Вы тут

Роднаму краю часцінку душы прысвячаю


Бадай у кожным рэгіёне Беларусі ёсць людзі, якія, ахвяруючы сваім часам, адпачынкам, корпаюцца ў архівах для таго, каб знайсці нешта новае пра свой родны кут, яго гісторыю. Мясцовыя насельнікі з павагай называюць іх краязнаўцамі. Ёсць такі чалавек і ў гарадскім пасёлку Смілавічы, што пад Мінскам. Іван Паўлавіч Ярашэвіч нарадзіўся ў вёсцы Хатынічы на Брэстчыне, але з 1969 года жыве ў Смілавічах, да якіх прыкіпеў душой. Гісторык па адукацыі, доўгі час працаваў дырэктарам школы, ды і цяпер, на пенсіі, не сядзіць склаўшы рукі. Менавіта дзякуючы яго няўрымслівасці сталі вядомымі многія новыя факты з гісторыі пасёлка. На кожную падзею ў Івана Паўлавіча свой адметны погляд, які не супадае з агульнапрынятым. Івана Ярашэвіча прырода надзяліла шмат якімі здольнасцямі. Ён калекцыянуе манеты, папяровыя грошы, піша вершы, рамансы, прозу, займаецца бортніцтвам, але ўсё ж галоўная справа яго жыцця — краязнаўства.

Пасёлак Смілавічы вольна раскінуўся ўздоўж берага ракі Волма. Дакладнай даты ўзнікнення яго няма. У адным з дакументаў згадваецца, што ў 1483 годзе тут узведзена новая царква. Некаторыя лічаць, што прыкладна ў гэты перыяд і стварылася паселішча. Але Іван Паўлавіч прытрымліваецца іншай думкі: пасёлку не менш за тысячу гадоў. А ў знак доказу запрашае мяне наСвятую гару, што знаходзіцца якраз па дарозе ў суседнюю Слабодку.

Здалёк відаць парослы дрэвамі пагорак. Паднімаемся на яго, і становіцца зразумела, што ён створаны чалавекам: мае правільную акруглую форму, акружаны валамі і ровам. У цэнтры  —  каменны ідал, форма якога нагадвае торс чалавека. Побач рэшткі каменя з паглыбленнем, куды нашы продкі клалі ахвяраванні. Гэта камень — следавік, які назвалі След Божай Маці, або ступня Магдаленкі. Згодна з паданнем, тут калісьці праходзілі аж тры Багародзіцы. Адна з іх павярнула ў Дудзічы, другая ўНавасёлкі, а трэцяя, перш чым ісці ў Ляды, адпачывала на гэтым камяні, дзе пакінула след. Побач з каменным крыжам — драўляны, абвязаны ручніком, паперадзе змешчана ікона Багародзіцы. Капішча, па ўсім відаць, да гэтага часу з'яўляецца культавым месцам для мясцовых насельнікаў, пра што сведчаць ахвяры: цукеркі, печыва, манеты.

— Тут было паганскае свяцілішча, гэты помнік захаваўся з язычніцкіх часоў. Мясцовыя жыхары расказвалі, што некалі тут стаяў каменны ідал, які я вырашыў адшукаць недзе ў 70-х гадах мінулага стагоддзя разам з адным чалавекам. І нам пашанцавала, — распавёў Іван Паўлавіч. — Да 1954 года Святая гара мела практычна першапачатковы выгляд. А затым тут пачалі хаваць людзей.

"Смелыя лавічы" жывуць у Смілавічах

 

Па адной з версій, назва Смілавіч паходзіць ад татарскага імя Сміл (Алах усё чуе). Але мой суразмоўца думае інакш:

1375267046802_31-10

1375267046802_31-10

 

— Існуе шмат варыянтаў паходжання назвы: ад славянскага слова "смелы", ад слова "смілка" — трава, якой тут багата. Прааналізаваўшы розныя версіі, я схіляюся да таго, што назву паселішчу далі "смелыя лавічы" (смелыя лаўцы). Смілавіцкая зямля заўсёды была прыдатнай для пражывання: рэкі, лясы, да паселішча прымыкала Дукорская пушча. Тут ахвотна сяліліся рыбакі, земляробы, і, бясспрэчна, паляўнічыя.

Пасёлак вельмі цікавы, багаты гісторыяй, у якой пакінулі след шмат якія вядомыя людзі: Ваньковічы, Кезгайлы, Радзівілы, Завішы, Сапегі, Агінскія, Манюшкі. Тутэйшыя людзі з пакалення ў пакаленне перадаюць цікавую легенду. Сын паноў Ельскіх закахаўся ў дачку Ваньковічаў. Але яны не дазволілі маладым пабрацца шлюбам, бо Ельскія былі не вельмі багатыя, да таго ж і слылі рэфарматарамі. Дзяўчына нарадзіла ад каханага пазашлюбнага сына, але дзіця памерла. Цень безуцешнай маці да гэтага часу блукае па алеях парку.

