Вы тут

ДАСЛЕДЧЫЦА АРХІТЭКТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ


Вяршыня Інесы Слюньковай

Колькі манастыроў было на тэрыторыі нашага краю за больш чым тысячагоддзе існавання Беларусі ў хрысціянскім свеце? Адказ на гэта ведае член-карэспандэнт Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, доктар архітэктуры Інеса Слюнькова, аўтар фундаментальных (анягож, таміны па 600 старонак тэксту!) кніг "Манастыры ўсходняй і заходняй традыцыі. Спадчына архітэктуры Беларусі" і "Храмы і манастыры Беларусі ХІХ стагоддзя ў складзе Расійскай імперыі. Перастварэнне спадчыны". У гэтую лічбу цяжка паверыць, але яна складае 549. Аб гэтым сведчыць паказальнік, змешчаны ў канцы другой кнігі. Зразумела, маюцца на ўвазе манастыры ўсіх канфесій — праваслаўныя, уніяцкія, каталіцкія. Такую вось духоўную хрысціянскую прастору мелі мы ў сваёй гісторыі.

1375788221803_6-12

1375788221803_6-12

 

Кнігі, ды і будучая праца, былі яшчэ далёка наперадзе, калі мы пасля школы апынуліся на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута. Уласна, прэстыжны факультэт з нас пачаўся, да таго архітэктараў рыхтавалі ў межах факультэта будаўнічага. Адпаведна, і групы былі пад нумарамі 1, 2, 3. У першых дзвюх рыхтавалі "аб'ёмшчыкаў", якія потым павінны былі праектаваць асобныя будынкі. А нас, з трэцяй групы, называлі "горадабудаўнікамі": мы рыхтаваліся праектаваць не менш як мікрараёны, цэлыя гарады і ўвогуле сістэмы рассялення. Нягледзячы на пэўную ўмоўнасць такога дзялення, у нас усё ж выпрацоўваўся, як цяпер мне здаецца, больш маштабны, шырокі погляд на дойлідства і архітэктурную спадчыну, што потым адыграла сваю ролю.

Але такое ўсведамленне прыйдзе пазней. Тады мы былі проста студэнтамі. 1970 год, сыты, спакойны і бязвоблачны час. Увогуле, першая палова 70-х, на якія трапіла наша студэнцкае юнацтва, было часам стабільнасці вялікай імперыі пад назваю СССР. Мы мелі акрэсленую перспектыву працы пасля вучобы, таму далёкімі планамі не абцяжарваліся. Жылі напоўненым маладым жыццём: вечарынкі, вандроўкі, першае каханне, захапленне кнігамі, гарачыя размовы. "Залатая моладзь", як можна было б тады сказаць. Тым не менш вучобы трымаліся, былі дапытлівымі і амбіцыёзнымі. Спазнаць хацелася як мага больш, студэнтамі змаглі пабываць у Вільні, Санкт-Пецярбургу, Таліне, Маскве, аб'ездзілі ўсё "Залатое кольца" Расіі. Але ўжо тады, у нашай невялікай, якая паступова склалася, таварыскай сябрыне Інеса вылучалася засяроджанасцю, часам нават адстароненасцю. Спела ў яе нешта сваё, адметнае.

Вучыліся мы разам у адной групе тры гады. У 1974-м яе бацьку Мікалая Мікітавіча Слюнькована той час першага сакратара Мінскага гаркама кампартыі, перавялі ў Маскву намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. Так Інеса разам з бацькамі апынулася ў сталіцы СССР. Адукацыю трэба было працягваць, альма-матар для яе стаў знакаміты Маскоўскі архітэктурны інстытут (які скончыла ў 1977 годзе).

