Вы тут

"Абарона беларускіх брэндаў становіцца пытаннем нац. бяспекі краіны"


Не так шмат часу мінула з дня заснавання Мытнага саюза. Разам з яго беспярэчнымі перавагамі даюць аб сабе знаць і праблемы, у прыватнасці, адсутнасць паўнацэннага агульнага рынку тавараў і паслуг, з-за чаго ў пэўнай ступені сёлета назіраецца зніжэнне ўзаемнага таваразвароту паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй. Вядома, у кожнай краіны свае падыходы да адстойвання нацыянальных эканамічных інтарэсаў і свае важкія аргументы на тое. Адна з узнікшых праблем агульнага для "тройкі" характару — абарона інтэлектуальнай уласнасці на тэрыторыі саюза. Для Беларусі гэта яшчэ і абарона айчынных вытворцаў ад нядобрасумленных канкурэнтаў. Пра тое, што такая небяспека існуе, "Звязда" неаднойчы пісала. Вось і чарговы раз узнікла сур'ёзная нагода закрануць гэту тэму. Нашага карэспандэнта запрасілі ў Алматы на міжнародную канферэнцыю па актуальных пытаннях абароны правоў уладальнікаў таварных знакаў у межах Мытнага саюза.

Несупадзенне прынцыпаў

Аб чым там спрачаліся? У Алматы разгарнулася гарачая дыскусія вакол тэмы, якая недасведчанаму чалавеку мала што скажа — падыходаў да выкарыстання прынцыпаў вычарпання правоў на таварныя знакі. Гучыць дыпламатычна, але па гэтай лініі паміж трыма краінамі акрэсліліся істотныя разыходжанні. У Беларусі, як і ў Расіі, прызнаецца нацыянальны прынцып вычарпання правоў праваўласніка тавару. Гэта значыць, што без згоды замежнага вытворцы яго прадукцыяй іншым нельга гандляваць на тэрыторыі краіны. А вось у Казахстане дзейнічае міжнародны прынцып: любы ахвотны можа завозіць імпартныя тавары без уліку меркавання замежнага праваўласніка. Галоўнае, каб тавары не былі падробкай, мелі ўсе неабходныя характарыстыкі арыгінальнай прадукцыі. Існуе яшчэ і рэгіянальны прынцып.

1375185270415_30-15

Чаму кожная краіна трымаецца за свой прынцып? Рэзоны наступныя. Мінск не хоча, каб з Казахстана, куды кожны можа па імпарце завозіць ліквідны тавар, той праз Расію пастаўляўся ў Беларусь — няма ўжо мытных межаў. Апошнім часам занепакоенасць Мінска выклікаюць звесткі з Масквы пра тое, што там усё часцей афіцыйныя асобы, у прыватнасці, прадстаўнікі Федэральнай антыманапольнай службы, выступаюць за ўкараненне міжнароднага прынцыпу. Звычайна яго прыхільнікі спасылаюцца на ЗША і Японію

, дзе такі падыход прыносіць плён. Аднак прадстаўнік Расіі Данііл Федаркоў звярнуў на канферэнцыю ўвагу на тое, што ЗША і Японія выступаюць за міжнародны прынцып зусім не выпадкова. Ён уключаецца толькі тады, калі ім гэта выгадна. А калі не, то адразу ўводзяцца розныя абмежаванні, узводзяцца бар'еры на шляху непажаданых замежных тавараў, якія называюць "шэрым" ці паралельным імпартам.

