Шыпянская эліта


Сёння ў нас дзе трэба, а дзе і не вельмі дарэчы, казыраюць модным словам "інавацыя". Нешта трохі падкруцілі-падмазалі — інавацыя, з другога боку зайшлі — інавацыя. У сапраўднасці ж атрымліваецца... звычайная прафанацыя.

Спецыялісты падкрэсліваюць: інавацыя, ці новаўвядзенне, — гэта рэалізаваная навінка, запатрабаваны прадукт. А інавацыйная дзейнасць — гэта праходжанне распрацоўкі ад ідэі да яе рэалізацыі.

Стасус абавязвае

Дырэктар РУП "Шыпяны-АСК" Віталь Казлоў, відаць, не задумваўся, наколькі адпавядае гэтай формуле работа гаспадаркі, якую ён узначальвае не вельмі даўно. А ёй наканавана быць своеасаблівым "правадніком ідэй у масы", г.зн. дамагацца хутчэйшага ўкаранення, у поўным сэнсе слова, распрацовак жодзінскіх спецыялістаў на палях рэспублікі. Усё ж такі даччынае прадпрыемства Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве! Нададзены яму і прэстыжны статус элітгаса. Менавіта тут, у аграгарадку Алесіна, дзе пабудаваны першы ў краіне, без перабольшвання, інавацыйны аб'ект — завод па выпуску самай высокай якасці насення збожжавых, рапсу, некаторых іншых культур — вытокі багатых ураджаяў. Завод у нас асацыюецца з гмахамі цэхаў, высачэзных комінаў і іншых прамысловых атрыбутаў. У нейкім сэнсе ён такі і ёсць. Яшчэ здалёку прыцягвае ўвагу. Але ёсць у яго свая непаўторная адметнасць.

Перш чым ён загрукоча-зашуміць, павінна зашапацець буйным коласам ніва. І не якім-небудзь невядомага роду-племя, а самага што ні на ёсць элітнага паходжання, толькі нядаўна "народжанага" доўгімі выпрабаваннямі селекцыянераў гатунку жыта, пшаніцы ці таго ж рапсу. А каб "з'явіўся" ён на свет, патрэбна не менш 8—10 гадоў нястомных пошукаў вучоных-аграрыяў. Потым з доследных дзялянак ён паступае сюды, у Шыпяны, для прамысловага размнажэння.

Тутэйшыя землі тыповыя для Беларусі, на іх, як той казаў, дужа не разгонішся. Тым больш важна даказаць, што і на іх пры ўдалым спалучэнні ўсіх складнікаў навукова-абгрунтаванага раслінаводства можна мець намалот не горшы, чым у замежных суседзяў, надзеленых высокапрадукцыйнай глебай.

Летась гэта ўдалося зрабіць. Ураджайнасць збожжавых была лепшай у раёне: 60,2 цэнтнера на круг, а валавы збор склаў 12,7 тысячы тон. Рэкорд за ўсю гісторыю гаспадаркі! Але не столькі ён важны сам па сабе, як тое, што большая колькасць сельгасарганізацый змаглі набыць высакаякаснае насенне перспектыўных гатункаў збожжавых айчыннай селекцыі, здольных вытрымліваць канкурэнцыю са сваімі замежнымі аналагамі. Адкалібраванае, зярнятка да зярняткі, пратручанае, затаранае ў мяхі рознай вагі па жаданні пакупніка, яно гарантуе дружныя ўсходы. А там, пры выкананні ўсіх агратэхнічных нормаў і прыёмаў, не за гарамі і багаты ўраджай. Патрачаныя грошы акупяцца добрым прыбыткам.

Вытворца насення таксама не прайграе. Толькі ў восень яго рэалізавана 1800 тон — з прыбыткам 8 мільярдаў 801 мільён рублёў. А ўсяго прададзена збожжа 10855 тон на 20726 мільёнаў рублёў.

Самай грашовай культурай аказаўся рапс

Рэнтабельнасць яго склала 59 працэнтаў. Існуе сярод аграрыяў такое няпісанае правіла: ураджайнасць рапсу павінна складаць не менш за палову ад ураджайнасці збожжавых. Дык у гаспадарцы яго сабралі па 37,1 цэнтнера з гектара, а вал склаў 1993 тоны. Выручка ад яго продажу павялічылася ў 2,5 раза ў параўнанні з папярэднім 2011 годам, у касу гаспадаркі паступіла 6 мільярдаў 273 мільёны рублёў.

Яшчэ раз падкрэслім: усе збожжавыя, зернебабовыя, крупяныя культуры, рапс — селекцыі Цэнтра па земляробстве. Яны найбольш адаптаваныя да нашых умоў, высокапрадукцыйныя, устойлівыя да хвароб і капрызаў надвор'я. Што і пацвердзіла сёлетняя анамальная ў многіх адносінах зіма. Рапс у Шыпянах вытрымаў яе без асаблівых праблем, пшаніцу і трыцікале толькі дзе-нідзе давялося перасеяць яравымі. Пасевы выглядаюць цяпер зусім няблага, бо іх належна даглядалі. Загадваць наперад — справа няўдзячная, але ўраджай, думаецца, будзе адпавядаць статусу элітгаса. Значыць, будзе чым сеяць і ў іншых сельгасарганізацыях.

