мы — беларусы: нацыянальнасць вызначалася толькі па веры. Праваслаўны — значыць рускі, католік — паляк, яўрэй і гэтак далей. І раптам у школе загаварылі на простай мове, на мове нашых маці і бабуль, і мы даведаліся, што мы — беларусы, убачылі падручнікі і кніжкі на беларускай мове, адкрылі Купалу, Коласа, Багдановіча, Чарота..."

У тыя гады школьнікі займаліся пісьменніцтвам. Захапленне літаратурай прыйшло і да Сяргея Грахоўскага. Ён пачынае пісаць вершы. Першы — "На змену Ільічу", які склаў у сувязі са смерцю Леніна, быў надрукаваны ў 1926 годзе ў часопісе "Беларускі піянер", а ўнізе подпіс "піянер Сяргей Грахоўскі".

Жывучы ў Глуску, Грахоўскі марыў з'ездзіць у Бабруйск і пазнаёміцца з Міхасём Лыньковым, які ў той час у свае 27 гадоў працаваў рэдактарам Бабруйскай газеты "Камуніст" і вёў літаратурны дадатак "Вясна" да яе. І вось летам 1929 года, зарабіўшы на дарогу грошай, адсюль, з дарагога сэрцу куточка, павялі будучага паэта шляхі-дарогі.

У кастрычніку 1936 года Грахоўскі быў рэпрэсаваны. Гэты факт ён успрыняў як непаразуменне. "На жаль, непаразуменне высветлілася толькі праз дваццаць гадоў, калі ХХ з'езд КПСС сказаў сваё справядлівае слова. Шкада толькі, што марна прайшла маладосць і лепшыя творчыя гады". "Я ўдзячны лёсу, — піша Сяргей Іванавіч, — што побач былі мужныя і цудоўныя людзі, якія верылі ў справядлівасць, і гэтай мужнасці і веры вучылі маладых лагернікаў".

У Бабруйску Грахоўскі працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, пазнаёміўся з мясцовымі літаратарамі. Талент юнака першым заўважыў і падтрымаў М. Лынькоў, надрукаваўшы яго верш "Восень".

Пасля бабруйскай эпапеі Сяргей Грахоўскі пераехаў у Мінск. Лынькоў на той час працаваў тут у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі і зноў працягнуў руку дапамогі здольнаму юнаку: Грахоўскі пачаў працаваць у выдавецтве. Яго вершы друкаваліся на старонках часопіса "Чырвоная Беларусь". Потым пісьменнік стаў працаваць у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", дзе рыхтаваў літстаронкі, пісаў нарысы і замалёўкі і адчуваў недахоп адукацыі, ведаў. Гэта і прывяло яго на літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута, які закончыў у 1935 годзе і пайшоў рэдактарам на Белрадыё, таксама выкладаў літаратуру на рабфаку пры БДУ.

Апынуўшыся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, малады паэт пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд сваёй ранняй творчасці ў 1986 годзе напісаў кнігу "Так і было", дзе расказаў пра сустрэчы з імі, паказаў трывожныя 1930-я гады.

11 снежня 2002 года Сяргея Іванавіча Грахоўскага не стала. Светлая памяць пра слаўнага земляка навечна застанецца ў сэрцы ўсіх, хто яго ведаў. Яго імем у Глуску названы бульвар, дзе стаіць помнік літаратару. У СШ №1, якая носіць імя Сяргея Іванавіча, працуе музей, які расказвае пра жыццё і творчасць пісьменніка. У 2007 годзе ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшаў у свет аднатомнік твораў С. Грахоўскага, куды ўвайшлі найлепшыя творы розных гадоў у тым ліку дакументальныя аповесці (у якіх аўтар расказаў пра гады свайго зняволення), артыкулы, старонкі з дзённікаў, лісты да сяброў. Гэтая кніга, як і надрукаваная ў раённай газеце аповесць "Мястэчка...Мястэчка...", захоўваецца ў маёй асабістай бібліятэцы. Гэта маё настольнае чытво.

Валерый Васілеўскі.

г.п. Глуск

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.