Здаецца, шляхі нашыя разышліся. Але дзякуючы лёсу так не адбылося. Яшчэ ў Мінску ў Інесы пачаўся раман з таленавітым паэтам Пятром Кошалем, які потым скончыўся шлюбам, ужо ў Маскве, дзе ён быў студэнтам Літаратурнага інстытута. Знаёмства з паэтам павярнула праз два гады пасля інстытута, калі я працаваў архітэктарам у "Мінскпраекце", мой шлях з архітэктуры да літаратуры. Зразумела, сталася так невыпадкова, бо свае тэксты я пачаў пісаць яшчэ ў школе, а да заканчэння інстытута і вершы прарэзаліся. З парады Кошаля я паступіў вучыцца завочна ў той жа знакаміты на ўсю вялікую краіну Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага. Практычна падчас кожнай сесіі ў Маскве заходзіў да Пятра і Інесы. Стасункі не спыняліся, як і размовы аб творчасці — і літаратурнай, і архітэктурнай. Працягваліся яны і далей, Тым больш я трапіў у дакументальнае кіно, якое давала магчымасць творчых вандровак, у тым ліку і ў Маскву. Ды і Інеса не забывалася на радзіму, асабліва пазней, калі бацькі на пачатку 1990-х ужо канчаткова вярнуліся ў Мінск.

Пры сустрэчах яна захоплена распавядала аб сваёй працы, называла прозвішчы вядомых людзей, якія мы бачылі толькі на вокладках кніг аб архітэктуры, калі былі студэнтамі. Магчыма, мне тое было ўжо далекавата, але цікава, бо выклікала павагу адданасць чалавека справе, якая і была яе жыццём. Праектная работа адразу пасля інстытута ў ЦНДІП горадабудаўніцтва

заняла не такі і працяглы час. Далей пачаўся шлях Інесы Слюньковай як даследчыка, гісторыка архітэктуры, мастацтвазнаўцы.Навуковы супрацоўнік Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута тэорыі і гісторыі архітэктуры, кіраўнік аддзела навуковых даследаванняў Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук. Затым, ужо на пачатку ХХІ стагоддзя, галоўны архітэктар музеяў Маскоўскага Крамля.

Навіну аб гэтым прызначэнні мне паведаміў не без гордасці Пётр. Ды і ў мяне паведамленне выклікала пачуццё той жа гордасці: не кожны раз твае аднакурснікі становяцца галоўнымі архітэктарамі Маскоўскага Крамля! Але ж і пасада адказная, тут трэба аддавацца напоўніцу. Таму не з’яўляецца выпадковым вяртанне да даследчыцкай працы. Пасля высокай пасады і да сённяшняга дня Інеса Слюнькова працуе галоўным навуковым супрацоўнікам НДІ тэорыі і гісторыі выяўленчых мастацтваў Расійскай акадэміі мастацтваў.

Гады працы прынеслі і важкі творчы набытак: Слюнькова аўтар звыш 220 публікацый, у тым ліку 9 кніг. Кандыдацкая дысертацыя абаронена ў 1992-м, доктарская — у 2001 годзе. Асноўныя кірункі яе навуковай і даследчыцкай дзейнасці — тэма русскай сядзібы і праблемы эвалюцыі засваення сядзібнай прасторы, мастацкае афармленне свята каранацыі ў Расіі ад Сярэднявечча да ХІХ стагоддзя, актуальныя праблемы захавання і выкарыстання архітэктурнай спадчыны, рэстаўрацыя помнікаў. І... манастырскае і храмавае дойлідства — распрацоўка праблемы ўзаемадзеяння культур Беларусі, Украіны і Расіі ў сістэме ўплыву заходняга свету, узаемадзеяння ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцый.

На апошнім варта спыніцца дэталёва. Здаецца, свядомую частку свайго жыцця чалавек жыве і працуе ў Маскве, у іншай ужо дзяржаве. Можна было б і забыцца на родную Беларусь, як, бывае, здараецца з нашымі землякамі. Але так не сталася. Якраз першай кнігай Інесы Слюньковай была "Архітэктура гарадоў Верхняга Падняпроўя ХVІІ — сярэдзіны ХІХ ст." І выдадзена яна ў 1992 годзе ў Мінску, у выдавецтве "Навука і тэхніка". У нейкіх тэхнічных момантах стасункаў з выдавецтвам дапамагаў і я, аб чым сведчыць аўтограф аўтара. Кніга ўражвала багаццем ілюстрацыйнага матэрыялу — генеральныя планы гарадоў ХІХ стагоддзя, іншыя архіўныя матэрыялы, даўнія літаграфіі і фатаграфіі храмаў, рэканструкцыі даследчыка. Там упершыню ўбачыў, як магутна і прыгожа выглядаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя Пустынскі Успенскі манастыр пад Мсцілаўлем. Справа ў тым, што руіны высокай званіцы гэтага манастыра мы знялі для дакументальнага фільма, які ствараўся па маім сцэнарыі, пра мсціслаўскага рупліўцу, аўтара першага слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча. На экране ўразіла вышыня і веліч гэтага збудавання, няхай і напалову разбуранага часам.

