Вы тут

Ежа для... роздуму


Экалагічна чыстая сельская гаспадарка — гэта гаспадарка без выкарыстання штучных угнаенняў і пестыцыдаў. Навуковыя даследаванні паказалі, што пестыцыды і штучныя ўгнаенні разбуральна ўплываюць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, у тым ліку глебу. Таму многія фермеры ў развітых краінах перайшлі на вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі. Яны працуюць з натуральнымі угнаеннямі. Для барацьбы з хваробамі і шкоднікамі выкарыстоўваюць севазварот і натуральных "біялагічных ворагаў". Антыбіётыкі прымяняюць не для прафілактыкі (як у большасці звычайных гаспадарак), а толькі для лячэння хворых жывёл. Стандарты экалагічна чыстай гаспадаркі вызначаюцца незалежнымі нацыянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі.

1375448278395_16-41

"Чысты" гандаль — па пятніцах

Вялікі вопыт у прымяненні прынцыпаў экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі назапашаны ў Германіі, у прыватнасці, у горадзе Мюнстэры (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія). Тут ужо даўно і паспяхова працуе Марціна Рык, спецыяліст у галіне харчавання, кіраўнік шэрагу экалагічных праектаў і аўтар зборнікаў рэцэптаў страў з агародніны.

Нейкіх спецыяльных праектаў па здаровым харчаванні ў Мюнстэры няма, хутчэй, іх можна назваць праектамі ў галіне экалагічнай сельскай гаспадаркі. Адзін з такіх праектаў — стварэнне рынку чыстых прадуктаў, які паспяхова дзейнічае вось ужо 11 гадоў. На такім рынку маюць права прадаваць сваю прадукцыю толькі тыя сяляне з рэгіёна Мюнстэрлэнд, якія займаюцца экалагічна чыстым земляробствам (пакуль гэта 5% ад агульных сельскагаспадарчых угоддзяў Мюнстэрлэнда). Прадукты не з танных, даражэйшыя за звычайныя на 20—30%, і цэны залежаць ад таго, дзе купляеш (супермаркет, рынак, сялянская гаспадарка). Вядома, "фермеры-эколагі" зацікаўленыя, каб куплялі менавіта ў іх!

Аднак яны не манапалісты на рынкавай плошчы Мюнстэра — гандлююць толькі па пятніцах. Серада і субота — дні для гандлю ўсіх фермераў.

Як працуюць "фермеры-эколагі" (будзем называць іх так), скажам, вытворцы бульбы? Калі сцісла, то яны не выкарыстоўваюць хімічных угнаенняў і максімальна падключаюць чалавечы фактар. Бульбаводы адпраўляюць сваю бульбу ў рэстараны ўжо падрыхтаванай, гэта значыць абабранай. А абіраюць яе бехіндары (інваліды) на нядаўна створаных працоўных месцах.

Пакуль гэты праект працуе толькі ў Мюнстэры і Дортмундзе, таму што вельмі цяжка знайсці такіх свядомых фермераў, якія добраахвотна адмовяцца ад выкарыстання хімічных угнаенняў. Аднак не ўсё так безнадзейна. Ёсць паспяховыя экалагічныя гаспадаркі, якія маюць стабільную кліентуру і прывозяць "чыстую" прадукцыю проста на дом.

Падобнае можна сказаць і ў дачыненні да праекта па малацэ. Прынцып адзін: ад вытворцы да спажыўца — без пасярэднікаў! На жаль, у Мюнстэры толькі адна гаспадарка вырабляе, перапрацоўвае і дастаўляе 2 разы на тыдзень малочную прадукцыю (малако, тварог) сваім кліентам.

У такіх сельгаспрадпрыемстваў ёсць адна асаблівасць — каб прадукцыя была чыстай, яны павінны вырошчваць і чысты корм! У Германіі ўжо ёсць сельгасаб'яднанні, якія працуюць па вельмі жорсткіх еўрапейскіх правілах і праходзяць самы строгі кантроль на ўсіх этапах вытворчасці. Для экалагічна чыстай прадукцыі існуе адзіная еўрапейская сертыфікацыя і адзіны еўрапейскі стандарт якасці (прадукты "оrgаnіс")

