Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Падатак за здачу жылля налета павялічаць на 10%?

Міністэрства фінансаў падрыхтавала праект змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Беларусі. Згодна з гэтым дакументам, у 2014 годзе плануецца павялічыць стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб за здачу ўнаём жылля, гаражоў і іншых памяшканняў.

Плануецца, што такія стаўкі могуць быць павялічаны прыкладна на 10 працэнтаў. Нагадаю, што ў Мінску мінімальны памер такога падаходнага падатку за кожны здымны пакой у жылым памяшканні складае 95 тысяч рублёў за месяц. У наступным годзе падобны падаходны падатак плануюць павялічыць да 105 тысяч рублёў. Максімальны памер падатку за здымны пакой можа павялічыцца з 365 да 405 тысяч рублёў. Аналітыкі рынку жыллёвай арэнды адзначаюць, што сваім рашэннем Мінфін толькі ініцыіруе індэксацыю ставак падаходнага падатку ў адпаведнасці з чакаемым узроўнем інфляцыі.

Сяргей ПАЛІНІН.

На Дэфлімпійскіх гульнях беларусы заваявалі рэкордную колькасць узнагарод

Заваяваўшы 27 узнагарод рознай вартасці на ХХІІ летніх Дэфлімпійскіх гульнях (для людзей з парушэннямі слыху), якія завяршыліся ў балгарскай сталіцы, Сафіі, 4 жніўня, беларускія спартсмены паказалі рэкорднае дасягненне на спаборніцтвах такога рангу. Зборная Беларусі ў медальным заліку заняла 4-е месца, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Беларускімі дэфлімпійцамі заваявана 12 залатых, 11 сярэбраных і 4 бронзавыя ўзнагароды.

Чэмпіёнамі ў Сафіі сталі выключна прадстаўнікі лёгкай атлетыкі і плавання.

На Дэфлімпійскіх гульнях 2013 года ў Сафіі спаборнічалі 48 беларускіх атлетаў. Гэтая колькасць удзельнікаў стала рэкорднай у складзе каманды, роўна як і колькасць заваяваных імі ўзнагарод.

Першая дзясятка краін у медальным заліку Дэфлімпійскіх гульняў у Сафіі выглядае так:

1. Расія (67, 52, 58)

2. Украіна (21, 30, 37)

3. Рэспубліка Карэя (19, 11, 12)

4. Беларусь (12, 11, 4)

5. Кітай (12, 5, 8)

6. ЗША (9, 8,12)

7. Турцыя (7, 9, 17)

8. Іран (7, 4, 21)

9. Кенія (6, 5, 5)

10. Літва (4, 5, 4).

Універсальныя рабочыя з'явяцца ва ўсіх мінскіх ЖЭСах

Спецыялістаў вузкага профілю ў мінскіх ЖЭСах заменяць універсальныя рабочыя. Аб гэтым паведаміў на аператыўнай нарадзе ў мэрыі генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Уладзімір Хадарцэвіч, перадае карэспандэнт БелТА.

Эксперыментальны праект стартаваў ужо ў трох ЖЭСах (№ 32, №13, № 28) і добра сябе зарэкамендаваў, цяпер вопыт пераймаюць іншыя арганізацыі. Для работнікаў жыллёва-камунальных службаў арганізаваны спецыяльныя курсы, якія прадугледжваюць месяц тэарэтычнай і два месяцы практычнай падрыхтоўкі.

Рабочыя па комплексным утрыманні і рамонце будынкаў і збудаванняў будуць абслугоўваць каля 500 асабовых рахункаў, у іх функцыянальныя абавязкі будзе ўваходзіць выкананне сантэхнічных, электрычных, малярных і іншых работ.

"На расцэнках на паслугі новаўвядзенне ніяк не паўплывае, для жыльцоў плюс заключаецца ў тым, што за домам замацаваны адзін чалавек, да якога можна звярнуцца з рознымі праблемамі", — адзначыў Уладзімір Хадарцэвіч.

