Вы тут

Смелым планам і Атлантыка — не перашкода


Ірына марыла трапіць на Аляску, але апынулася мінулым летам у амерыканскім курортным гарадку на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Пасля заканчэння трэцяга курса БДУ дзяўчына вырашыла цвёрда не бавіць лета з бацькамі. Здала загадзя сесію, села ў самалёт і… накіравалася на іншы кантынент, каб і свет пабачыць, і людзей, а калі атрымаецца, то і падзарабіць.

1375104931692_1

"Што Сібір, што Аляска — два берагі…"

— Своеасаблівым штуршком да паездкі стаў аповед маёй сяброўкі з Кіева, якая годам раней трапіла падчас летніх канікулаў на Аляску, дзе працавала на рыбаперапрацоўчым прадпрыемстве на фасоўцы тавару, — расказвае Ірына Астапенка. — Вось скажыце, якія шанцы ў звычайнага чалавека трапіць, так бы мовіць, "сваім ходам" на Аляску? Амаль нулявыя. А якая там прырода! Якія краявіды! За пражыванне ў інтэрнаце і харчаванне з заробкаў студэнтаў вылічваліся сімвалічныя грошы. Вось я і захапілася мэтай. Але, на жаль, па шэрагу прычын Аляска пакуль так і засталася няздзейсненай марай. У Цэнтры моладзевых вандровак мне прапанавалі працу пакаёўкі ў гатэлі ў курортным гарадку штата Н'ю‑Джэрсі.

Для таго, каб трапіць у праграму "работа за мяжой", абавязкова трэба быць студэнтам універсітэта (з 1‑га па 4‑ты курсы) і не мець сур'ёзных праблем са здароўем. Таксама цябе абавязкова запросяць на гутарку, каб пераканацца, што твайго ведання англійскай мовы будзе дастаткова, каб працаваць у іншай краіне. Усіх патэнцыяльных працадаўцаў абавязкова правяраюць, таму пагрозы трапіць "у рабства" няма. Студэнтаў, якія адпраўляюцца на заробкі за мяжу, падстрахоўваюць з усіх бакоў — бяруць усе кантактныя звесткі: і твае, і наймальніка. У дакуменце ўказваюцца фірма, гатэль і гэтак далей, куды вы едзеце, і канкрэтны адрас. У мяне ў "джоб оферы" (гэта прапанова аб рабоце) была запісана праца пакаёўкай у гатэлі. Але паколькі нагрузка была невялікай (30 гадзін на тыдзень), меркавалася, што на месцы я буду сама сабе шукаць другую работу.

"Макдональдс" і атракцыёны

Працаваць пакаёўкай было нескладана. У чым было цяжка разабрацца, дык гэта ў хімічных сродках — столькі бутэлечак, флаконаў і ўсе — незнаёмыя. А інструкцыя да іх, натуральна, толькі на англійскай мове. Прыкладна тыдзень спатрэбіўся, каб разабрацца, што і да чаго. Ва ўсіх нумарах — дывановае пакрыццё, і ўсе пастаяльцы ходзяць толькі ў абутку — вось гэта для беларусаў нязвыкла… Паколькі гарадок — курортны, то запаўненне гатэля залежала ад уік-эндаў. Больш пастаяльцаў — значыць, і большы аб'ём работы. Увогуле графік у мяне быў гнуткі (гэта маглі быць і дзве гадзіны, і шэсць), што было даволі зручна.

А вось другую работу давялося шукаць цэлы месяц. На ўзбярэжжа штогод летам прыязджае вельмі шмат студэнтаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Кітая, таму канкурэнцыя надзвычай вострая. Але амерыканскіх студэнтаў там няшмат. Магчыма, таму, што за гэту работу плацяць заканадаўча вызначаны мінімум. У Н'ю‑Джэрсі менш, чым 7 долараў 25 цэнтаў за гадзіну наймальнік плаціць не можа. Але з гэтай сумы вылічваюцца яшчэ і падаткі, таму "чыстымі" атрымліваецца недзе крыху больш як 6 долараў. Асноўную колькасць працуючых на курорце складаюць студэнты. Наймальнікам прасцей узяць на работу студэнта, чым плаціць за работу амерыканцу.

Урэшце, знайшлася для мяне работа ў "Макдональдсе". У прынцыпе, работнікам там даводзіцца займацца абсалютна ўсім, але асноўным маім абавязкам было ўпакоўваць кліентам заказы. Мясцовае насельніцтва і адпачывальнікі вельмі добразычліва і цярпліва ставяцца да студэнтаў, якія іх абслугоўваюць. І гэта нягледзячы на нашу… не зусім дасканалую англійскую мову.

Праз пэўны час я змяніла "Макдональдс" на работу ў парку атракцыёнаў. Кожны дзень мы працавалі на новым атракцыёне. А ў якасці бонуса ў свой выхадны дзень нам дазвалялася прыйсці, атрымаць спецыяльны браслецік і бясплатна катацца.