Віталь Казлоў — кіраўнік яшчэ малады, але ўжо дастаткова вопытны, — настойліва авалодвае сучаснымі метадамі гаспадарання. І, як бачым, не без поспехаў. Амаль усе галіны вытворчасці прыбытковыя. Што дазваляе своечасова набываць мінеральныя тукі, сродкі аховы раслін, абнаўляць машынна-трактарны парк, будавацца, плаціць работнікам добрую зарплату. Ці магла б яна быць большай, скажам, за чатыры мільёны рублёў? Магла. Шмат яшчэ звёнаў, якія стрымліваюць яе рост. Напрыклад, бухгалтэрыю можна было б "звузіць", каб не тая колькасць бясконцых даведак, невядома каму патрэбных статыстычных звестках...

Побач з раслінаводствам гаспадарка паспяхова развівае жывёлагадоўлю. Калі ў раёне збавілі надоі малака да леташніх, то ў "Шыпянах-АСК" маюць хоць невялікі "плюс" — звыш 20 літраў ад каровы за суткі. Гэтаму спрыяе якасная кармавая база. Многія захапіліся кукурузай ва ўрон шматгадовым травам. Тут жа знайшлі аптымальнае спалучэнне. Сеюць "каралеву палёў", якая патрабуе сапраўды каралеўскага догляду, але ў разумных межах. Сёлета яна заняла 250 гектараў на зерне. Разлічваюць намалаціць не менш леташніх 2362 тон пры ўраджайнасці 116 цэнтнераў з гектара. Сілас кукурузны таксама зойме належнае месца ў кармавым рацыёне. Але ён не павінен быць стратным.

— Калі атрымліваеш зялёнай масы кукурузы менш як 300 цэнтнераў з гектара, то і сеяць яе не варта, — упэўнены Віталь Мікалаевіч. — Пацягнецца ланцужок страт, які зблытае ўсе планы і намаганні па зніжэнні сабекошту жывёлагадоўчай прадукцыі. Галоўнае — разумнае спалучэнне. Сена, сянаж з канюшыны, люцэрны, іншых траў у тры-чатыры разы таннейшыя за кукурузны фураж. Збалансаваны па пажыўных рэчывах рацыён гарантуе высокую аддачу жывёлагадоўлі, а з ёю і рэнтабельнасць галіны.

Новая "фабрыка малака"

Малочны статак гаспадаркі неўзабаве падвоіцца. Ужо "засяляецца" сучасны комплекс на тысячу кароў. Даіць у гэтым "палацы" так, як на звычайных фермах — проста сорам. Патрачаныя на яго ўзвядзенне 100 мільярдаў рублёў ніколі не акупяцца. Нават на ўзроўні 6354 кілаграмаў малака ад каровы — гэтулькі атрымалі летась на старых фермах. А на МТФ "Алесіна" — 7532 кілаграмы. Новая "фабрыка малака" разлічана на "карэкціроўку" гэтых, увогуле неблагіх лічбаў, да 10 тысяч кілаграмаў. Прытым у асноўным гатункам "экстра". База для гэтага створана.

Цяпер штодзень на рахунак гаспадаркі паступае каля 53 мільёнаў рублёў за здадзенае малако. А калі пастаянна ёсць "свежая капейка", можна і своечасова зарплату выдаваць, і неадкладныя гаспадарчыя патрэбы аплачваць. Дарэчы, за мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 50,9 мільярда рублёў, а чысты прыбытак — 6 мільярдаў 822 мільёны рублёў. Ужо ў бліжэйшы час, паводле слоў В.М. Казлова, мяркуюць давесці выпрацоўку на аднаго работніка за год да 40—50 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце.

Калі мы размаўлялі з Віталем Мікалаевічам, у яго зазваніў мабільнік. Кіраўнік паставіў яго на гучную сувязь. Галоўны аграном адной з гаспадарак Міншчыны загадзя "забіваў" чаргу на пшаніцу "Ода" і трыцікале "Антось".

— Пераводзьце грошы ў жніўні і забірайце гатовае насенне, як і заказваеце, па 1,2 тоны куль. Не памыляецеся, гатункі новыя, інтэнсіўнага тыпу. Будзеце ў выйгрышы.

Скончыўшы размову, дырэктар "Шыпяны-АСК" дадаў: "Вясной рэалізавалі звыш тысячы тон яравых збожжавых. Прыязджалі з усіх куткоў рэспублікі. Яно і зразумела: элітнага поля без элітнага насення не бывае".

Мікалай ШЛОМА.

Смалявіцкі р-н.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.