Вы тут

Мы вывучаем, нас вывучаюць...


Пры слове "навуковец" у мяне заўжды з'яўлялася асацыяцыя з сівавалосым мужчынам сталага веку, з барадой, у вялікіх акулярах і з партфелем. Але маладыя сацыёлагі Кацярына ПАЛХОЎСКАЯ і Ігар МАЛЬЧОНКАЎ ушчэнт зламалі мае стэрэатыпы. За кубкам гарбаты мы гутарым з імі пра навуку і праблемы маладых навукоўцаў.

Захопленая сваёй справай

— Я прыйшла ў навуку з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе навучалася па спецыяльнасці "Сацыялогія", — узгадвае Кацярына Палхоўская, усмешлівая звонкагалосая дзяўчына, апранутая ў кашулю і доўгую спадніцу сіне-блакітнага колеру. Хутчэй верыцца, што перада мной мастачка, а не кандыдат навук, спецыяліст у галіне эканамічнай сацыялогіі і сацыялогіі працы.

1375788219253_1

1375788219253_1

— Адразу пайшла ў магістратуру БДУ па той жа спецыяльнасці і скончыла яе з прысваеннем ступені магістра сацыялагічных навук. Каб не спыняцца, пайшла ў аспірантуру ў Інстытут сацыялогіі НАН. Вучыцца там было вельмі цікава. Да таго ж маім навуковым кіраўніком стала Галіна Мікалаеўна Сакаловадоктар філасофскіх навук, прафесар, заснавальніца і навуковы лідар беларускай эканоміка-сацыялагічнай школы. Яна стала для мяне не толькі настаўнікам, але і блізкім чалавекам. У 2011 годзе я атрымала прэзідэнцкую стыпендыю. З 2010 па 2011 гады ў мяне быў грант ад Акадэміі навук для аспірантаў, які ў асноўным датычыўся тэмы эканамічных паводзін. У аспірантуры давялося пабываць на стажыроўках у Расіі, Венгрыі, Швецыі. Я вельмі люблю розныя канферэнцыі, і мяне нават папракалі вялікай колькасцю публікацый: маўляў, гэта можа пайсці не на карысць якасці дысертацыі (Кацярына — аўтар ужо больш як 35 навуковых работ, апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях — Аўт.). Але дысертацыя была паспяхова напісана і своечасова абаронена. На апошнім курсе аспірантуры мяне захапіла дзейнасць Савета маладых навукоўцаў, і цяпер я з'яўляюся старшынёй Секцыі гуманітарных навук і мастацтваў у Савеце маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук.

 

 

Сакрэты матывацыі

Кацярына абараніла дысертацыю на тэму "Эканамічныя паводзіны як фактар працоўнай мабільнасці работнікаў (на прыкладзе электраэнергетычнай галіны Рэспублікі Беларусь)". Матэрыялы гэтага даследавання былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы навучальнага курса "Эканамічная сацыялогія".

— Эканамічная сацыялогія вывучае эканоміку, выкарыстоўваючы катэгорыю сацыялагічных навуковых паняццяў, — акрэслівае Кацярына род сваіх заняткаў. — Прасцей кажучы, мы вывучаем чалавека ў эканамічнай сферы: як ён сябе паводзіць, што яго цікавіць і матывуе, што ўплывае на змену месца жыхарства, працы і гэтак далей. У сваёй дысертацыі я разглядала эканамічныя паводзіны ва ўзаемасувязі з працоўнай мабільнасцю. Працоўная мабільнасць — гэта не толькі змена месца працы, але і кар'ерны рост, і я даследавала, наколькі яна залежыць ад тыпу эканамічных паводзін чалавека. Па выніках былі распрацаваны рэкамендацыі для кіраўнікоў прадпрыемстваў, з якіх вынікае, што стымуляваць работнікаў на адным прадпрыемстве неабходна дыферэнцавана.

Таксама ў сферу маіх інтарэсаў уваходзіць працоўная міграцыя беларусаў. Зараз ідзе даследаванне працоўнай міграцыі нашых суайчыннікаў у Германію, справаздачу па якім спадзяёмся зрабіць у снежні. Самая вялікая міграцыйная плынь з нашай краіны накіравана ў Расію, а сярод краін Еўрасаюза пры выбары працы значная частка беларусаў надае перавагу Германіі. Мы прасочваем матывы і прычыны міграцыі. Бо ад'язджаюць працоўныя рэсурсы з высокім патэнцыялам, які мог бы быць рэалізаваны ў Беларусі.

Свядомы шлях у навуку

— Мой шлях у навуку пачаўся задоўга да таго, як я скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт з кваліфікацыяй "маркетолаг-эканаміст", атрымаўшы дыплом з адзнакай, і паступіў у магістратуру, — у сваю чаргу, распавядае Ігар Мальчонкаў, малады чалавек са стыльнай стрыжкай, кандыдат сацыялагічных навук, эксперт у сацыялогіі інавацый.

1375788219137_2

1375788219137_2

— У студэнцтве я ўдзельнічаў у разнастайных сацыялагічных даследаваннях,якія праводзіліся ва ўніверсітэце для Міністэрства адукацыі, а таксама ў навуковых канферэнцыях. Стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Атрымаў грант ад Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў на правядзенне навуковага даследавання "Сацыяльная прастора і яе ўплыў на паводзіны спажыўца". У 2009 годзе атрымаў ступень магістра сацыяльных навук у Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук, праз год быў узнагароджаны спецыяльнай стыпендыяй Прэзідэнта за дасягненні ў навуцы. Летась скончыў аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук.

