Вы тут

«Эх, час касьбы, вясёлы час!..»


Словы з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" могуць стаць эпіграфам да любога сенакосу і як нельга лепш прыйшліся да спартыўнага азарту 7-га Нацыянальнага чэмпіянату па касьбе, які адбыўся на спораўскім балоце. Гэта ж трэба: у адной частцы Беларусі ў суботні дзень ішлі дажджы, у другой надта прыпякала, а каля вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна, нібы па заяўцы, было і мяккае сонейка, і лагодны ветрык: сама прырода радавалася і заклікала хутчэй ладзіць кассё, кляпаць касу і выходзіць у густы балотны травастой. Адным словам, умовы для правядзення спаборніцтва былі ў наяўнасці і майстрам сенакоснай справы заставалася толькі пацвердзіць свой высокі клас валодання старажытным сялянскім рыштункам, на роўных пазмагацца за пуцёўку на гэткі ж сенакосны чэмпіянат Еўропы. Хоць вызначэнне найспрытнейшых і найдужэйшых касцоў ніколі не было самамэтай здзітаўскіх спаборніцтваў.

1375788198154_1

Па словах арганізатараў "Спораўскіх сенакосаў", адной з галоўных задач правядзення спаборніцтваў з'яўляецца прыцягненне ўвагі грамадства да захавання балотаў як "птушыных" тэрыторый. У свой час балотны масіў вакол Спораўскага возера быў узяты пад ахову дзяржавы і атрымаў статус рэспубліканскага біялагічнага заказніка, бо на гэтым біятопе яшчэ захаваліся адпаведныя ўмовы для пражывання рэдкага ў Еўропе віду птушак — вяртлявай чаротаўкі.

— Раней балоты заўсёды выкошваліся і было дастаткова адкрытай прасторы — ці не першай з умоў захавання папуляцыі гэтай птушкі, — кажа адзін з ініцыятараў правядзення ў Беларусі "Спораўскіх сенакосаў",

дырэктар грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Віктар Фянчук. — Цяпер ранейшай патрэбы касіць балоты ў мясцовага насельніцтва няма, і важны біятоп наўпрост зарастае кустоўем. На беларускіх балотах прайшла меліярацыя альбо здабываецца торф. І калі своечасова не ўмяшацца ў гэты працэс — чаротаўка ды іншыя віды птушак могуць проста знікнуць.

Да гонару жыхароў рэгіёна, на спораўскім балоце жыве дзевяць працэнтаў усёй еўрапейскай папуляцыі чаротаўкі. Спораўскае і іншыя нізінныя балоты называюць нават лёгкімі Еўропы. А маленькую птушачку чаротаўку абралі адным з сімвалаў крылатай беларускай фаўны. Гэтая "чырванакніжніца" стала і сімвалам спораўскага чэмпіянату, які штогод склікае ў Здзітава неабыякавых да стану прыроды людзей, не дае беларусам забываць пра спрадвечны сялянскі занятак — ручную касьбу.
Для ўдзелу ў "Спораўскіх сенакосах" падалі заяўкі 16 каманд. Пераважна — прадстаўнікі Брэстчыны. Былі таксама касцы зВіцебскай вобласці, і нават тры каманды са сталіцы. Каб выйсці ў пераможцы ў камандным заліку, дуэту касцоў неабходна было хутчэй і лепш пракасіць паласу шырынёю ў тры і даўжынёю ў сто метраў. Па выніках каманднага першынства, лепшыя касцы спаборнічалі на 50-метровай дыстанцыі ў асабістым заліку. Якімі ж нялёгкімі падаліся некаторым гэтыя густатраўныя ста- і пяцідзесяціметроўкі! Гэта толькі на першы погляд здаецца, што касіць лёгка і проста.

