Вы тут

КНІГА ЯК ЦУД УЗНАЎЛЕННЯ


Крытыка на шпільцы

Апошнім часам дзіўлюся лёсу сучасных беларускіх кніг. З аднаго боку, выходзіць процьма самых разнастайных выданняў. З другога — надта кароткая да іх цікавасць. Нават самыя бліскучыя, выштукаваныя кнігі, якія пішуцца не адзін дзясятак гадоў, хіба на момант асвятляюцца промнем увагі пасля прэзентацыі ці ўручэння прэміі, а пасля зноў знікаюць у прыцемку гісторыі.

1375449232151_111

Са здзіўленнем пабачыла кнігу Вольгі Бабковай "...І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага ХVІ—ХVІІ стагоддзяў" у кніжнай краме. Са здзіўленнем, бо кніга гэта настолькі незвычайная для Беларусі, што пра яе, як на мой погляд, павінны ведаць і гаварыць усе больш-менш адукаваныя людзі не адзін год. Кніга і была заўважана, адзначана, але далёка не ў той меры, як яна таго заслугоўвае.

Назва "...І цуды, і страхі" — цытата з кнігі Яна Баршчэўскага, заснавальніка нацыянальнага фэнтазі. Неверагодна, але назва цалкам адпавядае зместу кнігі.

Сама манера рэканструкцыі жыцця беларусаў ХVІ—ХVІІ стагоддзяў — сапраўдны цуд, бо аўтар так паэтычна, пранікнёна ўзнаўляе побыт, праблемы і норавы людзей позняга Сярэднявечча і пачатку Новага часу на падставе судовых дакументаў, што міжволі ствараецца эфект прысутнасці. Як быццам ты ляціш на нейкім паветраным шары — не надта нізка, каб разглядзець твары людзей унізе, і не надта высока, каб мець магчымасць назіраць за іх дзеяннямі... І нават не ляціш, а плывеш, бо дзеянне разгортваецца павольна, з той павольнасцю, з якой толькі і можна глядзець на гісторыю, не губляючы дэталяў, у якіх і ёсць самы смак такога роду літаратуры...

Ты атрымліваеш магчымасць паглядзець на падзеі чатырохсотгадовай даўніны, пачуць каментарый даследчыцы, перасыпаны словамі, якія ты часта і не ўяўляў раней, і паразважаць над рэчамі, над якімі, хутчэй за ўсё, і не задумваўся, "закруціўшыся" ў сваёй паўсядзённасці: "Засненнем" называлі смерць у старабеларускай традыцыі. Бо пакідаючы свет мизерны, адменны, прывидны, надзны, аблудны, нерозны, чалавек свята верыў у абуджэнне, у вясёлае Змёртвыхвстанне, у сустрэчу адроджанага цела і вечнай душы

(цікава, што панятак "душа" знайшоў зафіксаванне і ў судовай дакументацыі пры апісанні возным чарговага пацярпелага, маўляў... убоства его забралі і пашарпалі так, што сам ледзь з душой утек...)".

З вышыні палёту ты можаш назіраць стары Мінск, яго храмы і рынкі, замак і балоты... Але, па шчырасці, не надта і хочацца ў яго спускацца, бо стары горад — гэта, у першую чаргу, тэрыторыя страхаў. Дзе зусім рэальныя людзі, ад якіх засталіся, відаць, не толькі імёны, але і нашчадкі, маглі цябе беспакарана спаліць на вогнішчы, пазбавіць жытла і маёмасці, параніць шабляй без прычыны ці проста раструшчыць, папсаваць плён тваёй працы толькі з зайздрасці і злых думак. Шчыра кажучы, мне нават не ўяўлялася, наколькі жорсткі, бязлітасны — асабліва для ўдоў і дзяцей — быў сярэднявечны свет, дзе свае правы адстаяць не маглі часам нават заможныя людзі, не кажучы ўжо пра тых, каго купілі, ці ўзялі ў палон, ці атрымалі ў спадчыну. Чужое жыццё куплялася за капейкі, але не мела ніякай каштоўнасці ў вачах рабаўнікоў, злыдняў, душагубаў, якія папросту дзеля ўласнай пацехі затоптвалі дзяцей коньмі, з зайздрасці труцілі суседзяў, ад залішняй сілы прымушалі лезці на сосны голымі ў мароз ці забівалі падарожнага за прыгожую шапку!

Тым, хто лічыць, што сёння грамадства стала больш жорсткім, чым тое, што было даўней, варта пачытаць сведчанні пра збіццё да смерці цяжарных жанчын і чужымі, і ўласнымі мужамі (збіццё, якое, як правіла, не заканчвалася пакараннем нават пры звароце ў суд, які ўжо тады, між іншым, спраўна працаваў з раніцы да ночы).

Тым, хто старанна выбудоўвае свае радавыя дрэвы, спрабуючы даказаць, што ён арыстакрат, "белая костачка", варта памятаць, што магнаты на Беларусі — з'ява далёка не адназначная. "Найбольш выразна сваю непрыхільнасць да ўлады магістрату выказвалі заезджыя магнаты са сваімі слугамі ды памагатымі. Урэшце, яны чынілі великие и незносные крыўды ўсяму месту, і, у абыход закону, хадзілі па горадзе з ручніцамі, пулгакамі, лукамі, разбіваючы па ўсіх вуліцах кабыліны, страляючы ў дамы і мардуючы жыхароў, хлеб на рынку беручы и всякую живность в крамах, у ремеслеников работу гвалтом". Як сведчыць аўтарка-архівістка, не могучы больш трываць такога здзеку і крыўды, калі "места Менскае нишчат и пустошат как в земли неприятельской", месцічы час ад часу згуртоўваліся і спрабавалі даваць адпор самі. Але не такое яно простае — змаганне са злом...

Як ужо можна бачыць з прыведзеных цытат, мова кнігі змяшчае як сучасныя формы, так і тыя, якія захавалі для нас тагачасныя дакументы. Аднак не варта баяцца, што кніга падасца вам вельмі цяжкай, нечытэльнай. Па-першае, у канцы яе ёсць невялікі тлумачальны слоўнічак, да якога я сама раз-пораз звярталася. Па-другое, кніга "...І цуды, і страхі" пры ўсёй сваёй паэтычнасці вельмі лагічна збудавана: першыя эсэ апісваюць стары Менск, пасля акрэсліваюць асаблівасці жыцця людзей розных нацыянальнасцяў (а наша сталіца ў той час была сапраўды мультыкультурнай), а потым звяртаюцца да пэўных ключавых момантаў жыцця — такіх, як вяселле, дарога, чарадзейства, маёмасць і скарбы.

Усе абрысы тагачаснага жыцця прапісаны Вольгай Бабковай з любоўю і да беларускай гісторыі, якую мы ўсе, так выглядае, слаба ведаем, і да самага мізэрнага чалавека, які, нават у сваёй нязначнасці, заўсёды пакідае пасля сябе часцінку, знак. Цудоўна, што ёсць людзі, якія тыя кволыя, паўсцёртыя знакі ўмеюць расшыфроўваць і распавядаць іншым — дзеля роздуму і навукі.

Ганна КІСЛІЦЫНА.

(Цытаты дадзены паводле аўтара кнігі).

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.