Вы тут

Філасофія пачуцця


Каханне — гэта перш за ўсё моцнае шчымлівае пачуццё, якое забірае чалавека ўсяго, паглынае ўсялякую разважлівасць у яго сардэчных памкненнях, робіцца душэўнай асалодаю ў радасці і смутку адначасна. Не дзіва таму, што ў любоўнай лірыцы так багата эмацыйнага напалу. Аднак не менш захапляюць сапраўдных аматараў паэзіі творы вонкава стрыманыя, дзе пачуцці тояцца ў глыбіні роздумнай інтанацыі і насычанасці вобраза.

Філасофіяй адзінства і вернасці ў каханні адметны верш В. Віткі "Яліна і клён";

яна ўвасоблена ў вобразе-сімвале скрыпкі, аснову для музыкі якой даюць два гэтыя дрэвы ў неад'емным сваім спалучэнні.

Філасофія прыгажосці і мімалётнасці кахання, як і самога жыцця, — у вершы С. Блатуна. Смутак і жаль між тым перажываюцца паэтам мудра, без роспачы: настае час, і шчаслівыя імгненні пераходзяць наступнікам; адсюль у яго столькі замілаванасці да дзяўчынкі з яе прэтэнзіяй на летуценных матылькоў...

Васіль Вітка

ЯЛІНА І КЛЁН

Два дрэвы злучылі свае галасы
І скрыпкаю сталі абое.
Скрозь і паўсюды, ва ўсе часы
Людзі іх песню завуць
любоўю.

Сэрца адное
У клёна, яліны.
Разам яны
да апошняй хвіліны.

Змоўкне яліна, клён не зайграе,
Дзынкне струною —
І памірае.

Сымон Блатун

* * *

На твае залацістыя косы,
Помню, селі два матылькі,
Быццам макі пунсовыя.
Там яны і заблыталіся,
Пачалі трапятацца...
Доўга яны трапяталіся.
А аднойчы на лузе даспелым
Раптам пырхнулі — і паляцелі.
Як шкада! Я пабег наўздагон,
Каб спаймаць матылькоў тых жаданых...
Доўга бег... Раптам бачу —
паселі
На льняную галоўку дзяўчынкі,
Што гуляла ля хаты ў класы,
Пачалі, як раней,
трапятацца...
Падышоў,
зняць хацеў іх рукою,
Ды дзяўчынка сказала
з дакорам:
— Не чапай,
ты ўжо дзядзя вялікі,
Гэта будуць мае матылькі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?