Радок у радавод

Аднойчы Івану Паўлавічу патэлефанавалі мінскія сябры і папрасілі дапамагчы расіянцы, якая шукае свае карані. Як расказала жанчына, у 20-я гады мінулага стагоддзя яе прадзеда і прабабку прымусова перасялілі са Смілавіч у Джанкойскую акругу. Затым прадзед змяніў яўрэйскае прозвішча на рускае, а ў пачатку вайны загінуў. Але з пакалення ў пакаленне перадавалася, што сям'я вядзе радавод са Смілавіч. Іван Паўлавіч вадзіў госцю па яўрэйскіх могілках, паказаў трагічную Саламянку, наладзіў сустрэчы з местачкоўцамі, але ніхто нічога не ведаў. Разам перагледзелі нават тэлефонныя даведнікі раёнаў Мінскай вобласці — ніякай зачэпкі.

Удача ўсміхнулася даследчыку пазней, калі ён вывучаў матэрыялы пра свайго земляка Мірановіча (Я.Ф. Фількенштэйна) для новай кнігі. І зусім выпадкова ў вочы даследчыку кінулася шэрая паперка аб перасяленні жыхароў Ігуменшчыны і тагачаснага Смілавіцкага раёна. Як сведчыў дакумент, сапраўды, у сакавіку—ліпені такія падзеі мелі месца. Смілавіцкіх і чэрвеньскіх яўрэяў адпраўлялі на поўдзень Савецкага Саюза — у Джанкойскую акругу, Еўпаторыю (Крым), а беларусаў чамусьці ў Амурскую, Ачынскую, Іркуцкую, Томскую, Уральскую, Хабараўскую акругі. Адказваў за перасяленне Народны камісарыят земляробства, а на месцах — акруговыя зямельныя ўправы. Гэтая справа была як бы добраахвотнай, але заключалася насамрэч у словах "ты паедзеш". У першую чаргу на чужыну адпраўлялі незадаволеных савецкай уладай. Гаспадару сям'і выдавалася пасведчанне з указаннем колькасці дамачадцаў, канкрэтны адрас месца будучага жыхарства, нумар участка, колькасць зямлі ў паях на кожнага чалавека. Перасяленцаў заахвочвалі браць з сабой прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчыя прылады працы, інвентар, жывёлу: кароў, коз, авечак, коней. Улады спадзяваліся, што з іх дапамогай навасёлы хутчэй асвояць неабжытыя землі.

Пад пасведчаннем за № 61 у Джанкойскую акругу выязджаў 28-гадовы смілавіцкі яўрэй Каган Айзік Беркавіч. Разам з ім — яшчэ 13 чалавек, у тым ліку адзіная жанчына — Малка Давідовіч. Цікава, што імі не было заяўлена ніякіх пажыткаў для перавозкі.

Вось так, дзякуючы высілкам мясцовага краязнаўцы, сотні людзей змаглі ўпісаць у свой радавод яшчэ адзін радок, узнавіць перарваную сувязь пакаленняў.

Дадам, што Іван Паўлавіч — аўтар распрацоўкі версіі пра скарб Напалеона. Усе лічаць, што ён схаваны ў Беларусі, называюць розныя месцы, у тым ліку і раку Бярэзіну. Раней і наш герой так думаў, а на ідэю адшукаць багацці Банапарта захварэў яшчэ ў студэнцкія гады. Але пазней, прааналізаваўшы характар імператара, высунуў іншую гіпотэзу. Скарб паспяхова дастаўлены ў Францыю і захоўваецца ў Парыжскім банку, а магчыма, нават і ў Швейцарыі. На думку даследчыка, Напалеон знарок дэзынфармаваў рускіх. І нават цяпер яшчэ яго недаацэньваюць: на самой справе ён быў аналітык, псіхолаг.

Беларускі мастак французскай школы

У 1893 годзе ў смілавіцкай беднай яўрэйскай сям'і нарадзіўся хлопчык, які стаў вядомым мастаком так званай "французскай школы" — Хаім Суцін. З дзяцінства Хаім цікавіўся маляваннем, жывапісам. Але бацькі былі супраць таго, каб сын стаў мастаком. У 1907 годзе Хаім уцёк з дому ў Мінск, затым перабраўся ў Вільню, а ў 1913-м трапіў у Парыж. Пра парыжскі след нашага земляка вядома шмат.

І амаль нічога невядома пра смілавіцкі перыяд жыцця славутага мастака.