Свабодныя ад ГМА

Марціна Рык — актыўны праціўнік ГМА — лічыць яго зброяй нябачнага генацыду. Марціна катэгарычная: "Адназначна, я — супраць ГМА! Пытанне аб карысці і рызыцы геннай інжынерыі было вынесена на абмеркаванне грамадскасці ўжо напрыканцы 1990‑х гадоў. Існуе вялікая колькасць абмежаванняў па прымяненні "зялёнай геннай інжынерыі", паколькі рызыкі, звязаныя з прымяненнем гэтага метаду, ацэньваюцца вышэй, чым яго карысць. У сувязі з гэтым прывяду прыклад, звязаны з парушэннем геннай інжынерыяй межаў відаў. У BT-кукурузу быў убудаваны ген земляной бактэрыі Bасіllus thurіngіеnsіs, і яна пачала выпрацоўваць таксін, які забівае некаторыя віды насякомых-шкоднікаў — і гэта кукуруза сала ўстойлівай да іх! А ў нашай мясцовасці НЯМА гэтых насякомых! Навошта нашым сялянам такая кукуруза? Інфармацыі па ГМА яшчэ вельмі мала, і мы не ведаем, як яны паўплываюць на здароўе чалавека, і гэта невядомасць, згадзіцеся, палохае. Магчымасці геннай інжынерыі сціраюць межы, якія існуюць у прыродзе паміж жывымі арганізмамі — такімі, як жывёлы і расліны, або бактэрыі і расліны. Калі чалавек штучна змешвае тое, што ў прыродзе не камбінуецца натуральным чынам, наступствы могуць быць непрадбачанымі".

Германія — адна з краін, дзе ГМА выклікаюць найбольшае непрыманне ў насельніцтва. Аднак, нягледзячы на грамадскае супрацьстаянне, палітыка ўрада ў галіне рэгулявання вырошчвання ГМ-культур пакуль яшчэ не вызначана. Але ўжо дзве траціны насельніцтва Германіі выступаюць супраць прымянення "зялёнай геннай інжынерыі".

Разгарнуць актыўную барацьбу з генетычнай мадыфікацыяй прадуктаў вымусіў выпадак з атручаным кормам для жывёлы — праціўнікі ГМА сцвярджаюць, што падобнага не здаралася ў Германіі да пачатку выкарыстоўвання генетычна мадыфікаваных сельгаспрадуктаў. Сельская гаспадарка краіны адрэагавала на такі настрой спажыўца, і ў 2003 годзе было створана каля 90 зон, свабодных ад ГМА, 30 з якіх знаходзіцца ў Баварыі. Мэтай праграмы з'яўляецца падтрымка фермераў у справе стварэння гаспадарак без выкарыстання ГМ-культур. Фермеры бяруць на сябе добраахвотныя абавязацельствы не вырошчваць ГМА — і гэта юрыдычна замацоўваецца ў выглядзе кантрактаў.

Першымі рэгіёнамі, свабоднымі ад ГМА, у краіне сталі Варбель-Рэкніц і Шарфхайдэ-Хорын у паўночна-ўсходняй частцы Германіі. Сёння агульная плошча гэтых тэрыторый складае ўжо больш як 600 тыс. га сельскагаспадарчых земляў. Калі ўлічваць таксама лясныя ўгоддзі і ахоўныя прыродныя тэрыторыі, то атрымліваецца, што сёння ў Германіі ад ГМА свабодна 1,25 млн га.

У 2004 годзе было вырашана зрабіць зонай і рэгіёнам, свабоднымі ад ГМА, горад Мюнхен. З агульнай сельскагаспадарчай плошчай у 3000 гектараў Мюнхен з'яўляецца адным з самых вялікіх сельскагаспадарчых раёнаў. На плошчы ў 1000 гектараў вядзецца экалагічна чыстая гаспадарка. Таксама аказваецца падтрымка фермерам, якія не прымяняюць ГМА, з боку каталіцкай і евангелісцкай цэркваў і Баварскага саюза садаводаў. Горад можа самастойна прымаць рашэнне аб невыкарыстанні культур, якія змяшчаюць ГМА, на сваіх пасяўных плошчах. Такім чынам, усе арандатары сельскагаспадарчых плошчаў абавязаны адмовіцца ад выкарыстання ГМА — яны падпісалі дадатак да кантракта арэнды: "Я адмаўляюся ад выкарыстання сельскагаспадарчых культур, што змяшчаюць ГМА".

