Вы тут

Другое жыццё "Беларусаў у свеце"


Магчымасць пазнаёміцца з артэфактамі, якія расказваюць пра беларускую дыяспару за мяжой, зноў з'явілася ў Мінску. У Інстытуце культуры Беларусі пачала працу выстаўка "Беларусы ў свеце", падрыхтаваная сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем.

На выстаўцы прадстаўлены калекцыі фотаздымкаў, твораў выяўленчага мастацтва, кніг, рукапісаў, памятных знакаў, асабістых рэчаў вядомых беларусаў з Аўстраліі, Германіі, ЗША, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі... Сама экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: асноўная частка — экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, другая — карціны, што прэзентавала латвійскае аб'яднанне мастакоў Балтыі "Маю гонар".

Калекцыя выставы раней належала рэспубліканскаму навукова-асветніцкаму цэнтру імя Францыска Скарыны, які ўзначальваў Адам Мальдзіс. Калі цэнтр быў расфарміраваны, экспанаты былі размеркаваны па некалькіх ведамствах. Сам ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, супрацоўнік Інбелкульта Адам Мальдзіс

адзначыў:

— Адкрыццё выставы — заключны акорд ІV з'езда беларусаў свету. Сёлета адзначаецца 20-годдзе першага з'езда, а таксама і 20-годдзе нашага музея. Бо менавіта тады, на першым з'ездзе, было прынята рашэнне стварыць музей "Беларусы ў свеце". На пераломе стагоддзяў, калі перастаў існаваць цэнтр Францыска Скарыны, музей далучылі да педагагічнага ўніверсітэта без перадачы маёмасці адпаведным актам.

Адам Іосіфавіч паведаміў, што цяпер у экспазіцыі не хапае некалькіх каштоўных рэчаў: карціны Яна Кузьміцкага, грамафона кампазітара Міколы Равенскага, а таксама дакумента, адрасаванага Лювенскаму ўніверсітэту (Бельгія), дзе вучыліся беларусы, з блаславеннем гаварыць казанні на беларускай мове.

— Хутчэй за ўсё мы распачнём гэтую справу праз пракуратуру, а магчыма — і праз Інтэрпал, — сказаў Адам Мальдзіс.

Яго калега, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інбелкульта Ала Сташкевіч падкрэсліла, што сёння Інстытут культуры Беларусі пазіцыянуе сябе не толькі як адукацыйная і навукова-даследчая ўстанова, але і як культурны цэнтр. Таму інстытут ужо другі год запар займаецца зборам інфармацыі і вывучэннем дзейнасці беларускіх дыяспар за мяжой, фарміруе архіў даных аб нашых земляках, якія праслаўляюць Беларусь і яе культуру ў іншых краінах.

— Ідэя вярнуць здабыткі Скарынаўскага цэнтра ў сцены Інбелкульта з'явілася даўно, і мы паступова яе рэалізоўваем. Адкрыццё выстаўкі — гэта першы крок вяртання той цікавай калекцыі. Мы вельмі ўдзячныя Нацыянальнаму гістарычнаму музею, што каля 60% гэтай калекцыі захавалася, — сказала яна.

У сваю чаргу, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмой на адкрыцці выстаўкі паабяцаў, што яго ўстанова зробіць усё магчымае, каб аднавіць калекцыю ў выглядзе асобнага музея ці філіяла.

Гэта цалкам магчыма, бо экспазіцыя расце літаральна "на хаду": падчас адкрыцця калекцыя папоўнілася некалькімі кнігамі і іншымі артэфактамі, якія перадалі Інстытуту культуры беларусы замежжа. Падараваць экспанаты і пазнаёміцца з выстаўкай прыйшлі старшыня таварыства "Беларусь — Бельгія" Тамара Антановіч, беларуская мастачка з Францыі Вольга Дзёмкіна, старшыня Літоўскай асацыяцыі беларусістаў Лілея Плыгаўка і іншыя прадстаўнікі беларускіх дыяспар.

— Нам, як мастакам беларускага замежжа, хацелася б, каб нашы творы знаходзіліся ў дзяржаўных беларускіх сховішчах, — сказаў на адкрыцці выставы кіраўнік суполкі "Маю гонар" Вячка Целеш. — Таму некаторыя нашы працы мы прывезлі ў падарунак музею "Беларусы ў свеце". Дзякуем Міністэрству замежных спраў Беларусі і асабіста паслу Беларусі ў Латвіі Аляксандру Герасіменку за дапамогу ў перавозе карцін.

Выстаўка будзе працаваць у Інстытуце культуры Беларусі да кастрычніка.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».