Вы тут

На буслоў цяпер спадзявацца не варта


Плануеце папаўненне ў сям'і? Забудзьцеся на выпадковы прылёт бусла і раптоўныя знаходкі ў капусце. Да такога адказнага кроку трэба рыхтавацца. Прычым абаім. Упэўненасць у тым, што ў вас усё добра, можа быць падманлівай. Першае дзіця або трэцяе — таксама не важна. Штораз падыходзьце да "справы" з усёй адказнасцю. У першую чаргу, зразумела, жанчыне неабходна прыйсці на прыём да свайго ўчастковага тэрапеўта і гінеколага. Урач-тэрапеўт дапаможа высветліць, ці няма супрацьпаказанняў да планавання цяжарнасці, выявіць хранічныя захворванні. Важна звяртаць увагу на наяўнасць цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, захворванняў нырак і інш. Гэтыя паталогіі маюць патрэбу, кажучы прафесійнай мовай медыкаў, у кампенсацыі — дасягненні такога стану, калі цяжарнасць будзе дапушчальнай для гэтай жанчыны. Узровень цукру, артэрыяльны ціск павінны быць у норме. У процілеглым выпадку цяжарнасць справакуе больш агрэсіўны варыянт працякання паталогіі.

Задача акушэра-гінеколага — пераканацца, што ў будучай цяжарнай, няма гінекалагічнай паталогіі і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Для гэтага здаюцца мазкі на флору і анкацыталогію. Гінеколаг таксама аглядае малочныя залозы і мерае артэрыяльны ціск. Калі выяўляюцца нейкія гінекалагічныя захворванні або інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, абавязкова трэба пралячыцца. Далей урач парэкамендуе прыём фоліевай кіслаты на працягу 3-4 месяцаў да запланаванай цяжарнасці. Фоліевая кіслата спрыяе прафілактыцы паталогій цэнтральнай нервовай сістэмы ў плода. Нават калі ў жанчыны не выяўлена ніякіх праблем з рэпрадуктыўным здароўем, будучаму бацьку таксама рэкамендуецца прайсці прафілактычны агляд і абследавацца на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, у андролага або ўролага.

1375700553271_1

Бацькі павінны ведаць, што вельмі важна ў сітуацыі планавання цяжарнасці не прапусціць без лячэння такія інфекцыі, як мікаплазмоз і ўрэаплазмоз, паколькі яны здольны выклікаць ускладненні цяжарнасці — плацэнтарную недастатковасць, заўчаснае выліванне каляплодных водаў, нараджэнне дзіцяці з нізкай вагой і інш. На жаль, выяўленне інфекцый непасрэдна падчас цяжарнасці не дазваляе пралячыць іх тымі прэпаратамі, якімі гэта неабходна рабіць.

Па вялікім рахунку, урач-гінеколаг па месцы вашага жыхарства можа правесці вышэйзгаданае абследаванне і аздараўленне. Аднак існуе і магчымасць абследавання ў іншых спецыялістаў. Ва ўсіх абласных цэнтрах сёння на базе жаночых кансультацый цяпер працуюць кабінеты планавання сям'і. У Мінску — на базе радзільнага дома №2 і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця". У апошні можна звяртацца і без накіравання, аднак паводле папярэдняга запісу. Акрамя таго, у любой установе аховы здароўя ёсць магчымасць і платнага абслугоўвання.

Права цяжараць і нараджаць ёсць, безумоўна, у кожнай жанчыны. Тым не менш існуюць медыцынскія паказанні да перарывання цяжарнасці, калі жанчыне супрацьпаказана нараджаць з-за вострай пагрозы яе жыццю. Пры тых жа цяжкіх формах цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, ныркавай недастатковасці, калі захворванне закранае многія органы і сістэмы, урач можа рэкамендаваць перарыванне цяжарнасці. Жанчына мае права не прыслухацца да гэтай рэкамендацыі, аднак яна павінна ўсведамляць, якіх гераічных намаганняў запатрабуе захаванне такой цяжарнасці.

А на пытанні, якія паступілі ад наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу, адказала галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Святлана САРОКА.

