Вы тут

"...Але ж, любячы і паважаючы чужое, не прыніжай сваё"


Далібог, адзін толькі крок ад смешнага да сумнага. Дзве нашы студэнткі (і сяброўкі) падчас адпачынку — справа маладая — упадабалі двух хлопцаў-сяброў. І нават заўважылі, што гэта ўзаемна! Але…

Толькі на шосты дзень, амаль перад ад'ездам, тыя двое адважыліся падысці, загаварыць — яны пазнаёміліся… І, як і варта было чакаць, разам пашкадавалі: чаму не раней? Адзін з сяброў патлумачыў: ды, маўляў, няёмка ж было: вы ўсё з нейкім гарбатым… "Якім?" — не паверылі вушам сяброўкі. Да іх толькі потым дайшло, што хлопцы ўвесь час круціліся побач і, вядома ж, чулі, як яны казалі адна адной: "Пойдзем — гарбаты пап'ем". І напраўду потым сыходзілі. Як меркавалі хлапцы — да нейкага там гарбатага…

З усіх прыгод вакол, скажам так, кубачка гарбаты гэта — самая недарэчная. Былі, вядома ж, іншыя: ці не кожны, хто ў Мінску ды іншых гарадах замаўляў (прынамсі, па-беларуску) гэты напітак, думаю, можа расказаць, як у яго перапытвалі: "Чего-чего?", як крыўдавалі: "Какие вершки? С верхом же налито!", як замест чаю прыносілі каву, як...

Надоечы ўсё па-людску было: гэта значыць, дзяўчына ў кавярні ведала і што такое гарбата, і што такое цукар... Нават што такое вяршкі! "Мне б яшчэ лыжачку", — папрасіла ў яе. Яна падала, праўда, не адразу сцяміўшы... А заадно — павінілася: вы сваёй беларускай, маўляў, так мяне "загрузілі...".

Разумею: забываюцца словы, забываецца мова, калі ёй не карыстаешся, калі яе не бачыш, не чуеш, калі на ёй не чытаеш. Але ж гэта, так бы мовіць, не пра нас: не пра супрацоўнікаў "Звязды", не пра яе падпісчыкаў, якія, дарэчы, таксама пішуць, у тым ліку — "новыя лісты пра галоўнае". "Не магу зразумець нашай абыякавасці да мовы продкаў. І вытокі яе мне бачацца менавіта ў няведанні сваёй гісторыі, сваіх каранёў. Памятаеце, як у класіка: "Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь". Вось у тым і бяда, — піша, прынамсі, спадарыня Ірына РУДКОЎСКАЯ з вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна. — Бо чалавеку можна дазволіць збольшага вывучыць асновы хіміі, фізікі ці матэматыкі. А вось ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, яе літаратуру (як сродак пазнання мінуўшчыны і жыцця), на мой погляд, трэба абавязкова, і прытым глыбока. Калі б мы ўсвядомілі, які трагічны шлях прайшоў наш народ, калі б мы ведалі імёны яго слаўных сыноў і дачок, калі б зразумелі, якімі ахвярамі ўсланы той шлях, які прайшлі нашы прашчуры, мы цанілі б тое, што яны нам пакінулі. І найперш — мову. А так...

Летась, — працягвае шаноўная Ірына Міхайлаўна, — мы адзначалі юбілеі нашых класікаў Купалы, Коласа, Багдановіча —

выбітных песняроў, якія праславілі нас на ўвесь свет, якія паказалі, што беларуская мова — роўная сярод роўных, а па сваёй мілагучнасці нават другая ў свеце пасля італьянскай. Нам бы ганарыцца гэтым, а мы... Мы, атрымліваецца, саромеемся. І замежнікі, бываючы ў Беларусі, не могуць даўмецца, чаму гэта мы не любім яе, чаму не карыстаемся... Хтосьці можа западозрыць мяне ў нелюбові да мовы рускай. Божа барані! Я ўсё сваё жыццё выкладала яе ў школе, а рускую літаратуру ХІХ стагоддзя лічу першай у сусветнай літаратуры. Бясконца люблю многіх расійскіх паэтаў і пісьменнікаў, перачытваю іх і зараз. Але ж, любячы і паважаючы чужое, не прыніжаю сваё: у жыцці ўвесь час карыстаюся мовай, якую засвоіла з малаком маці".

У гэтым сэнсе вельмі паказальны ліст пошта прынесла з Карэліччыны. "Усё сваё свядомае жыццё я пражыў з газетай "Звязда", — піша спадар Мікалай БАБАРЫКА. — Адкуль тое пайшло? Ад бацькі. Ён служыў у пана, мала зарабляў, і жылі мы бедна, але газету паважалі. Я стаў яе чытаць, як толькі пазнаў грамату. І чытаў проста са сцяны, бо "Звяздой" ад беднасці былі паклеены сцены ў хаце".

Далей у жыцці нашага шаноўнага чытача была вайна, якая забрала бацьку, гаротнае сіроцкае дзяцінства, уступленне ў калгас, служба ў войску, праца на зямлі. Даслоўна: "Як камуніста, мяне прымушалі тады выпісваць "Правду", іншыя газеты, але я па-ранейшаму знаходзіў грошы на "Звязду"...

