Вы тут

Юры Станкевіч: "Роля пісьменніка — спыніць маральнае падзенне чалавека"


Чалавека з прынцыпамі, акрэсленай жыццёвай пазіцыяй можна любіць, ці не любіць, калі погляды не супадаюць. Але не паважаць паслядоўных асоб немагчыма хаця б таму, што іх хоць у "Чырвоную кнігу" запісвай — з-за іх рэдкасці. Прызнаюся адразу, што я — сярод гарачых прыхільнікаў Юрыя Станкевіча, аднаго з самых цікавых сучасных беларускіх пісьменнікаў. Пры тым, што сама я талерантная да многіх сучасных грамадскіх праяў, мне імпануе яго бачанне свету, у якім жанчыны не губляюць жаноцкасці і застаюцца каханымі, маці і сяброўкамі, а не толькі "працоўнымі адзінкамі". А мужчыны Станкевіча — не бясполыя істоты, а ваяры святла ў самых неспрыяльных умовах.

1375700560407_1

У сёмым нумары часопіса "Полымя" выйшла аповесць спадара Станкевіча "Брамнік заўжды самотны". Яна адрасавана шырокаму колу чытачоў, але павінна выклікаць цікавасць у самага складанага чытача — у сучасных падлеткаў.

— Так. Мне і раней нашы часопісы замаўлялі невялікія аповеды для юнацтва, што я, па магчымасці, выконваў. — Так патлумачыў свой зварот да тэмы моладзі сам пісьменнік. — Тое ж адбылося і з аповесцю для тынейджараў "Брамнік заўжды самотны". Згодны, што пісаць для падлеткаў няпроста. Але я мяркую, што збольшага задачу выканаў.

Больш за тое, сабраў з раней надрукаванага матэрыял для нечаканай нават для сябе кнігі для малодшага пакалення, якую, магчыма, і выдам сёлета. Урэшце, пабачым, як атрымаецца.

Новае пакаленне, як і ва ўсе папярэднія гады, часам захапляе, здзіўляе, бывае, насцярожвае, бо падзяляецца на асобныя плыні. Яно кемлівае, больш энергічнае, часам прагматычнае. Але бывае, што пры ўсёй кемлівасці вельмі даверлівае да "сволачаў". Я маю на ўвазе неабдуманую, небяспечную даверлівасць да тых, хто падсаджвае моладзь на наркотыкі, хто адводзіць іх у бок ад здаровага грамадскага жыцця, ад нацыянальнай ідэі, а ўводзіць у іх свядомасць еўрасаюзаўскі мультыкультуралісцкі "мутняк". Яшчэ горш — з ім разам памяркоўнасць да гомасексуалізму і ўсялякіх вычварэнцтваў. Вось брыдкі і нечаканы прыклад. Раней на тэлебачанні запусцілі амерыканскі серыял "Часткі цела", дзе "педаліраваліся" гомасексуальныя сувязі, інцэст, разбэшчванне і развал сям'і. Чаму такі бруд дапускаюць на экран? Не здзіўляюся, што паміж гэтай стужкай і смерцю дзяўчат пад нажамі пластычных хірургаў існуе нябачная сувязь. І гей-трамвайчык пад колерамі вясёлкі бегаў нядаўна па Мінску.

Знаходзяцца і ў нас некаторыя людзі, якія лічаць набытыя за вякі маральныя каштоўнасці "перажыткамі ў 2013 годзе". На іх погляд прыйшоў час сцёбаў, дураплясаў, флэш-мобаў, а то і гомасексуальных шлюбаў, што ўвогуле дзіка і злачынна. Таму, лічу, выхоўваць у моладзі гераічны пачатак — асноўная задача таго пісьменніка, які раптам уздумаў напісаць нешта і для дзяцей.

— Калісьці на пытанне аб сюжэтах пачула ад вас, што яны — пад нагамі, толькі спяшайся запісваць. Гэта і цяпер так? Што для вас у літаратурнай працы найперш — натхненне ці самадысцыпліна? Калі натхненне, то што ці хто яго выклікае?