Самы, бадай, важкі аргумент тых расіян, якія не бачаць шкоды ад перамены прынцыпаў у тым, што імпартныя тавары значна патаннеюць. Аднак канчатковае рашэнне па гэтым пытанні ў Крамлі пакуль так і не прынятае. Даходзяць звесткі, што першы намеснік старшыні ўрада Расіі Ігар Шувалаў на спецыяльна скліканай нарадзе падтрымаў зняцце забароны на паралельны імпарт. Аднак міністэрствы эканамічнага блоку лічаць, што зялёнае святло "шэраму" імпарту істотна знізіць інвестыцыі ў вытворчасць краіны. Пытанне набыло такую актуальнасць, што яго мяркуецца разгледзець на нарадзе ў старшыні ўрада Дзмітрыя Мядзведзева, а затым, магчыма, у прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Траянскі конь ужо б'е капытамі

Амаль што ўсе прадстаўнікі Расіі ў той ці іншай ступені казалі пра выклікі ў выпадку далучэння да Мытнага саюза новых краін, у першую чаргу Кыргызстана і Таджыкістана. Так, ім членства ў Мытным саюзе прынясе істотныя эканамічныя і геапалітычныя перавагі. А вось расіянам, беларусам і казахстанцам — новыя праблемы. І галоўная — недастатковая ахова межаў патэнцыйных новых членаў. Яны і сёння даступныя для кантрабанды, ажыццяўлення шэрых схем імпарту. Пра адну з такіх расказалі на канферэнцыі: пра тое, як можна без асаблівых парушэнняў перамясціць праз мяжу вялікія партыі імпартных, пераважна кітайскіх, тавараў.

На мяжы Казахстана і Кыргызстана ёсць цікавы пункт. У пэўны час да яго з кыргызстанскага боку з'яўляюцца некалькі цяжка загружаных фур. Якраз на тое месца, дзе сабраліся некалькі сотняў мясцовых жыхароў. Іх можа быць 500, а можа і 1500 — у залежнасці ад колькасці і вагі прывезенага грузу ў фурах. Як расказалі масквічы, гэты натоўп дзейнічае даволі арганізавана і аператыўна. Тавары хуценька размяркоўваюцца па падрыхтаваных загадзя пакетах ці мяшках: прыкладна па 50 кг на аднаго чалавека. Неўзабаве людская плынь накіроўваецца на тэрыторыю Казахстана.

— Што ў мяшках?

— Асабістыя рэчы для ўласнага карыстання.

Вядома, такі груз не абкладваецца мытнымі пошлінамі. Але вось што характэрна, як падкрэслівалі масквічы, "асабістыя рэчы" без прамаруджвання таксама арганізавана і аператыўна грузяцца ў кантэйнеры новых фур, а мясцовыя жыхары за паслугу атрымліваюць пэўныя сумы грошаў. Свой расказ масквічы падмацавалі фотаздымкамі, на якіх быў адлюстраваны ўвесь працэс гэтай нескладанай гандлёва-імпартнай аперацыі. На думку аўтараў гэтага матэрыялу, такіх месцаў перавалкі кітайскіх тавараў не адно на працяглай казахстанскай мяжы, якая адначасова з'яўляецца і мяжой Мытнага саюза. І дзе, у якім горадзе Расіі ці Беларусі ўсплывуць гэтыя тавары, можна толькі здагадвацца. Таму расіян хвалюе, што апошнім часам (па іх звестках) плынь такім чынам перасунутага тавару, нярэдка падробак высокай якасці, значна павялічылася. І, зноў жа па словах расіян, сёння можна заказаць любую партыю любога тавару, які табе ў дамоўлены тэрмін прывязуць на мяжу з Казахстанам, дзе будуць чакаць 500, а можа і 1500 мясцовых жыхароў.

Цыгарэтная кантрабанда надзвычай прыбытковая

На канферэнцыі прагучаў прагноз: вялікая верагоднасць наплыву праз Казахстан з суседніх краін кантрабанднага тытуню. Наступствы такога нелегальнага гандлю могуць быць даволі небяспечнымі. Атрыманыя велізарныя сродкі часта накіроўваюцца на фінансаванне арганізаванай злачыннасці і што асабліва непажадана — на падтрымку міжнароднага тэрарызму, у тым ліку і сумнавядомай "Аль Кайды". Напрыклад, адзін з яе былых рэгіянальных лідараў М. Бельмохтар нават атрымаў мянушку "містэр Мальбара" (ад назвы амерыканскіх цыгарэт Mаrlbоrо). Займаліся і, магчыма, займаюцца і цяпер кантрабандай цыгарэт асобныя палесцінскія арганізацыі, грашыла гэтым і Ірландская Рэспубліканская Армія (ІРА). Наладжана кантрабанда цыгарэт і ў ЗША, краінах Заходняй Еўропы, Афрыцы і інш.