Хоць літаратура і дакументальнае кіно сталі галоўнымі ў маім жыцці, архітэктура канчаткова аніяк не магла знікнуць. Як уявіць гістарычны дакументальны фільм без помнікаў дойлідства? Няхай шмат у нас страчана, але і тое, што засталося, дае яскравае ўражанне аб гісторыі. Далёка не кожны чалавек можа патрымаць у руках старадаўнюю кнігу, убачыць стары абраз, а вось помнік архітэктуры, знак стагоддзяў нашай гісторыі, — ён навідавоку для ўсіх. Акрамя кіно, напісаў кнігу "Мінск старадаўні і малады", у якой, прыгожа-падарункава выдадзенай, стаўся шчаслівы лёс — чатыры перавыданні. Зразумела, праца не даследчыцкая, а пісьменніцкая, папулярная, гістарычна-архітэктурнае эсэ аб нашай сталіцы. Таму, калі Інеса расказвала аб працы над кнігай пра манастыры Беларусі ХІ — пачатку ХІХ стагоддзя, мне гэта было блізка — і гісторыя, і дойлідства. Па кнізе добра відаць, якая вялізная праца зроблена даследчыцай — навуковая і даведачная літаратура, архівы Санкт-Пецярбурга і Масквы, шмат матэрыялаў, сярод якіх асабліва каштоўныя пісьмовыя і графічныя матэрыялы па страчаных помніках. І вандроўкі — не будзеш жа пісаць аб тым, чаго не бачыў на свае вочы. Полацк, Сынкавічы, Мінск, Магілёў, Друя, Ружаны, Гродна, Талачын, Пінск, Нясвіж, Слонім, Мядзел, Навагрудак, Будслаў. У Будслаў Інеса прапанавала з'ездзіць разам. Рукапіс кнігі быў ужо ў выдавецтве, а выявы Будслаўскага касцёла не хапала. Вандроўка адбылася ветранай восенню, што дадавала своеасаблівага настрою. Селі ў мае тады ўжо старыя белыя "Жыгулі" ды паехалі. Будны дзень, цішыня і спакой, нічога не замінала дэталёва паглядзець касцёл і святыню, цудадзейны абраз Маці Божай. Потым, ужо ў кнізе, чакала мяне прыемная неспадзяванка. На вялікім каляровым здымку інтэр'ера касцёла ў самым куточку відаць мой твар і постаць святара, які з ахвотай паказваў нам храм. Зразумела, ніхто, акрамя мяне і аўтара кнігі, гэтай дробнай дэталі не заўважыць.

Аб кнізе Інесы Слюньковай "Манастыры ўсходняй і заходняй традыцыі. Спадчына архітэктуры Беларусі", якая пабачыла свет у Маскве ў 2002 годзе, можна гаварыць шмат. Яна нясе мноства адкрыццяў. Тут гісторыя архітэктуры цесна ўваплецена ў гісторыю краіны, лёс якой наканаваў Беларусі быць памежнай тэрыторыяй паміж каталіцкім Захадам і праваслаўнай Расіяй. Але галоўнае — высновы, якія дае зрабіць сабраны матэрыял. Тут нельга абысціся без цытаты:<І> "...манастырскае дойлідства Беларусі, царкоўнае мастацтва ўяўляюць сабой рэдкі прыклад непасрэднага суіснавання заходняй і ўсходняй культур у гісторыі фарміравання нацыі. Гісторыка-архітэктурная і горадабудаўнічая спадчына манастырскага дойлідства Беларусі складае самастойную з'яву рэлігійнага мастацтва і мастацкай культуры, якая служыць пэўным вопытам узаемадзеяння ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцый". І гэтую нашу гістарычную адметнасць можна добра ўявіць, калі прачытаць кнігу.