Жыхар вёскі Какорыца Драгічынскага раёна Іван Зіновіч (дарэчы, даўні падпісчык "Звязды") не першы год прыглядаўся да здзітаўскіх касцовых спрэчак. Чакаў, калі падрастуць унукі, вучыў іх трымаць косы, кожнае лета браў на поле памочнікамі, бо карове на зіму трэба нарыхтаваць не менш за 3 тоны сена. А сёлета, прачытаўшы ў раёнцы чарговую абвестку пра чэмпіянат, скамандаваў: "Будзем удзельнічаць!" Прыхапілі лепшыя косы-васьмёркі (па ўмовах спаборніцтваў удзел у іх — з уласным рыштункам), якасна адбітыя дзедавай рукой, лёгкія і надзейныя касільны са спецыяльнымі прыстасаваннямі класці траву ў закос, і выправіліся на супрацьлеглы край Спораўскага возера. Аказалася, што Іванавы ўнукі, 18-гадовы студэнт Віктар Дашкевіч і 23-гадовы Аляксандр Шыкула, сталі самай маладой камандай і прадстаўлялі адзіную прыватную ініцыятыву. Больш за тое, яны занялі трэцяе месца, прайшоўшы стаметроўку за 16 з паловаю хвілін. У той час, як большасць удзельнікаў з'яўляліся прадстаўнікамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый — пераважна заказнікаў Брэстчыны.

1375788200310_2

Увагу прэсы прыцягнулі да сябе асобы яшчэ двух незвычайных касцоў — невысокіх, з нафарбаванымі пазногцікамі і пухленькімі далонькамі. Вядома, які ж чэмпіянат без прыгожай паловы?!. Але каб гэтыя касцы былі хаця б вясковага паходжання і дужыя на выгляд. А так, што цікава, адна з прадстаўніц гэтай жаночай каманды аказалася грамадзянкай Германіі. Анет Ціле прыехала ў Беларусь пяць гадоў таму, каб вывучаць беларускія балоты. На спораўскіх спаборніцтвах яна ўжо трэці, а ў якасці ўдзельніцы — другі раз запар. Прызналася, што ў дзяцінстве касіць яе навучыў дзед. 24 хвіліны спатрэбілася Анет, каб прайсці 100 касавіцкіх метраў. А яе паплечніцы Юліі Траццяк, сталічнай жыхарцы, валанцёру грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", давялося махаць касою на дзесяць хвілін больш.

Лепшы камандны вынік на "Спораўскіх сенакосах 2013" — 12 хвілін і 22 секунды — паказалі Віктар Здановіч і Васіль Новік з сельгаспрадпрыемства "Пескаўскае" Бярозаўскага раёна. Яны і будуць прадстаўляць Беларусь на еўрапейскім чэмпіянаце ў Польшчы, які пройдзе сёлета напрыканцы жніўня. Другое месца дасталася братам Георгію і Івану Равенькам з вёскі Спорава таксама Бярозаўскага раёна.

Спрэчкі на спаборніцтве былі нежартоўнымі, ламаліся нават касільны. Ведаючы, што здараюцца розныя неспадзяванкі, жыхар суседняй вёскі Новае Яўген Рудзьман прывёз на спаборніцтва тузін новага касся. А што ўжо азарту было... Калі аб'явілі апошні пракос для ганаровых гасцей, з касою на 30-метроўку выйшаў нават рэзідэнт-каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарахінха<І>(на ніжнім фота злева) . Ён родам са Шры-Ланкі, і гэтая касьба для яго была не толькі экзотыкай, але і сапраўдным выпрабаваннем. І ўсё ж не спыніўся, не кінуў напаўшляху, давёў-такі свой пракос да фінішу, чым нямала парадаваў усіх удзельнікаў свята. Магчыма, спадар Самарахінха калі-небудзь пазнаёміцца з творам нашага славутага песняра — паэмай "Новая зямля" — і зразумее, за што беларусы любяць гэты прыгожы і напаўторны час — касавіцу.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?