Вы тут

Днепр назад не павярнуў...


Беларусь святкуе 69-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Успамінаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны і на поўдні нашай краіны — рэгіёне, які вызвалены ад "карычневай" чумы самым першым. Жыхары невялікага гарадка Камарын, што ў Брагінскім раёне Гомельшчыны, у верасні 1943 года са слязамі на вачах сустракалі Чырвоную Армію. Грозныя баявыя падзеі, што разгарнуліся калісьці на найпрыгажэйшай прыдняпроўскай зямлі, ажываюць у аповедах відавочцаў, адлюстроўваюцца ў многіх помніках савецкім воінам, якія рваліся на выручку шматпакутнай беларускай зямлі.

Пасля перамогі ў Сталінградскай бітве і краху фашысцкай наступальнай аперацыі "Цытадэль" у раёне Курскай дугі Чырвоная Армія перайшла ў вырашальнае контрнаступленне, а затым і ў масіраванае наступленне. Савецкае камандаванне ставіла сваёй задачай разграміць асноўныя сілы гітлераўцаў на левабярэжнай Украіне і захапіць стратэгічныя плацдармы на заходнім беразе Дняпра. Фашысцкі генералітэт у сваіх адчайных спробах спыніць рух Чырвонай Арміі на Захад асаблівае значэнне надаваў абароне так званага "Усходняга вала". Гітлерам вермахта быў аддадзены катэгарычны загад — утрымлівацца на рубяжах Дняпра, не дапусціць чырвонаармейцаў на правабярэжжа.

Днепр, маючы ў сваім сярэднім цячэнні вялікую шырыню і глыбіню, а ў дадатак яшчэ і высокі правы бераг, уяўляў сур'ёзную натуральную перашкоду для нашых надыходзячых войскаў. На думку гітлераўскага камандавання, ён павінен быў стаць непераадольным бар'ерам для Чырвонай Арміі. "Хутчэй Днепр пацячэ назад, чым рускія пераадолеюць яго", — заявіў Гітлер на адной з нарад у Берліне.

Нягледзячы на велізарныя страты ў папярэдніх бітвах, праціўнік да канца верасня 1943 года ўяўляў яшчэ сур'ёзную сілу. На ўсходнім фронце дзейнічалі 239 яго дывізій і 13 брыгад, г. зн. асноўныя сілы гітлераўскай арміі. Вораг разумеў, што менавіта з Дняпра адкрываліся шляхі ў Польшчу, Карпаты і на Балканы.

Улічваючы, што праціўнік ускладае на рубеж Дняпра вялікія надзеі, Савецкае Вярхоўнае Галоўнакамандаванне яшчэ ў пачатку верасня зазначыла, што войскам неабходна фарсіраваць гэтую раку з ходу і захапіць на яе правым беразе плацдармы.

1375447130657_2

Вялікую ролю ў паспяховым фарсіраванні Дняпра адыграла дырэктыва Вярхоўнага Галоўнакамандавання, у якой звярталася асаблівая ўвага на фарсіраванне буйных водных перашкод з ходу і прадпісвалася прадстаўляць тых, хто найбольш вызначыўся, да прысваення звання Героя Савецкага Саюза.

Бітва за Днепр праходзіла ў два этапы. На першым (жнівень — верасень 1943 г.) савецкія войскі вызвалілі левабярэжную Украіну, фарсіравалі Днепр і захапілі плацдармы на яго заходнім беразе.

На другім этапе (кастрычнік — снежань 1943 г.) ішла барацьба за ўтрыманне і пашырэнне плацдармаў.

"Нельга было дазваляць ворагу адвесці свае войскі за Днепр і ў поўным узбраенні сустрэць нашы войскі. Фактар часу і на гэты раз набываў вырашальнае значэнне. З улікам гэтага і планавалася аперацыя, яе тэрміны і тэмпы", — пісаў начальнік аператыўнага ўпраўлення Генштаба Чырвонай Арміі генерал арміі С. М. Штэменка.

Нямецкае ж камандаванне, са свайго боку, лічыла, што для падрыхтоўкі да фарсіравання Дняпра рускім спатрэбіцца як мінімум месяц. Генералам вермахта і ў галаву не магло прыйсці, што савецкія войскі пасля грандыёзнай Курскай бітвы, якая запатрабавала ад іх каласальнага напружання, а затым новага цяжкага наступлення, выйшаўшы да Дняпра, кінуцца з ходу фарсіраваць такую сур'ёзную перашкоду на падручных сродках: бярвёнах, плытах і рыбацкіх лодках.