— г. Магілёў. 33 гады. Цяжарнасць 5 месяцаў. Укусіў клешч. Аналіз паказаў, што клешч быў носьбітам лайм-барэліёзу. Кляшча адарвалі, на месцы ўкусу засталося невялікае пачырваненне, ранку апрацавалі антысептыкам. Ці ёсць небяспека заражэння для маці і дзіцяці? Як лячыць? Вядома, будзем звяртацца да ўрачоў у Магілёве, але хацелася б пачуць і вашу думку...

— Калі клешч аказаўся носьбітам лайм-барэліёзу, то лячэнне праводзіць трэба. Таму вам неабходна звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста. Каб трапіць да такога спецыяліста, неабходна спачатку наведаць тэрапеўта па месцы жыхарства.

— Мне 27 гадоў. Прайшоў амаль год пасля маіх першых родаў, а жывот і пупок не прыходзяць у норму. Пупок тырчыць, як на 5-м месяцы цяжарнасці. Вага на сёння 70 кг... Разумею, што трэба худзець, а што рабіць з пупком?

— У вас сапраўды ёсць лішняя вага, і для яе зніжэння трэба адкарэкціраваць харчаванне і рухальную актыўнасць. Што да пупка, то варта было б паказацца ўрачу-хірургу па месцы жыхарства. Можа быць, мае месца пупочная грыжа.

— Мне 23 гады. Месячныя заўсёды ішлі 7 дзён. На гэты раз скончыліся на 4-ты дзень. З дня пачатку і да заканчэння менструацыі было дрэннае самаадчуванне, расстройства страўніка, галаўны боль і моцная стомленасць літаральна праз 2 гадзіны працы. Што гэта можа быць?

— Сур'ёзнага расстройства менструальнага цыклу ў вас не назіраецца. Аднак калі ёсць дрэннае самаадчуванне, расстройства страўніка, то варта паказацца тэрапеўту і высветліць, ці няма абвастрэння, скажам, гастрыту. Адначасова варта ў такіх сітуацыях і пры іх паўтарэнні набываць тэст на вызначэнне цяжарнасці, пасля чаго паказвацца і ўрачу-гінеколагу. Паколькі бывае і так, што цяжарнасць праходзіць без парушэння менструацыі. Тэст жа неабходны па той прычыне, што на самым малым тэрміне цяжарнасці матка будзе вельмі нязначна павялічана, і дыягназ будзе недакладным. Разам з тым не варта рабіць у такіх выпадках ультрагукавое даследаванне. На самым малым тэрміне ў гэтым няма патрэбы. Паводле паказанняў, першае ўльтрагукавое даследаванне праводзіцца толькі на 11-12-м тыдні. Да гэтага моманту — толькі тэст і агляд урача!

— г. Мінск, Таццяна. 27 гадоў. Пасля сур'ёзнай траўмы ў правым каленным суставе развіўся астэаартроз. Урач прызначаў капсулы тэрафлекса. Стан заўважна палепшыўся. Паўторны прыём тэрафлекса выклікаў праблемы ў страўнікава-кішачным тракце, давялося перайсці на ін'екцыі дону і фізіяпрацэдуры. Эфект ад курса дону быў вельмі непрацяглым. Цяпер пасля перапынку ўрач парэкамендаваў алфлутоп, ін'екцыі... Як з такім захворваннем пераносіцца цяжарнасць? Ці можна не перарываць курс лячэння ў час цяжарнасці і кармлення? Як не даць хваробе прагрэсаваць? Дзе знайсці ўрача-рэўматолага?

— Наогул калі ў жанчын ёсць паталогія, не звязаная з гінекалагічнай сферай, то яшчэ да планавання цяжарнасці неабходна абмяркоўваць усе пытанні з вузкім спецыялістам, у якога жанчына назіраецца па прычыне той ці іншай паталогіі. У гэтым выпадку, калі вы будзеце планаваць цяжарнасць, то трэба будзе ўзгадніць пытанні прыёму прэпаратаў з тым спецыялістам, які прызначаў вам папярэдняе лячэнне — тэрапеўтам ці рэўматолагам. Наогул артроз, калі мы не кажам пра пашкоджанне ўсіх суставаў, не з'яўляецца супрацьпаказаннем да цяжарнасці. Што да ўрача-рэўматолага, то вы можаце пацікавіцца магчымасцю атрымання кансультацыі, напрыклад, у прафесарска-кансультацыйным цэнтры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Цэнтр працуе на базе Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі і бальнеалячэння

па вул. Макаёнка, 17.

