Вы тут

У сасудаў штосьці з тонусам


Няшчасныя пацыенты трацяць шмат сіл і сродкаў, аднак не могуць знайсці прычыну свайго паталагічнага стану. Між тым яны пакутуюць ад нейрацыркуляторнай дыстаніі — расстройства рэгуляцыі сасудзістага тонусу.

Паводле слоў урача-неўролага 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Зоі КУРС, вядома некалькі тыпаў нейрацыркуляторнай дыстаніі:

1) кардыялагічны (боль у сэрцы, сэрцабіццё, заміранне ў сэрцы, перабоі ў сэрцы);

2) рэспіраторны, або дыхальны (пачашчанае дыханне, немагчымасць зрабіць глыбокі ўдых, нечаканыя глыбокія ўдыхі);

3) дысдынамічны (ваганні артэрыяльнага ціску, павышэнне або паніжэнне);

4) тэрмарэгуляторны (ваганні тэмпературы цела, павышэнне да 37-38°С або паніжэнне менш за 35 градусаў можа быць пастаянным, працяглым або кароткім, як прыступ);

5) дыспепсічны (боль у жываце, млосць, ваніты, адрыжка, парушэнне маторнай функцыі кішэчніка, звязаныя з нервовым напружаннем і інш.).

Практычна ва ўсіх хворых адзначаюцца неўралагічныя расстройствы:

слабасць, хуткая стамляльнасць, плаксівасць, раздражняльнасць, галаўны боль.

Пры з'яўленні такіх сімптомаў неабходна абследавацца ў эндакрынолага, неўролага і кардыёлага. Каб пераканацца ў тым, што гэта дыстанія, а не неўроз або тырэатаксікоз, або ішэмія, або парок сэрца, або міякардыт, трэба зрабіць:

-электракардыяграму;

-рэнтгенаграфію грудной клеткі;

-эхакардыяграфію;

-артастатычную пробу;

-аналіз крыві на гармоны;

-сутачнае манітарыраванне артэрыяльнага ціску;

-ультрагук органаў брушной поласці і шчытападобнай залозы.

Нягледзячы на тое, што гэты стан не небяспечны і не заразны, лячыць яго трэба. Спачатку трэба ліквідаваць прычыну. Калі прычына — працяглы стрэс, трэба неяк папрацаваць у гэтым кірунку; калі вінаватая інфекцыя — значыць, вылечыць ачаг, калі шкодныя ўмовы працы — змяніць працу...

Добры эфект дае псіхатэрапія. Пацыенту неабходна тлумачыць, што яго жыццю нішто не пагражае, прагноз спрыяльны, выздараўленне магчымае. Добра, калі такі пацыент гатовы займацца аўтатрэнінгам. Можна прымяняць і прызначаную медыкаментозную тэрапію. Прымяняецца і фітатэрапія. Рэкамендуецца трава валяр'яну, сардэчніку, зборы, якія нармалізуюць работу сардэчна-сасудзістай сістэмы. Прызначаюць і фізіятэрапію (электрасон, электрафарэз), бальнеатэрапію (радонавыя, азотныя, вуглякіслыя ванны, душы, абгортванні і абліванні), масаж шыйнага і груднога аддзелаў пазваночніка.

Паколькі такія пацыенты адчувальныя да змен надвор'я, часта для падтрымання жыццядзейнасці ім неабходны адаптагены — прэпараты расліннага паходжання, якія танізуюць цэнтральную нервовую сістэму, паляпшаюць трываласць арганізма, яго супраціўленне стрэсам і інфекцыйным захворванням. Адаптагены — гэта настойкі жэньшэню, элеўтэракоку, араліі, лімонніку. Настойка жэньшэню прымяняецца і пры паніжаным, і пры павышаным ціску, паколькі нармалізуе яго, астатнія пералічаныя настойкі прымяняюцца пры паніжаным ціску. Адаптагеннымі вартасцямі валодаюць прэпараты з незакасцянелых рагоў марала, ізюбра або плямістага аленя. Аднак гіпертонікам прымяняць іх трэба з асцярожнасцю, пасля кансультацыі з урачом. Паказана і санаторна-курортнае лячэнне.

Лад жыцця

Пры нейрацыркуляторнай дыстаніі гіпертанічнага тыпу неабходна трымацца спецыяльнай гіпатэнзіўнай дыеты. Абмежаваць ужыванне солі і вадкасці, больш ужываць гародніны і садавіны, павялічыць паступленне такіх мінералаў, як калій і магній. Можна замяніць звычайную соль хларыдам калію. Такія заменнікі солі прадаюцца ў аптэках. Абавязкова трэба сачыць за вагой. Тым жа, хто пакутуе ад нейрацыркуляторнай дыстаніі гіпатанічнага тыпу, рэкамендуецца выпіваць кубак моцнай кавы або гарбаты раніцай і ў сярэдзіне дня.

Прафілактыка нейрацыркуляторнай дыстаніі заключаецца ў вядзенні здаровага ладу жыцця, рэгулярных занятках спортам і ўменні пераадольваць стрэсы. Абавязкова трэба высыпацца, харчавацца разнастайна і не менш за 4 разы на дзень. Трэба гуляць на свежым паветры, і адмовіцца, вядома, ад шкодных звычак.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Эканоміка

У сельскай гаспадарцы трэба кардынальна мяняць павышэнне кваліфікацыі

У сельскай гаспадарцы трэба кардынальна мяняць павышэнне кваліфікацыі

«МС» пагутарыла з вядомым у Беларусі вучоным-аграрыем.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.