Вы тут

Навуковая сфера павінна адпавядаць інтарэсам і патрэбам краіны


Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні развіцця навукі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна пазбавіцца ад рудыментарных звёнаў, каб мець магчымасць развівацца пераважна за кошт продажу ўласнага інтэлектуальнага прадукту пры мінімальнай бюджэтнай падтрымцы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пераўтварэнні ў навуковай сферы не павінны прывесці да яе татальнай ломкі і разбурэння.

"Трэба ў самыя кароткія тэрміны правесці аптымізацыю арганізацый усёй навуковай сферы і, перш за ўсё, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — сказаў Прэзідэнт. — Сёння акадэмія — цэлая дзяржава ў дзяржаве, больш як 120 усякага роду навуковых, вытворчых, сацыяльных арганізацый з 18 тысячамі чалавек, з якіх толькі трэць работнікаў з'яўляецца даследчыкамі. Чаму мы не бачым важкай аддачы ад такога вялікага патэнцыялу?".

"Урад, іншыя дзяржаўныя органы і структуры павінны вызначыцца: што менавіта мы хочам ад навукі? Якія задачы перад ёй ставім? Што ў нас у прыярытэтах? Навука павінна дакладна разумець гэтыя рэчы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што адказы на гэтыя пытанні ўрад павінен шукаць у цесным кантакце і з удзелам саміх вучоных.

Прэзідэнт лічыць, каб пазбегнуць далейшага распылення кадравых і фінансавых рэсурсаў, трэба на агульнадзяржаўным узроўні забяспечыць дакладную арганізацыю і каардынацыю даследаванняў у акадэмічным, галіновым і вузаўскім сектарах навукі, ліквідаваць ведамасную раз'яднанасць, паралелізм, дубліраванне ў іх працы.

"Калі мы хочам дамагчыся важкай аддачы ад навуковых даследаванняў на вытворчасці, нам трэба аднавіць галіновую навуку, надаць ёй ролю правадыра перадавых тэхналогій на кожным канкрэтным прадпрыемстве, якую яна выконвала, дапусцім, у савецкі перыяд", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, асноўнымі функцыямі вузаўскай навукі закліканы стаць як здабыванне новых ведаў, так і падтрыманне высокага адукацыйнага ўзроўню ў дзяржаве: "Калі выкладчыкі ВНУ перастануць займацца даследаваннямі, то яны адстануць ад сучасных тэндэнцый у навуцы, а значыць, і навучыць нічому нікога не змогуць". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба будзе распрацаваць дзейсны механізм абнаўлення кадравага патэнцыялу навуковай сферы.

"Патрэбны ўзважаны, эвалюцыйны падыход, які дазволіць, захаваўшы ўсё лепшае, надаць беларускай навуцы новае дыханне. Трэба не крыўдзіць маладых і свята берагчы тых, хто складае інтэлектуальны залаты фонд краіны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Падчас пераўтварэнняў навуковая сфера павінна здабыць новую, больш кампактную структуру, якая адпавядае інтарэсам і патрэбам краіны як суверэннай дзяржавы", — заявіў Прэзідэнт.

"Навуковая супольнасць разам з дзяржаўнымі служачымі стала скардзіцца на недахоп фінансавання навуковай сферы. Так, навукаёмістасць ВУП у нас у разы ніжэй у параўнанні з тэхналагічна развітымі краінамі. Але калі вы сцвярджаеце, што наша навука павярнулася тварам да практыкі, то чаму толькі дзяржава плаціць і павінна плаціць за распрацоўкі навукоўцаў? А вытворчыя, камерцыйныя прадпрыемствы?" — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт лічыць, што неабходна мэтанакіравана выкарыстоўваць інструмент дзяржаўнага заказу ў стратэгічна важных для краіны сферах, а на іншыя кірункі даследаванняў больш актыўна прыцягваць пазабюджэтныя крыніцы.