Амаль палова маладых беларускіх сем'яў задаволены сваімі жыллёвымі ўмовамі

У Беларусі 47,3 працэнта хатніх гаспадарак, якія складаюць людзі ва ўзросце да 31 года, задаволены сваімі жыллёвымі ўмовамі, 27,1 працэнта — хутчэй не задаволены, 25,6 працэнта — зусім не задаволены. Аб гэтым сведчаць звесткі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага ў маі гэтага года з мэтай вывучэння ўмоў жыцця, паведамілі карэспандэнту БелТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Сярод гаспадарак, якія не задаволены жыллёвымі ўмовамі, 63,3 працэнта плануюць пабудаваць, купіць або абмяняць жылое памяшканне.

У Белстаце адзначылі, што характарыстыкі жыллёвых умоў з'яўляюцца важнейшымі індыкатарамі якасці жыцця хатніх гаспадарак. Удзельная вага гаспадарак, якія складаюць людзі ва ўзросце да 31 года, з памерам агульнай плошчы жылля на аднаго чалавека на пачатак гэтага года была наступнай: да 12 кв.м — 22,4 працэнта, 12,1-15 кв.м  — 12,7  працэнта, 15,1-17 кв.м — 9,8 працэнта, 17,1-20 кв.м — 13,1 працэнта, 20,1-30 кв.м — 20,1 працэнта, 30,1 кв.м і вышэй — 21,9 працэнта.

Беларусь займае 4 месца ў свеце па колькасці студэнтаў

Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці людзей, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслявузаўскую адукацыю, на 10 тыс. жыхароў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БелТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Беларусь па колькасці людзей, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслявузаўскую адукацыю, на 10 тыс. чалавек насельніцтва (621 чалавек) займае адно з самых высокіх месцаў у свеце, уступаючы толькі Рэспубліцы Карэя (686), ЗША (667) і Расіі (660). У Белстаце адзначылі, што з году ў год павышаецца адукацыйны ўзровень беларускай моладзі. На 1000 маладых грамадзян цяпер прыпадае 169 чалавек з вышэйшай адукацыяй і 245 — з сярэдняй спецыяльнай. Значная частка моладзі — навучэнцы і студэнты. Трэба адзначыць, што моладзь прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. На 1 студзеня гэтага года ў рэспубліцы функцыянавала 248 моладзевых грамадскіх аб'яднанняў.

Здарэнне Без наступстваў

Здарэнне на чыгуначнай станцыі "Мінск-Сартавальны" не нанесла ўрону людзям і экалогіі. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў галоўны рэвізор па бяспецы руху Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Уладзімір Шаўчэнка, каментуючы паведамленне аб тым, што вечарам 4 жніўня на чыгуначнай станцыі "Мінск-Сартавальны" сышлі з рэек парожнія цыстэрны з-паз газу.

"Герметычнасць рухомага саставу не парушана, уцечкі шкодных рэчываў не дапушчана. У сувязі з гэтым ніякіх пагроз для навакольнага асяроддзя і людзей створана не было", — адзначыў Уладзімір Шаўчэнка. Галоўны рэвізор звярнуў увагу на тое, што пасля сыходжання з рэек сур'ёзных пашкоджанняў вагонаў не зафіксавана. Гэта адбылося ў выніку насоўвання кола на рэйкі. "Цяпер спецыялісты высвятляюць, чаму гэта здарылася, вядзецца расследаванне",  — канстатаваў Уладзімір Шаўчэнка.

Паводле яго інфармацыі, на месцы здарэння чыгуначнае палатно пашкоджана не было, цяпер рух цягнікоў ажыццяўляецца ў штатным рэжыме згодна з раскладам.

І зноў "вугальныя" цыгарэты

Днямі беларускія мытнікі двойчы спынілі спробу вывезці за мяжу кантрабандныя партыі цыгарэт.

Упачатку ў паўвагоне з каменным вугалем (цягнік ішоў з Расійскай Федэрацыі ў Латвію) знайшлі 4 тысячы пачкаў цыгарэт "NZ GОLD", зробленыя ў Беларусі. Тытунёвыя вырабы агульным коштам 24,4 мільёна рублёў канфіскавалі.

Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскай мытні, на наступны дзень такім жа чынам і таксама ў цягніку, які ішоў у тым жа напрамку, знайшлі цыгарэты трох марак — 9 тысяч пачкаў агульным коштам 54,6 мільёна рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.