Старэнне насельніцтва ва ўсім свеце выклікае павышаную цікавасць урачоў да ўзроставых захворванняў у пажылых і старых. Для людзей пажылога ўзросту застаецца актуальным захаванне актыўнага даўгалецця і як мага больш высокай якасці жыцця.
Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіны КРАЎЧУК, прыкметы нармальнага старэння арганізма выглядаюць наступным чынам:
- сіметрычнае зніжэнне нюху і зроку;
- зніжэнне мышачнай масы на 20-30 працэнтаў;
- павелічэнне часу рухальных рэакцый, асабліва запавольваецца хуткасць выканання дробных хуткіх рухаў;
- узмацненне фізіялагічнага трэмару (дрыжанне рук, галавы);
- лёгкае парушэнне плаўнасці рухаў;
- запавольванне хады, змяншэнне агульнай рухальнай актыўнасці;
- сімптомы лёгкай вегетатыўнай дысфункцыі, уключаючы схільнасць да запораў, сексуальную недастатковасць, лёгкую ортастатычную гіпатэнзію (зніжэнне артэрыяльнага ціску пры рэзкай змене становішча цела з гарызантальнага ў вертыкальнае);
- павышаная адчувальнасць да зніжэння тэмпературы навакольнага асяроддзя;
- лёгкае парушэнне памяці на нядаўнія падзеі (гэта не павінна праяўляцца асаблівым чынам, а фіксавацца толькі з дапамогай спецыяльных нейрапсіхалагічных методык);
- зніжэнне хуткасці апрацоўкі новай інфармацыі;
- зніжэнне здольнасці да навучання;
- магчыма дабраякаснае галавакружэнне, звязанае са старэннем структур унутранага вуха, якое ўзнікае падчас павароту галавы, і не патрабуе лячэння;
- поўнасцю захоўваюцца арыентацыя ў часе, прасторы і ўласнай асобе, крытычнасць, мысленне, лік, маўленне.
Нармальнае старэнне трэба адрозніваць ад захворванняў. У пажылым і старэчым узросце вельмі папулярныя хваробы сасудаў галаўнога мозгу:
- вострыя — інсульт, транзіторная ішэмічная атака, вострая гіпертэнзіўная энцэфалапатыя (звязаная з артэрыяльнай гіпертанзіяй);
- хранічныя — дысцыркуляторная атэрасклератычная энцэфалапатыя (парушэнне цыркуляцыі крыві, звязанае з атэрасклерозам), хранічная гіпертэнзіўная энцэфалапатыя.
Як праяўляюцца вострыя хваробы сасудаў галаўнога мозгу?
- раптоўны пачатак, часта раніцай або пасля эмацыянальных, фізічных перагрузак;
- моцны галаўны боль;
- часам ваніты;
- парушэнне маўлення;
- рэзкая слабасць у руцэ, назе;
- часам раптоўнае парушэнне зроку, псіхікі.
Хранічныя хваробы сасудаў галаўнога мозгу праяўляюцца:
- галаўным болем;
- галавакружэннем, шумам у галаве;
- няўстойлівасцю падчас хады, парушэннем каардынацыі рухаў, раўнавагі;
- запавольваннем рухаў, цяжкасцямі падчас пачатку руху, маларухомасцю, скарачэннем кроку;
- эмацыйнай няўстойлівасцю, дэпрэсіяй (зніжэнне настрою, апетыту, страта вагі, парушэнне сну, стамляльнасць, хранічныя болевыя сіндромы, злоўжыванне алкаголем, суіцыдальныя думкі);
- парушэннем сну, памяці і ўвагі;
- падзеннямі, стратай прытомнасці, эпілептычнымі прыпадкамі;
- парушэннем маўлення;
- цяжкасцю падчас глытання;
- сасудзістым паркінсанізмам (нязначнае павышэнне мышачнага тонусу, дрыжанне канечнасцяў, галавы).
Часта праявы хранічных цэрэбраваскулярных захворванняў падобныя да сімптомаў дысметабалічнай энцэфалапатыі.
Найбольш частыя прычыны дысметабалічных энцэфалапатый:
- гіпаксія — анеміі, захворванні лёгкіх;
- ішэмія — сардэчна-сасудзістыя захворванні (уключаючы спыненне сэрца), арытміі, артэрыяльная гіпертэнзія;
- сістэмныя захворванні — хваробы нырак, печані, падстраўнікавай залозы, дэфіцыт вітамінаў, эндакрынныя захворванні (асабліва часта — цукровы дыябет), васкуліты, інфекцыйныя захворванні і сепсіс, паранеапластычныя працэсы (звязаныя з анкалагічнымі захворваннямі);
- дзеянне таксічных рэчываў — алкаголю, цяжкіх металаў, фосфарарганічных рэчываў, пестыцыдаў, лекавых прэпаратаў (барбітураты, наркатычныя рэчывы, транквілізатары, антыканвульсанты, кортыкастэроіды, антыдэпрэсанты, нейралептыкі і інш.).
Прафілактыка і лячэнне хвароб сасудаў галаўнога мозгу
- Пры ўзнікненні вострай цэрэбраваскулярнай хваробы неабходна легчы ў ложак і тэрмінова выклікаць "хуткую". Пры павышаным артэрыяльным ціску прыняць прэпарат для яго зніжэння.
- У харчаванні павінна быць дастаткова калію, кальцыю, магнію, вітамінаў, клятчаткі, поліненасычаных тлустых кіслот. Уключайце ў рацыён гародніну, садавіну, ягады, рыбу, малочныя прадукты, кашы, зяленіва, а таксама разынкі, інжыр, бананы, моркву, буракі, гарбузы, кабачкі, капусту, сельдэрэй.
- Неабходна фізічная актыўнасць. Як мінімум — ранішняя гімнастыка і хада не менш за 2 км у дзень. Насіце зручны абутак, карыстайцеся палкай, не рабіце рэзкіх рухаў.
- Трэніруйце памяць (вучыце вершы, тэксты, займайцеся інтэлектуальнай дзейнасцю).
- Займайцеся любымі даступнымі відамі дзейнасці, каб быць карыснымі сваім блізкім, сябрам, навакольным.
- Прымайце медыкаменты па прызначэнні ўрача курсамі па 1-2 месяцы 2 разы на год (вінпацэцін, пірацэтам, эмаксіпін, інстэнон, мілдранат, танакан і інш.).
- Дасягайце мэтавага ўзроўню артэрыяльнага ціску з дапамогай адэкватнага лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі.
- Лячыце станы, якія выклікаюць вышэйпамянёныя дысметабалічныя парушэнні, пазбягайце інтаксікацый.
- Падтрымлівайце добры настрой і аптымізм.
Святлана БАРЫСЕНКА