 

Такім чынам, у Інстытут сацыялогіі Ігар прыйшоў ужо з пэўным багажом навуковых ведаў і публікацый і са сваёй актуальнай тэмай. У студзені 2013-га малады навуковец абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму"Трансфармацыя сацыяльнай прасторы пры пераходзе да інфармацыйнага грамадства", у маі атрымаў ступень кандыдата сацыялагічных навук. Працаваў па шэрагу грантаў, мае больш за 30 навуковых публікацый, удзельнічаў у рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў, шматлікіх канферэнцыях.

Першы ў сацыялогіі кіберпрасторы

— Нягледзячы на тое, што я скончыў эканамічны факультэт, пераключэнне на тэарэтычную сацыялогію адбылося лёгка, — кажа Ігар. — Праблемай сацыяльнай прасторы я стаў займацца яшчэ ў ВНУ. Цяпер даследую актуальныя з'явы пераходу грамадства да інфармацыйнай стадыі развіцця і павелічэння ролі камунікацыі. Вывучаю шырокае кола праблем, звязаных з гэтым працэсам: стварэнне сеткавай маскі, праблемы самаідэнтыфікацыі і сапрысутнасці асобы ў кіберпрасторы. У перспектыве планую даследаваць такія з'явы, як кібердэмакратыя, кіберзлачыннасць, кібертэрарызм. І, спадзяюся, што ў мяне атрымаецца выдаць манаграфію, прысвечаную сацыялогіі кіберпрасторы. Гэтая тэма яшчэ зусім мала даследавана, але яе вывучэнне вельмі важнае...

Навука для грамадства

— Сацыёлагаў часта ўспрымаюць як людзей, якія стаяць у метро з апытанкамі, — разважае Ігар пра сучасны стан сацыялогіі. — Але гэта не так. Сацыялогія — не проста лічбы. Сацыялогія працуе з праблемай у грамадстве і распрацоўвае механізмы яе вырашэння. Гэта тая навука, якая распрацоўвае асновы рэфармавання грамадства. Сёння сацыялагічныя метады і тэарэтычныя мадэлі выкарыстоўваюцца ў эканоміцы, менеджменце, маркетынгу, гісторыі і іншых навуках.

На думку маіх суразмоўцаў, прэстыж сацыялогіі і навукі ўвогуле сёння зніжаецца. Адсутнасць інвестыцый прыводзіць да скарачэння колькасці маладых навукоўцаў. Яны не затрымліваюцца ў навуцы, а ідуць у бізнес альбо ад'язджаюць працаваць за мяжу.

— Такім чынам, сацыялогія забяспечвае прыватную сферу маркетынгу не толькі інструментамі, але і кадрамі, — падсумоўвае Кацярына. — Паводле статыстыкі, фінансаванне навукі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту складае 0,28% да ВУП. Гэта вельмі мала.

"Агню" ў вачах недастаткова...

— Калі я прыехаў паступаць у магістратуру, я быў поўны спадзяванняў, — кажа Ігар Мальчонкаў. — Людзі, на якіх мы раўняліся, — старэйшае пакаленне навукоўцаў. Менавіта тут я сустрэў цікавых людзей з арыгінальным мысленнем: у першую чаргу гэта Сяргей Аляксандравіч Шавель, мой навуковы кіраўнік, іУладзімір Леанідавіч Абушэнка, ідэі якога моцна мяне ўразілі.

— Сёння амаль адсутнічаюць стымулы для прыцягнення маладых людзей у навуку, — уключаецца ў размову Кацярына. — Няма матэрыяльнага заахвочвання працы маладых навукоўцаў. Калі я атрымала пасаду малодшага навуковага супрацоўніка, мой заробак склаў 1 мільён 300 тысяч рублёў. Каб атрымаць прэмію, трэба заняць прызавое месца ў конкурсе навуковых дасягненняў інстытута. Але справа ў тым, што ў гэтым конкурсе ў асноўным улічваюцца паказчыкі прыцягнення ў інстытут матэрыяльных сродкаў. Фактычна даводзіцца займацца не навукай, а выкананнем камерцыйных гаспадарчых дагавораў.

Да таго ж адсутнічаюць магчымасці для кар'ернага росту. Каб перавесціся пасля абароны дысертацыі з пасады малодшага навуковага супрацоўніка, я "ваявала" некалькі месяцаў.

— Для мяне гэта праблема актуальная і цяпер, — дадае Ігар. — Маючы ступень кандыдата сацыялагічных навук, да цяперашняга часу я займаю пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Ні я, ні Кацярына не атрымліваем надбавак за кандыдацкую ступень.

— Вельмі важна, што наша работа не пазбаўлена зваротнай сувязі, — адзначае Кацярына. — У сваёй дысертацыі я даследавала цеплаэлектрастанцыі, праводзіла там анкетныя апытанні. І з кожнай станцыі я атрымала даведку аб укараненні вынікаў даследавання і падзяку ад "Белэнерга" за тыя навуковыя рэкамендацыі, якія я распрацавала для паляпшэння кіраўніцтва працоўнымі калектывамі. Аддача ёсць, і мы не можам сказаць, што даследаванні, якімі мы займаемся, не патрэбны.

Ігар да гэтага пытання ставіцца больш скептычна. Ён адзначае, што акадэмічная сацыялогія перадусім павінна займацца фундаментальнымі даследаваннямі, а не прыватнымі праблемамі, якія часта вырашаюцца на аснове камерцыйных дагавораў з рознымі арганізацыямі.

Беларусь здольная нараджаць разумных людзей, навукоўцаў. Але навукоўцамі не толькі нараджаюцца, але і становяцца. А для гэтага неабходна ствараць умовы.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?