Наступная кніга "Храмы і манастыры Беларусі ХІХ стагоддзя ў складзе Расійскай імперыі. Перастварэнне спадчыны", якая з'яўляецца працягам і завяршэннем даследавання вялізнага гістарычнага пласта манастырскага і храмавага дойлідства Беларусі, пабачыла свет у 2010 годзе зноў жа ў маскоўскім выдавецтве "Прагрэс-Традыцыя". Як адзначалі рэцэнзенты, няпроста знайсці сярод сучасных даследаванняў такое, дзе прыналежнасць мастацтва да геапалітычных працэсаў была б выяўлена так яскрава, як тут. Сапраўды, калі чытаеш кнігу, ствараецца ўражанне, што гэта не спецыфічная рэч, якая датычыцца дойлідства, а сапраўдная кніга па гісторыі Беларусі ў няпростым ХІХ стагоддзі. Акрамя зноў жа вялікага аб'ёму архіўных матэрыялаў, у тэксце прыводзяцца тагачасныя пісьмовыя крыніцы аб вырашэнні беларускага пытання, якое непазбежна паўстала пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння нашых земляў да Расійскай імперыі. Аказалася, што гэта адметны край са сваім тварам, зусім нязвыклы для расійскага розуму і вока.

Выйсце бачылі ў перастварэнні архітэктурнага аблічча беларускіх земляў. Найперш, царкоўна-будаўнічыя рэформы прывялі да рашучага скарачэння сакральных збудаванняў. Было закрыта каля 290(!) каталіцкіх кляштараў, яшчэ прыкладна 70 базыліянскіх і 17 праваслаўных манастыроў перасталі існаваць пасля скасавання уніі (лічбы з кнігі). У выніку шматлікія гістарычныя храмы і манастырскія збудаванні аказаліся разбуранымі. Астатнія храмы пераствараліся згодна з уяўленнямі, як павінна быць. Каталіцкія і ўніяцкія храмы станавіліся праваслаўнымі, і наадварот. Таксама будавалася шмат новых цэркваў, на што ішлі вялізныя сродкі. Але гэта так і не дало жаданага эфекту, бо ўзоры архітэктуры, дастойныя прадстаўляць Расійскую імперыю як вялікую дзяржаву, так і не былі пабудаваны. Як адзначае аўтар, "культавыя будынкі набывалі статус сацыяльна значных аб'ектаў спарадкаванай сістэмы рассялення праваслаўных і іншаслаўных жыхароў". І толькі. Як вынік — сакральная тапаграфія краю, якая склалася гістарычна, змянілася, быццам у выніку нейкай містыфікацыі.

Даволі прывесці прыклад з царквою Святога Духа манастыра базыльянаў у Мінску (узведзена ў 1634-1638 гадах), гісторыю якой можна прасачыць у дзвюх кнігах. У 1795 годзе, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння ўсіх беларускіх земляў да Расійскай імперыі, яго адразу забралі ў базыльянаў. Храм стаў называцца Петрапаўлаўскім кафедральным саборам, ад чаго і плошча ў Верхнім горадзе стала называцца Саборнай (цяпер Пляц Волі). Да першай рэканструкцыі ў 1843-1844 гадах былі зроблены абмеры царквы. Гэты чарцёж, змешчаны ў кнізе, і дае магчымасць убачыць помнік-святыню такім, якім ён быў пабудаваны. Гэта ўнікальны беларускі храм, дзе ўпершыню галоўны фасад уяўляў сабою іканастас — у нішах чарырох ярусаў фасада і франтона былі змешчаны абразы святых. На кампазіцыі фасада чытаецца крыж. А мы ведаем, што крыжовы стрыжань з'яўляўся адметнай асаблівасцю беларускага іканастаса. Пасля першага перастварэння (1840-1850 гг.) храм ужо нельга было пазнаць: з'явіўся купал, замест шчыпца паўстала вежа-званіца. Другая рэканструкцыя (80-я гады ХІХ ст.) зноў змяніла знешні воблік сабора ў псеўдарускім стылі. У такім выглядзе храм мы можам убачыць на паштоўках пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыю царквы дзеля поўнай карціны варта працягнуць далей, ужо за межы кніг Інесы Слюньковай. У 1936 годзе сабор быў узарваны. У паваенны час на тым месцы знаходзілася піўніца. Але падмуркі захаваліся. Дзякаваць Богу, сваё новае жыццё збудаванне знайшло ўжо ў ХХІ стагоддзі: храм быў адноўлены ў тым выглядзе, які меў у ХVІІ стагоддзі. Быццам бы. Бо дзе той крыж на фасадзе? Зразумела, абразы на цяперашняй дзіцячай філармоніі недарэчы, але ж па чляненнях варта было б зрабіць так, як было. Ствараецца ўражанне, што беларускія даследчыкі архітэктуры проста не ведалі згаданага абмернага чарцяжа. Вось і адноўлены будынак, але цяпер не храм, ды і фасад не той...