— Ганна. 31 год. Канчатковага дыягназу няма, аднак рэнтген матачных труб паказаў, што яны праходныя. ЛГ/ФСГ =1,2. Інфекцый няма. Спермаграма ў норме, несумяшчальнасці няма. Бясплоднасць — 2 гады. Лячэнне: 3 месяцы — ярына. Авуляцыя адсутнічае. Раяць стымуляцыю кластылбегітам. Калі прычына бясплоднасці — парушэнне работы эндакрыннай сістэмы, то якія асноўныя аналізы неабходна здаць, каб зразумець першасную карціну?

— У вас няма канчатковага дыягназу, а значыць, вы не выявілі прычыну бясплоднасці і, адпаведна, не прайшлі неабходнага лячэння. Прыём ярыны — гэта не лячэнне бясплоднасці, паколькі гэта гарманальны супрацьзачаткавы прэпарат, які, груба кажучы, прызначаецца для таго, каб яечнікі крыху адпачылі, а пасля запрацавалі крыху актыўней. Пакуль вы ўжываеце гэты прэпарат, авуляцыя не надыходзіць, а значыць, зацяжараць немагчыма. Кластылбегіт стымулюе надыход авуляцыі. Аднак усё гэта без дыягназу праводзіць не рэкамендуецца. Таму вам патрэбна даабследаванне. Ёсць цэлы комплекс тых жа гармонаў, якія неабходна даследаваць. Няма сэнсу іх пералічваць, паколькі гэты комплекс вядомы любому гінеколагу. Звярніцеся, калі ласка, зноў да вашага акушэра-гінеколага або гінеколага-эндакрынолага і абмяркуйце з ім больш шырокі спектр абследавання, якое мае на ўвазе абследаванне шлюбнай пары.

— Ультрагук паказаў парааварыяльную кісту яечніка. Рыхтуюць да аперацыі. Сказалі, што неабходна рабіць калонаскапію з біяпсіяй, фібрагастрадуадэнаскапію і кульдацэнтэз. Аперацыю неабходна зрабіць як мага хутчэй (трэба ехаць за мяжу), а вынікаў аналізаў чакаць 10 дзён (калонаскапіі) і 3 тыдні (кульдацэнтэзу). Ці можна зрабіць кульдацэнтэз, не чакаючы вынікаў калонаскапіі і ФГДС? І для чаго патрэбны апошнія? Яшчэ мне далі накіраванні на аналіз крыві на сіфіліс, біяхімію і анкамаркёр. А яны патрэбны для аперацыі ці для кульдацэнтэзу? І які ў іх "тэрмін прыдатнасці"?

— Усё, што вам было прызначана ў якасці даабследавання, рабіць трэба. Гэта класічны пералік падрыхтоўкі да аператыўнага ўмяшання. Праўда, калонаскапія з біяпсіяй у гэты пералік абследаванняў не ўваходзіць, а прызначаецца пры наяўнасці пэўных паказанняў. Не магу завочна сказаць, чаму вам прызначылі і гэтае даследаванне. Звычайна гэта тлумачыцца падазрэннем на анкалогію. Усе астатняе сапраўды вам трэба зрабіць.

— Летась на тэрміне 9 тыдняў быў выкідыш. Чатыры месяцы піла супрацьзачаткавы прэпарат жанін. Потым тры месяцы былі месячныя. У маі-чэрвені іх не было. Цяжарнасці не было. Я падумала, што панервавалася... Здала пры гэтым аналіз на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Выявілі мікаплазмоз. Гінеколаг прапісала цыкладынон для рэгуляцыі цыкла, а на мікаплазмоз сказала не звяртаць увагі. У ліпені я пачала планаваць цяжарнасць. Што можна параіць у маёй сітуацыі?