— І натхненне, і самадысцыпліна. Галоўнае, не памыляцца ў самаацэнцы. Калі няма што сказаць, то лепш не назаляць чытачу і сабе. А ўвогуле мне даспадобы выказванне на гэты кшталт былога кандыдата на "нобеля" японскага аўтара Юкіа Місімы: "Стварыць цудоўны твор — гэта значыць самому стаць цудоўным, бо паміж мастаком і яго творам не існуе маральнага бар'ера".

Жыццё шматаблічнае, але сюжэты трэба выбіраць абдумана, не збівацца на бытавуху. Чаго варты пісьменнік, які не здольны вырабіць моцны сюжэтны стрыжань? Характэрны прыклад. Джона Апдайка неаднаразова вылучалі на Нобелеўскую прэмію, а ён яе так і не атрымаў па прычыне ракавой заганы — дысбалансу паміж квяцістай раскошай стылю і бесхрыбетным і малакроўным сюжэтам. А вось думка расійскага крытыка Сяргея Белякова пра вядомага зараз празаіка Рамана Сенчына: "Паспяховы пісьменнік, быццам усё добра, незразумела толькі адно: каму і навошта патрэбны кнігі аўтара, які не здольны прыдумаць арыгінальнага сюжэта..."

І сапраўды. Замест сюжэтнай, у нашых суседзяў часам з'яўляецца скандальная, або так званая "фекальная" літаратура: Ерафееў, Сарокін і іншыя. Нават італьянскі "літканібал" Альда Новэ на іх фоне выглядае больш-менш прыстойным аўтарам. Узніклі неяк і ў нас такія "раманчыкі". Як жа ж не змалпаваць з расійскага трэшу? Дый толькі век іх аказаўся кароткі.

Ёсць і ў нашай літаратуры нешта падобнае. У сэнсе няздольнасці пабудаваць элементарны сюжэт. Ды й таленту бракуе.

Так, перад "распілам" якой "лідар-прэміі" прылятае з-за мяжы "птушка заўтрашняга дня" з бародкай а-ля Хо Шы Мін, бегае па літтусоўках, нешта верашчыць, за што часам атрымлівае па пысе ў пераносным і прамым сэнсе. І – зноў у Гамбург, "чакаць зменаў".

— У адным з інтэрв'ю пачула, што каб была магчымасць выканання аднаго жадання, вы б папрасілі ажывіць сваю котку. А зараз? І ўвогуле, што такое котка для чалавека — сябар, залежная, ці дасюль непрыручаная, істота, магчымасць назіраць за часткай прыроды ў перыметры свайго жытла?.. Ці нешта яшчэ?

— Усё так... Калі б можна было выканаць сваё жаданне, то я пажадаў бы вярнуць і котку (і не адну), і сабак, якія да гэтага жылі побач са мной. Бо сярод жывёлін трапляюцца вялікія разумнікі. Чалавек часта не адчувае падсвядомай сувязі з жывёлай, якая жыве побач. А дарэмна і сумна. Дый на здраду яны, у адрозненне ад людзей, не здольныя. Як выказаўся аднойчы Славамір Мрожэк, зараз я люблю ўсё жывое, акрамя чалавека.

— У гэтым выказванні генія сканцэнтраваны, мушу думаць, усе расчараванні ў самай дасканалай "жывёліне" — чалавеку. Але ж Юсі Адлер-Ольсен, адзін з папулярных дацкіх пісьменнікаў-дэтэктыўшчыкаў, у сваім інтэрв'ю для расійскага часопіса "Огонёк" выказаўся, што пісьменнік абавязкова піша для чытача. Маўляў, калі робіць гэта для сябе, то няхай піша "ў стол". Вы згодны з такім меркаваннем?

— Некаторым творцам было дадзена так значна апярэдзіць свой час, што пры жыцці іх не толькі не разумелі, а, бывала, прымалі як ворагаў ці вар'ятаў. Да Вінчы, Шэкспір, Ван Гог, Ніцшэ, Стэндаль. Многія з іх працавалі "ў стол". "Мяне будуць чытаць праз 200 гадоў", — запісаў у сваіх дзённіках Стэндаль, "апошні вялікі псіхолаг", паводле слоў Ніцшэ. Што і спраўдзілася. "Па сутнасці, калі я чаго-небудзь дабіваўся, дык толькі ў веданні людзей", — прызнаваўся геніяльны дзівак, які шчасліва пазбег гібелі ў час расійска-французскай вайны 1812 года. У сваім аўтабіяграфічным рамане "Анры Брулар" (і не толькі) ён выказаў свой прысуд і сабе, і свайму пакаленню, з якім так і не здолеў паразумецца. Так што вырашаць, для каго пісаць, пэўна, праблема самога творцы.

