Вы тут

Школьнікі адпачываюць у... казармах


Лета... Пара адпачынку. А для навучэнцаў ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класаў гэта яшчэ і час прадэманстраваць добрае веданне ваенных дысцыплін, паказаць фізічную падрыхтоўку і праявіць баявы камандны дух.

Такую магчымасць вось ужо як 10 гадоў запар прадастаўляюць школьнікам Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі. За гэты час у аналагічных летніках пабывала больш за 100 тысяч юнакоў і дзяўчат.

У адзін з такіх летнікаў патрапіў карэспандэнт "Звязды" і апынуўся... у 72-м гвардзейскім аб'яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, што ў Печах, каля Барысава. Адным словам, у арміі. І летнік тут амаль армейскі — абаронча-спартыўны.

1376062274935_1

— У цэнтры створаны ўсе ўмовы для таго, каб падлеткі маглі праявіць свае ваенна-спартыўныя навыкі, пазнаёміцца з жыццём і бытам ваеннаслужачых, — зазначае начальнік летніка, загадчык аддзела патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі Ірына ПЯТРОВІЧ.

— З 2008 года тут пабывала каля 700 дзяцей. Сёлета тут адпачывае крыху больш за 100 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі.Прычым, каб патрапіць у лагер, неабавязкова быць кадэтам. Дастаткова проста наведваць факультатыўныя заняткі ці аматарскія гурткі ваенна-патрыятычнага кірунку.

1376062276248_2

На працягу дзевяці дзён хлопцы і дзяўчаты жылі амаль у армейскіх умовах. Пад'ём — у 7.30, адбой — у 22.00. Толькі з харчаваннем ім пашанцавала больш, чым звычайным вайскоўцам: кармілі 5 разоў на дзень. За гэты час пазнаёміліся з гісторыяй вайсковай часці, убачылі сапраўднае ўзбраенне і ваенную тэхніку, наведалі заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы.

— На маю думку гэты летнік — своеасаблівая школа жыцця, школа выжывання, школа мужнасці, — лічыць Ірына Пятровіч. — Сучасныя дзеці маюць усё: утульную кватэру, гарачую і халодную ваду, тэлефон, прыгатаваную ежу. А тут было інакш. Вядома, у летніку ўсё не па-спартанску, але ёсць пэўныя цяжкасці, якія неабходна пераадолець.

1376062279726_3

Галоўнай падзеяй для ўдзельнікаў летніка стала ваенна-патрыятычная гульня "Зарніца". Каманды па 15 чалавек з 6 абласцей і сталіцы павінны былі паказаць тое, як яны засвоілі ваенную навуку, і прадэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку. Эстафета прадугледжвала 17 этапаў. Юнакі і дзяўчаты скакалі цераз акопы, пераадольвалі паласу перашкод і лабірынт, "размініравалі" ўчастак мясцовасці, праводзілі зборку-разборку аўтамата, "кідалі" гранаты, аказвалі першую медыцынскую дапамогу... Сапраўдная дарослая гульня! І перамагла ў ёй каманда Мінскай вобласці "Патрыёт" сярэдняй школы № 7 з Барысава. Другімі сталі школьнікі з Брэста, трэцімі — юнымя патрыёты з Гродна.

— Штогод я з задавальненнем еду ў спартыўна-патрыятычны летнік, — расказвае член каманды "Патрыёт" Мінскай вобласці Яна ДУК. — Асабліва прыемна, што небезвынікова: вось ужо другі год запар наша каманда становіцца пераможцам у гульні "Зарніца". І мой уклад тут таксама ёсць: я разбіраю і збіраю аўтамат, складваю неабходныя вайскоўцу рэчы ў спецыяльны мех, пераадольваю акопы і лабірынт. Поспех каманды — у яе згуртаванасці.

На маё пытанне, чым дзяўчат прывабліваюць ваенна-патрыятычныя класы, дзяўчына адказала, што асабіста яна плануе звязаць сваё жыццё з арміяй.

Падлеткі—народ творчы. Свае здольнасці маглі яны праявіць і ў летніку. Ды на конкурснай аснове. У першы дзень кожная з каманд у незвычайным фармаце расказала пра сябе. Цікавыя атрымаліся "візіткі"! Пазней спявалі патрыятычныя песні, маршыравалі ў страі, малявалі баявыя лісткі.

— Спартыўна-патрыятычныя летнікі скіраваны на тое, каб задаволіць уласцівыя падлеткам патрэбы з улікам іх інтарэсаў і актыўнасці, даць усё неабходнае, каб яны ўвабралі ў сябе самыя лепшыя чалавечыя якасці, — перакананы памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, генерал-маёр Аляксандр ГУРА. — Не мы павінны казаць аб эфектыўнасці падобных летнікаў, а дзеці. А яны з вялікім жаданнем імкнуцца сюды патрапіць. Існуе нават конкурс! Гэта гаворыць аб многім: калі яны такім чынам хочуць правесці летнія канікулы — значыць гэта сапраўды цікава. Тут жа прывіваюцца навыкі, неабходныя будучаму абаронцу Айчыны. Дастаткова сказаць, што многія пасля спартыўна-патрыятычных летнікаў выказваюць жаданне паступіць у ваенныя навучальныя ўстановы. А потым, між іншым, паспяхова іх заканчваюць і становяцца афіцэрамі.

Вераніка КАНЮТА.

Фота БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».