Чаканні праціўніка не апраўдаліся. Савецкія войскі амаль адначасова выходзілі да Дняпра на шырокім фронце ад Лоева да Запарожжа.

Першым на беларускую зямлю ў ноч з 22 на 23 верасня 1943 г. ступіў беларус, камандзір стралковай роты (109‑га стралковага палка 74‑й стралковай дывізіі 13‑й арміі) лейтэнант Ігнат Вікенцьевіч Мацкевіч. Гэта адбылося ў раёне в. Калыбань Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пераадолеўшы Днепр, І. В. Мацкевіч са сваёй ротай чатыры дні ўтрымліваў плацдарм на правым беразе Дняпра. Быў двойчы паранены, але заставаўся ў страі. Асабіста падбіў два танкі праціўніка. Загінуў у баі 26 верасня 1943 г. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены пасмяротна 16 кастрычніка 1943 г.

23 верасня 1943 г. байцы 360‑га стралковага палка 74‑й стралковай дывізіі 13‑й арміі пад камандаваннем падпалкоўніка Сташэка вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі — гарадскі пасёлак Камарын Гомельскай вобласці. Вось што ўспамінаў пра гэтыя падзеі Сташэк: "Я пакінуў адзін батальён для лжывай дэманстрацыі фарсіравання Дняпра на поўнач ад г. п. Камарына, а галоўныя сілы палка з дадатковымі падраздзяленнямі (сродкі ўзмацнення) скрытна перакінуў на 3—4 км на поўдзень ад Камарына. Нам удалося абхітрыць праціўніка. У той час, калі пакінуты каля ракі батальён прыцягваў да сябе ўвагу, астатнія падраздзяленні на падручных сродках (бярвёны, бочкі, плыты) паспяхова фарсіравалі Днепр у іншым месцы. У выніку імклівага ўдару два пяхотныя батальёны праціўніка, якія абаранялі Камарын, былі разгромлены. Іх рэшткі паспешна сталі адыходзіць асобнымі групамі ў паўночна-заходнім напрамку".

За першыя суткі бітваў на беларускай зямлі 16 байцоў і камандзіраў 360‑га стралковага палка на чале з яго камандзірам былі прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. У баях за Камарын вызначыўся асабовы склад суседніх з 360‑м стралковых палкоў 74‑й стралковай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Казаран. У гэтай стралковай дывізіі за фарсіраванне Дняпра 33 чалавекі дзесяці нацый і народнасцяў Савецкага Саюза былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку і сам камдыў. Сярод узнагароджаных высокім званнем — камандзір роты беларус Ігнат Мацкевіч, камандзір палка ўкраінец Мікалай Сташэк, узбек Кудрат Суюноў, рускія Якаў Антонаў, Гаўрыіл Басманаў, Іван Грачоў, Павел Гур'янаў, татарын Ібрагім Дубін, удмурт Іван Рэпін, мардвін Георгій Якушын, кабардзінец Міхаіл Яхагоеў.

Няшмат ёсць у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прыкладаў, калі больш як дзесяць воінаў аднаго невялікага падраздзялення ў адзін дзень былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Такім падраздзяленнем стала восенню 1943 года 5‑я стралковая рота 18‑га гвардзейскага стралковага палка 77‑й гвардзейскай Чарнігаўскай стралковай дывізіі. На чале з малодшым лейтэнантам Мелікам Магерамавым рота першай фарсіравала Днепр на ўчастку вёскі Асарэвічы. Байцы гэтага падраздзялення далі магчымасць пераправіцца асноўным сілам стралковага палка, адбіўшы некалькі дзясяткаў лютых контратак праціўніка.

За гераічнасць і мужнасць увесь асабовы склад 5‑й стралковай роты быў удастоены ордэнаў і медалёў, а 14 самых адважных воінаў — Мелік Магерамаў, Барыс Самсонаў, Вячаслаў Засядацелеў, Якаў Заверталюк, Мікалай Лут, Васіль Цыс, Аляксандр Квіткоў, Віктар Шэвелеў, Міхаіл Уласаў, Мікалай Яромушкін, Ілья Каўрыжка, Мікалай Мішэнін, Віктар Бабошын і Віктар Лебедзеў — удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Усяго звання Героя Савецкага Саюза ўвосень 1943 г. за фарсіраванне Дняпра было ўдастоена каля 700 чалавек. Сярод іх 45 беларусаў. Гэта камандзір 9‑га гвардзейскага стралковага корпуса генерал Барэйка, камандзір 6‑га гвардзейскага танкавага корпуса генерал Зіньковіч, камандзір 68‑й гвардзейскай стралковай дывізіі Ісакаў, камандзір 20‑й танкавай брыгады палкоўнік Шутаў, а таксама камандзіры палкоў беларусы Уласовец, Тамілоўскі, Вашкевіч, Жданаў і іншыя.

