Вы тут

На слыху


Заробак "у канвертах" на гіганцкія сумы

У 40 фірмах на Віцебшчыне работнікі атрымлівалі зарплату ў "канвертах".

— Толькі ў першым паўгоддзі сёлета падатковымі органамі Віцебскай вобласці пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў былі выяўлены 37 суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія выплацілі работнікам грошы без адлюстравання ў рэгістрах бухгалтарскага ўліку ("у канвертах"). У бюджэт даналічана 189 мільёнаў рублёў, у тым ліку 114 мільёнаў — падаходнага падатку, — паведамілі ў падатковым ведамстве.

Цікава, што ў дачыненні да каля 160 кіраўнікоў, заснавальнікаў, іх блізкіх сваякоў, а таксама наёмных работнікаў арганізацый, якія выплачваюць заработную плату ў нязначным памеры, было праведзена супастаўленне панесеных выдаткаў з атрыманым даходам. Гэта было зроблена, каб выявіць даходы, утоеныя ад падаткаабкладання. У выніку ў 32 грамадзян былі запатрабаваны дэкларацыі аб даходах і маёмасці і даналічаны падаходны падатак у суме 53 млн рублёў.

Акрамя таго, падчас праверак было ўстаноўлена, што 12 індывідуальных прадпрымальнікаў незаконна прыцягвалі да ажыццяўлення сваёй дзейнасці грамадзян, якія не з'яўляюцца іх блізкімі сваякамі. Гаспадарчым судом Віцебскай вобласціпарушальнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Агульная сума накладзеных штрафаў і канфіскаванага даходу, атрыманага ў выніку незаконнай дзейнасці, — больш за 30 мільёнаў рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Магілёўская мытня затрымала прадукты

Супрацоўнікі Магілёўскай мытні затрымалі 21 тону прадуктаў, якія незаконна перамяшчаліся праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь.

Прычына — адсутнасць ветэрынарных сертыфікатаў на грузы.

У Мсціслаўскім раёне мытнікі спынілі велікагрузны аўтамабіль "Сканія", які вёз сметанковае масла з Расіі на тэрыторыю Беларусі. У адпаведнасці з заканадаўствам Мытнага саюза, пракаментавалі ў прэс-групе Магілёўскай мытні, увоз, транзіт і перамяшчэнне тавару, які падлягае ветэрынарнаму нагляду, павінен суправаджацца ветэрынарнымі сертыфікатамі. Такія дакументы кіроўца грузавіка прад'явіць не здолеў. Таму сем тон тавару затрыманы.

Таксама адсутнічаў ветэрынарны сертыфікат і ў вадзіцеля
"Рэно" з паўпрычэпам, які вёз у адваротным напрамку, з Беларусі у Расію, 14 тон сухога малака. Кошт масла і сухога малака, па папярэдняй ацэнцы, склаў болей за 880 мільёнаў рублёў. Па гэтых фактах парушэння заканадаўства Магілёўская мытня пачала адміністрацыйныя працэсы.

Ілона Іванова.

Таксісты год "забывалі" пра падаткі

У Віцебску супрацоўнікі падатковай устанавілі, што ў маршрутным таксі прыкладна год бралі грошы з пасажыраў за праезд, а падаткі не плацілі.

— Пры правядзенні пазапланавай тэматычнай аператыўнай праверкі ў маршрутным таксі аднаго з прыватных прадпрыемстваўВіцебска выяўлена выкарыстанне касавага апарата, не зарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку ў падатковым органе. Кіроўцамі маршруткі за перыяд са жніўня мінулага года па сярэдзіну ліпеня бягучага былі прыняты ад пасажыраў наяўныя грошы — 175 млн рублёў. Але гэтая выручка дакументальна не адлюстроўвалася ў дэкларацыях, якія падаваліся ў падатковую інспекцыю. Заробленая такім чынам вялікая сума грошай была схавана ад падаткаабкладання, — паведамілі ў абласной падатковай інспекцыі.

Свяціцеля... абакралі

У кавярні ў Шуміліна злодзей вечарам спрабаваў выкрасці скрыню для ахвяраванняў, якая належыць храму ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Відавочцы перашкодзілі гэта зрабіць.

Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў высветлілі, што злачынства здзейсніў непрацуючы 1989 года нараджэння.Аддзелам следчага камітэта заведзена крымінальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

У Касцюковічах праблемы з мостам

У нядзелю, 28 ліпеня, удзень абвалілася пліта ў пешаходнай частцы аўтамабільнага моста праз раку Жадунька ў горадзе Касцюковічы.

МНС паведамляе, што ніхто не пацярпеў, жыццядзейнасць раённага цэнтра не парушана. Рух па мосце цяпер абмежаваны, транспарт праязджае па адной паласе па чарзе.

Мост пабудавалі ў 1978 годзе. Вядома, што дарожныя будаўнікі працавалі над умацаваннем канструкцый моста ў сувязі з расколінамі, якія там з'явіліся. Пліту, якая ўпала, трэба было ўсё роўна здымаць.
Рух пешаходаў па тым баку моста быў спынены яшчэ да здарэння.