"Плаціць шалёных грошай мы з 1 студзеня нікому не будзем, у тым ліку і вучоным

. І вучоным, перш за ўсё, таму што яны — разумныя людзі, павінны зарабіць і сабе, і дзяржаве", — адзначыў Прэзідэнт.

"Таму навошта ж мы будзем выкідваць з бюджэту грошы, не атрымліваючы належнай аддачы, і ў той жа час будзем аддаваць апошнія грошы на прарыўныя кірункі? Там, дзе мы будзем бачыць і адчуваць, што атрымаем вынік, мы будзем адрываць ад усяго і навукоўцам аддаваць апошнія грошы, таму што яны акупяцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Не было такога выпадку, каб навука не акуплялася. У савецкі час адзін рубель дзесяць прыносіў, як было прынята гаварыць", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што неабходна канчаткова вызначыцца з лёсам фундаментальнай навукі. "У нас не такая вялікая і багатая краіна, каб развіваць шырокі спектр падобных даследаванняў. І пытанне, напэўна, нават не ў гэтым. Пытанне ў тым, наколькі яны патрэбны нам, гэтыя фундаментальныя даследаванні, і наколькі мы будзем паспяховыя, займаючыся тымі ці іншымі фундаментальнымі кірункамі. Я гляджу на гэта прагматычна, каб не выкінуць грошы на вецер. Лепш мы выдаткуем грошы на некалькі прарыўных кірункаў (скажам, будучага 6-га тэхналагічнага ўкладу), а таксама будзем далей развіваць тыя кірункі, дзе ў Беларусі склаліся сусветныя навуковыя школы, напрыклад, оптыка, лазерная фізіка, цеплафізіка, біяарганічнай хімія і матэрыялазнаўства, як падмурак для развіцця прыкладных даследаванняў і вышэйшай адукацыі", — сказаў Прэзідэнт.

"Пытанне яшчэ ў тым, калі гэта не трэба краіне і перспектывы не відаць, але вы бачыце, што гэта заўтра можна прадаць, — калі ласка, займайцеся. Дамаўляйцеся з КітаемРасіяй, Амерыкай — кім заўгодна. Няхай яны фінансуюць вас — а яны з задавальненнем будуць фінансаваць, калі ўбачаць, што заўтра будзе нармальны прадукт", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прагматычным павінен стаць падыход і да ўдзелу беларускіх вучоных у такіх буйных міжнародных праектах, як вывучэнне касмічнай прасторы, работа Вялікага адроннага калайдара. Такія праекты закліканы не толькі задавальняць навуковую цікавасць, але і станавіцца стымулам для развіцця ў Беларусі высокатэхналагічных вытворчасцяў. "Але ў гэтым мы павінны прымаць удзел толькі на аснове глыбокага прагматызму", — дадаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт лічыць, што вынікі навуковых даследаванняў як у галіне натуральных, так і гуманітарных навук неабходна ператварыць у запатрабаваны эканомікай і грамадствам інтэлектуальны прадукт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўны ўпор павінен быць зроблены на прыкладныя распрацоўкі. На яго думку, для гэтага патрабуецца ўдасканаленне існуючай сістэмы праграмна-мэтавага кіравання навукай.

"Работа па прамых заказах вытворчага сектара павінна стаць распаўсюджанай практыкай", — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У сучасных умовах важна не столькі размеркаваць і асвоіць бюджэт на навуку, колькі стварыць на аснове яе вынікаў высокатэхналагічны і інавацыйны прадукт. Патрэбна эфектыўная сістэма навуковага менеджменту".

Аляксандр Лукашэнка даў тры месяцы на распрацоўку праграмы рэфармавання беларускай навукі. "У лістападзе мы запросім шырокае кола навуковай супольнасці і, прынцыповым чынам разабраўшыся, зацвердзім новую праграму дзейнасці навукі ў цэлым", — сказаў Прэзідэнт.

Загаловак у газеце: Структура навуковай сферы павінна адпавядаць інтарэсам і патрэбам краіны

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.