Фарсіраванне Дняпра праводзілася адначасова на многіх напрамках і ўчастках — ад Лоева да Запарожжа. Дапамогу войскам аказвалі не толькі партызаны, але і жыхары вызваленых раёнаў Прыдняпроўя. Яны рамантавалі дарогі, аднаўлялі падарваныя масты, збіралі і рыхтавалі мясцовыя пераправачныя сродкі, паказвалі байцам зручныя месцы для перапраў і дзейнічалі ў якасці праваднікоў.

Савецкія войскі не толькі здолелі фарсіраваць Днепр, але і захапіць на яго заходнім беразе 23 плацдармы, парушыўшы тым самым на шырокім фронце магутнага воднага рубяжа загадзя падрыхтаваную абарону праціўніка, пераадолелі найбольш умацаваную частку "Усходняга вала" і стварылі ўмовы для развіцця аперацый у Беларусі і ў правабярэжнай Украіне. Планы гітлераўскага камандавання ўтрымаць за сабой Днепр цалкам праваліліся.

Такім чынам, ужо 22 верасня 1943 года ў Камарыне з'явіліся разведчыкі ў савецкай форме. Аднак страх перад тым, што імі могуць аказацца пераапранутыя паліцаі, як было ўжо не адзін раз, перасіліў жаданне адразу выбегчы на вуліцу. Пятнаццацігадовы мясцовы жыхар Фёдар Прыбыль таксама ўбачыў іх у акно, аднак быў упэўнены, што гэта свае, таму што вайскоўцаў суправаджаў знаёмы партызан. Сярод прыйшоўшых чырвонаармейцаў была радыстка. Уладкаваўшыся ў адной з хат на ўскраіне, яна і перадала радыёграму аб тым, што ў вёску можна ўваходзіць. У другой палове дня па Камарыне ўжо ішлі сотні савецкіх салдат. Перажыўшы жах двухгадовай акупацыі, мясцовыя жыхары са слязамі радасці кідаліся да вызваліцеляў. У тры гадзіны ночы 23 верасня ў вёску ўвайшло камандаванне часці, якая вызваляла Камарын. Штаб размясціўся ў школе, а над будынкам райкама раніцай узвіўся чырвоны сцяг. Так Перамога ўвайшла ў першы беларускі райцэнтр Камарын і пачала сваё шэсце па беларускай зямлі.

— Нашы размясціліся на паўночнай ускраіне Камарына ў акопе, выкапаным яшчэ немцамі, — распавядае партызан, франтавік, удзельнік штурму Берліна Барыс Лявоненка. — Увечары людзі панеслі ў акоп ежу, якая была: бульбу, яйкі, хлеб. Некалькі дзён мясцовыя жыхары кармілі салдат. Потым у Камарын падышоў армейскі абоз з дывізіённым млыном і пякарняй. Мясцовыя хлапчукі сталі там працаваць: дровы секлі, збожжа малолі і нават хлеб пяклі.

Відавочцы адзначаюць, што падчас акупацыі партызаны Камарыншчыны не давалі спакою ні гітлераўскім ваякам, ні паліцаям. Таму ўжо 26 сакавіка 1943 года немцы пакінулі гэты населены пункт. Але пасля наведваліся з карнымі акцыямі: некалькі разоў зганялі камарынцаў, каб на вачах ва ўсіх расстраляць злоўленых партызан і жыхароў, якія супрацоўнічалі з народнымі мсціўцамі.

За кожны кавалачак прыдняпроўскай зямлі ішлі ў сорак трэцім годзе мінулага стагоддзя цяжкія баі. Адлегласць да раённага цэнтра Брагін, які знаходзіцца за 50 км ад Камарына, Чырвоная Армія пераадолела толькі праз два месяцы. "Уся зямля ў гэтых месцах паліта салдацкай крывёй", — кажуць нешматлікія сведкі падзей ваеннага ліхалецця, якія засталіся ў жывых. Але без гэтых святых ахвяр не адбылося б трыумфальнае вызваленне беларускай сталіцы, Мінска, у ліпені 1944 года.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.