Вы тут

Летнікі для багацеяў. У маёнтку


У Гродзенскім раёне існуюць два Свяцкі, былыя гнёзды мясцовай шляхты. Адзін шырокавядомы — Свяцк магнатаў Валавічаў — пабудаваны па праекце папулярнага ў свой час архітэктара, "тутэйшага італьянца" Юзэфа(Джузэппэ) дэ Сако. А вось другі Свяцк малавядомы.Гісторыю яго ведаюць толькі мясцовыя старажылы, вучоныя гісторыкі ды краязнаўцы. Для астатніх гэта вёска Радзівілкі з крухмальным заводам, які доўга славіўся з часоў Гурскіх. А між тым гісторыя помніка адметная.

Адной з цікавых старонак у жыцці ўладальнікаў сядзібы быў турызм. З успамінаў нашчадкаў Гурскіх Ежы і Мікалая, якія зараз жывуць у Варшаве, і кожны год наведваюць сваю сядзібу, мы даведаліся, што ў 30-я гады ХХ стагоддзя турызм, наладжаны ў маёнтку, быў адным са сродкаў папаўнення казны і выжывання ў экстрэмальных умовах. А для нашай мясцовасці гэта быў сапраўдны піянерскі пачын.

Пра значэнне турызму і краязнаўства шырока вядома выказванне вялікага рускага педагога К.Д. Ушынскага

, які пісаў: "З уражанняў майго жыцця я вынес глыбокую ўпэўненасць, што цудоўны ландшафт мае вялікі выхаваўчы ўплыў на развіццё чалавека. Адзін дзень, праведзены сярод лясоў, палёў, каштуе многага".

Развіццё турызму ў нашай мясцовасці амаль не даследавана. А між тым, ён развіваўся ў панскіх маёнтках.

Амаль усе ўладальнікі шляхецкіх сядзіб былі зацікаўлены, каб іх маёнтак прывабліваў гасцей. У маёнтку пана Тукалы, што ў вёсцы Белыя Балоты, было ўсё зроблена для таго, каб госці любаваліся прыгажосцю навакольных пейзажаў. І сапраўды, добраўпарадкаваны парк з усёй інфраструктурай для адпачывальнікаў, ружоўнік з сотнямі гатункаў руж, двор, па якім гулялі паўліны і беглі цацаркі, міні-звярынец, парк з экзатычнымі алеямі з лістоўніц, ясеню і глогу, лебядзінымі азёрамі, паляванне ў лясах пакідалі ў гасцей незабыўнае ўражанне. Тады гэта лічылася толькі адпачынкам для запрошаных гасцей, якія маглі ацаніць умельства гаспадара, параўнаць яго сядзібу са сваёй, штосьці пераняць для сябе. Сёння мы такія добраўпарадкаваныя дамы з усёй інфраструктурай для адпачывальнікаў называем аграсядзібамі.

Дачку Тукалы, Марыю-Гэлену, вылучала любоў да прыроды роднага краю. Яна любіла вандроўкі, адпачынак каля начных кастроў. Часам маглі бачыць, як яна грацыёзна імчалася на арабскіх скакунах, ліха пераскокваючы платы і агароджы, любіла паляванне. У 1925 годзе яна выйшла замуж за багатага шляхціча з суседняга маёнтка Юзафа Гурскага.

Прафесійна заняцца турызмам у маёнтку Гурскіх яе прымусілі абставіны. Справа ў тым, што ў 1930-я гады амаль усе шляхецкія гнёзды прыходзілі ў заняпад.Такі ж лёс чакаў і Свяцк Гурскіх. Эканамічнае становішча маёнтка значна пагоршылася. У 1934 годзе моцны лівень знёс палеткі тытуню ў азёры, ад салетры загінула рыба, ды і крухмальня давала невялікі прыбытак, неабходна было мадэрнізаваць абсталяванне. Маёнтак неабходна было ратаваць ад банкруцтва. Выхад са становішча падказала жанчына Марыя-Гэлена Гурская. Яна вырашыла наладзіць летнік для багацеяў. У кароткі час былі перабудаваны двор, канюшня, ставы. Для адпачывальнікаў было адведзена 12 пакояў з водаправодам, ваннай, каналізацыяй, устаноўлены тэнісныя корты, адрамантаваны більярдны пакой, добраўпарадкаваны выхад да Аўгустоўскага канала, які знаходзіцца за два кіламетры ад сядзібы. Госці маглі пайграць на раялях (іх было два), скарыстацца багатай бібліятэкай, гуляць па анельскім парку. У парку, на мяжы з лясным масівам, было ўзвышша Гарадзенскае клято, альбо Ангалія,(што ў перакладзе з літоўскай мовы абазначае "на мяжы"), дзе знаходзіўся рытуальны камень. Па павер'ях, калі да яго дакрануцца, то любое жаданне збудзецца. У парку было яшчэ і дрэва кахання, на якім кожны ахвотны мог пакінуць памяць аб сабе. Сапраўдным помнікам прыроды былі дзве ліпы, сплеценыя між сабой, з пышнай адной кронай уверсе. Любімым месцам адпачынку, як паведалі нам нашчадкі Гурскіх, былі ставы, азёры. Іх вакол сядзібы было чатыры. Кожнае возера мела сваё прызначэнне. Берагі ставоў былі абвіты вінаграднай лазой. Практыку вырошчвання гэтай экзатычнай расліны Гурскія перанялі ад манахаў-камедулаў. Тут можна было палюбавацца прыгажунамі лебедзямі, пакатацца на лодках, пакупацца, папаляваць на качак, ды і для заўзятых рыбакоў тут знаходзіўся занятак. У выхадныя дні адпачывальнікі наведвалі тэатр, які прыязджаў з Гродна. Дзяцей вучылі грэблі, каталі па парку на восліку. У доме казак ладзілі для іх тэатралізаваныя прадстаўленні, развучвалі гульні. Адным словам, слава пра летнік ішла далёка. Турыстычная дзейнасць значна ўмацавала эканамічнае становішча ўладальнікаў. Свяцк прадаўжаў свой росквіт.

Сёння радуе нас тое, што Свяцк Гурскіх знайшоў новага гаспадара. Можна спадзявацца, што гэты цудоўны помнік з яго слаўнай гісторыяй у хуткім часе будзе зноў цікавым аб'ектам для турыстаў, бо для гэтага тут ёсць усе прыродныя ўмовы. Рэканструяваны Свяцк Гурскіх дасць магчымасць падкрэсліць прыгажосць нашай малой радзімы, а таксама паказаць магчымасць развіцця агратурызму ва ўмовах мясцовага ландшафту.

Марыя Храмлюк,
педагог дадатковай адукацыі

Гродзенскага раённага цэнтра

творчасці дзяцей і моладзі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.