Вы тут

Старэйшы беларускі трамвай адноўлены!


У Віцебску ў гонар 115-гадовага юбілею беларускага электрычнага транспарту зрабілі дакладную копію першага трамвая, які бегаў па вуліцах горада. На жаль, у нашы дні гэты трамвай не зможа рухацца па рэйках, бо змянілася шырыня калеі.

Трамвай можна ўбачыць на пастаменце каля Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення.

— Роўна 115 гадоў таму ў правінцыйным Віцебску пасля Кіева, Ніжняга Ноўгарада, Днепрапятроўска з'явілася "электрычная дарога", па якой паехала "электрычная павозка", — сказаў падчас цырымоніі прэзентацыі адноўленага трамвая Васілій Паўлючкоў, начальнік унітарнага камунальнага транспартнага прадпрыемства "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне". — Да нашых дзён захаваўся будынак электрастанцыі, які знаходзіцца непадалёку ад Летняга амфітэатра. Гэтая станцыя давала не толькі ток для руху трамвая, а паралельна на вуліцах Віцебска з'явілася электрычнае асвятленне.

Падчас святкавання юбілею беларускага электрычнага транспарту каля ўстаноўленай на манумент дакладнай копіі трамвая адбылося тэатральнае прадстаўленне. Відавочцы падзеі дзякуючы акцёрам трапілі ў мінулае і ўбачылі, як першыя пасажыры са страхам навізны, але з вялікім інтарэсам "учынілі" першы рэйс на трамваі.

А сцены трамвая — драўляныя!

Усе ахвотныя пасля таго, як старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін

звонам даў дазвол для "руху" трамвая, змаглі пабываць унутры яго.

Адразу здзівіла, што трамвай унутры і звонку драўляны. Вельмі цікава было, знаходзячыся ў салоне, прачытаць аб'явы дарэвалюцыйных часоў. У прыватнасці, можна ўбачыць табліцу з надпісам "Такса за рэчы, пашкоджаныя пасажырамі ў вагонах трамвая, зацверджаная гарадской управай". Дык вось, за пабітае вялікае шкло можна было заплаціць 2 рублі 15 капеек — даволі вялікую суму. Для параўнання: рабочы за 16-гадзінны працоўны дзень атрымліваў да 60 капеек.

А на іншай копіі арыгінальнай таблічкі — "Абавязковыя пастанаўленні" (ад 1892 года) сярод іншага напісана, што пасажырскі рух павінен ажыццяўляцца з хуткасцю не больш за 14 вёрст у гадзіну. Побач надпіс пра час курсіравання трамвая. Аказваецца, ён мяняўся ў залежнасці ад пары года.

З архіўных матэрыялаў

У Віцебску дзейнічае насамрэч унікальны музей віцебскага трамвая, які стварылі ў 1966 годзе. У залах знаходзяцца больш за 2 тысячы экспанатаў. Сярод іншых можна ўбачыць дагавор з бельгійскім акцыянерным таварыствам, матэрыялы аб пуску ў Віцебску першага трамвая. Ёсць макеты вагонаў розных часоў...

1375447135869_2-18

Пабываўшы ў музеі, можна даведацца, што ў канцы 1890-х гадоў Віцебск уяўляў сабой невялікі губернскі горад з насельніцтвам усяго каля 70 тысяч чалавек, з дробнай, слабаразвітай прамысловасцю, з вузкімі, крывымі вулачкамі, дзе-нідзе замошчанымі каменем. Горад асвятляўся з дапамогай газавых ліхтароў. Транспарт горада быў прадстаўлены коннымі ламавымі і легкавымі коннымі фурманкамі.

Упершыню пытанне аб будаўніцтве трамвая ў горадзе Віцебску паўстала ў 1895 годзе. З ліпеня па лістапад названага года Віцебская гарадская ўправа прыняла тры заявы на будаўніцтва электрычнай жалезнай дарогі ў горадзе ад трох прэтэндэнтаў.

Па выніках галасавання гарадская дума пастанавіла даць канцэсію на ўстройства і эксплуатацыю трамвая ў Віцебску тэрмінам на 40 гадоў Фернану Гільёну, які быў прадстаўніком бельгійскага акцыянернага таварыства ў Бруселі. Дагавор аб гэтым пагадненні быў падпісаны 4 лютага 1896 года. Згодна з ім, Гільён абавязваўся пабудаваць электрычную чыгунку з усімі да яе прыладамі і рухомым складам.

