Вы тут

Гукі і водары лета


Напэўна, не памылюся, калі скажу: такога працяглага пахаладання і дажджоў у сярэдзіне ліпеня не было даўно. Прынамсі, у апошнія гады дакладна. Як мінімум пазалетась і летась усе ў гэты час літаральна "плавіліся" ад спёкі, шукалі ад яе паратунку. А сёлета нешта не так "зарадзіла", нягледзячы на папярэднія абяцанні сіноптыкаў. У нейкі момант нават стала шкада калег: дзве пары выхадных — дажджы. Я ж цудоўна разумею, што працавалі цэлы тыдзень, а як ехаць у вёску, на дачы — дык які там адпачынак?.. Яшчэ нядаўна вельмі чакалі вільгаці, абмяркоўвалі, як падае ціск у вадаправодзе ў сярэдзіне дня, а цяпер усе размовы пра... фітафтору: чым абернуцца гэтыя дажджы, якім прэпаратам лепш апырскваць памідоры. Ці іх увогуле ратаваць трэба: здымаць, няхай даспяваюць на падаконніку...

Каму зараз ад вільгаці добра, дык гэта лясам. І пажараў няма, і лісічкам даспадобы. Кажуць, іх цяпер шмат. Не ведаю, з-за пастаянных ападкаў да лесу пакуль не даехалі. Чарніц на мінулым тыдні, пакуль было суха, у пасёлку прадавалі багата. Хто на вагу (5,5 кілаграма за 150 тысяч), хто па аб'ёме (пяцілітровае вядзерца можна было набыць з невялікай зніжкай за 90 тысяч). Ягады смачныя, буйныя. З-пад Пекаліна, што ў суседнім Смалявіцкім раёне. І мы туды ездзілі раней увесь час.

...Які агульны настрой? Аб працы думаецца ўсё менш, значыць, арганізм да адпачынку, як той казаў, адаптаваўся. Менавіта пасля некалькіх тыдняў удалечыні ад тлумнага горада традыцыйна ўзнікае жаданне яшчэ падоўжыць водпуск. Ну, напісаць на адрас рэдакцыі нешта кшталту таго, што, маўляў, не чакайце пакуль, затрымліваемся, абыходзьцеся неяк самі, без нас. І чым далей доўжыцца адпачынак, тым мацнейшым робіцца гэта жаданне: падолей пабыць у спакоі, цішыні, удалечыні ад горада...

1375113012466_27-11

Цішыня ў водпуску — гэта асобная тэма. Яна бывае рознай. Галоўнае, у ёй няма бясконцага гулу транспарту (хаця, па шчырасці, калі, бывае, выйдзеш у выхадны ў цэнтр пасёлка, дык дарогу не перайсці — машыны ідуць суцэльнай плынню; там на цэнтральнай вуліцы нават "ляжачага паліцэйскага" паклалі і некалькі "зебраў" намалявалі). А шум рухавікоў камбайнаў, што праходзяць побач у паходным стане, успрымаецца як песня. Пакуль не было дажджоў, яны часта ездзілі: то паасобку, то невялікай калонай. Гэты гук не з чым не зблытаеш — настолькі ён адмысловы. Нават калі не бачыш саміх камбайнаў, пазнаеш.

Цішыня бывае з пеўнямі. Калі гучна пачынае паблізу адзін, потым падхоплівае трохі далей другі, яшчэ праз нейкі час ужо цішэй адгукаецца трэці. Каб пачуць пятага ці штостага недзе, магчыма, у суседняй вёсцы, трэба ўжо "навастрыць" вушы. І як толькі сціхае гэты ледзьве чутны гук, побач гучна зноў заводзіць "пераклічку" першы... Бывае ўсё тое ж самае, толькі з сабакамі. А бывае цішыня толькі з ветрам, калі нават спеваў птушак не чуваць. А іншым разам толькі яны і "гамоняць". Апошнім часам цішыня з гукамі дажджу...

Яшчэ ў вёсцы цішыня бывае напоўненая тым, што ў горадзе вельмі раздражняе, а тут гучыць натуральна: гукамі ад суседзяў. Бо гэта вам не бетонная каробка, калі за гук перфаратара з якой-небудзь кватэры (часам нават немагчыма зразумець, з якой) ты пачынаеш злавацца на ўсіх... У вёсцы — прастор, ніхто нікому не замінае. Вось чуваць, як Сяргей у гаражы рамантуе і фарбуе машыну. Слава пасля працы і ў выхадныя "кляпае" новую металічную агароджу... У Федзі заскрыгатала бетонамяшалка... Заўсёды здзіўляемся, чым займаецца Дачнік — так паміж сабой мы завём яшчэ аднаго суседа непадалёку. Участак у яго невялікі, дагледжаны. Але практычна заўсёды з яго падворку чуваць, як працуе то "балгарка", то дрыль. Цікава, што ён майструе ўвесь час? Вось і яшчэ адзін сусед залез на дах і на ўсё наваколле гучаць удары малатка: нешта рамантуе. Праўда, простыя інструменты — пілу, малаток, гэблік (за выключэннем хіба сякеры ды рыдлёўкі) пачуеш ужо нячаста: на змену ім прыйшлі шрубавёрты, бензапілы, электрадрылі, зварачныя апараты, дрэваапрацоўчыя станкі. Так, суседзі ў нас навокал "рукастыя". Але ў вёсцы без гэтага — ніяк.

