Вы тут

Рабочая прафесія гарантуе самастойнасць і высокі заробак


...у гэтым упэўнена большасць навучэнцаў прафтэхустаноў

З кожным годам пытанне, дзе ўзяць рабочыя рукі, становіцца ўсё больш актуальным для беларускай эканомікі. Ні для каго не сакрэт, што ў рэйтынгу прафесій, якім аддае перавагу сучасная моладзь, рабочыя прафесіі або ўвогуле не фігуруюць, або займаюць там далёка не першыя пазіцыі. Прыёмная кампанія ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах распачалася яшчэ 15 чэрвеня. І першы месяц паказаў, што прывабіць навучэнцаў установам прафтэхадукацыі будзе не так і проста. Магчыма, пасля завяршэння прыёмнай кампаніі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах сітуацыя і зменіцца ў лепшы бок, бо многія маладыя людзі разглядаюць навучанне ў прафтэхустановах як "запасны аэрадром". Аднак наўрад ці іх выбар і навучальнай установы, і прафесіі будзе свядомым.

Спецыялісты "невыпадковага профілю"

— На працягу апошняга навучальнага года (з кастрычніка па май) аналітычны цэнтр ЕсооM праводзіў сацыялагічнае даследаванне, якім былі ахоплены больш як 2 тысячы навучэнцаў 107 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны, — расказаў журналісту "Звязды" кіраўнік цэнтра Сяргей МУСІЕНКА. — Мы задалі рэспандэнтам каля 35 пытанняў, якія тычыліся іх прафесійнага самавызначэння, ацэнкі жыццёвых перспектыў, умоў навучання і стэрэатыпаў вакол прафесійна-тэхнічнай адукацыі, распаўсюджаных у нашым грамадстве. Напрыклад, цікавіліся ў маладых людзей матывамі выбару ўстановы адукацыі. Больш як 51% адказалі, што ім падабаецца абраная прафесія. 17,5% паведамілі, што для іх мела значэнне рэальная магчымасць працаўладкавання. Уплыў сям'і адзначылі 15 працэнтаў удзельнікаў. Прыкладна столькі ж рэспандэнтаў выбрала адказы "Тут прасцей навучацца", "Тут вучыцца бліжэй да дома" і "Трэба было дзесьці вучыцца". 12 працэнтаў рэспандэнтаў пайшлі навучацца ў прафтэхустанову таму, што не паступілі ў ВНУ і ССНУ. І амаль столькі ж канстатавала выпадковасць свайго выбару. А вось прэстыжнай сваю ўстанову адукацыі лічаць толькі 11 працэнтаў з агульнай колькасці рэспандэнтаў.

Навучэнцаў папрасілі назваць крыніцы, з якіх яны даведаліся пра сваю спецыяльнасць.
"Ад сяброў і знаёмых" — так адказалі 48,5% рэспандэнтаў. "У сям'і" — 31%. "У школе" — 30%.

30% маладых людзей прыбеглі да дапамогі інтэрнэту. Згадваліся таксама дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, дапамога цэнтраў прафарыентацыі і заняткі ў гуртках.

Галоўныя арыенціры

 

На пытанне "Якія магчымасці можа даць ваша прафесія?" большая частка навучэнцаў (57%) назвала высокі заробак. Каля 42% навучэнцаў выказала ўпэўненасць у тым, што авалоданне прафесіяй дазволіць ім стаць самастойнымі, 31,6% упэўнены, што змогуць зрабіць кар'еру. У тым, што будучая прафесія дазволіць адчуваць сябе прафесіяналам, упэўнены 28,5% рэспандэнтаў. І 25,5% лічаць, што ў іх будуць добрыя ўмовы работы. А вось пра тое, што будучая прафесія дапаможа ім заваяваць павагу людзей, паведамілі толькі 14% навучэнцаў прафтэхустаноў.

На пытанне "Што для вас найбольш важна ў будучай рабоце?" больш як 66% навучэнцаў на першае месца паставіла адказ "Зарабляць шмат грошай". У пяцёрку самых распаўсюджаных адказаў увайшлі таксама наступныя: "Працаваць у добрым калектыве" (57%), "Мець добрыя ўмовы работы (55%), "Працаваць на паспяховым прадпрыемстве" (43%) і "Мець прэстыжную работу" (43%).