Адзін з "параграфаў" дагавора ад 4 лютага 1896-га прадугледжваў: "Гільён мае права ўтвараць у Расіі ці за мяжой для ажыццяўлення гэтага прадпрыемства таварыства на паях або акцыянернае таварыства з правам выпуску акцый, а таксама і аблігацый, прычым усе аблігацыі павінны быць пагашаны да дня заканчэння тэрміну канцэсіі..."

Былі выпушчаны акцыі ў колькасці 12 000 штук па 100 франкаў кожная. Грамадскі капітал склаў 1200000 франкаў.

Былі пабудаваны чатыры ўчасткі трамвайных ліній. І паколькі вулачкі горада былі вузкімі, пуць пракладалі адзіночны з раз'ездамі. І толькі на плошчах і шырокіх участках дарогі — двайны. Агульная працягласць трамвайных ліній склала больш за 6 кіламетраў...

Электрычная энергія для трамвая выпрацоўвалася на цэнтральнай станцыі, якая была пабудавана на Задуноўскай вуліцы паблізу Мікалаеўскай Саборнай плошчы (цяпер гэта дом № 13 па праспекце Фрунзэ).

Для размяшчэння рухомага складу і майстэрняў па рамонце вагонаў па Задуноўскай вуліцы было пабудавана дэпо ўмяшчальнасцю 42 вагоны. У парку налічвалася 18 маторных і 15 прычапных летніх вагонаў замежнай вытворчасці. Маторны вагон меў 32 месцы — 20 сядзячых і 12 стаячых.

18 чэрвеня 1898 года ўрачыста, пад гукі "трамвайнага маршу", напісанага спецыяльна з нагоды адкрыцця трамвайнага руху ў Віцебску, па вулачках горада ўпершыню пайшлі трамваі. Для невялікага губернскага горада пуск трамвая стаў найбуйнейшай падзеяй. Пуск трамвая з'явіўся знамянальным для горада яшчэ і таму, што разам з прагрэсіўным транспартам у горад прыйшло святло. Магутнасці пабудаванай для трамвая электрастанцыі хапала і на забеспячэнне электраэнергіяй некаторых гарадскіх устаноў і найбольш забяспечаных прыватных асоб. На вуліцах горада газавыя ліхтары паступова сталі замяняць электрычнымі лямпачкамі.

І тады пасажыры скардзіліся

У музеі могуць расказаць многае і пра скаргі дарэвалюцыйных часоў. Скаргі заносіліся ў спецыяльныя кнігі, якія былі ў кожным трамваі. І дырэкцыя павінна была разгледзець кожную скаргу і з указаннем прынятых мер прадставіць для справаздачы ў гарадскую ўправу.

Скаргі пасажыраў былі розныя: і справядлівыя, і безгрунтоўныя, а часам і пацешныя. Вось некаторыя з іх:

"2 студзеня 1905 года, калі сеў у вагон, спытаў спадара кандуктара, калі пойдзе вагон? Ён занадта недалікатна адказаў: "Калі прыйдзе, тады і сыдзе". Артыст К.П. Арлоў"

"19 студзеня 1905 года. Больш за тыдзень, як я заявіў, што дзверы ў вагоне № 105 не зачыняюцца. Дзверы не паставілі і дагэтуль. Гэта выклікае зубны боль. Надворны саветнік Глутневіч".

"12 кастрычніка 1907 года. Прашу запатрабаваць ад кандуктара № 51, па якім праве спаганяе з мяне 5 капеек за квіток, калі я знаходжуся ў форме, але без фартуха? Гімназістка Марыінскай гімназіі Яхніна".

"Увогуле не разумею, чаму кандуктары зачыняюць дзверы вагонаў, калі на вуліцы так цёпла. Бо ў вагонах немагчыма сядзець".

Пры падрыхтоўцы гэтага артыкула выкарыстаны матэрыялы музея, які наведвае шмат прыезджых. Нядаўна тут пабывалі людзі аж з Вялікабрытаніі, палова з якіх працуюць у сферы перавозак пасажыраў, а астатнія, можна сказаць, "фанаты" трамвайнага руху...

Шчыра кажучы, шкада, што адноўлены першы беларускі трамвай так і не будзе ездзіць па вуліцах старажытнага горада. А можа, узяць ды зрабіць яшчэ адну копію? І няхай, улічваючы змененую шырыню паміж коламі, яна будзе не зусім дакладнай, было б здорава праехацца па вулачках старажытнага Віцебска менавіта на "тым самым трамваі"!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.