Вы тут

Новая дарога да вёскі Ала


На месцы былой вёскі Ала, дзе ў 1944 годзе было спалена 1758 чалавек, сёлета з'явіліся паклонны крыж і памятны знак, які нагадвае аб вялікай трагедыі, што здарылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Светлагорскім раёне.

Для таго, каб памяць пра нашых продкаў засталася ў сэрцах нашчадкаў, прыйшлося папрацаваць практычна ўсім будаўнічым і меліяратыўным арганізацыям раёна. Старшыня Светлагорскага Савета дэпутатаў Рыгор Мурашка расказвае, што ўсе, да каго прыйшлося звяртацца, адклікнуліся імгненна і дапамаглі — матэрыяльнымі, людскімі рэсурсамі.

Дарэчы, вёска пасля трагедыі 14 студзеня 1944 года ўжо не адраджалася, і за столькі гадоў дарога да гэтага месца зарасла поўнасцю. Цяпер да памятнага знака можна дабрацца без праблем — каб ніколі не забываць жудасныя падзеі ваеннага часу.

У маленькай вёсачцы на беразе ракі з той жа мілагучнай назвай Ала ў 44 дварах жыло каля сотні чалавек. Але ж менавіта сюды, у глухмень, падчас баявых дзеянняў сцягнулася шмат людзей з суседніх вёсак, каб схавацца ад фашыстаў.

1374656022788_20-28

Студзеньскай раніцай у вёску з лесу выйшаў батальён эсэсаўцаў. Яны стралялі па вокнах прысадзістых хат аўтаматнымі чэргамі. Людзей, якія выбягалі з дамоў, расстрэльвалі ва ўпор. Усё насельніцтва было сагнана ў адрыны. Мужчын расстрэльвалі групамі па 6-7 чалавек. Жанчын спалілі жывымі. Страшная смерць спасцігла 950 дзяцей. На іх нацкавалі сабак. Па вуліцы, асветленай пажарышчам, сабакі цягалі знявечаныя маленькія целы. У хаце аднаго з жыхароў фашысты застрэлілі парадзіху, а немаўля забілі ўдарам аб сцяну. З першых вуснаў пра гэтыя жудасці сёння ўжо няма каму расказаць, але ж доўгі час жыхарка Чыркавічаў Марыя Зыкун займалася зборам матэрыялаў: запісвала ўспаміны сведкаў, якія цудам засталіся жывымі ў тым пекле.

У кнізе "Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён" можна знайсці апісанне страшнага эпізоду сведкам тых падзей Тарасам Колесневым: "Ад групы адлучылася жанчына ў целагрэйцы і вялікай клецістай хустцы. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў просьбу дазволіць згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Цімафееўна Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй падпаленай хаты. За ёй бег фашыст з вялікім балонам за спінай і апырскваў яе бензінам. Жанчына не звяртала на яго ўвагі. Афіцэр дастаў пісталет. Але на парозе хаты жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярамі..."

Між іншым, стваральніца Чыркавіцкага музея Марыя Зыкун гаворыць, што ахвяр, хутчэй за ўсё, было больш, чым 1758 дакладна высветленых — каля 2 тысяч. Дарэчы, Ала — адзіная на Беларусі спаленая вёска, дзе загінула такая вялікая колькасць людзей.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан прыехаў у дзень памяці памаліцца на месца масавага знішчэння людзей:

— Зараз сюды зроблена новая дарога, і ёсць магчымасць наведваць пахаванне. Тут мог быць добры мемарыяльны комплекс. Памяць пра гэтых спаленых людзей павінна захавацца ў нашых сэрцах. Нам абавязкова трэба захоўваць у добрым стане месцы памяці загінулых, воінскія пахаванні, устанаўліваць памятныя знакі. І сцежкі не павінны зарастаць да гэтых мясцін. Няхай памяць пра тых, хто загінуў у Вялікую Айчынную вайну, будзе заўсёды ў нашых сэрцах, а царква будзе заўсёды маліцца пра іх.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.