— Я параіла б вам пакуль не спяшацца. Адсутнасць месячных пасля жаніна — не вельмі добра. Цыкладынон добры прэпарат для рэгуляцыі цыкла, аднак вам трэба, па-першае, зрабіць перапынак паміж выкідышам і наступнай цяжарнасцю, а па-другое, звярнуць увагу на мікаплазмоз. Яго трэба абавязкова пралячыць. Невыношванне цяжарнасці з'яўляецца паказаннем да лячэння мікаплазмозу. Неабходна зноў звярнуцца да ўрача-гінеколага — да таго, у якога назіраецеся, ці да спецыяліста па лячэнні невыношвання цяжарнасці або планавання сям'і.

— Вольга. 29 гадоў. Цяжарнасць першая. 23 тыдні. На ўльтрагуку ў 12 і 20 тыдняў — усё добра. Аднак здала аналіз на ўрэаплазмоз. Вынік 10 у 4-й ступені. Ці трэба лячыць гэтую інфекцыю антыбіётыкамі і ці не нанясуць яны шкоды дзіцяці? Парайце, калі ласка, гінеколага, які спецыялізуецца на лячэнні ўрэаплазмозу ў час цяжарнасці.

— Абсалютна ўсе ўрачы-гінеколагі ведаюць, як лячыць інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку ўрэаплазмоз. Вам трэба звярнуцца да таго спецыяліста, у якога вы назіраецеся, і пачаць лячэнне, якое ён прызначыць, бо шкода ад адсутнасці лячэння можа быць большай...

— Падкажыце, калі ласка, ці можна зацяжараць не толькі ў час авуляцыі, але і ў іншыя дні? Як вылічыць авуляцыю пры нестабільным менструальным цыкле — 29—40 дзён? Ці можна разлічыць пол дзіцяці?

— Зацяжараць можна толькі ў перыяд авуляцыі, гэта значыць, на працягу некалькіх дзён да і пасля яе (у яйцаклеткі і сперматазоідаў розны час жыццядзейнасці). Нават пры нестабільным цыкле можна высветліць наступленне авуляцыі з дапамогай такога простага метаду, як вымярэнне базальнай тэмпературы. Павышэнне базальнай тэмпературы звыш 37 градусаў указвае на надыход другой фазы цыкла, авуляцыя наступіла. У аптэчнай сетцы прадаюцца і спецыяльныя тэсты. Праводзяць з такой мэтай і неаднаразовае ўльтрагукавое даследаванне. Што да полу, то, безумоўна, навуковых даных па планаванні полу няма.

— Іна. 25 гадоў. У сярэдзіне студзеня гінеколаг сказала, што ў мяне кісты абодвух яечнікаў і яны не знікнуць. Напрыканцы студзеня надышла цяжарнасць. На ўльтрагуку сказалі, што на абодвух яечніках — эндаметрыёзныя кісты памерам 5 і 7 см. Гінеколаг прапісала дзюфастон і іншыя прэпараты, якія прымаюць цяжарныя. На 6-м тыдні трапіла ў бальніцу з кровацячэннем з-за таго, што цяжарнасць перастала развівацца. Зрабілі выскрабанне. Праз месяц ультрагук паказаў кісты тых жа памераў. Здала аналіз, у тым ліку і анкамаркёр. Усе аналізы ў норме. Урач сказаў, што магчымая паласная аперацыя па выдаленні кіст.

Яшчэ ёсць праблемы са шчытападобнай залозай — невялікая кіста і вузел. Можа быць, існуе сувязь паміж гэтымі паталогіямі? Перанесла захворванні: запаленчыя, малочніцу, хламідыёз, мікаплазмоз, урэаплазмоз. Быў разрыў аднаго яечніка, але яго захавалі. На ўльтрагуку сказалі, што на адным яечніку не відаць здаровай тканкі. Аперацыі чакаць 2 месяцы... Я вельмі хачу дзяцей... Дапамажыце, калі ласка, у маёй праблеме...

— Эндаметрыёзныя кісты ніколі не знікаюць і не рассмоктваюцца. Яны ў 100 працэнтах выпадкаў павінны выдаляцца хірургічным шляхам, а часам па паказаннях у комплексе з гарманальным лячэннем. Вам сапраўды неабходна рыхтавацца да аперацыі. Адсюль і папярэдняе прызначэнне на анкамаркёр. Вельмі добра, што аналіз у норме. Я лічу, што можна выканаць і лапараскапічную аперацыю. Іншая рэч, калі падчас такога ўмяшання будзе выяўлена больш сур'ёзная паталогія, то хірург зможа перайсці на выкананне лапаратамічнай аперацыі. Пасля правядзення хірургічнага ўмяшання паказана кансерватыўнае, гарманальнае лячэнне. Гэта неабходна для папярэджвання далейшага росту эндаметрыёзу. Да таго ж, у маладым узросце не выконваецца максімальнае выдаленне яечнікаў. Выдаляецца мінімум здаровай тканкі менавіта для захавання магчымасці надыходу здаровай цяжарнасці.