Скажаце, ліст як ліст, што ў ім такога дзіўнага, а тым больш "паказальнага"?

Патлумачу: напісаны ён (што, крый Божа, не папрок — чалавеку дзявяты дзясятак!) пераважна рускімі словамі, аднак літарка і — праз увесь тэкст — наша, беларуская, з кропачкай. Адкуль яна, такая "трывушчая"?

Магчыма, са школы? Магчыма — са "Звязды", якой была абклеена хата, магчыма — з сям'і?

"Сваю матулю я амаль не помню: яна памерла, калі мне было два гады. Бацька загінуў у партызанах. Так што "даброт" дзіцячага дома я пазбег дзякуючы бабулі — Аляксандры Тарасаўне. Ад яе ж — веданне роднай мовы", — прызнаецца спадар Уладзімір МАСАЛКОЎ з Віцебска.

І з той жа "крыніцы", відаць, любоў, бо цягам некалькіх дзесяцігоддзяў (!) наш пастаянны падпісчык жыў і працаваў у рускамоўным асяроддзі, далёка за межамі Беларусі, але і там заўсёды атрымліваў па пошце беларускія выданні — газету "Чырвоная змена", часопіс "Маладосць". Гэта (як прызнаецца Уладзімір Мікалаевіч) яднала яго з Радзімай, гэта дазваляла помніць мову, якую цяпер — ён перакананы — трэба ратаваць.

Бо... "На беларускім тэлебачанні з'явіўся тэлеканал "БТ-3". Анансавалі яго загадзя, казалі і пісалі, што ён будзе беларускамоўны. Аднак тэлевядучыя (нават праграм, прысвечаных нашым славутым пісьменнікам, грамадскім дзеячам, помнікам нацыянальнай культуры і г.д.) часам размаўляюць па-руску. Атрымліваецца, што бракуе беларускамоўных журналістаў? Гэта, па-першае. Па-другое, мусіць, не толькі мне, — піша Уладзімір Мікалаевіч, — патрэбны і падабаюцца "Навіны надвор'я". Цяпер неад'емнай часткай праграмы стала сустрэча з так званым госцем. Аднак хто адкажа, чаму, па якой прычыне пытанні гэтым гасцям трэба задаваць па-руску? Калі б яны прыязджалі да нас з Германіі або Турцыі, было б яшчэ зразумела. Але ж звычайна тымі гасцямі з'яўляюцца грамадзяне Беларусі. А для іх веданне і карыстанне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, прычым на аднолькавым узроўні, з'яўляецца абавязковым"...

"Дарэчы, — зазначае чытач, — некаторыя з гэтых гасцей размаўляюць з яўна выражаным беларускім акцэнтам, нярэдка — з элементамі "трасянкі", ды і руская ў іх — далёкая ад дасканаласці. Тады навошта?.."

Ёсць у лісце і па-трэцяе: "Быў час — спартыўныя каментатары праявілі добрую ініцыятыву — сталі весці рэпартажы аб спаборніцтвах на беларускай, і вельмі прыстойнай, мове. Аднак пачын чамусьці скончыўся"...

У лісце спадара Анатоля КАНСТАНЦІНАВА (дарэчы, украінца, які з 1961 года жыве ў Мінску і пастаянна чытае "Звязду") прыклады іншага кшталту. "Так, дзяржаўных моў у Беларусі дзве, — піша ён, — аднак першай у Канстытуцыі краіны названа беларуская. Гэта заканамерна, бо менавіта яна з'яўляецца мовай тытульнай нацыі і менавіта яна дала назву дзяржаве. Як на мой погляд, дык адсюль вынікае, што шыльды ўсіх устаноў і прадпрыемстваў павінны быць напісаны ў першую чаргу па-беларуску. Як, напрыклад, Мінскі падшыпнікавы завод, Мінскі завод колавых цягачоў... Пакуль жа абсалютная большасць шыльдаў і ў сталіцы, і далёка за яе межамі зроблены якраз наадварот — найперш па-руску.

Мова тытульнай нацыі рэдка сустракаецца і ў назвах гандлёвых пунктаў, клубаў, кінатэатраў, кавярняў... Ну вось, напрыклад, — працягвае спадар Анатоль, — задаўся я пытаннем, чаму абутковая крама непадалёк ад чыгуначнага вакзала называецца "Bаstа"? (У перакладзе з італьянскай гэта слова азначае "хопіць".) Як патлумачылі прадаўцы (сам ніколі не здагадаўся б!), хопіць, маўляў, шукаць абутак у іншых крамах — усё прадаецца тут! Але ж хіба ў беларускай мове бракуе слоў, каб выказаць падобную думку?

