Вы тут

Рэлігія — гэта яшчэ трохі і палітыка


У нас. Звычайна апошнія тыдні лета — так званая "мёртвая пара" ў палітыцы. Безумоўна, нельга сказаць, што зусім нічога не адбываецца, аднак асноўныя палітычныя дзеячы нібыта збіраюць сілы, каб пачаць новы сезон.

Таму, безумоўна, галоўнай навіной мінулага тыдня сталі мерапрыемствы, якія, на першы погляд, не маюць непасрэднага дачынення да палітыкі — святкаванне 1025-годдзя Хрышчэння Русі.

Калі абстрагавацца ад рэлігійнай і духоўнай сутнасці свята (што зрабіць даволі цяжка), то можна прыйсці да цікавых высноў. У гэтыя дні святкавалася не толькі гадавіна прыняцця ўсходнімі славянамі хрысціянства ў 988 годзе, але і 25-гадовы юбілей аднаўлення паўнавартаснай дзейнасці праваслаўнай Царквы на нашых землях. Трэба сказаць, што за гэты час яе ўплыў стаў адчувальным і значным не толькі ў духоўным і культурным, але і ў грамадска-палітычным жыцці.

Добра гэта ці не, аднак Царква зараз з'яўляецца суб'ектам палітыкі. Як інстытут яна мае разгалінаваную структуру, усё больш людзей прыслухоўваюцца да голасу сваіх святароў. Актыўнасць царквы ў сродках масавай інфармацыі ўзрастае. Паказальна, што ўсе тры кіраўнікі дзяржаў, якія лічаць сябе нашчадкамі Кіеўскай Русі, — Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Віктар Януковіч

— у сваіх выступленнях падчас святкавання падкрэслівалі асаблівую значнасць ролі Царквы ў сучасным грамадстве.

З пункту гледжання міжнароднай палітыкі Руская Праваслаўная Царква выступае адным з галоўных фактараў развіцця інтэграцыі на постсавецкай прасторы, асабліва паміж усходнеславянскімі дзяржавамі. Нягледзячы на распад адзінай краіны, РПЦ захавала сваё адзінства. Нават царкоўны раскол ва Украіне не надта пахіснуў пазіцыі Маскоўскага патрыярхату.

Можна сказаць, што сама ідэя еўразійскай інтэграцыі для праваслаўных з'яўляецца цалкам натуральнай, бо праваслаўе ўзнікла ў Візантыі, якая і геаграфічна, і цывілізацыйна знаходзілася адразу і ў Еўропе, і ў Азіі.

Таму на бліжэйшыя гады, нават дзесяцігоддзі можна прагназаваць толькі рост царкоўнага ўплыву на ўсе бакі жыцця грамадства. І мінулы юбілей гэта яскрава пацвердзіў.

Вакол нас. Кожны палітык штодня займаецца неверагоднай колькасцю разнастайных спраў. Але ў гісторыі застаецца дзякуючы нейкаму аднаму стэрэатыпу, часта не вельмі істотнаму, але даволі рэзананснаму. Сільвіа Берлусконі, верагодна, запомніцца, сваімі шматлікімі судовымі працэсамі.

Нарэшце 4 жніўня суд вышэйшай інстанцыі пацвердзіў прыгавор, паводле якога 76-гадовы італьянскі палітык і бізнесмен павінен быў бы правесці 4 гады ў турме і назаўжды пазбавіцца права займаць дзяржаўныя пасады. Праўда, у адпаведнасці з італьянскімі законамі, асобы такога ўзросту не могуць быць зняволены. Ды і забарона займаць кіруючыя пасады таксама яшчэ будзе абскарджана ў судзе.

Але справа не ў гэтым, а ў самім рэкордным пераследзе Сільвіа Берлусконі з боку судовых улад.