Што да эндакрыннай паталогіі, то тут трэба паказацца ўрачу-эндакрынолагу, паколькі сувязь паміж дзвюма паталогіямі сапраўды ёсць. Пасля правядзення лячэння і адной паталогіі, і другой можна будзе весці размову аб планаванні цяжарнасці.

1375700553655_2

— Мне 25 гадоў. Здавала аналіз на наяўнасць антыцелаў да таксаплазмы ІgG — 530,9 рэактыўны, ІgM — 3,70 рэактыўны. Паўторны аналіз: ІgG — 221 рэактыўны, ІgM — 1,45 рэактыўны. Падкажыце, калі ласка, ці патрабуецца спецыяльнае медыкаментознае лячэнне таксаплазмы пры такіх выніках, калі часта сустракаецца інфармацыя аб тым, што таксаплазмоз лячыць не абавязкова (абавязкова — дзецям і цяжарным). Праўда, мы з мужам плануем цяжарнасць, з-за чаго і здавалі аналізы. Дома жыве кошка, праверылі: яна не хварэе. Сама я даволі часта прастуджаюся, пры гэтым прастуду пераношу на нагах. Ці можа гэта неяк паўплываць на вынік гэтага аналізу?

— Мяркуючы па ўсім, у вас заканчваецца востры перыяд працякання таксаплазмозу і адбываецца яго пераход у хранічную форму. Вам адназначна неабходна кансультацыя ўрача-інфекцыяніста, які павінен вырашыць пытанне вашага лячэння. Каб трапіць да такога спецыяліста, неабходна спачатку наведаць тэрапеўта па месцы жыхарства. Дарэчы, з тэрапеўтам варта абмеркаваць і пытанне ўмацавання вашага імунітэту. Гэтым абавязкова трэба заняцца да пачатку планавання цяжарнасці.

— Уля, 27 гадоў. У мяне гады два двухпалімерная кіста левага яечніка 4,6х2,5 см. Тры месяцы піла дзюфастон. Узровень эстрыёлу павысіўся да нормы, але кіста не знікла. Пасля прызначылі дэтралакс, нейравітан, мецілурацыл, дыклаберл. Не дапамагло. Цяпер прызначылі — біястрэпта, цыкладынон, апаніл, ліванорм... Варта прымаць гэтыя гармоны? Або лепш ісці на аперацыю?

— Па той інфармацыі, якую вы пакінулі, я магу сказаць толькі адно: вам патрабуецца даабследаванне. Не зусім зразумела, пра якія кісты ідзе размова. Не выключана, што пасля можа спатрэбіцца і аператыўнае лячэнне. Сапраўды, ёсць кісты, якія могуць рассмоктвацца і знікаць. А ёсць такія, што падлягаюць толькі аператыўнаму лячэнню. Магчыма, вам трэба абследавацца і ў эндакрынолага.

— Мне 35 гадоў. Чацвёртая цяжарнасць, роды трэція (пасля першага дзіцяці была цяжарнасць, якая перастала развівацца на 10-м тыдні). Група крыві 1-я адмоўная, у мужа 2-я станоўчая. Двое дзяцей — з 1-й станоўчай. Пасля нараджэння першага калолі імунаглабулін. Пасля другой цяжарнасці, якая спынілася, нічога не калолі, а пасля другога дзіцяці дакладна не памятаю. Падчас родаў другога дзіцяці дрэнна раскрылася шыйка маткі (дэфармавалася пры першых родах), было кровацячэнне. Ці можна ў маім выпадку рабіць кесарава сячэнне і пасля перавязаць трубы?

