Вы тут

"Тайная вячэра" прадстаўлена на выставе "У промнях веры хрысціянскай"


Нават калі б не было зараз вялікіх святкаванняў да 1025-годдзя Хрышчэння, то ўсё роўна гэтую выставу Нацыянальнаму гістарычнаму музею трэба было б зрабіць. Столькі твораў у фондах музея, якія паказваюць, наколькі беларуская культура была знітаваная з хрысціянскай традыцыяй праз увесь шлях свайго развіцця! Вось і міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў, што наогул біблейскія сюжэты далі штуршок развіццю сусветнага мастацтва. "Які б сюжэт мы ні ўзялі, які б мастацкі жанр ні разглядалі, — усё адно звяртаемся да хрысціянскіх сюжэтаў, якія прасякнулі нашу свецкую культуру. І Беларусь не выключэнне. Тут ёсць магчымасць пабачыць на свае вочы, наколькі багатая беларуская зямля помнікамі мастацтва духоўнага зместу. Нашу культуру нельга аддзяліць ад культуры хрысціянскай".

Хрысціянства, якое на працягу стагоддзяў распаўсюджвалася на нашых землях, істотна паўплывала на развіццё культуры. Тое, што можна ўбачыць на выставе, якраз і сведчыць пра гэта. Артэфакты, якія нясуць думку, якія дораць святло і нават даюць энергію — калі хочаце, то і канкрэтнага чалавека. Напрыклад таго, хто насіў на грудзях просценькі нацельны крыжык, які дайшоў з ХІV стагоддзя. У музея ёсць свая калекцыя нацельных крыжыкаў, якую набылі ў аднаго з калекцыянераў. Усе разам яны паказваюць, наколькі трапяткое стаўленне было ў людзей да гэтага сімвала — крыжыкі маглі быць розных формаў, памераў, з упрыгожаннямі і без. Яны, напэўна, у нечым былі вельмі падобныя на сваіх гаспадароў, якія не ўтойвалі свайго веравызнання. Цяпер гэта сведчанні эпох, што стваралі нашу культуру хрысціянскай.

1375267050854_1

Нездарма на выставе нават вітрыны для экспанатаў створаны ў выглядзе крыжоў

. У адным, напрыклад, размясціліся рэчы, звязаныя з дзейнасцю царквы. Гэта рэчы ХІХ стагоддзя, цікавыя тым, што паходзяць з адной царквы Нясвіжскага раёна. Посуд, якім карысталіся падчас літургіі, ручное кадзіла ХІІ-ХІІІ стагоддзяў — гонар калекцыі музея. Нават вопратка святароў, прадстаўленая на выставе, дапамагае стварыць асаблівы дух часоў, якія яднаюцца адной галоўнай ідэяй: імкнення чалавека адпавядаць вобразу Божаму.

Найперш пра гэта сведчаць абразы. Самыя каштоўныя — тры творы на зялёным аксаміце, сярод якіх адзін з самых старых абразоў у зборы музея (належыць да ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзяў) — "Хрэшчэнне ў Іардане". Але асаблівай цеплынёй напаўняюць абразы, што належаць сабору ў гонар Нараджэння Маці Божай з Глыбокага. Цыкл з 12 абразоў ХІХ стагоддзя, які прадстаўляе сюжэты Хрыстовых пакут, прыцягвае адмысловай падачай сюжэтаў. Нават свая версія "Тайнай вячэры" была ў Глыбоцкай царкве! На выставу абразы трапілі дзякуючы музейным рэстаўратарам, якія далі ім другое жыццё, а потым зноў вернуцца дадому. Цікавасць да гэтага цыкла была і з боку навукоўцаў: у Беларусі мелі месца розныя традыцыі іканапісу, можа, таму і ўзнікла гэтая адмысловасць, аднак аднесены творы з Глыбокага ўсё ж да праваслаўнай культуры. Нашы продкі жылі на мяжы сутыкнення лацінскага і візантыйскага светапоглядаў.
І дагэтуль у Беларусі некалькі хрысціянскіх канфесій, якія імкнуцца існаваць у ладзе. Нездарма вітальнае слова на адрас выставы прагучала ад імя архіепіскапа, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

1375267050202_2

— Бог стварыў свет прыгожым, і з кнігі "Быццё" мы ведаем, як ён сказаў: "І гэта добра". І чалавек, які створаны па вобразе Божаму, імкнецца гэтую прыгажосць убачыць і памножыць, падобна вялікаму творцу Госпаду, — адзначыў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. — Царква як цела Хрыстова і як супольнасць веруючых у Бога людзей гарманізуе жыццё: мы тут бачым прыгожыя рэчы.

Усяго на выставе змешчана 320 экспанатаў, якія належаць музею. Але прадстаўлены і вельмі цікавыя творы, якія жылі сваім храмавым жыццём, натхняючы вернікаў на малітву. І цяпер жывуць жыццём асаблівым.

Ёсць сваё новае жыццё і ў факсімільнага выдання Полацкага рукапісу ХІІ стагоддзя. Кніжка сустрэне ля ўваходу. Яе можна пагартаць — дакрануцца да вытокаў беларускага хрысціянства ў нейкім сэнсе. Ініцыятар выдання Уладзімір Грозаў, старшыня дабрачыннага фонду "Сям'я. Адзінства. Айчына", патлумачыў:

— Гэтая кніга сведчыць пра тое, як даўно нашы продкі ішлі з Богам. Дарэчы, у некаторых краінах адукаванай Еўропы Святое пісанне прыйшло на некалькі стагоддзяў пазней — у Германію і Францыю. Гэты рукапіс каштоўны і тым, што можна адчуць жывую мову нашых продкаў, як яны размаўлялі з Богам. Але ён быў разрабаваны ў ХVІІІ стагоддзі, падзелены, і часткі яго апынуліся за мяжой. Адна з частак захоўваецца ў бібліятэцы ў Маскве, а другая — у бібліятэцы Санкт-Пецярбурга. Дзякуючы разуменню расійскага боку (што гэта праект не дзеля камерцыйных мэтаў) і дзякуючы клопату розных беларускіх дзяржаўных структур паўстала гэтая з'ява...

Ларыса ЦІМОШЫК.

Загаловак у газеце: "Тайная вячэра" з Глыбокага прадстаўлена на выставе "У промнях веры хрысціянскай"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?