"Звязда", за што ёй асобны дзякуй, паслядоўна адстойвае народныя звычаі і традыцыі. Адна з іх — з павагай ставіцца адно да аднаго, звяртацца па імені і імені па бацьку. Але ў апошні час, ці не пераймаючы традыцыі Захаду, газета ўсё часцей ужывае зварот па прозвішчы і імені. Пры гэтым на Захадзе прымяняюць яшчэ і прыстаўкі кшталту пан, містар, гер. У нас такой прыстаўкі няма, і зварот гучыць неяк нязвыкла. Дык ці не варта прытрымлівацца ранейшага?
Васіль КАБАЧЭЎСКІ, г. Орша
Найперш, у само пытанне трапіла вельмі распаўсюджаная памылка. Шаноўны спадар Кабачэўскі сцвярджае, што традыцыйным для беларусаў з'яўляецца так званы трохчленны зварот, адной з частак якога павінна быць імя па бацьку. Але гэта не зусім так. Да перыяду ўваходжання Беларусі
ў склад Расійскай імперыі імёны па бацьку на -іч нашымі продкамі амаль не ўжываліся. Такая традыцыя ўсталявалася ў мове толькі ў ХVІІІ—ХІХ стагоддзях. Гэта падкрэсліваецца і тым, што тыповыя беларускія прозвішчы мелі і маюць такі самы канчатак -іч. Прывядзём да прыкладу прозвішчы вядучых стыльрэдактараў "Звязды" — Пятровіч, Сідаровіч.
На гэта звяртае ўвагу ў сваім даследаванні "Эпісталярны тэкст: паняцце, структура, тыпалогія" беларускі мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Сяргей ВАЖНІК: "У беларускім моўным этыкеце трохчленныя ветлівыя звароты хоць і вядомы беларусам здавён, аднак замацаваліся яны ў эпісталярнай практыцы ХХ ст. пад уплывам рускага этыкету. Нездарма ў беларускай мове няма аднаслоўнага эквіваленту для рускага слова "отчество". Вельмі цікавая на гэты конт агаворка была зроблена самім Купалам у лісце да С.М. Гарадзецкага (1934 г.): "Кстати, сообщи мне имя-отчество Гронского и Накорякова; по белорусской привычке — не помню".
Што ж датычыцца лакуны з "прыстаўкай", пра якую вы кажаце ў пытанні, то ў беларускай мове ёсць два адпаведнікі тому ж "містару"... Першае слова — "спадар", якое ўтварылася ад старажытнага "гаспадар". Існавалі і існуюць іншыя яго формы: спадарыня (замужняя жанчына), спадарыч (нежанаты хлопец), спадарычня (незамужняя дзяўчына), спадарства (некалькі чалавек), спадару (клічная форма). Цяпер ужываюцца пераважна словы спадар, спадарыня і спадарства. Узгадваюцца і словы пан (пані, паніч, паненка, панства). Яны з'яўляюцца архаізмамі, але шырока выкарыстоўваліся менш за сто гадоў таму тым жа Купалам у яго перапісцы. Як "спадар", так і "пан" ужываюцца разам з іменем і (або) прозвішчам.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што зварот па імені і імені па бацьку не з'яўляецца ўласнабеларускім, у адрозненне ад звароту праз словы "спадар". Такой традыцыяй пераважна карыстаецца і "Звязда".
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.