"І аm sоrrу", "І аm sоrrу"…

Жыла я ў доме, які бясплатна прадастаўляў студэнтам мой першы наймальнік. Штосьці кшталту інтэрната, з асобнымі секцыямі — для хлопцаў і дзяўчат. Пакой дзяліла з дзяўчатамі з Расіі. Так што непаразуменняў з-за рознага менталітэту ў нас не было. Увогуле, даволі шмат студэнтаў прыязджалі ў Н'ю-Джэрсі ўжо другі раз.

1375104931532_2

Дарогу ў абодва бакі студэнты аплачваюць самастойна. Але паколькі мы ляцелі па студэнцкім тарыфе, то і білеты ў нас былі самыя танныя — дарога ў Амерыку праз Маскву і назад каштавала мне недзе крыху больш як 700 долараў. Вядома, выдаткаваныя на дарогу грошы я за тры месяцы працы вярнула. Але справа ўсё ж не ў гэтым. Галоўнае, што мне ўдалося крышачку павандраваць па Амерыцы. Наведала Вашынгтон, Нью-Ёрк, Атланцік-Сіці. Але самае незабыўнае ўражанне пакінуў Ніягарскі вадаспад. Ён знаходзіцца на мяжы Злучаных Штатаў і Канады, іх аб'ядноўвае агульны водны масіў, і ў Канаду можна трапіць са Штатаў па звычайным мосце.

Што ў Амерыцы прыемна здзівіла? Напэўна, гэта ветлівасць людзей. Амерыканская ўсмешка — зусім не нацягнутая, як у нас многія памылкова лічаць. Мне здаецца, гэта звычайны стан іх душы. Усміхнуцца незнаёмаму чалавеку, павітацца з ім, нават пацікавіцца яго справамі — норма для амерыканцаў. Калі ты будзеш стаяць перад вітрынай, і амерыканцу трэба будзе прайсці паміж табой і вітрынай, ты пачуеш ад яго тысячу прабачэнняў. Там не прынята парушаць асабістую прастору іншага чалавека. У метро ніхто не будзе стаяць тварам у твар. Там пачакаюць іншы цягнік. А калі цябе раптам штурхнулі ў краме ці ў транспарце, то ад колькасці пачутых прабачэнняў ужо ты сам будзеш адчуваць сабе вінаватым.

Замест салаты — фастфуд

Дарэчы, першы паход у краму стаў для мяне сапраўдным шокам — я выйшла адтуль увогуле без пакупак. Як мы звычайна дзейнічаем? Заходзім у гандлёвы пункт і накіроўваемся да паліц з таварам — знаёмыя гандлёвыя маркі, знаёмыя прадукты, знаёмыя вытворцы. У Мінску я хоць і вучыла англійскую мову, але калі зайшла ў Амерыцы ў краму, то зусім разгубілася. Фастфуд у Амерыцы каштуе танней за гародніну. І чалавеку значна прасцей купіць гатовую піцу, засунуць яе ў мікрахвалёўку і пад'есці. Гэта будзе для яго нашмат танней, чым купіць агародніну і зрабіць з яе салату. Шчыра кажучы, мы таксама грашылі фастфудам.

З бытавых момантаў вельмі здзівіла наяўнасць кандыцыянераў ва ўсіх аўтобусах (там можна было нават прастудзіцца), а таксама тое, як арганізаваны працэс мыцця бялізны. У Амерыцы не прынята мець дома пральную машыну. Але паўсюдна ёсць так званыя грамадскія пральні. Бліжэйшая да нас пральня знаходзілася ў пяці хвілінах хады. Ты прыходзіш туды са сваёй бялізнай, засыпаеш парашок, кідаеш манетку і… вольны. Можаш у гэты час пайсці, напрыклад, у краму. Затым дастаў чыстую бялізну, а побач стаіць машына для сушкі. Праз дзве хвіліны забіраеш з сабой чыстыя рэчы.

Самае частае пытанне, якое мне задавалі пасля вяртання, ці ведаюць амерыканцы пра Беларусь? (<І>смяецца ). Скажу так: некаторыя штосьці чулі… Дзяўчына з Казахстана расказвала, што ў яе аднойчы пацікавіліся, адкуль яна прыехала. Тая адказвае: "З Казахстана". "Казахстан — гэта там, дзе Польшча?"

Мне ўвогуле здалося, што для амерыканцаў існуе Еўропа, а асобныя краіны на еўрапейскім кантыненце яны не вылучаюць. Ім вельмі складана арыентавацца ў карце Еўропы. Але я, напрыклад, не ведаю, што лепш: мець шырокі кругагляд або развівацца ў нейкай вузкай галіне? У ЗША маладыя людзі імкнуцца стаць высакакласнымі спецыялістамі менавіта ў канкрэтнай сферы.

Ці параіла б я камусьці паехаць на заробкі ў ЗША? А чаму б і не? Мая маці мяне не адгаворвала, а наадварот, падтрымала ў маіх смелых планах. Тры месяцы самастойнага жыцця ў чужой краіне, на іншым кантыненце, неабходнасць прыстасоўвацца пад іншых людзей, пад іншы менталітэт — гэта вельмі каштоўны жыццёвы вопыт. Плюс магчымасць убачыць іншую краіну. Да таго ж, у ЗША вельмі добра арганізаваны праграмы для студэнтаў, якія падчас летніх канікул жадаюць падзарабіць.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».