Вы тут

Папера ўсё сцерпіць?


У Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці канстатуюць: прыпіскі і скажэнне статыстычных даных сталі ў Прыдзвінскім краі калі не сістэмай, то набылі ўстойлівую тэндэнцыю. І гэта пацвярджаюць праверкі не толькі Камітэта дзяржкантролю, але і Белстата, кантралюючых і праваахоўных органаў.

— Напрыклад, летась былі праведзены выбарачныя праверкі свінагадоўчых комплексаў Віцебшчыны. У філіяле "Лучоса" таварыства "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" былі выяўлены прыпіскі валавых прыбаўленняў у вазе свіней аб'ёмам амаль 1000 тон... У вобласці летась ад кожнай каровы атрымана ледзь больш за 4 тысячы кілаграмаў малака. А ў філіяле "Лучоса" прадуктыўнасць адной свінаматкі за 2 месяцы, калі верыць справаздачам, складала амаль 5000 кілаграмаў малака. Гэта значыць, што свінаматкі за пару месяцаў скармілі парасятам больш малака, чым надоена за год у вобласці ад каровы, — расказваюць ва ўпраўленні кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Па выніках праверкі кіраўнік свінагадоўчага комплексу быў вызвалены ад пасады. Аднак, па звестках Камітэта, зараз ён кіруе чарговым свінагадоўчым комплексам — ужо ў Сенненскім раёне. Як гаворыцца, добраму чалавеку заўсёды знойдзецца цёплае месца?

— Вынікі праверкі былі неадназначна ўспрыняты кіраўніцтвам вобласці. Разам з тым, станоўчы эфект часова усё ж такі быў дасягнуты. У далейшым на большасці свінагадоўчых комплексаў быў наведзены элементарны парадак у адпаведным першасным уліку, — канстатавалі ў кантрольным ведамстве.

Зараз асаблівую заклапочанасць у супрацоўнікаў Камітэта выклікае самая нізкая таварнасць малака ў вобласці. Гэта, на думку рэвізораў, першая прыкмета, якая паказвае на наяўнасць прыпісак. І апасенні знаходзяць пацверджанне.

Разлікі Камітэта кантролю паказваюць, што з пачатку года ў сярэднім на выпойванне 1 цяляці спісана 592 кг суцэльнага малака, што на 160 кг больш за аналагічны леташні перыяд.

— Яшчэ ў маі на гэта (у асноўным на прыкладзе гаспадарак Аршанскага раёна) Камітэт дзяржкантролю звяртаў увагу Віцебскага аблвыканкама. Так, у асобных сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за 5 месяцаў было спісана суцэльнага малака на выпойванне галавы прыплоду да 1000 кг і больш. За гэты перыяд толькі па Аршанскім раёне перарасход малака на выпойванне цялятам склаў амаль 3 тыс. тон, страты ад недаатрымання выручкі склалі каля
7 млрд руб. Аднак дзейсных мер па кардынальным выпраўленні сітуацыі ў вобласці не прынялі, — працягваюць каментаваць сітуацыю ў Камітэце дзяржкантролю.

У сувязі з гэтым Камітэт дзяржаўнага кантролю вобласці сумесна з упраўленнем унутраных спраў аблвыканкама пачаў "адпрацоўку" сельскагаспадарчых арганізацый Аршанскага раёна па гэтай праблеме. Першыя вынікі сведчаць аб маштабных прыпісках малака.

— Так, у прадпрыемстве "Межава" Аршанскага раёна выкрыты абуральныя факты скажэнняў даных першаснага бухгалтарскага ўліку ў частцы вырошчвання пагалоўя маладняку, аб'ёмаў вытворчасці і выкарыстання суцэльнага малака на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы. Праведзенай інвентарызацыяй колькасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы на прадпрыемстве ўстаноўлена нястача 143 цялят, якія нарадзіліся сёлета. На іх выпойванне штодня спісвалася больш за 1,1 тоны суцэльнага малака, — растлумачылі ў камітэце.

Цікава, што ўжо на другі дзень праверкі ў аператыўнай справаздачнасці раёна прадпрыемствам быў паменшаны аб'ём вырабленага малака на 3 тоны, або амаль на 20% ад папярэдняга дня, а таварнасць малака пры гэтым узрасла да рэальнай велічыні з 74% да 89%.

Праверка прадпрыемства працягваецца. Агульны аб'ём прыпісанага сёлета малака будзе вызначаны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».