61% навучэнцаў упэўнены, што іх прафесія запатрабавана на рынку працы, а 28,5% апытаных адказалі менш упэўнена: "Хутчэй за ўсё, запатрабавана".

Жыццёвыя перспектывы

Амаль 87% навучэнцаў паведаміла, што для іх важна мець добрую прафесію. А вось на пытанне "Ці будзеце вы пасля заканчэння навучання працаваць па атрыманай прафесіі?" сцвярджальны адказ далі толькі 34% рэспандэнтаў. І 33% адказалі "Хутчэй за ўсё, буду". Пры гэтым 54% навучэнцаў ужо мелі на той момант на прыкмеце канкрэтнае месца работы.

Цікава, што на пытанне "Як вы ацэньваеце свае шанцы на тое, каб замацавацца ў жыцці?" 21% маладых людзей адказаў, што іх шанцы дастаткова высокія, а 54% лічаць, што "шанцы ёсць, але ўсё залежыць ад мяне". Увогуле не задумваліся над гэтым пытаннем 20,6% апытаных. І зусім не бачыць перспектыў для сябе толькі менш за 1% навучэнцаў прафтэхустаноў. Лічаць, што ў іх больш магчымасцяў жыць лепш, чым іх бацькі, больш як 70% рэспандэнтаў.

"Што трэба для таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам?" — цікавіліся сацыёлагі. "Вялікае жаданне" — так адказалі 67% апытаных. "Працалюбства, упартасць" — 62%. "Добрыя ўмовы для вучобы" — 30,5%. "Добрыя выкладчыкі" — 29%. "Добрая спецыяльная падрыхтоўка" — 26%. "Шмат працаваць" — 25%. "Добрае здароўе" — 17,4%.

Навучэнцам прафтэхустаноў таксама было прапанавана ацаніць узровень выкладання ў іх навучальнай установе. 49% ацанілі яго як высокі, і столькі ж — як сярэдні. 36% маладых людзей адназначна б параілі сваім знаёмым паступаць у сваю навучальную ўстанову, і яшчэ каля 30% адказала, што "хутчэй за ўсё, параілі б".

"Камера захоўвання" для няўдачнікаў?

— Пагрозу "Будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш у ПТВ", — чулі многія пакаленні тых, хто вырас у Савецкім Саюзе. Але і на сёння, на нашу думку, самая вялікая праблема — гэта недастатковая прывабнасць прафесійна-тэхнічнай адукацыі,  — падкрэсліў Сяргей Мусіенка. — Мы пацікавіліся меркаваннем маладых людзей, якія навучаюцца ў прафтэхустановах, якія, на іх думку, меркаванні людзей варта было б абвергнуць. І, мяркуючы па адказах, гэтае пытанне зачапіла іх за жывое: "Тут вучацца тупыя, дурныя, слабыя", "Гэта дрэнная адукацыя", "Тут непрэстыжна вучыцца", "Гэта "хабза". Калі аналагічныя адказы даюць маладыя людзі ў розных рэгіёнах краіны, то адмаўляць існаванне праблемы, напэўна, нельга.

А на адкрытае пытанне "Якія меры варта прыняць для павышэння аўтарытэту прафтэхадукацыі?" навучэнцы далі аж 87(!) варыянтаў адказаў. На першае месца яны паставілі працаўладкаванне выпускнікоў. Згадваліся таксама наяўнасць у прафтэхустановах сучаснага абсталявання і ўкараненне новых тэхналогій. Не забыліся навучэнцы і пра заробкі сваіх выкладчыкаў: па іх меркаванні, павысіць аўтарытэт усёй сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі дапамог бы і больш высокі ўзровень аплаты працы выкладчыкаў. Гэты адказ аказаўся на пятым месцы.

— На жаль, памылковых меркаванняў аб сістэме прафтэхадукацыі яшчэ хапае. Але аптымізму ў навучэнцаў відавочна больш, чым было яшчэ пяць—дзесяць гадоў таму, — лічыць Сяргей Мусіенка. — Незалежна ад таго, будуць яны паступаць на больш высокую ступень навучання альбо пойдуць працаваць, наяўнасць рабочай прафесіі маладыя людзі ацэньваюць як карысць для далейшага жыцця. І, што вельмі важна, у іх правільна сфарміравана разуменне прафесіяналізму.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».