...А ці ведаеце вы, які самы характэрны гук цяпер летам у сельскай мясцовасці? Ён і ў горадзе часта гучыць, але тут па-іншаму... Бензакосы! Па чарзе то тут, то там суседзі абкошваюць траву ўздоўж платоў, на ўчастках. У выхадныя іншым разам атрымліваецца "пераклічка", як з тымі пеўнямі!

А вось чаго ўжо амаль немагчыма пачуць, дык гэта як кладзецца трава пад звычайнай касой. Раней сусед Саша мог разбудзіць ранкам, калі касіў пад вокнамі траву для сваёй каровы. Але рагулю ён не трымае ўжо гады са два, калі не болей. Не чуваць больш і таго, як увечары чарада кароў вяртаецца дадому, як яны разыходзяцца на скрыжаванні — кожная ў свой бок, "раўнуўшы" на развітанне адна адной... Раней толькі побач з намі трымалі з паўтузіна рагуль. Удзень было чуваць, як бразгаюць вёдры аб рамы веласіпедаў: жанчыны ехалі на луг да моста даіць. Назад, вядома, веласіпеды ўжо кацілі з паўнюткімі вёдрамі.
У аднакласніцы, што побач жыве, шмат гадоў была карова, яна няблага зарабляла на малацэ. Колькі гадоў таму Іра збыла яе, а сама ўвогуле ўладкавалася на працу ў Мінск... Зараз, калі не памыляюся, з той колькасці людзей карова засталася толькі ў адной жанчыны, якая і носіць нам і іншым ахвотным малако. Днямі яна сказала, што павялічвае цану на яго на дзве тысячы: не хапае кармоў — дагэтуль траву выпаліла сонца, а новая не нарасла.

Адпачынак у вёсцы — гэта яшчэ пахі і смакі. Малінавага варэння, якое зварыла маці з сабраных намі ягад. Любімых жа матуліных дранікаў, якія так добра мачаць у смятану, пакладзеную ў растоплены ад шкварак гарачы тлушч у патэльні і ўбітыя туды ж яйкі (эх, трэба "завязваць" з блінцамі і мачанкай, бо ў штаны будзе цяжка потым улазіць!..) Смак сваіх саладзенькіх агурочкаў, пах толькі што набранага ў жменю з градкі кропу... Моцны пах пасля дажджу і ў начны час флёксаў, якія нездарма яшчэ называюць "панскі вечар"... Раз-пораз увечары ў паветры лунае дымок ад мангалаў: суседзі па чарзе смажаць шашлыкі. Дачнік, дык той увогуле ў абед (калі моцнага дажджу няма) гатуе толькі на адкрытым агні, для чаго зрабіў спецыяльны мангал-барбекю з камінам. І не лянуецца ж чалавек!..

...Яшчэ хачу адкрыць невялікі сакрэт. Хоць мы жывём практычна побач з цэнтрам пасёлка, завулак наш ціхі, і ў нас на ўчастку жывуць... вожыкі. Не тое, каб зусім у нас, але дзе знаходзіцца іх "бункер", мы здагадваемся... Пасяліліся яны тут вельмі даўно, гадоў пятнаццаць таму, калі не болей. Вядома, пабачыць іх можна толькі позна ўвечары або ноччу, калі выйдзеш на двор. Калі нешта заварушылася, зашамацела недзе пад плотам — значыць, прыйшлі. Упершыню вожыкі з'яўляюцца калі ў красавіку, калі ў маі — у залежнасці ад надвор'я. Бачылі і старую (або цяжарную) самку, якая аднойчы захрасла проста пад брамкай, і маленькіх вожыкаў-дзетак. Мы іх не чапаем, ды і самі яны, калі хто не ведае, бегаюць даволі хутка. Паглядзім якую хвіліну толькі на іх, паслухаем, як яны "рохкаюць". Брат аднойчы адмысловым свістам падвабліваў аднаго маладога. Той, відаць, думаў, што пішчыць мыш, падбягаў амаль да нагі, але ў апошні момант разумеў, што нешта не тое. Па нейкай адмысловай дузе адбягаў, але зноў ішоў на свіст... Відавочна, тут вырасла ўжо не адно пакаленне гэтых істот. Мы жартуем: што за нашым катом Кузем не даядуць суседскія каты, падбяруць вожыкі. Ну і на здароўе!..

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?