Вы тут

Духоўная радасць


Бласлаўленне Патрыярха Кірыла, Крыж Андрэя Першазванага і сотні вернікаў на мінскім чыгуначным вакзале. Карэспандэнт "Звязды" занатаваў асноўныя імгненні сустрэчы прадстаяцеляў і прадстаўнікоў праваслаўных памесных цэркваў на сталічнай прывакзальнай плошчы.

Цёплы вечар нядзелі. У лічаныя хвіліны вялікае блішчастае фае вакзала з шумнага вулля ператварылася ў сапраўдны аплот маўклівасці. Яшчэ некалькі хвілін таму ў ім сапраўды не было дзе прыткнуцца, а цяпер тут пануе цішыня, раз-пораз чуваць абрыўкі фраз з размоў ахоўнікаў. Меры бяспекі ўзмоцненыя, бо ўпершыню ў Беларусь на святкаванне 1025-годдзя Хрышчэння Русі прыязджаюць прадстаяцелі і прадстаўнікі амаль усіх памесных цэркваў.

Але большая частка вернікаў чакае Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла каля выхаду. Трымаючы ў руках малітоўнікі, яны час ад часу перашэптваюцца, са здзіўленнем пазіраюць на моладзь, што так і не зразумела, куды трапіла.

— Людцы, а што тут робіцца? — пачуўся нізкі голас з боку шматлюднага натоўпу. — Кіно здымаюць?

1375185271140_1

Аднак сярод дзівакоў вока знаходзіць больш цікавых суразмоўнікаў. Прыйшлі да вакзала сустрэць Патрыярха і замежныя паломнікі.

— Я сачыла за святкаваннем Хрышчэння Русі з дапамогай радыё і тэлебачання. Пасля чарговага рэпартажу адчула, што нешта вельмі згубіла, — кажа Наталля, якая прыехала ў Мінск з няблізкага Вялікага Ноўгарада. — А калі ўбачыла святочны Кіеў, дык у мяне проста душа разбалелася. Адразу села на цягнік і паехала ў Беларусь.

Мікалай Ладуцька, старшыня Мінгарвыканкама

, таксама тут. Аднак ён наўрад ці чуе, што кажуць за чырвонай стужкай агароджы. Ён увесь засяроджаны на сваіх думках.

— Хрышчэнне Русі — значнае і вельмі важнае свята, — Мікалай Аляксандравіч усё ж такі знайшоў хвілінку для "Звязды". — Магчыма, многія яшчэ не цалкам ацэньваюць яго значнасць і маштаб. Духоўныя праяўленні матэрыялізуюцца не так хутка. Мы верым, што тыя пажаданні, якія выказваюць у гэтыя дні, адгукнуцца ў сэрцах, душах нашых жыхароў, дазволяць зрабіць жыццё яшчэ больш чыстым, добрым, міласэрным, што адаб'ецца і на якасці жыцця.

Непадалёк, каля годнага прадстаўніцтва беларускага духавенства, з веданнем справы расстаўляе харыстаў Дзмітрый Такмакоў, рэгент святочнага мужчынскага хору Усіхсвяцкага прыхода.

— Свяцейшага сустракаем упершыню, але асаблівага хвалявання не адчуваем. У нас прысутнічае духоўная радасць, — бадзёра, ахвотна кажа Дзмітрый. — Выконваць будзем трапары да 1000-годдзя Хрышчэння Русі і трапары Андрэю Першазванаму. Рыхтаваліся тыдзень. Працы было шмат, а таму збіраліся так часта, як гэта было магчыма. Распеўкі былі даволі плённымі.

Імя Андрэя Першазванага нездарма прысутнічае ў рэпертуары хору. Разам з ганаровымі гасцямі ў Мінск прыбыла святыня — крыж, на якім быў распяты апостал. Да 2 жніўня яна будзе знаходзіцца ў сталічным храме-помніку Усіх Святых.

— Крыж Андрэя Першазванага ўпершыню даставілі ў Беларусь, — распавядае айцец Сяргей Лепін, прэс-сакратар Мінскай епархіі. — Прыбыццё святыні, якая дапамагае нам дакрануцца да гісторыі першых стагоддзяў хрысціянства, павінна падбадзёрваць нас да адраджэння ўласных пачуццяў, сваёй веры і любові...

1375185271377_2

Спецыяльны цягнік прыбыў на перон з Кіева пасля адзінаццатай гадзіны. Свяцейшы з'явіўся на плошчы разам з мітрапалітам Філарэтам пад разлівісты перазвон, няспешна бласлаўляючы прысутных. Разам з астатнімі гасцямі сталіцы каля вакзала ён затрымаўся ненадоўга, а пасля з'ехаў у суправаджэнні у картэжы аховы...

— Вы толькі ўявіце, што ў Мінск з кожнай памеснай царквы прыехаў прадстаяцель, прадстаўнік. І кожны прывёз з сабой часцінку праваслаўнай веры са сваёй зямлі, — ужо наўздагон кажа нам матушка Гаўрыіла, ігумення манастыра Раства Багародзіцы ў Гродне. — Ведаеце, ёсць такое выказванне: "Падзеленае гора — палова гора, а падзеленая радасць — двайная радасць". Менавіта двайную радасць мы перажываем зараз.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.