Матывацыя злачыннага бізнесу банальная — вельмі вялікія і даволі лёгкія грошы. На канферэнцыі прагучалі такія лічбы: кантрабанда адной каробкі (50 блокаў) цыгарэт прыносіць "навар" $1766, фургона — $78500, кантэйнера — $1570000! Адкуль такія прыбыткі? Кантрабандныя цыгарэты прадаюцца па цане ніжэй за рынкавую, а таму хутка разыходзяцца нават сярод людзей з нізкімі заробкамі. Кантрабандысты сёння прапануюць самыя вядомыя міжнародныя гатункі цыгарэт на прывабных умовах. Трэць штогадовага сусветнага экспарту тытуню прыпадае на кантрабанду, прыбыткі ад яе вымяраюцца мільярдамі долараў.

Чым пагражаюць кантрафакт і "шэры" імпарт?

Як адзначыў Аляксей Паповічаў, выканаўчы дырэктар некамерцыйнай арганізацыі "РусБрэнд", якая аб'ядноўвае вытворцаў фірменных гандлёвых марак у Расіі, ва ўмовах эканамічнага крызісу шэраговыя спажыўцы імкнуцца да максімальнай эканоміі, што стварае вельмі спрыяльныя ўмовы для вытворчасці і распаўсюджвання кантрафакту. Нагадаем, кантрафакт— гэта новы прадукт, які створаны на аснове існуючага арыгінала. А прасцей кажучы — падробка. Сёння навучыліся падрабляць амаль усё, што карыстаецца попытам. "Фірмовыя" рэчы з азіяцкіх краін па танных цэнах па-ранейшаму знаходзяць сваіх пакупнікоў, бо кантрафакт па знешнім выглядзе, дызайне часам вельмі складана адрозніць ад арыгінала. Зразумела, вытворчасць падробак незаконная. Аднак прага нажывы робіць сваё, і свет поўніцца самым разнастайным кантрафактам. Аляксей Паповічаў упэўнены ў тым, што сёння для нас важна аб'яднаць намаганні з калегамі Казахстана і Беларусі на ўзроўні некамерцыйных арганізацый і абараніць спажыўцоў ад няякаснай, а часам небяспечнай кантрафактнай прадукцыі.

Дарэчы, у Расіі дасягнуты значныя зрухі. Калі ў 2000 годзе ўзровень кантрафактнай прадукцыі ў пэўных таварных групах дасягаў 60%, то цяпер гэты паказчык у цэлым знізіўся да 10-15%, а па асобных таварах ён яшчэ ніжэй. Але ўсё роўна страты ад распаўсюджвання кантрафакту велізарныя — да $30 млрд штогод. Сітуацыя калі і паляпшаецца, то вельмі марудна.

Не спрыяе развіццю эканомікі краін "тройкі" і паралельны імпарт. Ён даволі часта ўяўляе сабой замежны, так званы стокавы, ці, інакш кажучы, заляжалы тавар. Кіраўнік "Русбрэнда" прапанаваў у рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі стварыць спецыяльны дэпартамент, які б рэгуляваў усе пытанні аховы правоў гаспадароў інтэлектуальнай уласнасці, вытворцаў фірменных гандлёвых марак. Пытанне гэта асабліва актуальнае ў святле магчымага пашырэння Саюза.