— Дрэннае раскрыццё шыйкі падчас папярэдніх родаў не з'яўляецца паказаннем да кесарава сячэння. Ёсць абсалютныя і адносныя паказанні да яго. Гэта пытанне павінен вызначыць спецыяліст напрыканцы цяжарнасці. Скажам, пры высокай ступені міяпіі са зменамі на вочным дне праводзіцца планавая аперацыя кесарава сячэння. Сама жанчына не вызначае гэтую неабходнасць. Што да перавязкі матачных труб, то тут якраз дастаткова вашай згоды на гэта.

— У маёй дзяўчыны выявілі малочніцу. Гінеколаг кажа, што партнёр з мэтай прафілактыкі таксама павінен пралячыцца флуканазолам. І так трэба будзе рабіць заўсёды пры паўторных праявах. Аднак мяне нічога не непакоіць. Чаму я павінен лячыцца, калі ў мяне няма ніякіх сімптомаў? Падкажыце, якія аналізы я магу здаць? Да якога спецыяліста можна звярнуцца, каб нам патлумачылі, як павінны паводзіць сябе партнёры пры з'яўленні сімптомаў малочніцы ў аднаго з іх?

— Малочніца — гэта кандыдоз похвы. Можа з'яўляцца з-за збояў у рабоце імунітэту, розных захворванняў, цяжарнасці. Хоць узбуджальнікі малочніцы і могуць перадавацца палавым шляхам, у большасці выпадкаў яна не звязана з палавым кантактам і не адносіцца да венерычных захворванняў. У мужчыны, сапраўды, можа не назірацца ніякіх непрыемных сімптомаў. Гінеколаг цалкам мае права прызначыць лячэнне абодвум партнёрам пры выяўленні падобнай праблемы ў жанчыны і пры наяўнасці клінічных праяў у партнёра. Аднак у ідэале лепш за ўсё абследавацца абаім. Таму вам неабходна звярнуцца да ўрача-ўролага. Можа быць, у вас выявіцца яшчэ якая-небудзь схаваная інфекцыя з ліку тых, што перадаюцца палавым шляхам. У такім выпадку ваша партнёрка будзе дарэмна лячыцца, бо вы зноў інфіцыруеце яе. На час лячэння неабходна засцерагацца з дапамогай прэзерватыва або наогул устрымацца ад палавых кантактаў.

— Юлія. 26 гадоў. З 14 гадоў, як пачалася першая менструацыя, былі збоі ў цыкле. Менструацыі магло не быць некалькі месяцаў. Урачы запэўнівалі, што нічога страшнага няма: маўляў, народзіш — і ўсё наладзіцца. У картачцы пазначылі дысфункцыю яечнікаў, але лячэння ніякага не прызначалася. На ўльтрагуку ўсё ў норме. Нейкім цудам з такім цыклам мне ўдалося зацяжараць і нарадзіць (кесарава сячэнне). Амаль год было грудное кармленне. Месячныя былі адзін раз, калі дзіцяці быў 1 год і 2 месяцы. Пасля гэтага два месяцы былі выдзяленні, аднак менструацыя не надышла. Гінеколаг сказала, што ўсё нармальна, цыкл аднаўляецца. Я перажываю, што гэта ненармальна. Парайце калі ласка, што мне рабіць?

— У вас сапраўды ёсць парушэнне менструальнага цыклу. Вельмі добра, што пры такім парушэнні ўсё ж такі надышла цяжарнасць. Так, не заўсёды пры рэдкіх менструальных цыклах выяўляюцца змяненні на ўльтрагуку... Варта мець на ўвазе, што звычайна пасляродавы перыяд аднаўлення, калі менструацыя не надыходзіць, не перавышае 6-8 тыдняў. Жанчыны, якія працягла прытрымліваюцца выключна груднога кармлення, могуць сутыкнуцца з лактагеннай аменарэяй, калі месячныя не надыходзяць. Аднак у вас цыкл не аднаўляецца працяглы час. Мяркую, трэба атрымаць кансультацыю гінеколага-эндакрынолага (напрыклад, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця" або ў радзільны доме №2), бо з узростам сітуацыя можа пагаршацца...