Альбо вось яшчэ адна абутковая крама —
"О'кей!", хоць беларускія словы "Шык!", "Цуд!", "Самае тое!" сэнсу, на мой погляд, адпавядаюць больш, да таго ж перадаюць мясцовы каларыт і той самы смак беларускай мовы. Туды ж і назвы гіпермаркетаў. Мне кажуць, "Биггз" — гэта агромністы, вялізны, велізарны... Баюся, дзясяткі тысяч людзей, праязджаючы міма, могуць пра тое толькі здагадвацца! А вось напісалі б па-беларуску — і ўсе зразумелі б, бо гэтак было б бліжэй.

Аналагічна і з назвай "Гиппо".

Чую пярэчанні, — зазначае чытач, — маўляў, гэтыя гіганты пабудавалі інвестары, і яны, уклаўшы свае грошы, маюць права даваць сваім аб'ектам свае імёны. Згодзен. Але ж наўрад ці тыя інвестары былі б супраць яшчэ і беларускамоўных варыянтаў назвы? Прынамсі, крамы сеткі "Тропинка" пазнаёмілі б гасцей краіны з беларускім словам "Сцяжынка", а "Родная сторона" загучала б, магчыма, як "Родны кут". Але ж ці гаварыў ім хто-небудзь пра гэта?

Далей: у сталіцы на галоўнай магістралі ёсць клуб "Гудвин". Ён, гэты герой, зроблены з металічных канструкцый, сустракае гасцей на ўваходзе. Добра, здавалася б? Але ж персанаж, так бы мовіць, не наш, з чужой казкі. А што ж беларускія? Яны хіба горшыя?"

На гэтым назіранні ў нашага чытача не канчаюцца. "Упрыгожылі сталіцу, — зазначае спадар Канстанцінаў, — кавярні "Васількі", а вось кавярня "Белочка" магла б стаць "Вавёрачкай". Ёсць у горадзе кавярня "Габрово". Але ж не горшыя гумарысты жывуць уАўцюках. Там таксама ладзяцца фестывалі народнага гумару, адкрыты яго музей... Дык чаму б у Мінску не арганізаваць нейкі клуб ці кавярню
з гэтакай назвай, чаму б не ладзіць там сустрэчы з беларускімі гумарыстамі? Думаецца, што адкрывальнік Аўцюкоў, вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, вітаў бы такую ідэю.

Ці вось яшчэ. Ёсць у нашай сталіцы кавярня "Битлз". Нічога не скажаш: папулярны быў гурт! Але ж у Беларусі ёсць свой улюбёны песенны калектыў, прычым вядомы вельмі даўно і далёка за межамі. Дык чаму б нейкі рэстаран ці кавярню не назваць у гонар "Песняроў"? Падышлі б для гэтага і назвы найлепшых беларускіх песень —
"Купалінка", "Рэчанька", "Толькі з табою", "Зорка Венера", "Вярба"... Такім чынам, — падсумоўвае чытач, — мінчане, і госці нашай сталіцы бачылі б, што яны менавіта ў Беларусі, што гэта — асобная краіна са сваім гімнам, са сваім сцягам, са сваёй мовай"...

Паказваць гэта і напраўду ёсць каму: да нас, у краіну едуць турысты — едуць зараз. А наперадзе ж — чэмпіянат свету па хакеі. "Мінск, Беларусь рыхтуецца да яго даўно. І ў мяне асабіста, — піша спадар Аляксандр ПЯТРУННІКАЎ з Санкт-Пецярбурга, — няма сумненняў, што ў арганізацыйным плане будзе зроблена ўсё! Але ж адзін і вельмі важны кірунак варты большай увагі. Турысты, шматлікія госці, якія прыедуць на чэмпіянат, будуць шукаць беларускую мову, будуць шукаць нешта адметнае, каб завезці дадому, на радзіму. Павышаны попыт, думаю, будзе на цукеркі і іншыя прысмакі, на рэчы з лёну, на сувеніры, на піва і гарэлку... І шкада, што надпісы на іх вельмі часта даюцца па-руску. Госці чэмпіянату гэтага, баюся, не зразумеюць. Чаму так мяркую? Таму што сам і далёка не аднойчы з Гомельшчыны прывозіў гасцінцы. Сярод іх была, вядома ж, і пляшка-другая гарэлкі. Дык вось: усе, каго я браўся ёю частаваць, адразу ж пачыналі разглядваць этыкеткі. А пасля на поўным сур'ёзе пыталі ў мяне: а ці праўда, што прывёз з Беларусі?.. Трэба, на мой погляд, каб гэта было бачна адразу, здалёк".

...Вось такія лісты, такія думкі. З нейкімі з іх можна пагадзіцца, з нейкімі, можа, паспрачацца, нейкія, што называецца, "узяць на ўзбраенне" — пакуль не позна. Бо, паводле даведніка "Этнолаг", у свеце больш за 6800 моў і дыялектаў. Згодна з прагнозамі вучоных, цягам бліжэйшых ста гадоў 80—90 працэнтаў іх знікнуць. Мы сваю яшчэ можам абараніць, калі будзем размаўляць па-беларуску і гэтаму ж вучыць дзяцей, калі будзем чытаць (дарэчы, цуд, якія выходзяць кнігі! Ды і газеты...), калі будзем пісаць... У тым ліку і лісты — у сваю газету.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.