Негатыўныя наступствы распаўсюджвання незаконнага гандлю ў Мытным саюзе відавочныя. Гэта ў першую чаргу зніжае інвестыцыі ў эканоміку, бо прасцей завозіць тавары па шэрых схемах ці кантрабандна, чым наладжваць вытворчасць на новым месцы, ствараць працоўныя месцы. "Шэры" імпарцёр паразітуе на выніках працы афіцыйных дыстрыб'ютараў, бо ён не нясе амаль аніякіх выдаткаў на рэкламу, не ўдзельнічае ў "раскрутцы" брэнда, яго папулярызацыі на рынку, не займаецца адкрыццём месцаў гандлю, наладжваннем гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, скажам, складанай бытавой тэхнікі і г. д. "Шэры" імпарцёр прыходзіць на падрыхтаваную глебу і мае магчымасць прадаваць аналагічныя тавары па больш прывабных цэнах, яму не патрэбны празрыстыя ўмовы працы. .

Ды і да "шэрых" тавараў, як адзначаюць эксперты, няхай і арыгінальнай вытворчасці, часам узнікаюць пытанні па іх якасці, бо яна з-за ўмоў і тэрмінаў захоўвання, спосабаў дастаўкі можа часткова страчвацца. Звычайна "шэрыя" імпарцёры набываюць тавары, тэрмін выкарыстання якіх хутка заканчваецца. За гэта даецца велізарная зніжка, бо вытворцам і рэалізатарам выгадна "скідваць" вялікія партыі, якія яны могуць не паспець распрадаць да заканчэння тэрміну годнасці. Таксама тавары набываюцца ў ходзе так званых прамакцый, якія маюць мэтай продаж са значнымі зніжкамі ў мэтах прыцягнення ўвагі новых пакупнікоў, у краінах з больш нізкімі цэнамі на гэтыя тавары, напрыклад, у Арабскіх Эміратах.

Дыялог — гэта тое, што трэба

Альберт Таіпаў, старшыня асацыяцыі абароны і аховы фірмовых найменняў і таварных знакаў "БелБрэнд" лічыць, што абарона нацыянальных брэндаў у Беларусі становіцца пытаннем нацыянальнай бяспекі краіны. Асабліва гэта тычыцца спроб паставак кантрафактных запчастак для патрэб абароны, аўтасэрвісу, лекаў і г. д. Стварэнне Мытнага саюза прымусіла Беларусь і яе паплечнікаў па саюзе ў час сустрэчы ў Алматы па-новаму зірнуць на многія эканамічныя праблемы. Таму важным вынікам канферэнцыі стала далучэнне "БелБрэнда" да пагаднення аб развіцці некамерцыйнага партнёрства ў галіне абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, якое было падпісана яшчэ 11 лютага 2010 года ў Маскве ў рамках Мытнага саюза паміж "Садружнасцю вытворцаў фірменных гандлёвых марак у Расіі ("РусБрэнд") і Казахстанскай асацыяцыі ўладальнікаў таварных знакаў ("КазБрэнд").

На думку Альберта Таіпава, ужо недастаткова толькі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў вырашаць інтэграцыйныя працэсы. Ёсць вялікая небяспека паўтарыць лёс асобных папярэдніх рэгіянальных утварэнняў. Таму адзіны шлях пазбегнуць гэтага — умець дзяржаўным структурам і бізнесу дамаўляцца паміж сабой на ўзроўні партнёрства. Надышоў час рашучых практычных крокаў у кірунку збліжэння пазіцый краін — членаў інтэграцыйнай супольнасці.

— Дыялог — той шлях, які можа дапамагчы нам у вырашэнні многіх пытанняў, з якімі сутыкаюцца сёння краіны "тройкі". Мы настроены на тое, каб прапанаваць кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў распрацаваць надзейныя механізмы і інструменты абароны нашых вытворцаў ад нядобрасумленных канкурэнтаў, — гаворыць Альберт Таіпаў.

Леанід Лахманенка.

Мінск — Алматы

Загаловак у газеце: Альберт Таіпаў: "абарона беларускіх брэндаў становіцца пытаннем нацыянальнай бяспекі краіны"

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.