— 35 гадоў. Падчас цяжарнасці на твары з'явілася "маска цяжарнай" — цёмныя лініі на скронях, пад вачамі, губой... Год карміла дзіця, але нічога не праходзіла. Аптэчная касметыка ад пігментацыі таксама не дапамагала. Прайшло 2 гады, рабіла 4 сеансы лазера. Плямы крыху пасвятлелі, аднак, як толькі прыйшла вясна, зноў пацямнелі. Што рабіць?

— Гэта праблема выключна касметалагічная. Вы павінны разумець, што яна абумоўлена генетычнай асаблівасцю вашай скуры. Вы можаце звярнуцца да касметолагу, якія ёсць і ў дзяржаўным Цэнтры пластычнай хірургіі і касметалогіі, і ў іншых камерцыйных структурах падобнага кшталту. Праблема носіць спадчынны характар, таму нельга вас запэўніць, што існуе нейкі спосаб абсалютнага пазбаўлення ад яе.

— Мне 20 гадоў. Аналіз ПЦР паказаў наяўнасць папіломавіруса (16-ы тып) і ўрэаплазмаў. У партнёра — толькі папіломавірус 16-га тыпу. Гінеколаг прызначыла вібрамецын і змазала кандыломы солкавагінам. Выкарыстоўвала вагінальныя свечкі поліжынакс. Курс таблетак пілі абое. Цяпер чакаем 30 дзён для здачы аналізу на пасеў урэаплазмы. Папіломавірус не лячылі, паколькі ўрач сказала, што не варта змешваць два лячэнні. Мы начыталіся рознай інфармацыі адносна нашых захворванняў. І многае не супадае. Падкажыце, ці можна планаваць цяжарнасць пры такім вірусе? Ці можна займацца аральным сексам пры ўрэаплазме? Ці можна займацца сексам без прэзерватыва да лячэння папіломавіруса, калі ён ёсць у абаіх? І ці можна займацца сексам без прэзерватыва незалежна ад лячэння?

Ці трэба лячыць папіломавірус, калі няма ніякіх клінічных праяў?

— Папіломавірус небяспечны тым, што шэраг яго тыпаў — і гэта даказаны факт — могуць выклікаць рак шыйкі маткі ў жанчын і рак палавога члена ў мужчын. Менавіта таму ў шэрагу краін, у тым ліку і ў нашай, яшчэ да пачатку палавога жыцця, ва ўзросце 12-14 гадоў, прапануецца вакцынаваць дзяўчынак ад віруса папіломы чалавека. У нашай краіне такая вакцынацыя праводзіцца на платнай аснове. Такім чынам, вы разумееце, што гэта не жартоўная інфекцыя і нельга пакідаць яе наогул без лячэння. Цалкам вірус папіломы чалавека выдаліць з арганізма не ўдасца, аднак, як і ў выпадку з герпеснай інфекцыяй, лячэнне дапамагае дасягнуць нізкага ўзроўню актыўнасці віруса. Таму лячэнне павінна быць абавязковым у абаіх партнёраў. На час лячэння любой інфекцыі, якая перадаецца палавым шляхам (а вірус папіломы чалавека і ўрэаплазмоз, як вядома, адносяцца да іх ліку) абавязкова трэба засцерагацца з дапамогай прэзерватыва. Толькі пасля правядзення лячэння, умацавання імунітэту можна будзе планаваць цяжарнасць.

— Мне 30 гадоў. Цяжарнасцяў і родаў не было. Менструальны цыкл рэгулярны. Спадарожных захворванняў няма. Цягам апошніх трох гадоў прымала лагест. Рэгулярна, раз у год, наведваю гінеколага. Апошнія тры месяцы піла джэс. Пасля 1-й і 2-й упакоўкі — месячныя, на 4-ы дзень плацэба, нямоцныя, але працяглыя, каля 5 дзён. Выпіла 3-ю ўпакоўку (усе актыўныя і 3 плацэба). Пачала 4-ты пачак, але месячных так і не было. Ужо выпіла 2 актыўныя таблеткі. Падчас прыёму 3-й упакоўкі пропускаў не было, заўсёды прымала ў адзін і той жа час. Што гэта можа быць? Што рабіць далей?

— Ёсць два варыянты. Гэта можа быць проста невялікі збой, а можа быць, з'явіліся і нейкія парушэнні. Варта зноў звярнуцца да свайго ўрача-гінеколага і адмяніць прэпарат — зрабіць перапынак.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.