Вядома, нельга сцвярджаць, што былы італьянскі прэм'ер крыштальна чысты і ніколі не здзяйсняў злачынстваў. Аднак тая колькасць абвінавачванняў, якую яму прад'яўлялі, выклікае пытанні. Махлярства і подкуп, злоўжыванне службовым становішчам і сексуальная эксплуатацыя непаўналетніх. Усяго некалькі дзясяткаў спраў, якія заводзіліся ў розныя гады. Пагадзіцеся, цяжка паверыць, што гэта не арганізаваная кампанія! Часам складвалася ўражанне, што палітычныя ворагі энергічнага Берлусконі быццам перабіраюць увесь крымінальны кодэкс у спробе знайсці хоць нешта, што б дапамагло ім выбіць моцнага саперніка з гульні.

Хто ж гэтыя ворагі? Яны вельмі ўплывовыя. У стане праціўнікаў Берлусконі італьянскія левыя і магутная брусельская бюракратыя з кіраўніцтва ЕС, бізнес-канкурэнты і нават анархісты.

Берлусконі — моцны палітык харызматычнага складу. Чалавек, які зрабіў сябе сам. Такі тып зараз не ў модзе ва ўладных калідорах краін ЕС. Там больш прызвычаіліся да розных шэрых мышэй і нават пацучкоў, якіх разводзяць у шматлікіх "палітычных школах", створаных пад эгідай Бруселя і Вашынгтона. Цікава, што адна з самых уплывовых паліталагічных арганізацый Італіі так і называецца — "Амерыканскі ўніверсітэт у Рыме".

Сільвіа Берлусконі — прадстаўнік выміраючага віду яркіх і моцных палітыкаў, якія маглі адстойваць інтарэсы сваёй краіны. Так, у іх шмат недахопаў, але галоўная іх асаблівасць, якая і прываблівае народ, — воля і ўпэўненасць ва ўласных сілах. Якасці, якія, верагодна, не запатрабаваны зараз у ЕС.

З гісторыі. Цікава, што на дзень 29 ліпеня прыпадае адразу дзве падзеі — па-свойму знакавыя для беларускага грамадства. У 1939 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне пра перайменаванне Менска ў Мінск, а ў той жа дзень у 1961 годзе гарадскі пасёлак Шацілкі стаў горадам з іншай назвай — Светлагорск.

Можна сказаць: "Ну і што?". Але тут важная сама тэндэнцыя. ХХ стагоддзе — гэта час ператварэння беларусаў — першапачаткова нацыі сялянскай, вясковай — у гарадскую. Таму і ўсё, што звязана з гарадскім жыццём — ці то назва самога паселішча, ці то яго ўпарадкаванне — паступова набывае іншы сэнс.

Урбанізацыя беларусаў (менавіта народа, а не толькі эканомікі альбо інфраструктуры) праяўляецца літаральна ва ўсім. Дастаткова паглядзець на літаратуру. Купала, Колас, Багдановіч, нават Чорны і Гарэцкі, нягледзячы на свой статус гарадскіх жыхароў, тыповыя сялянскія паэты і пісьменнікі. Для іх уласны народ найперш вясковы. Але ўжо ў другой палове ХХ стагоддзя ўсё змяняецца. Ужо ў Мележа, Шамякіна мы бачым сутыкненне горада і вёскі, іх узаемасувязь. А ўся сучасная беларуская літаратура амаль цалкам гарадская. Нават калі наш сучаснік піша пра вёску, то глядзіць на яе ўжо вачамі гараджаніна. І гэта тычыцца не толькі літаратуры, нават не толькі мастацтва.

Праўда, у адрозненне ад сваіх суседзяў, беларусы найбольш прывязаны да вёскі. Гэта наша асаблівасць. І, з'ехаўшы з родных мясцін, мы яшчэ на працягу некалькіх пакаленняў застаёмся палешукамі, чэрвенцамі, івянецкімі альбо "з-пад Браслава". Тыповыя для ўсіх постсавецкіх краін дачы для нас хутчэй не спроба вырошчваць гародніну і не летні дамок. Бадай, не толькі гэта, а нейкая сакральная сувязь з векавечнай народнай традыцыяй. Сувязь з вёскай. Але з кожным пакаленнем гэта сувязь становіцца слабейшай. Сялянскі народ стаў гарадскім.

Вадзім ГІГІН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».