— Разумею вашу гаркоту: да чытача прыходзіцца "прадзірацца" скрозь чыесьці сумнеўныя густы і г.д, праз абсурдныя абвінавачванні ў чалавекафобіі. Хаця зразумела, што толькі вера ў чалавека, у здаровы сэнс вымушае пісьменніка апеляваць да яго.

— Пасля таго, як пайшлі з жыцця Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Анатоль Грачанікаў, Янка Брыль, Кастусь Тарасаў, многія іншыя сумленныя прадстаўнікі нашай літаратуры — пахіснуліся нейкія маральныя бар'еры. Актывізаваліся графаманы, левыя лібералы і прыхільнікі еўрасаюзаўскіх каштоўнасцяў, кшталту мультыкультуралізму.

Ёсць яшчэ і хітрыя артадоксы, пад "прэс" якіх часам трапляю і я. Прыкладаў шмат. Але ўсе іх пералічваць — занадта. Толькі самае "гарачае".

Так, параўнальна нядаўна знялі з паказу п'есу "Шэры-брэндзі, ангел мой" у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, якая была скіравана супраць наркаманіі і СНІДу. П'еса набыла вельмі прыхільныя рэцэнзіі. Але за два гады (!) мне нават не пазванілі і не растлумачылі, чаму яе знялі.

Ці яшчэ: адна прыхільніца левых ліберальных каштоўнасцяў, аналізуючы кнігу "Шал", напісала, што "негры ў Станкевіча — крыніца большасці бед беларускага народа". Дарэмная спроба ўкусіць. Лічу, што "крыніца "бед" — такія літаратары, як яна.

Расчараванне ў большасці людзей, альбо ва ўсіх, як у вышэйназванага Славаміра Мрожэка, — вельмі моцнае негатыўнае пачуццё, тым больш калі бачыш, як у іх, нібы ў падвопытных пацукоў, увесь час толькі і выяўляецца неадольная прага да "кнопкі задавальненняў".

— Юры, у беларускай найноўшай сучаснай літаратурнай прасторы вы амаль ці не першы пачалі пісаць свае творы ў форме трылераў. Фармальна трылер — прыгодніцкі жанр, трымае чытача ў напрузе. Але ў вас гэта яшчэ і складаныя абставіны, у якіх чалавек альбо годны, альбо слабак. Літаратурны герой Станкевіча — адзіночка, чалавек самотны. Але ў нейкім сэнсе ён ўсё роўна — пераможца. Вы аптымістычна пазіраеце на сучаснікаў?

— Я з найвялікшай павагай адношуся да творчасці нашага нацыянальнага генія Уладзіміра Караткевіча. Менавіта ён калісьці выказаўся, што кожны беларускі пісьменнік павінен напісаць хоць бы адзін дэтэктыў, што б паслужыла на карысць умацавання нашай роднай мовы. Я таксама, як і многія іншыя, памкнуўся выканаць яго запавет. Таму, можа, і з'явіліся на свет фантастычны раман "Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн", аповесці "Рыфма", "Пераход" і г.д.

Задача альбо роля пісьменніка — спыніць маральнае падзенне чалавека, якое паскараецца ва ўсім свеце. Тым-сім трэба было б успомніць не толькі пра нацыянальную ідэю, але і пра агульначалавечыя наспелыя патрэбы: яўгеніку, тэлегонію, і пра тое, што так і нераскрыта абяцаная "Тэорыя Усяго".

Чалавечы розум сёння заняты ўдасканаленнем усялякіх айпадаў, айфонаў, смартфонаў і г.д. Чым усё гэта скончыцца — можна прадбачыць. У сваёй антыўтопіі "П'яўка" я закрануў і гэтае балючае пытанне. Дарэчы, раман выйшаў двума выданнямі, і, па чутках, рыхтуецца трэцяе.

— Дзякуй за інтэрв'ю і навіну пра трэцяе выданне, бо прыйшлося кніжку замаўляць у сеціве — у крамах яе я ўжо не знайшла.

Ларыса РАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.