— Яшчэ ў савецкія часы, калі не было інтэрнэту, а доступ да інфармацыі быў абмежаваны, гэтае прозвішча трапляла ў поле зроку, паколькі я цікавіўся гісторыяй Смілавіч. Толькі ў незалежнай Беларусі гэтай тэме надалі гучанне,  — зазначае гісторык. — Але і тут трапляецца шмат недакладных звестак. У прыватнасці, некаторыя выданні пішуць, што яго бацькі былі расстраляны разам з яўрэямі падчас вайны. На самой справе яны памерлі сваёй смерцю яшчэ перад вайной і, мяркую, пахаваны на Смілавіцкіх могілках. Іх магілы спрабаваў адшукаць, але зрабіць гэта складана. Нядаўна я сустракаўся са сваяком Хаіма Суціна па лініі маці Альбертам Плаксам. Ён нарадзіўся ў Смілавічах, працаваў у Мінску, цяпер жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. Мужчына таксама хацеў больш даведацца пра свайго родзіча. З сабой ён прывёз сына — дызайнера Гелера, каб той падыхаў паветрам радзімы, акунуўся ў атмасферу пасёлка, адкуль карані яго продка. Што тычыцца ўвекавечання славутага земляка, то размова пра гэта вялася неаднаразова. Але невядома, дзе стаяў дом Суціных. Збіраюся папрацаваць у гістарычным архіве, адкуль паведамілі, што знойдзена некалькі тысяч неапрацаваных чарцяжоў населеных пунктаў. А раптам пашанцуе?

Інтэлект, інтэрнацыяналізм, памяркоўнасць

Смілавічы — высокаінтэлектуальны пасёлак, дзе жыве шмат інтэлігенцыі, лічыць мой суразмоўца. Да нядаўняга часу тут было дзве сярэднія спецыяльныя навучальныя сельскагаспадарчыя ўстановы, якія аб'ядналі ў каледж. Працуюць дзве агульнаадукацыйныя школы, два дзіцячыя садкі, якія не могуць прыняць усіх дзетак, таму плануецца будаўніцтва трэцяга. А гэта сведчыць пра спрыяльную дэмаграфічную сітуацыю ў пасёлку. Актыўна развіваецца прыватны бізнес, асабліва ў гандлёвай сферы. І сапраўды, цэнтральную плошчу пасёлка абляпілі прыватныя крамы, дзе даволі памяркоўныя цэны і багаты асартымент. Па словах мясцовых насельнікаў, ніводная з іх яшчэ не абанкруцілася, не закрылася. На думку Івана Паўлавіча, гандаль у Смілавічах развіты нават лепш, чым у райцэнтры. "Вы не задумваліся, чаму?" — цікавіцца ён у мяне.

— Відаць, дзяржава дае нейкія прэферэнцыі, ільготы тым, хто адкрывае справу ў сельскай мясцовасці, — выказваю сваю думку.

— Гэта таксама трэба ўлічваць, але, на мой погляд, прычына ў іншым. Людзі тут жывуць заможна. Добрыя заробкі на валюшна-лямцавай фабрыцы. А шмат хто працуе на буйных сталічных заводах: колавых цягачоў, аўтамабільным, трактарным; у прамысловай зоне "Шабаны", Нацыянальным аэрапорце. Смалявічы — юрыдычна горад-спадарожнік Мінска, а Смілавічы — фактычна.

Смілавічы — пасёлак інтэрнацыянальны. Па падліках майго суразмоўцы, тут жывуць прадстаўнікі не менш як 18 нацыянальнасцяў: беларусы, рускія, украінцы, палякі, немцы, грузіны, азербайджанцы, цыганы, літоўцы, латышы, яўрэі, гагаузы, малдаване і іншыя. І як вынік, тут мірна суіснуюць розныя канфесіі. Вядучы храм — праваслаўны. Айцец Валяр'ян па блаславенні Мітрапаліта Філарэта лечыць хворых словам божым, па дапамогу да яго едуць не толькі беларусы, але і расіяне, украінцы, літоўцы, латышы. Касцёл у мястэчку не адноўлены, але вернікі моляцца ў капліцы. Генерал-маёр авіяцыі ў адстаўцы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, выпускнік смілавіцкай сярэдняй школы №1 1941 года Карл Крэпскі спансіраваў узвядзенне святыні, у якой кожную нядзелю ідзе служба. Карл Іванавіч калісьці абяцаў бацькам, якія за яго маліліся, каб застаўся жывы на фронце, аднавіць капліцу. На гэтых могілках пахаваны яго дзед, бабуля, бацькі. Ён таксама завяшчаў, як прызнаўся, быць пахаваным тут.

Царква хрысціян веры евангельскай з'явілася ўжо ў незалежнай Беларусі, па паходжанні яе пастыр — малдаванін, вельмі шмат зрабіў для вернікаў, стварыў нават пакой маці і дзіцяці. Прыхаджане ўсіх канфесій жывуць у міры і згодзе, адзначаюць разам святы: Рамазан, Вялікдзень па абодвух календарах.

— А мужчыны не п'юць гарэлку? — пацікавілася ў Івана Паўлавіча.

— Не без гэтага. Выпіваюць, але ў меру. Што тычыцца злоснага п'янства, то не сказаў бы, што яно ў нас квітнее: значная прафілактычная работа праводзіцца сельскім і пасялковым выканкамамі, царквой. Ды і навошта піць, калі людзі занятыя працай, добра зарабляюць.

Так што будучыня ў пасёлка ёсць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.