Асаблівую ўвагу нямецкія актывісты надаюць барацьбе з вытворчасцю мадыфікаванай соі і кукурузы. Гэтыя сельгаскультуры, з'яўляючыся мадыфікаванымі, трапляюць у корм жывёлы, далей (па ланцужку) застаюцца ў арганізме жывёлы, што ў канчатковым выніку прыводзіць да з'яўлення ГМ-прадукту на сталах у выглядзе мяса, яек або малака.

Федэратыўная Рэспубліка Германія пераўтварыла Дырэктывы ЕС у свой закон аб геннай інжынерыі. Гэты закон цяпер рэгулюе пытанні, звязаныя з ГМА. Аснова закона — агульнадаступны рэестр месцаў размяшчэння вытворчасці ГМА. У гэтым рэестры, які таксама размешчаны ў Інтэрнэце, паказаны ўсе сельскагаспадарчыя плошчы, на якіх вырошчваюцца культуры, што змяшчаюць ГМА.

Толькі тэорыя?

З іншага боку, павялічваецца ціск з боку індустрыі і Сусветнай гандлёвай арганізацыі на агульную палітыку з мэтай аблегчыць увядзенне "зялёнай геннай інжынерыі".

Сказаць афіцыйна, што ГМА шкодныя, не можа ніхто. Часцей за ўсё ўжываецца такі тэрмін, як "патэнцыйна небяспечныя". Каб зрабіць заяву аб шкодзе ГМА, неабходна правесці працяглыя і маштабныя даследаванні і эксперыменты. Па стане на сёння навукоўцы маюць толькі некаторыя "тэорыі аб наступствах".

Сам па сабе трансген, з'едзены чалавекам, ніякай бачнай шкоды не наносіць, бо ўбудавацца ў генны код людзей не можа. Ён можа толькі "блукаць" па арганізме і правакаваць сінтэз бялкоў. Быццам бы нічога страшнага, але вось самі гэтыя бялкі з'яўляюцца нехарактэрнымі для чалавечага арганізма, гэта значыць — прыродай не прадугледжанымі. А чым можа скончыцца такі вось сінтэз і якую шкоду могуць нанесці гэтыя бялкі, застаецца толькі здагадвацца…

Ужыванне прадуктаў з ГМА можа прывесці да з'яўлення алергічных рэакцый, прытым зусім не бяскрыўдных. Вось, напрыклад, у ЗША, дзе ГМ-прадукты свабодна ўжываюцца ў ежу, ад алергіі пакутуюць каля 70% насельніцтва. У Швецыі, дзе такія прадукты пад забаронай, усяго толькі 7%. Наўрад ці гэта супадзенне.

Наступствам прыёму ў ежу прадуктаў з трансгенамі з'яўляецца і парушэнне структуры слізістай страўніка, з'яўленне ўстойлівай да антыбіётыкаў мікрафлоры кішэчніка.

Яшчэ адным наступствам можа стаць паніжэнне імунітэту ўсяго арганізма (70% імунітэту чалавека — у кішэчніку), а таксама парушэнне абмену рэчываў.

Трансгены маюць уласцівасць убудоўвацца ў генны апарат мікраарганізмаў кішэчніка, а гэта ўжо мутацыя. Як вядома, менавіта мутацыі клетак прыводзяць да развіцця ракавых клетак.

Усе вышэйпералічаныя наступствы не з'яўляюцца гарантаванымі пры прыёме ежы з ГМА. Існуе толькі пэўная рызыка развіцця такіх захворванняў. Каб даказаць усе наступствы ўжывання прадуктаў з ГМА, неабходна 40—50 гадоў. Таму, каб не нажыць сабе праблем і хвароб, будзе не лішняй некаторая асцярожнасць падчас выбару прадуктаў харчавання. Хоць многія навукоўцы, якія займаюцца гэтай праблемай, запэўніваюць, што ў параўнанні з ежай, якая змяшчае кансерванты, араматызатары і фарбавальнікі, ежа з ГМА наогул бясшкодная, а патэнцыйную небяспеку ўяўляюць толькі ГМ-мікраарганізмы, якія ўзаемадзейнічаюць з мікрафлорай кішэчніка.

Таццяна ЛЫЧАГІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».