Цяпер у Касцюковічы прыедуць спецыялісты і праектанты з абласнога цэнтра, якія абследуюць аб'ект і дадуць ацэнку трываласці канструкцый моста. У райвыканкаме паведамілі, што мост будзе абавязкова адноўлены.

Ілона Іванова.

Электрычнасць і цяпло даражэюць з 1 жніўня

Цеплавая і электрычная энергія для жыхароў Беларусі даражэе з першых дзён жніўня. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў ад 29 ліпеня 2013 года № 663, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Цяпер тарыфы для насельніцтва на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння павялічваюцца на 9 працэнтаў і складаюць 68 тысяч 833,5 рубля за 1 Гкал.

Аднаставачны тарыф на электраэнергію ў жылых дамах (кватэрах) з электраплітамі з 1 жніўня будзе 428,5 рубля за
1 кВт/гадзіну (раней быў 375,9 рубля). Дыферэнцыраваны тарыф у такіх жылых памяшканнях у перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) будзе 300 рублёў за 1 кВт/гадзіну, а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 22.00) —
857 рублёў за 1 кВт/ гадзіну.

Электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з магутнасцю абсталявання больш як 5 кВт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) падаражэе з 442,4 рубля да 504,3 рубля за 1 кВт/гадзіну, а ў астатні час — з 1327,2 рубля да 1512,9 рубля за 1 кВт/гадзіну.

У жылых дамах (кватэрах) з газавымі плітамі аднаставачны тарыф будзе ў жніўні складаць 504,1 рубля за 1 кВт/ гадзіну, а дыферэнцыраваны тарыф у перыяд мінімальных нагрузак павялічыцца да 353 рублёў за 1 кВт/гадзіну (было 309,7 рубля за 1 кВт/гадзіну), у перыяд максімальных нагрузак — 1008,6 рубля за 1 кВт/гадзіну.

Сяргей КУРКАЧ.

Беларусбанк павялічыў працэнты па дэпазітах

Як паведамілі ў прэс-службе Беларусбанка, з 26 ліпеня гэта буйнейшая фінансавая ўстанова павялічвае працэнтныя стаўкі па новых тэрміновых укладах у беларускіх рублях.

Цяпер па дэпазіце "Прыярытэт" (тэрмінам на 3 месяцы) працэнтная стаўка складае 36 працэнтаў гадавых, а ўклад "Гарантаваны даход" (тэрмін захоўвання 15 дзён) дазваляе атрымліваць 33 працэнты гадавых. Падрабязнасці пра новы фінансавы прадукт банка можна адшукаць на карпаратыўным сайце Беларусбанка ці даведацца па кароткім нумары 147.

Сяргей ПАЛІНІН.

Водаправоды праверыць робат

Дзякуючы міжнароднаму праекту "Чыстая вада і навакольнае асяроддзе — здаровае грамадства" прадпрыемствы "Водаканал" з Гродна і Алітуса (Літва) аснашчаюцца сучаснай тэхнікай з Германіі.

Пасля ачысткі водаправода каналапрамывачнай машынай усе прымесі трапяць у спецыяльны адсек, а вада будзе выкарыстоўвацца зноў. Прычым гэтая тэхніка на базе аўтамабіля "МАН" можа працаваць без дазапраўкі на працягу ўсяго рабочага дня. Акрамя таго, Гродна атрымае робата-тэлеінспекцыю для праверкі падземных камунікацый: месца пашкоджання фіксуецца на маніторы з дакладнасцю да аднаго метра. Можна будзе не толькі даследаваць старыя магістральныя водаправоды, але і пераканацца ў належным стане новых, прымаючы іх на баланс.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

"Белавія" адкрывае новы рэйс у Швейцарыю

Нацыянальная авіякампанія "Белавія" прыняла рашэнне аб пачатку выканання рэгулярных рэйсаў па маршруце Мінск — Жэнева — Мінск з 17 снежня гэтага года.

Палёты ў міжнародны аэрапорт Жэневы будуць выконвацца на самалётах Еmbrаеr 175, СRJ-100/200, Bоеіng 737-500 тры разы на тыдзень па аўторках, пятніцах і нядзелях. Кошт пералёту ў эканамічным класе абслугоўвання складзе ад 275 еўра "туды-назад" і ад 248 еўра ў адзін бок. У бізнес-класе ад 975 еўра "туды-назад" і ад 579 еўра ў адзін бок (аэрапортныя таксы і зборы ўключаны).

У першую чаргу ў "Белавія" разлічваюць убачыць на гэтым рэйсе бізнесменаў. Мяркуецца, што рэйс зацікавіць і транзітных пасажыраў, якія следуюць праз Мінск і далей па маршрутнай сетцы "Белавія". Несумненна, попытам рэйс будзе карыстацца і ў турыстаў. Зімой пералёты ў Жэневу будуць асабліва прыцягальнымі для тых, хто выправіцца катацца на лыжах і сноўбордах. Трансфер ад аэрапорта да асноўных гарналыжных курортаў складзе не больш за гадзіну-дзве.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.