Вы тут

Раўнуе – значыць кахае?


З Любоўю пра  каханне

Мая раніца традыцыйна пачалася з праверкі пошты ў сацыяльнай сетцы, дзе мяне чакала нешматслоўнае пісьмо ад сяброўкі: “Усё, больш не магу, буду разводзіцца. Даканаў ён мяне сваёй рэўнасцю!”.  Шчыра кажучы, рэўнасць мужа сяброўкі не была для мяне навіной: кожны наш дзявочы паход ў кафэ для Дашы паварочваўся скандалам па тэлефоне, а затым і дома. Але каб разводзіцца… “Пачакай, трэба ўсё абдумаць,” – адпісалася я і патэлефанавала свайму сябру-псіхолагу. Ён не аднаго сабаку з’еў у гэтых пытаннях, чым-небудзь абавязкова дапаможа.

Калі так разабрацца, то кожная жанчына ў сваім жыцці хаця б раз сутыкалася з рэўнасцю. Лічыцца, што ў разумных межах пачуццё рэўнасці паміж партнёрамі мае права на існаванне. Гэта, так бы мовіць, пацверджанне пачуццяў, трывога на конт страты каханага, чалавека, які вам дарагі. Але часта рэўнасць становіцца паталагічнай і праяўляецца такімі эмоцыямі, як страх, гнеў, агрэсія і інш.

Разглядзець раўніўца з першага погляду бывае дастаткова складана, бо напачатку адносінаў амаль кожны мужчына паводзіць сябе засцярожана. Мой былы абраннік быў менавіта такім: спачатку клапаціўся, раіў, што туфлі нада купляць на больш высокіх абцасах, спадніцы вышэй за калена. Праз паўгода адносінаў чалавека нібыта падмянілі:  “гэтая сукенка залішне кароткая”, “я не хачу, каб ты ішла туды, таму што там будзе многа мужчын”,  “чаму ты спазнілася на 5 хвілін”, “хто гэта цябе падвёз дахаты”. Прэтэнзій станавілася ўсё больш, а я цярпела – кахаю ж яго. Мы, жанчыны, любім апраўдваць усё каханнем. Часта – дарэмна.

Псіхолагі лічаць, што, па першае, рэўнасць – гэта няўпэўненасць у сабе і сваёй прывабнасці самога раўніўца і ў тым, што ён варты кахання сваёй жанчыны. Па другое, наперакор распаўсюжданаму меркаванню, што раўнуе – значыць кахае, можна адзначыць, што ў рэўнасці значна больш любові да сябе, чым да іншага чалавека. Раўніўцу здаецца, што жанчына надае яму мала ўвагі. Прычына такога пачуцця, па меркаванні псіхолагаў, крыецца ў псіхалагічных праблемах дзяцінства, калі маленькага хлопчыка прыніжалі, а можа нават у нейкім плане здзекваліся над ім. Існуе некалькі тыпаў рэўнасці.

1 тып – гэта бязбольная рэўнасць. Назва кажа сама за сябе: рэўнасць не дастаўляе нязручнасцяў нікому з партнёраў. Жанчына, заўважаючы, што каханы крыху раўнуе яе, адчувае сябе жаданай і патрэбнай і можа акуратна маніпуляваць мужчынам. Так і смецце ён хутчэй пойдзе выносіць і новы колер валасоў ці пах парфумы заўважыць. Я люблю калі-нікалі падагрэць інтарэс да сябе менавіта такім чынам. Але, шчыра кажучы, ні з кожным мужчынам такі нумар праходзіць. Яшчэ галоўнае не перастарацца, бо бязбольная рэўнасць можа хутка перарасці ў рэўнасць другога тыпу.

2 тып – гіпертрафаваная рэўнасць. Калі вы заўважаеце, што ваш мужчына лічыць вас сваёй уласнасцю, забараняе сустракацца з сябрамі і сяброўкамі, не дае вам свабоды ў вашых асабістых інтарэсах і патрэбах, значыць, яго рэўнасць ужо пакідае толькі негатыўны адбітак на вашых адносінах. Такі мужчына можа раўнаваць вас цяпер не толькі да іншых прадстаўнікоў моцнага полу, але і да працы, вашых захапленняў, поспехаў і г.д. Такім чынам негатыўнае пачуццё мужчынскай рэўнасці рана ці позна пачне маніпуляваць вамі: іншы раз лепей не пайсці ў кафэ з сяброўкай, чым пасля дома выслухоўваць сцэну рэўнасці, або купіць спадніцу ніжэй калена, бо каханы ўсё роўна забароніць насіць яе ў сваю адсутнасць.

3 тып – паталагічная рэўнасць. Такую рэўнасць можна лічыць псіхалагічным захворваннем. Раўнівец не можа кантраляваць свае паводзіны, а страх быць падманутым становіцца дакучлівым станам, які суправаджаецца пастаяннай нервовасцю і трывожнасцю. Мужчына ператвараецца ў следчага, які абавязкова павінен штосьці знайсці, выкрыць сваю каханую ў здрадзе. Ад такога мужчыны лепей уцякаць, пакуль адносіны не зайшлі вельмі далёка, бо шчасця на пастаянных падазрэннях наўрад ці атрымаецца пабудаваць.

Калі ўсё ж такі вам трапіўся раўнівы мужчына, не спяшайцеся  разрываць з ім адносіны. Спачатку прыглядзіцеся, да чаго ён вас раўнуе: можа вы самі даеце шмат падстаў для сумневаў у вашай вернасці. Калі прычына крыецца ў вас, паспрабуйце зрабіць змены ў сваіх паводзінах. Разам з гэтым назірайце за вашым каханым, адзначайце, што змянілася з яго боку. Кантралюемая рэўнасць – гэта не дрэнная з’ява. Цяжка, калі мужчынская рэўнасць імкліва расце і мяшае вам шчасліва жыць. У такім выпадку вам трэба сур’ёзна задумацца пра будучае вашых адносінаў. Каханая жанчына павінна прыносіць радасць і задавальненне, а не кожную хвіліну даказваць сваю адданасць.

Дарэчы мае адносіны з раўніўцам не прыйшлі ні да чаго добрага – мне прыйшлося сысці, бо быць пастаянна абвінавачанай ў здрадзе псіхалагічна вельмі цяжка, асабліва, калі нават флірту з іншымі мужчынамі ніколі не было. Мая сяброўка пакуль не вырашыла, як быць са сваім раўніўцам. Дасць Бог ўсё будзе добра.

Дзмітрый Багданаў, псіхолаг:

Існуе такое паняцце “рэўнасць як вынік асабістай нявернасці”. Калі ваш мужчына залішне кантралюе вас, то гэта знак для вас, што трэба задумацца пра яго вернасць вам. Пачуццё рэўнасці ўласціва кожнаму чалавеку, але яе ступень і інтэнсіўнасць залежаць ад канкрэтнага чалавека і абставінаў. Цярпець рэўнасць ці не – гэта ваша асабістае рашэнне. Галоўнае, што я магу параіць – гэта заставацца сабою і не станавіцца ахвярай чыіх-небудзь комплексаў.

Любоў Бяляева

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.