Вы тут

Фундаментальнасць падыходу да практычных пытанняў


Ці патрэбна Беларусі фундаментальная навука і што неабходна, каб навукоўцы сталі рухаючай сілай мадэрнізацыі беларускай эканомікі

Падчас нядаўняй нарады ў Кіраўніка дзяржавы, што датычылася перспектыў развіцця беларускай навукі, быў узняты цэлы шэраг пытанняў, якія маюць вялікае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця і нават нацыянальнай бяспекі нашай краіны.

Коратка нагадаем асноўныя пазіцыі, якія выказаў Аляксандр Лукашэнка.

Першае і галоўнае — беларуская навука павінна быць выразна зарыентавана на патрэбы айчыннай эканомікі і ператварыцца ў дзейсны інструмент яе мадэрнізацыі. Навука павінна даваць запатрабаваны прадукт.

Другое — прыярытэт павінен быць нададзены прыкладным даследаванням. На фундаментальныя, вельмі капіталаёмістыя даследаванні ў Беларусі няма сродкаў, таму ў гэтай галіне неабходна падтрымліваць толькі тыя кірункі, па якіх у краіны ёсць моцныя навуковыя школы (оптыка, лазерная фізіка, цеплафізіка, біяарганічная хімія і матэрыялазнаўства).

Трэцяе — навукоўцы павінны прыцягваць пазабюджэтнае фінансаванне да тых даследаванняў, якія яны лічаць перспектыўнымі, але якія не атрымліваюць дзяржаўнай дапамогі.

Чацвёртае — неабходна стварыць эфектыўную і кампактную сістэму ўпраўлення навуковым развіццём, скараціць навуковы апарат.

1376062215533_8-36

 

Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — каб навука працавала на карысць развіцця эканомікі краіны — мае некаторае, але не прамое дачыненне да праблемы размяжоўвання фундаментальнай і прыкладной навукі. Пад фундаментальнай навукай разумеюць даследаванні, накіраваныя на здабычу новых ведаў аб свеце, адкрыццё новых законаў і прынцыпаў арганізацыі матэрыі. Прыкладныя даследаванні накіраваны на пошук спосабаў прымянення існуючых ведаў на практыцы.

З аднаго боку, непасрэдны эканамічны эфект даюць як быццам толькі прыкладныя даследаванні. З іншага боку — калі не будзе фундаментальных даследаванняў, то скарбніцу ведаў чалавецтва нельга будзе аднаўляць і самі магчымасці паспяховай дзейнасці прыкладной навукі будуць скарачацца.

І з гэтага пункту гледжання ўсё здаецца зразумелым: калі вы жадаеце эканамічнага эфекту, то займайцеся прыкладнымі даследаваннямі, але, каб аднойчы не застацца ў мінулым стагоддзі, знайдзіце таксама крыніцы фундаментальных навуковых ведаў (мабыць, на міжнароднай прасторы). Аднак практыка арганізацыі галіновых даследаванняў у развітых краінах свету паказвае, што такой прамой залежнасці на самой справе не існуе.

У аснове прынцыпова новых прадуктаў (якія дазваляюць іх вытворцам атрымліваць на працягу нейкага часу найбольш вялікія прыбыткі) заўсёды знаходзяцца новыя веды. А гэта значыць, што ёсць шлях для таго, каб арганізаваць фундаментальныя даследаванні, якія будуць вырашаць практычныя задачы. Калі перад навукоўцамі ставяцца складаныя праблемы і задачы, якія патрабуюць новых фундаментальных ведаў, то яны вымушаны праводзіць такія фундаментальныя даследаванні, якія ў той жа час будуць ствараць прарыўны, эканамічна паспяховы прадукт. Добрыя прыклады тут — засваенне атамнай энергіі, развіццё авіяцыі і касманаўтыкі.

Калі мы ставім пытанне такім чынам, то атрымліваецца, што практычная арыентаванасць даследаванняў мае дачыненне да пастаноўкі практычнай задачы (праблемы) для навукоўцаў, да правільнага захаду на іх дзейнасць. А ўжо якога тыпу даследаванні яны будуць праводзіць для яго выканання (фундаментальныя ці не), залежыць ад іх рэсурснай забяспечанасці і іншых фактараў.

Такім чынам арганізавана, напрыклад, амерыканская федэральная кантрактная сістэма. Па рызыковых праектах, якія патрабуюць стварэння прынцыпова новых прадуктаў, яна прадугледжвае спецыяльны тып кантрактаў — кантракты, заснаваныя на пакрыцці расходаў (соst rеіmbursеmеnt tуре соntrасts). Згодна з ім кантрактант пасля выканання сваіх абавязкаў атрымлівае поўную кампенсацыю па сваіх расходах, а таксама прэмію звыш таго. Усе фінансавыя рызыкі нясе дзяржава.

Беларусь, вядома, не ЗША. Мы павінны арыентавацца не толькі на дзяржаўныя патрэбы ў высокатэхналагічных прадуктах (асабліва — у ваенна-прамысловым комплексе), але, у першую чаргу, на патрэбы міжнароднай эканомікі і попыт з боку рынку. А значыць, рэальным заказчыкам для беларускай навукі павінна быць прамысловасць і сельская гаспадарка, а змест заказу павінны вызначаць тыя патрэбы, якія ўзнікаюць у іх у працэсе мадэрнізацыі. Для таго, каб паспяваць за развіццём міжнароднага тэхналагічнага рынку, неабходна ў планах мадэрнізацыі прадугледжваць тыя рашэнні, якія забяспечаць паспяховасць нашых прадпрыемстваў праз 10—20 і больш гадоў. У гэтым выпадку прадпрыемства будзе мець час і магчымасць зрабіць заказ навуковым арганізацыям, а яны — правесці неабходныя даследаванні і гэты заказ выканаць.

І вось тут, на мой погляд, знаходзіцца асноўная супярэчнасць, якая не дазваляе правесці эфектыўную інтэграцыю навукі і прамысловасці (а таксама адукацыі) у нашай краіне.

Сёння праграма мадэрнізацыі беларускай прамысловасці прадугледжвае стварэнне планаў па мадэрнізацыі амаль што на кожным прадпрыемстве. Аб гэтым неаднойчы гаварыў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч

. Але ці здольнае асобнае прадпрыемства прагназаваць развіццё профільнага рынку на 10—20 і больш гадоў наперад? На самой справе, у нашай краіне вельмі няшмат кампаній рэспубліканскага ўзроўню, якія змаглі б выканаць такую задачу. А на рэгіянальным узроўні іх амаль няма.

Такім чынам, эфектыўнасць беларускай навукі непасрэдна залежыць ад эфектыўнасці планавання мадэрнізацыі беларускай прамысловасці, прычым апошняя вызначаецца якасцю прагназавання і праектавання развіцця міжнародных рынкаў прамысловай і іншай прадукцыі. Так будучае становіцца прычынай цяперашняга.

Застаецца спадзявацца, што пры рэалізацыі тых важных прыярытэтаў развіцця айчыннай навукі, якія вызначыў Прэзідэнт краіны, акрэсленыя праблемы інтэграцыі навукі і прамысловасці будуць вырашаны спецыялістамі найлепшым чынам, а краіна атрымае моцны навукова-прамыслова-адукацыйны комплекс, здольны забяспечваць глабальнае лідарства па шэрагу кірункаў развіцця нацыянальнай эканомікі.

Юрый Царык,
палітычны аналітык,
кіраўнік Беларускай групы развіцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.