Вы тут

Новая эканоміка патрабуе і новых падыходаў


Праблемныя пытанні развіцця галін эканомікі і шляхі іх вырашэння, эфектыўнасць работы асобных міністэрстваў, ведамстваў і аблвыканкамаў разглядаліся на чарговым пасяджэнні Савета Міністраў, якое прайшло пад старшынствам Міхаіла Мясніковіча, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр крытыкаваў дзяржорганы за неэфектыўную работу па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым паўгоддзі гэтага года. Аб гэтым было заяўлена 6 жніўня на пасяджэнні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада. У прыватнасці, Міністэрства прамысловасці Беларусі крытыкавалася за спад экспарту і аб'ёмаў вытворчасці нараўне з ростам дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці прадпрыемстваў.

Міністэрства недастаткова эфектыўна вырашае праблемы разгрузкі складскіх запасаў. Не выконваюцца заданні па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ўрад не можа далей мірыцца з такой бездапаможнасцю Мінпрама, і прапанаваў прыняць адпаведныя кадравыя рашэнні.

Крытыка прагучала і ў адрас канцэрнаў. У прыватнасці, адзначана нездавальняючая работа канцэрна "Белнафтахім

" у частцы прыцягнення інвестыцый, пытанняў развіцця асобных арганізацый і галіны ў цэлым. "Там, дзе дырэктары хоць неяк варушацца — "Беларуснафта", "Беларуськалій", "Гроднаазот", ёсць пэўны прагрэс, але развіццё хіміі і нафтахіміі, малатанажнай хімічнай вытворчасці, лакафарбавай прамысловасці канцэрнам правалена", — канстатаваў прэм'ер-міністр.

"Задачу па пераходзе да новай прамысловай палітыкі павінны вырашаць усе міністэрствы, канцэрны, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам кожны ў прымяненні да свайго віду дзейнасці, — запатрабаваў Міхаіл Мясніковіч. — Нам патрэбны новыя тавары і паслугі. Пры абароне планаў на 2014 год на гэта будзе звернута асаблівая ўвага".

Больш эфектыўнай работы ўрад чакае ад аграпрамысловага комплексу. За 2,5 года бягучай пяцігодкі ў АПК укладзена $5 млрд інвестыцый. Аднак належнай аддачы як па валавых, так і па паказчыках эфектыўнасці галіны няма. Кіраўнік урада запатрабаваў удзяліць асаблівую ўвагу праблемам малочнай жывёлагадоўлі — фарміраванню прадукцыйнага статку, паляпшэнню якасці кармоў для буйной рагатай жывёлы.

Увага была ўдзелена і сітуацыі ў рэгіёнах. З-за невыканання заданняў па росце валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) усімі рэгіёнамі краіны за першае паўгоддзе гэтага года недаатрымана Br20 трлн. Не выконваецца даручэнне ўрада па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей з колькасцю працуючых не менш як 50 чалавек на кожным. Замест практычнага выпраўлення стану спраў кіраўнікі абласцей звяртаюцца ва ўрад з просьбай выдзеліць дадатковыя сродкі на вырашэнне існуючых праблем. "Трэба яшчэ раз нагадаць, што бюджэт зацверджаны і рэзерваў ва ўрада няма і не можа быць па заканадаўстве", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

У час абмеркавання дадзена прынцыповая ацэнка работы кадраў. Прапанавана разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці і адпаведнасці займаемай пасадзе асобных намеснікаў міністраў, намеснікаў губернатараў і дырэктараў прадпрыемстваў.

Прэм'ер-міністр заклікаў дзяржорганы выправіць недахопы ў рабоце, а таксама прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год. "Усе паказчыкі развіцця павінны быць адказна прапрацаваны", — рэзюмаваў ён.

Прэм'ер-міністр Беларусі даручыў паскорыць работу па цэнтралізацыі кіравання холдынгамі і ўзмацніць іх службы маркетынгу. "Неабходна рэальна сфарміраваць і закруціць работу цэнтраў прыбытку ў кіруючых кампаніях, — заявіў ён. — Механічнае аб'яднанне прадпрыемстваў, якое ёсць сёння, не дасць эфекту без глыбокай эканамічнай інтэграцыі і мадэрнізацыі сістэм кіравання".

На асаблівым кантролі ўрада пытанні мадэрнізацыі. "Першачарговымі павінны быць праекты з максімальнай дабаўленай вартасцю. Тады належнай будзе і выручка на аднаго сярэдняспісачнага работніка", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Адзначана неабходнасць больш актыўнага прыцягнення ў праекты мадэрнізацыі замежных інвестыцый.

Прэм'ер-міністр таксама вызначыў задачу па арганізацыі эфектыўнай работы галін у сферы інавацыйнага развіцця. Паводле яго слоў, новая эканоміка — гэта паскоранае развіццё сектараў на мясцовых рэсурсах. Ужо ў бягучым годзе неабходна атрымаць рэальную аддачу ад дзяржаўных сродкаў, укладзеных у іх развіццё.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».