Такіх прыкладаў перастварэння беларускай архітэктурнай спадчыны безліч. Але высновы з гэтага перастварэння ў кнізе зроблены арыгінальныя, эксклюзіўныя, нават парадаксальныя. Каб не перадаваць сваімі словамі, варта даць проста цытаты з заключэння. "Рэзкім скарачэннем колькасці сакральных аб'ектаў у краі, татальнай заменай суадносін храмавых дамінант быў перакадзіраваны функцыянальны і вобразна-сімвалічны змест архітэктурнага ландшафту. Перастварэнне спадчыны стала глыбокім расчараваннем, а разам з тым, і пачаткам стварэння нацыянальна артыкуляванай міфалогіі, а затым і навукова абгрунтаванай канцэпцыі гісторыі Беларусі...". "Тым не менш царкоўна-будаўнічыя рэформы мелі каласальныя наступствы для нацыянальнага самавызначэння і кансалідацыі нацыянальнай культуры беларусаў...". "Узнікае яшчэ адзін парадокс. Атрымліваецца, што палітыка ўніфікацыі нацыянальных ускраін Расійскай імперыі правакавала адваротны эфект. Няхай і на пратэстнай хвалі, яна "разбудзіла" і аб'яднала народ, нейкім чынам якраз у "цісках манархіі" Беларусь атрымала шанец на здабыццё ў перспектыве ўласнай дзяржаўнасці...". "Нельга не адзначыць яшчэ адзін парадокс ХІХ стагоддзя. Разбуральныя працэсы, якія кранулі спадчыну царкоўнага дойлідства Беларусі, праходзілі паралельна з фундаментальнымі адкрыццямі па гісторыі культуры беларускіх земляў. Пракладваўся шлях да ўсведамлення існавання і асаблівай гістарычнай ролі беларускай народнасці, якая валодае сваімі індывідуальнымі рысамі — мовай, традыцыямі, этнакультурнымі асаблівасцямі..."

Так здарылася, што Інеса чытала мне заключэнне кнігі яшчэ да выхаду яе ў свет, у рукапісу. Божа, як выдатна клаліся гэтыя высновы на душу! Са светлай зайздрасцю думалася, што вось я, чалавек, які цікавіцца і даволі ведае гісторыю сваёй краіны, нават сваю кароткую гісторыю Беларусі напісаў ("Пошум стагоддзяў. Ланцужок беларускай гісторыі"), а да такога не дадумаўся. Як не дадумаліся нават прафесійныя беларускія гісторыкі і мастацтвазнаўцы.

Што атрымліваецца з гэтых высноў? Чалавека, які жыў на сваёй зямлі і ў сваім асяроддзі, не зыходзячы з месца, прымушалі шляхам перастварэння архітэктурнага ландшафту жыць у іншым, нязвыклым яму асяроддзі. А інерцыя чалавечага існавання гаварыла: а чаму я павінен жыць у іншым асяроддзі? Гэта не маё, я не такі. У нашым выпадку — не рускі, не паляк. Я — беларус, паступова, але акрэслена ўсведамляў чалавек. І сцвердзіўся канчаткова ў такой выснове, якая, зрэшты, і не знікала на працягу ўсіх стагоддзяў існавання Беларусі. Напэўна, гэта сталася галоўнай перадумовай нацыянальнага адраджэння на пачатку ХХ стагоддзя. Так, вызваленчыя паўстанні, так, нашыя прадвеснікі і пачынальнікі адраджэння, "Мужыцкая праўда" Каліноўскага. Так, цікавасць рускіх вучоных дзеля спасціжэння своеасаблівасці краю, адлюстраваная пасля шматлікіх вандровак у публікацыях і кнігах ХІХ стагоддзя. Так, пачатак бруення роднага слова з невынішчальных шматлікіх крыніц. Але гэтага, напэўна, было б недастаткова. Якраз самаўсведамленне народа праз своеасаблівы гвалт над асяроддзем яго пражывання стаў той падрыхтаванай глебай, якая дала волатаў беларускага слова Якуба Коласа і Янку Купалу, на якой дало плённыя ўсходы насенне, шырока кінутае "Нашай нівай".

