Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: "Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання павінны быць аднастайныя для ўсіх"


Пра гэта Прэзідэнт заявіў на нарадзе аб удасканаленні правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Правілы павінны быць аднастайныя для ўсіх, выразныя і зразумелыя, не пакідаць пралазу для нячыстых на руку", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтых мэтах па яго даручэнні было арганізавана грамадскае абмеркаванне правіл. Ён падкрэсліў, што сёння трэба дэталёва разгледзець вынікі гэтага абмеркавання і прапанаваць людзям такія правілы, якія найбольш адпавядалі б сучасным патрабаванням, што прад'яўляюцца да паляўнічагаспадарчай і рыбалоўнай дзейнасці, садзейнічалі павышэнню яе эфектыўнасці, папярэджанню парушэнняў у гэтай сферы і найбольш поўна ўлічвалі пажаданні радавых паляўнічых і рыбаловаў, зрабілі б гэты від адпачынку і турызму масавым і даступным. "Гэта значыць усё, што мы сёння прымем, у асноўным ідзе ад саміх паляўнічых, рыбаловаў і ў цэлым нашага грамадства", — заўважыў Прэзідэнт.

"Мы ні ў якім разе новымі правіламі не павінны нанесці шкоду дзяржаве і забараніць людзям займацца гэтымі відамі дзейнасці. Але кожны чалавек павінен разумець, што, калі мы пачнём страляць усіх і ўсё, лавіць электравудачкамі, сеткамі і іншымі прыстасаваннямі ўсё, што варушыцца ў вадаёмах, праз два гады ні ў лясах, ні ў вадаёмах нічога не застанецца", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гэты від дзейнасці не з'яўляецца найпершай неабходнасцю для жыццядзейнасці чалавека, а як забава і адпачынак, а таму за гэта трэба плаціць як паляўнічым, так і рыбаловам. "Калі хтосьці ўзяў у арэнду возера або паляўнічую гаспадарку, за гэта трэба плаціць,
і немалыя грошы. А каб арандатар не нёс страт, ён разбярэцца, колькі возьме з тых, хто прыехаў да яго паляваць або рыбачыць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў весці вельмі строгі кантроль за развядзеннем жывёл: "У нас няма значных запасаў карысных выкапняў. Менавіта таму мы павінны з патроенай энергіяй ахоўваць тое, чым прырода надзяліла нас шчодра". Ён нагадаў, што ў гэтых мэтах былі прыняты дзяржаўныя праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці да 2015 года.

"Як мне дакладваюць, праграма развіцця паляўнічай гаспадаркі ў цэлым выконваецца і нібыта ў нас дадатная дынаміка павелічэння колькасці асноўных відаў дзікіх жывёл", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ў той жа час, напрыклад, у рыбалоўнай гаспадарцы не ўсё паспяхова: заданні па лоўлі рыбы з прыродных вадаёмаў не выконваюцца, у тым ліку Віцебскім, Брэсцкім, Магілёўскім аблвыканкамамі і арганізацыямі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта

, шмат скаргаў з месцаў на безгаспадарчасць, іншыя недахопы на арандаваных вадаёмах. "Наогул павінен сказаць, што ролі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у працэсах навядзення парадку і развіцця рыбалоўства да гэтага часу не відаць", — сказаў Прэзідэнт.

"Але што насцярожвае больш за ўсё, дык гэта браканьерства і іншыя злачынствы ў гэтай сферы", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мяне супакойваюць у справаздачах: маўляў, усё стабілізавалася ў паляўнічых гаспадарках, няма прыросту небяспечных парушэнняў. Удумайцеся: пад тысячу адзінак канфіскаванай зброі, дзясяткі тон незаконна здабытага мяса дзікіх жывёл. А што робіцца ў рыбалоўстве?! Колькасць парушэнняў штогод змяншаецца, дакладваюць, і летась зарэгістравана ўсяго нічога — 5 тыс. выпадкаў. Памнажайце спакойна на 3, а можа, на 5, і вы будзеце ведаць, колькі было гэтых парушэнняў, а можа, і на 10. Браканьерскіх сетак канфіскавалі больш за 300 км, незаконна здабытай рыбы зарэгістравана 14 т", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт вельмі абураны пэўнай інертнасцю праваахоўнікаў у гэтай сферы. "Мяркуйце самі. Першая рэдакцыя правіл была прынята ў 2005 годзе. За гэты час у іх дзесяць разоў уносіліся змяненні. І, нягледзячы на ўсе гэтыя так званыя ўдасканаленні, у некаторых службовых асоб, адказных за названую сферу, хапае смеласці гаварыць аб недахопах дзейнага заканадаўства, якія даюць магчымасць парушальнікам ухіляцца ад адказнасці. Дык вы ж стваралі гэтыя правілы, дзесяць разоў іх змянялі, і ўсё роўна вам чагосьці не хапае", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Неабходна пакласці канец гэтай цяганіне і неразбярысе! І не дай бог пасля таго, як Прэзідэнт падпіша ўказ аб зацвярджэнні новых правіл палявання і рыбалоўства, зноў узнікнуць дзіркі і вы скажаце, што вам не хапае заканадаўства, — крыўдуйце самі на сябе, ад урада да адпаведных нізавых структур", — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы павінны выйсці на прыняцце нармальных рашэнняў. Ніякага згодніцтва, толькі дзяржаўны падыход", — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных на нарадзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».