На такія развагі наводзіць кніга — значыць, яна сапраўды адметная, глыбокая і нечаканая па сваіх высновах. Кнігі Інесы Слюньковай — не толькі для мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў архітэктуры. Усім, хто жыве і цікавіцца беларушчынай, яны будуць своеасаблівым адкрыццём. Найперш дзякуючы вялікай колькасці новага, нікім раней не сабранага, не сістэматызаванага, не вывучанага, не абнародаванага раней матэрыялу і арыгінальным, нечаканым высновам на падставе асэнсавання гэтага матэрыялу.

Што яшчэ цікава, кнігі, на стварэнне якіх аддадзена больш за два дзесяцігоддзі(!) і якія можна назваць вяршыннымі дасягненнямі даследчыцы, напісаны па-за планавымі тэмамі на месцы асноўнай працы. Падрыхтаваны і выдадзены яны былі на конкурснай аснове па грантах Расійскага гуманітарнага навуковага фонду (РГНФ). Тут мы бачым прыклад дасягнення пастаўленай мэты. І прыклад праявы пачуцця патрыятызму. У адным з інтэрв'ю Інеса Слюнькова так і сказала: "Я беларуска і, падобна многім маім суайчыннікам, хачу мець як мага больш яснае ўяўленне аб працэсах кансалідацыі беларускай нацыі, фарміравання яе матэрыяльнай і духоўнай культуры". Цяжка што-небудзь дадаць да гэтых слоў. Кожны б так не забываўся аб сваёй радзіме, сваіх каранях. І кожны б так увасабляў словы ў справы.

Гэты год для Інесы Слюньковай юбілейны, і мне хацелася выказаць сваёй былой аднакурсніцы словы павагі, захаплення яе працавітасцю, уласцівай беларусу зацятасці, удзячнасці за яе працу і адкрыцці, пажадаць далейшага творчага плёну. Але тут паўстаў яшчэ адзін момант з шэрагу шчаслівых супадзенняў. У спісе намінантаў на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі я ўбачыў прозвішча Інесы Слюньковай, вылучанай на высокую адзнаку за стварэнне вышэйзгаданых кніг "Архітэктура гарадоў Верхняга Падняпроўя ХVІІ — сярэдзіны ХІХ ст.", "Манастыры ўсходняй і заходняй традыцыі. Спадчына архітэктуры Беларусі", "Храмы і манастыры Беларусі ХІХ стагоддзя ў складзе Расійскай імперыі. Перастварэнне спадчыны". Выпадкова так атрымалася ці не, але вылучэнне якраз прыйшлося на юбілейны год.

Мне асабіста выпадковым гэта не падаецца. Мы гаворым аб еднасці народаў, але гэта словы агульныя, насамрэч узаемасувязі дзвюх краін, двух народаў мацуюцца найперш постаццю, асобаю. Такою асобаю несумненна з'яўляецца Інеса Слюнькова, у яе навуковым і творчым набытку гэтая тэза праяўляецца вельмі яскрава. Манастыры і храмы Беларусі з аднаго боку, з другога — зноў жа грунтоўныя і глыбокія даследаванні па рускай сядзібе, тэме каранацыі ў рускім мастацтве, рэстаўрацыі помнікаў рускага дойлідства. Пасаду галоўнага архітэктара музеяў Маскоўскага Крамля таксама варта згадаць яшчэ раз. Усё гэта ў асобе Інесы Слюньковай спалучаецца арганічна, нязмушана і вяршынна. Таму, думаецца, што высокая адзнака, у выпадку яе атрымання, цалкам бы адпавядала ўзроўню зробленага слыннай даследчыцай архітэктурнай спадчыны дзеля ўмацавання беларуска-расійскіх навуковых і творчых сувязяў.

Уладзімір Мароз,

пісьменнік, сцэнарыст,
кінарэжысёр.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».